Васількі (1914)/Важная фіга

Суд Важная фіга
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Сакатушка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Важная фіга.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Важная фіга.

(Ахвярую добрым, сьвякроукам.)


— А што, каб цябе паляруш, мая ты кветачка, каб табе дух заняло, мая ты ягадка, — ўсціхла нябось, — спакарнела!! Няшкодзе, няшкодзе!! Але што я бяды набралася, пакуль гэтага, мае вы кветачкі, дабілася; што я стыду, злосьці і слёз глынула?! Матачцэ Боскай, мае вы ягадкі, іх ахфяровываю.

— Бо якжэш! Падумайце самі: гэтакае, шануючы Бога і людзей, шчанё, што ешчэ і малако на губах не абсохла, — будзе пад мой нос — сьвякровін нос, — мае вы кветачкі, фігу падтыкаць?! — Німа што казаць: усьцешыў мяне сынок, усьцешыў — чаго на старасць прычэкалася! А ўсё, бывала, прыставаў да мяне: мамка, мамка, вазьму я Агатку: хоць маладая, але ня бедная: цялушку, дзьве авечкі, парасё і 30 рублёў пасагу дадуць, і дзяўчына гладкая, як качалачка, і гаспадарная, і рупная… — Бяры, кажу, сынок, мая ягадка, хоць і Агатку — па мне што? Не я, а ты, Сымонка — дзіцятка, будзеш з ёй жыць; я ўжо старая, нядужая і вады вам не замучу́: — Рупная? Праўда што рупная: парупілася матчын нос, мае вы кветачкі, фігай патціраць! А спытайся за што? Вось, паслухайце, мае вы ягадкі.

С пачатку, — як толькі Агата ўзяла ўсю хатнюю гаспадарку ў свае лапы, — ішло і ціха, і складна — от ведама як с пачатку. Раніцай, бывала, прыставіўшы абед, пабяжыць каровы падаіць, сьвіням замешаць, ну і падойдзеш да прыпечка падаўнейшаму, мае вы кветачкі, гаршчкі паправіць, перэставіць, у каторы солі патсыпіш, у каторы вадзіцы падліеш… Прыбяжыць Агата, угледзіць і зараз, мае вы ягадкі, на мяне накінецца: — „На што мамка чэпаеш? На што груцу перэсаліла? Нашто квас, як памыі, вадой развела?“ І пойдзе, і пойдзе сыпаць! А то, часам, сынок як выйдзе с сахой, ды замарудзіць на палудзень, так зараз яна, — Агата значыцца, мае вы ягадкі, тыц у печ — скварку выцягне, стравы чабохне у міску — „на, кажэ, мамка, з’еш крыху, старая ты, можэ млосна зрабіцца… а я паляту с спарышамі к Сымону на поле“. — Што-ж ты, кажу, нявестачка, каб цябе трасца, мая ты ягадка, такая уважная на маю старасць, а там Сымонка спрацаваны, галодны, як воўк, чэкае — абыйдуся без тваей ласкі, — ды бразь ей міску пад нос!.. Праўда першые дні, бывала, нічога не аткажэ і пабяжыць; але іншым разам здарылася ізноў прыпазніцца Сымону на полі… Наліўшы спарышы і не глядзючы не чэкаючы ўжо на мяне, паляціць… Чэкаю я, — чэкаю, мае вы ягадкі, аж злосць ўжо мяне добра забірае, і як толькі на парозе пакажэцца нявестка, ну і дам ей тады дыхту! Бо якжэ, мае вы ягадкі, кінуць галодную старую матку, а самой ляцець з ядой перш да мужа; мо там і стравы сама нацурболіцца, а ты хоць зубы на паліцу кладзі. Ну і тыцнула я ей раз фігу пад нос адну, аднюсенькую, а яна, мае вы ягадкі, мах па фізе; і то жалься Божэ, якая там была фіга. Я ей тады другую, трэцьцю, аж і яна мне тыц пад нос фігу ды якую?! Махнула я па фізі дый не папала, а што махне яна, то якраз урэжэ. Як пайшлі гэтак мы частавацца, мае вы ягадкі, фігамі, дык аж пакуль не вярнуўся Сымонка і не расцягнуў нас. С таго часу, мае вы ягадкі, амаль ня кожны дзень пашлі фігі, аж рукі сабе паадбівалі: то за яду, то за печ, то за промешку, — дый мала за што — ведама, — жыўшы ў аднэй хаці.

