Вам знаёмае
Апавяданне
Аўтар: Лукаш Калюга
Крыніца: http://knihi.com/Lukas_Kaluha/Vam_znajomaje.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не тое, што ў аднаго пісьменніка...

Прыйшоў Адаму з вёскі ліст, і не было ў ім ніводнае сінтаксічнае памылкі. Але неставала дзвюх косак і адно шматкроп’е было недарэчы. І ў краіне суцэльнай пісьменнасці ўжо нельга цытаваць такога ліста — давядзецца пераказваць.

Хваліўся Васіль — Адамаў найлепшы дружака, — што гэтымі днямі была вечарынка ў іх. Да белае раніцы гулялі. Развіднівала ўжо, як яны разыходзіліся.

Шкадаваў Васіль, што Адама не было пры гэтым. Была з таварышкаю, што недзе там у вас, у Менску — пісаў — на цукерачнай фабрыцы працуе, і тая дзяўчына з Журавіч. Ды якраз у гэтым месцы і было тое Васілёва непатрэбнае шматкроп’е. Выйшла ў яго, нераўнуючы, як у тых лірыкаў, якім правапіс не пісан. А ўсё, каб лепш даняць, каб крануць за жывое.

Аднаго разу — гады тры, як было гэта, — прыязджала тая жураўская дзяўчына да цёткі ў іх вёску з кудзеляю. Вечары са два пасядзеў тады Адам у яе каля прасніцы, нейкую старасвецкую польку стаптаў быў з ёю.

Ды што там значылі тыя два вечары! Марна ўсё гэта было. Не бавілася жураўская дзяўчына ў Паташні. Неўзабаве прыехаў бацька ды забраў яе з гасцей дадому. Так яно і сцерлася. А пачыналася ўжо...

Пазалетась — даўно ўсё гэта было. Нават імя тае дзяўчыны цяпер Адам не помніць, а ведаў жа. У твар не пазнаў бы, каб стрэць давялося. Пяты нумар лямпа была тады ў Януковых, дый тую яшчэ ўкручвалі — шкадавалі, што лішняе газы гарыць, дык нельга было прыгледзецца.

Ужо трэці месяц, як калгас пусціў Адама ў Менск у заработкі. Рабіў ён сталярку ў клінічным гарадку. Там і жыў — у новым доме з зялёным дахам на трэцім паверсе.

Лета, цяпло... І на трэцім паверсе, дзе іхняя брыгада зрабіла сабе інтэрнат, замест вокнаў свяцілі небам нашклёныя дзіркі. Гэта не шкодзіла. Яны яшчэ шыршыя, прастарнейшыя былі. Лепш, ясней былі воддалей, цераз слімазарныя местачковыя хаты ваколіцы з іх відаць узнёслыя гарадскія муры.

Гэту даль у акне любіў Адам. Каб шырэй і вышай яна сталіцаю выроствала, ён і сам быў прычыннік. Муляры з кельнямі снавалі ёй аснову. Адам жа з гэблікам, каб гладзей было, падганяў.

Не знаў тут Адам адзіноты. У іхнім інтэрнаце не тое каб баек — праўды не было куды дзяваць. Адусюль з Беларусі па чалавеку сабралася, ды і з Украіны было трох. Адзін калі пачне, а другі як паможа... Весела было!

І гэтага дня тое самае. Пачалі з надзённае прыгоды з гарбатаю. А там далей-болей... Заляжалая праўда пайшла. А на змярканні і зусім байкі пачаліся — выштукаваныя, слова да слова дабраныя.

Адам не вельмі гаваркі быў. Мала ён яшчэ свету зазнаў: толькі трэці месяц, як з дому, з вёскі. Але пільнаваўся гурту — слухаць любіў. А гэты раз, ліст прачытаўшы, зусім адбіўся. Лёг сабе на сваім палку ў куточку і ляжаў сціхатою, пазіраў на горад праз небам нашклёнае акно.

З трэцяга паверха Адаму з палка не відаць было нізкае ваколіцы. Толькі адзінокія, дзе-нідзе панатыканыя ліхтары ўгадваў ён унізе сярод трухлявых хатак. Было прыкра вачам ад іхняга купчастага, рэдка параскіданага, нахабнага святла. А далей, на гары, цэнтральныя вуліцы свяцілі мякка, ласкава...

І Адам устаў.

— Хадзем у горад, хто хоча, — ні з таго ні з сяго паклікаў ахвотнікаў дапамагчы яму рассеяць нуду.

— Хто яго! Перад выхадным сходзім.

— Што ты там будзеш рабіць у горадзе?

Не было кампаніі. Адзін пайшоў ён да трамвайнага прыпынку.

На нешта вясёлае, а пацалунку пачатае, трапіў Адам у кіно. Так рэжысёр перамагаў трафарэт — з прызвычаенага канца пачынаў камедыю. А далей усяго было... Быў і ясны, сонечны дзень на экране. Буйна, выразна прайшлі абліччы. Такія запамінаюцца, такіх бы пазнаў, каб дзе стрэць давялося. Кончылася ж так, як звычайна пачынаецца: ішла дзяўчына, і блытаўся вецер у яе пад нагамі.

Паўсеанса народу вёз трамвай у Адамаў бок на Камароўку. Цяжка было — ледзьве сунуўся. На першых прыпынках яшчэ крапіўся крыху, а там — што далей, то ўсё болей пачаў растрасаць дарогаю. Каля клінічнага гарадка, крыху раней за Адама, сышлі дзве дзяўчыны з невялікімі клункамі. І пытаць не трэ было, што вясковыя. Ростам і з адзежы падобны былі яны адна на адну, толькі хусткі іначай завязвалі: адна пад целяпень, а другая пад бараду.

