Васільковы россып (1929)/III/Ах, навошта

Дружкам маім Ах, навошта
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Верасьнёвы вечар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ах, навошта (Дарожны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АХ, НАВОШТА

Ах, навошта сягоньнечы думы;
Быццам статак белых гусей,
Выпускаю ў бярозавым шуме
Па распрысканай сонцам расе.

Туманамі цьвіла, туманамі
На расьцьвеце зары трава.
Над асеньнімі мокрымі днямі
Глуха плакала дзесьці сава,

Што даўно адзьвінелі ўжо далі.
Дзе-ж ты, жнівень асмуглены мой,
Толькі ясень разьвесіў мэдалі
Лісьця жоўтага над галавой.

Адцьвіло ўсё, таксама і жнівень
І званец на высокіх градах,
Нівы, нівы, пад ветрамі нівы,
Асмуглелі агнём лістапада.

Ад таго пад асеньнія сьцюжы
Запалаў адцьвітаньня агонь,
А пажоўклае лісьце кружыць,
А пажоўклае лісьце з тугой.

І цяпер, калі ўвечары часта
Месяц бельлю скрыпіць на вадзе,
Я успомніў мінулае шчасьце
І адцьвіўшую радасьць надзей.

Толькі ўсё гэта ў днёх утопіцца, —
Што мінулася, сьлед замяло…
Помню вечар… з музыкамі хлопцы
Правялі за чужое сяло.

І калі на палёх асядала
Цемната зграяй чорных варон,
Зазьвінелі цымбаламі далі,
І прапала сяло за гарой.

Дык навошта-ж сягоньнечы думы,
Быццам статак бялявых гусей,
Выпускаю ў бярозавым шуме
Па распырсканай сонцам расе.