Не змагла сцярпець я гэтай паняверкі, дай, думаю, схаджу да земскаго — пажалюся… Праўда, ісьці прыйшлося далёка — вёрст 18, але неяк зацягнулася і ўсё, як мае быць, расказала, яму.

— „Ну, кажэ, выслухаўшы мяне земскі, во што я табе скажу: па судох цягацца табе німа чаго, дый грошы трэба, а я і так раду дам: ня лезь да печы, а лепш на печ, сядзі ды прадзі і не перэшкаджай працаваць маладым; з гутаркі тваей бачу, што яны табе старой хлеба не пашкадуюць“. — „Добра, кажу, паночку, мая ягадка, хай і так будзе, але толькі якжэ будзе с гэтымі фігамі: я па яе не пападу: баба вёрткая, — а яна мае фігі таўчэ ды таўчэ?“ — „Добра, — падумаўшы кажэ земскі, — і на гэта дам раду: давай руку!“

Ўзяў гэта ён маю правую руку, мае вы кветачкі, круціў, круціў мае кастлявые пальцы, думала, што ўжо хіба паломе іх, але сагнуў неяк такі ў кулак і пытае:

— „Што гэта?“

Калі гляну: ягадкі мае, фіга! ды і то не адна, а дзьве вялізарные фігі с аднаго кулака злажыў, даліпан, фігі. Я і кажу: — „фігі, панок, мая ты кветачка“.

— „Ну от і добра, кажэ! Нясі-ж ты гэтые фігі да дому і падаткні нявестцы пад нос: скажы, што земскі прыслаў. Нехай пасьмее ўдарыць па фігах земескаго?! Але помні сабе, што толькі па гэтых фігах калі ўдарэ, то падавай ў суд, а як раскруціш пальцы, ды сама зложыш, то нехай сабе ізноў таўчэ табе пальцы, — я бараніць ня буду“.

Пашла я. Іду, пагледаю усё на рукі; як гляну на фігі земскаго, гэткаго-то пана, аж уцеха, мае вы ягадкі, бярэ. Праўда, с пачатку балелі пальцы гэтак пакручэнымі нясьці і нявыгода вялікая, але апасьля скрэплі яны і кулак неяк такі данесла да хаты. Уходжу, — бачу: нявестка каля печы круціцца, Сымонка хамут абшывае, дзьве кумы седзяць — гукаюць. Я барджэй да нявесткі: так і так кажу, земскі табе, мая ты ягадка, гасцінец прыслаў — фічкі са дзьве! Папрабуй-жэ ўдарыць па земскаго фізі?! Дый тыц ей кулак пад нос… Праўда збялела яна, як палатно, аж губы задрыжэлі, але ўдарыць — не ўдарыла. Я і давай ей тыкаць раз-по-раз. Падбег Сымонка бараніць, — я і яму тыц, умешаліся кумы — наце і вам! Папрабуйце, кажу, зневажыць земскаго фігу! Кумы драпанулі, разбрэхалі па вёсцы, — пачаў збірацца народ і с пашанасцью агледаць важные фігі, я і іх пачаставала. Іншы зарагатаў, іншы абідзіўся, але крануць не пасьмелі!

Толькі, мае вы кветачкі, ня доўга я цешылася: частуючы як мага́ суседзеў, зачапілася, каб яго агонь, за тапчан, — грымнула, і фігі раскруціліся!

С таго часу ня лезу я ў вочы маладым, але і нявестка баіцца мяне, як агня, — каб ізноў не пайшла да земскаго, мае вы ягадкі, па фігі.