Васілю Кавалю (Маракоў)
Васілю Кавалю Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1928 Крыніца: Маладняк. — 1928. — № 4. — С. 60-61. |
I
Ты прыглядзіся да гэтага рання,
Зноў нахлыне у сэрца спакой.
І ўсё любым і радасным стане,
Пырснуць смехам лілеі ў тумане
Над жалезным паходам вякоў.
Будзе светла і радасна гэтак,
Стане замчышча блізкім такім…
На шырокіх радзімых палетках
Выйдзе дзень, харашэй прыадзеты,
Без праклёнаў, без слёз і тугі.
Выйдзе дзень, і пагасне лучына,
Стол засцеляць абрусам вясны.
Рана збітая горам жанчына
Прывітае цябе, нібы сына…
…І ты скажаш, што ты яе сын
Потым пойдзе з табою па садзе,—
Там праменняў і кветак нарве
І з трывожным агнём у паглядзе
Скажа: не, ты Айчыне не здрадзіў,
Ў тваім сэрцы йшчэ праўда жыве.
Хутка выйдзе дачка яе, ветла
Запяе аб інакшым жыцці,
Дзе імкнуцца і вольна, і светла,
Дзе над кветнямі любых букетаў
Нават можна і здраду забыць.
Мо заплачаш, мо так адыдзешся,
Ранне згасне, запаліцца дзень,
Над пражытым з журбой усміхнешся,
Не паверыш, што гэта не песня,
І назад будзеш доўга глядзець…
II
Я так доўга блукаў ў зачарованым садзе,
Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.
З русай доўгай касою і з болем ў паглядзе
Расказала ты мне нашу тайну зямлі.
Мы пайшлі…
Доўга, доўга ты мне гаварыла.
Гаварыла аб шчасці і долі людзей.
Зноў ў грудзях ажылі жыватворчыя сілы
І трывожныя песні кахання, надзей.
Дарагая мая,
Паглядзі, як над лесам
Дагарэла крывавай тканінай зара,—
Гэта сімвал глухіх і надломаных песень,
Гэта словы кахання, пачуццяў пара.
Я багаты
І песняй сваёй, і юнацтвам.
Ў маёй хаце блакітны варушыцца свет.
Буду сёння над смерцю варожай смяяцца,
Бо інакшая песня да мэты заве.
Я аб гэтым і доўга, і ўпарта так марыў.
Я заснуўшае шчасце сваё абудзіў.
І ўжо шэпча мне нехта з усмешкай на твары:
Не спыняцца нам тут,
А ісці ды ісці.
Мы так доўга блукалі ў квітнеючым садзе,
Месяц ласкай сваёю лісты апаліў.
З доўгай русай касою і з болем ў паглядзе
Расказала ты мне пра любоў на зямлі.