Звон вясны (1926)/С. Дарожны/Васількі

Абрасьлі зімою Васількі
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1926 год
Спатканьне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСІЛЬКІ

Прысьвячаю І. В. Луцкевічу.

I

Мілыя — блізкія сэрцу
У шоўку жытоў васількі,
Аганькамі сінімі — верце —
Вы у сэрцы маім зацьвілі.
Не таму, што улетку дзяўчаты
У жніво з вас вяночкі уюць,
Не… ды й песьня яшчэ не пачата,
І крыніцы йшчэ толькі бягуць…
Ой, люблю я вас, кветкі мілыя,
Многа дум вы навеялі мне;
Нават вецер якойсьці сілаю
Чарнобыль у межах мне.
А ня знаць яму — ветру дзікаму,
Хто у поле прыходзіць жаць,
Чые песьні сінімі зыкамі
Заблішчэлі ў снапох, як імжа.
Васількі — можа песень насеньне,
Мо‘ сузор‘і сялянскіх дум?
у цішыні жыта ціхія цені
Нячувалы навяваюць сум.
Так і ёсьць — ня было васількоў,
Калі жалі у панскіх жытох.
І на пальцах ня зьлічыць вякоў,
Як і сьлёз, высяваў тады хто.
Многа было, ой, жнеек тых,
Што к чужому хадзілі жаць…
Ветрам чуць шапацяць кусты
(Мараць быццам пра сенажаць).
Дык навошта-ж казала маці
Шчэ малому, як жылі тады…
Я узрос, калі панскія гаці
Кучаравіў Кастрычніка дым,
Калі восень у жоўтай завеі
Рассыпала лісьцё на шлях.
Бачыў я, як старое сівела
(Рэволюцыя мілая йшла!)
У палёх шчэ ня высахла памяць
І пра то, што жыло вякамі.
Што-ж мінуўшчыну чорную ганіць?!
Хай рассыплецца дзікі камень!

II

Не сярпок загубіла жнейка
У жытоў серабрыстую боязь, —
З тэй пары і радасьць нейкая
Ў маіх песьнях згубіла пояс.
Ой, ад сонца кіпяць палі,
Жнейкі песень стрымаць ня ўсілкі.
Толькі моўчкі стаяць тапалі,
А кругом — васількі, васількі.
Я люблю гэту сінюю россып
У палёх Беларускіх нізін, —
Мо‘ што песьнямі радасьці просяць
Яны пасьля доўгіх зім?
Мілыя, сэрцу блізкія,
Я завіў вас у песень касу…
Хай-жа серп васількамі бліскае
І зжынае пажоўклы сум.
Ужо ад сонца кіпяць палі,
Жнейкі песень стрымаць ня ўсілкі, —
Толькі моўчкі стаяць тапалі,
А кругом — васількі, васількі.