Шчасьлівая Вясельле
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Сіло
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясельле (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясельле.


Давялося удаве каршунісе (мужа недаўна Паўлюк забіў суком на сьметніку: надта ўжо с курыцай завёўся!) дачку замуж аддаваць. А паміж каршуноў (гэтак ужо вядзецца), каб гонару сямьі сваей не зневажыць, толькі паміж сабой і бяруцца. Вось і каршуніха, як прыстала на ганорную матку, нагледзіўшы лоўкаго, маладога, каршунка, стала рыхтавацца да вясельля.

Дачка і кажэ: „замуж, мамка, пайду, спірацца німа чаго: такая ўжо доля наша дзявочая, але вясельле спраў, як мае быць“.

Добра: вясельле — дык вясельле. Хай пацешыцца дачушка паміж сваіх елак! Дый сама каршуніха не ад таго; дарма, што му́жавы костачкі ешчэ не пагнілі.

Каго-ж прасіць на вясельле? (Старая каршуніха і стала вылічаць.

— „Перш-на-перш, — кажэ яна, — салавейку: ён, калі завядзе, ажно за сэрцэ хапае, — так яно і трэба на вясельлі! Пару галубкоў: для прыкладу, як маюць жыць маладые. Сароку — канешне трэба: па ўсей ваколіцы разнясе, якое важнае было вясельле. Удота“…

— Мамка, — перапыніла маладая, — я памятаю, як ты ешчэ малую мяне накарміла раз удотамі, — надта сьмярдзючые яны“…

— Маўчы, дурная! — прыкрыкнула на дачку каршуніха: маладая ты — ня ведаеш ешчэ, як на сьвеці жыць! Сьмярдзючы удот, — то праўда; але, калі прыбярэцца, дый нашупырыцца, дык іншаму здаецца, што і трэба яму сьмярдзець: ад важнасьці, значыцца. Прасіць і цецярука: ў яго такая гутарка, што ніхто яе не разбярэ; вось, і будуць думаць, што надта нешта разумнае! У музыкі клікнем дзятла з жаўной: хай у барабаны таўкуць. Дразда — патсьвістываць, бач, майстэр. Бухайлу, хоць аддае балотам, але да дуды складзен. На цымбалах добра рэжэ бусел, але з ім нам ні варта займацца: праз лад ужо насаты. З нас і так будзе; хай малады с сваей стараны прымчыць“.

Слухаючы гэтых праектаў, маладая з радасьці ажно с сука на сук стала скакаць.

Толькі, як прыйшлося выбраць пасланца па госьці, аніяк не маглі прыдумаць, каго-б тут назначыць? Урэшці згодзіліся на сініцу: надта ўжо дасужая — ці трэба, ці ня трэба. — ўсюды дападзе, ўсюды загляне, дый набрэхаць хоць што можэ!

І праўда: зраньня наказалі, ды йшчэ поўдня не мінула, а яна ўжо назад з дакладам прыпёрла:

— „Так і так, — кажэ, — ўсюды была, ўсіх абляцела, з усімі гаварыла, ўсе іх гутаркі патслухала, ўсе іх думкі выведала. Надта ўжо усьцешыліся і шлюць падзяку за так вялікі гонар і неспадзеваную ласку вашай міласьці, толькі баяцца“…

— „Чаго? — насупіўшыся, пытае каршуніха, — казала ім, як я табе прыказывала?“.

— „А як-жэ, казала, ваша міласьць; усё казала! — для пакоры падняўшы хвост у верх, атказывае сініца. — Казала, што ваша міласьць і ўсе вашай міласьці сваякі з вялікай сваей ласкі да нас, дробезі, ў дзень вясельля панадзяюць мягкіе рукавіцы на свае капцюры, дык, калі і выйдзе якая звадка (ведама, на вясельлі), ніякай крыўды быць ня можэ. Але ведама: — дурные! Чаго яны ня выдумаюць?! Хочуць“…

— „Чаго хочуць?“ — перапыніла каршуніха.

— „І казаць не адважуся“… зноў падняўшы хвосьцік, атказыве сініца.

„Ну!“ — налегала старая.

— „Хочуць, каб ваша міласьць і ўсе, каторые будуць на вясельлі, з роду вашай міласьці, на той час панадзевалі мяшэчкі на свае шаноўные глюгі, ды і то баяцца“…

— „І так баяцца? Якая-ж ешчэ трасца ім патрэбна?“ — злосна спытала каршуніха.

— „Я-ж і кажу: дурные! Хоць на ўселякіе шэльмоўствы, нябось, розуму хапае. Кожны з іх не такі, то сякі, а ткі мае на сваей душы грашок. Я вашай міласьці ўсю праўду выкажу. Вось, хоць-бы цецярук? Ці-ж гэта выпадае на ўвесь бор — гэткі-то бор, гэтак балабаніць?! Ведама, бор — борам, каго толькі там не бывае, а ён балабане, балабане, Дый ешчэ патшыкне!.. Або сарока? вядомая брахуха! Брэшэ, абы брэхаць, а іншаму можэ здавацца і вунь што… Салавейка, дрозд нават, панавучываліся такіе рэчы сьвістаць, што не асьмелюся і сказаць вашэй міласьці… Дый усе яны бабры — дабры, а хоць прашпарты і маюць, усё-ж ткі баяцца, што як з дому скрануцца, пакуль дападуць пад апеку вашай міласьці, каб часам у дарозі“…

— „Годзе! — крыкнула каршуніха, можэш атпраўляцца“.

А ткі каршуніха справіла вясельле сваей дачцэ, як мае быць! І ці дасьцё веры: былі там цецярук, дрозд, усе другіе, толькі не ў гасьцях, а… на скварадзе!.