Васількі (1914)/Сабачча служба

Зарабіў Сабачча служба
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Цырк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сабачча служба.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сабачча служба.


Чуў я (а мо і вы чулі) нераз, як іншые кажуць: „паганая тая служба — сабачча служба“. Чуў — і думаў сабе: што за такая служба? Сабацы — пэўне што і сабачча служба, а і то не паганая, бо і сабака найлепшы прыяцель чэлавека, і найвярнейшы з яго служака гаспадара. Але каб службу чэлавека назваць паганай, сабачай — ніколі неяк ня мог я даць веры. Можэ быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца не ганбіць чэлавека.

Але неяк давялося мне раз быць у горадзі. Заначэваў у кума. Раніцай вышлі на вуліцу, стаім каля брамы, гамонім… Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусьціў, за імі дзеці — і ўсе цюкаюць, сьвішчуць! Дзе каторы спанатрыць якога беднаго сабаку, то так уляжэ за ім, што толькі пяты міргацяць… Гляджу, вочы вылупіўшы, дый нічога не разумею! — Ажно бачу сунецца воз — ня воз, катух — не катух — бытцым велізарная жалезная клетка; на клетцы гэтай сядзіць дзяцюк — коніка паганяе, двух абапал падросткаў так сама прычапілася на гэтай клетцы з вялікімі, як вуды, пугамі а ў клетцы гэтай сабакі седзяць — мусіць, з дзесятак які — і малых, і вялікіх — уселякай масьці, дый ззаду клеткі бяжыць ешчэ адзін невялікі кудлаты сабака.

— Што гэта, братка? — пытаю кума.

— Гіцлі, — кажэ, — што ловяць валацугаў—сабак, а гэта грамада, што па перадзі с крыкам ляцела — от, людзі, як людзі, — заўсягды нешта добрае ў сэрцы сядзіць, дык і разганяюць сабак, каб не папаліся ў гіцлевы лапы.

— Гэты-ж — задні, — пытаю, — чаму на свабодзе?.

— Эгэ, — кажэ кум, — ён самы важнейшы ў гіцляў: гэта правакатар. Бяжыць ён значыцца па вуліцы, дый знаёмства заводзіць с сваім братам: угледзіць катораго, зараз да яго — з аднаго боку зайдзе — нюх, з другога — нюх, хвосьцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сваяку, і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новаго сябра з гэтымі пугамі, дый у жалезную клетачку!.. А той кудлаты Юда — як бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй патцісьне, морду ў ніз апусьціць, дый ізноў бяжыць далей, насьцяражыўшы вушы, лыпаючы с-пад лоба вачмі шукаць новай ахвяры…

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Ну, браткі, вось гэта служба, дык служба: праўда, што паганая, мусіць, мала і сабак знайдзецца на такую службу!