У СТРОЯХ БЕЛЫХ
У строях белых, над берагам сонным і стромкім
Ты стаіш, пахіліўшы свой стан,
І ў вачох — у блакітных палонках —
Каляруецца белая рань —
белая рань.
Ружавее вада, як зара на палёх,
Ціха хвалі да берагу мкнуцца,
Вецер песьціць бялявы паркаль на грудзёх
Ты-ж ня знаеш, каму усьміхнуцца —
каму усьміхнуцца.
Задуменна стаіш, пазіраючы ўніз,
Пахваляецца поле жытамі…
І да берагу чар падплываюць чаўны,
Дзён асеньніх трывожучы тайны —
трывожучы тайны.
.................
Ой, на беразе тым, у зялёнай вадзе,
Часта бачыў я постаць дзяўчыніну…
І хацелася мне, як яна, маладзець
Раніцою у хвалях сініх —
у хвалях сініх.
Ды ня ведаў тады, як зара расьцьвіла —
Ці то сон, ці бялявы росквіт:
Па-над берагам тым ў сонным звоне гальля
Не дзяўчына стаяла — бярозка —
стаяла бярозка.
Разышоўся туман, зацьвілі берагі,
Пахам сонца павеялі далі…
І дасюль я зьбярог вобраз мне дарагі,
На чаўнох адплываючы далей —
адплываючы далей.
|