Адышліся яны крокаў колькі дый спыніліся каля слупа з ліхтаром.

— А цяпер куды? — пыталася бойкая дзяўчына ў хустцы, завязанай пад бараду.

— Дзе гэта мы? — збілася з тропу і другая — знакамітая, што насіла хустку пад целяпень.

— Спытаймася, — бойкая кінула на Адама, што ішоў паўз іх.

— А сціхні ты! Самі знойдзем...

— Чаго там?! Свой хлопец...

Бойкая не ўвалгалася: у горадзе кожны вясковы адзін аднаму нейкі далёкі сваяк. А тут якраз Адам з імі параўняўся. І бойкая, наперакор знакамітай:

— Як тут, — кажа, — на ...скую вуліцу трапіць?

Празрыста, нахабна свяціў ліхтар. Ясныя, як там, на экране, відаць былі Адаму дзявочыя абліччы. І падалося яму, што гэту ў хустцы пад бараду бойкую дзяўчыну ці то ён дзе бачыў, ці то на нейкую, яму знаёмую, яна вельмі ж падобна была. Але гэтаму ён і сам не даваў веры. Усе вясковыя, у горад прыехаўшы, крыху падобны адзін на аднаго.

— Вы ж лішні прыпынак праехалі, — тлумачыў ён ім. — Каб злезлі не даязджаючы, шмат бліжэй вам было б.

— От бачыш! А казала: ведаю, завяду, — дакарала бойкая знакамітую.

Тая нешта была памкнулася сказаць, але бойкая перапыніла:

— Маўчы лепш! — ды прасіла Адама: — Пакажыце, як нам тут прайсці.

Адам ...скую вуліцу ведаў. Меў ён увагу, што свае — вясковыя, і не меў занятку на вечар, дык не то каб паказаць, а на самую ...скую вуліцу завесці іх падрадзіўся. Знайшоў патрэбны ім, на паперцы з дому запісаны нумар. Якраз насупраць пошты на другі бок вуліцы быў ён.

Пры рабоце коратак дзень. Адам жа ад цямна да цямна працаваць быў прывычан. Яму рана было а чацвёртай гадзіне, далёка да вечара летнім днём. І назаўтрае, пасля таго кіна, пасля тае стрэчы, нейкая работа рупіла яму. Нарэшце ўспомніў, што не адпісаў ён яшчэ ліста Васілю.

Хацелася прыгадаць імя тае скудзельніцы, ды недзе згубілася, закінулася ў памяці — не было яго напашэве. Намагаўся Адам аднавіць яе вобраз, ды дарэмна. Быў добра ў памяці толькі скупы, пятага нумара лямпы, укручаны Януковых агонь.

Трацяголетняя скудзельніца непакоіла, але заўважыў Адам, што і тая, учора на трамвайным прыпынку сустрэтая, бойкая вясковая дзяўчына падабаецца яму.

Другі раз стаіўся б, а цяпер амаль не ўвесь ліст быў пра Януковых скудзельніцу.

Тры разы ступіць ад інтэрната да паштовае скрынкі. Але што было рабіць Адаму ад чацвёртай гадзіны да далёкага вечара ў такі доўгі летні дзень?! І Адам пайшоў аж на ...скую вуліцу. Там гэтаксама на высокім паштовым ганку скрынка была.

Не было на ...скай вуліцы знакамітае дзяўчыны, а бойкую Адам у акне ўбачыў. Дзень у горадзе яна пабыла, і ўжо не пад бараду і не пад целяпень, а неяк іначай, кругла хустку завязвала! Гэтак яна харашэйшаю выдавала. Але яшчэ адзін вясковы звычай мела ...ская вуліца: была ціхая, народу мала хадзіла па ёй, дык абы цень матнуўся ці пачула крокі — канечне было ёй ведаць хто там, зірнуць у акно.

Таму што Адаму не было куды спяшацца, а дзяўчына жвавейшая была, ён і стрэў яе, ад пошты ідучы.

Апошнюю рупясць збыў Адам — паслаў ліст Васілю. Было ў яго цяпер вольнага часу даволі, і яна тут не на рабоце, а ў гасцях у замужняе сястры была, дык на горадзе цэлы вечар забавіліся. Вясковае ўспаміналі ўсё.

Расказвала бойкая дзяўчына, як яны, сюды едучы, да яе цёткі па дарозе заязджалі ды як там вечарынка была.

— Ці не ў Паташні часам? — цікнула Адаму.

— А няўжо ж дзе?!

— Людва, — толькі цяпер прыгадаў ён імя Януковых скудзельніцы. — А я, — кажа, — і не пазнаў.

— Чаму ж я цябе адразачку пазнала — толькі з трамвая злез.

І па гэты раз — годзе Адам вінаваціць той скупы Януковых агонь.

— Што гэта ўчора за дзяўчына была з табою? — пра знакамітую ён папытаўся.

— З нашай вёскі. На цукерачнай фабрыцы тут. З серады, — яшчэ па-вясковаму, па днях лічыла Людва, — і я там станаўлюся на работу.

Шчасліва — пацалункам таго вечара на ...скай вуліцы насупраць пошты скончылася ў іх. Традыцыйна, кінематаграфічна, але без усякае камедыі.

Жыццё ж такое вясёлае!

Не вельмі пазорная на пагляд Людва. Але не было Адаму лепшай, харашэйшай над яе.

1932