Васількі (Васілёк)
Васількі Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1926 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 37 |
ВАСІЛЬКІ
— Кветачкі родныя, бачу ізноў вас я
ў сонца святле,
Вы за ўсе іншыя краскі вясновыя
сэрцу мілей.
Хто вас, прыветныя госцейкі сінія
вузкіх палос,
Нам на лугі, на палеткі палынныя
кінуў, занёс?
Мо матылькі вас занеслі крылатыя
ў родны мой кут,
Можа, вятры, што шумелі над хатаю,
сеялі тут?
— Не, не вятры засявалі прывольныя,
не матылькі —
Нас гадавала туга беспатольная,
З слёз мы людскіх,
З кропелек мутных,
што ў спёку спалоскваюць
твар ратая,
З песень, якія пяе над палоскаю
маці твая…
1926