Ваявода (1940)
Ваявода Верш Аўтар: Адам Міцкевіч Пераклад: Янка Купала |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваявода (Міцкевіч/Купала) |
ВАЯВОДА
(Украінская балада)
З польскай — А. Міцкевіча
З-пад прысад агарода
Бледны ўбег ваявода
У палац свой са злосцю й трывогай,
Перад спальняю стануў,
У пасцель жонкі глянуў,
Глянуў там — і не ўбачыў нікога.
Ў дол патупіўшы вочы,
Ўвесь дрыжыць, штось мармоча,
Вусы тузае, думае дзіка.
Адышоў ад пасцелі,
Жудка зрэнкамі стрэліў,
Казака туж Навума паклікаў.
— Гэй, казача, ты, хаме,
Чаму ў садзе пры браме
Ні сабакі няма, ані стражы?!
Браць мне торбу барсучу
І янчарку гайдучу,
Цягні стрэльбу-гвінтоўку мне ўраз жа!
Ўзялі зброю — і ходу!..
20 Падцякліся к гароду,
Дзе альтана хавалася ў зеллі.
На дзярновым сядзенні
Штось бялеецца ў цені:
Там сядзела кабеціна ў белі.
Вочкі ручкай адною,
Закрывала касою,
Грудзі крыла рубком кашуліны,
А другой — памалу
Ад грудзей адпіхала,
30 Што ў калень яе кленчыў, мужчыну.
Той прыпаўшы к каленям,
Ёй казаў ў знемажэнні:
— Дык усё, што было, ўжо далёка!
І тваё уздыханне,
І тваё прывітанне
Заплаціў ваявода гатоўкай!
Хоць цябе столькі летак
Я любіў палка гэтак,
І любіць, і цярпець буду здаля, —
40 Не любіў ён ніколькі,
Бразнуў золатам толькі,
Ты яму прадался без жалю.
Ён штовечара будзе
Песціць белыя грудзі,
З табой цешыцца ў пуху лябяжым,
Твае — мне на загубу —
Цалаваць шчочкі, губы
Будзе ён пацалункам уражым.
Я на коніку верным
50 Гэтым полем бязмерным
Сюды мкнуўся праз холад і слоты,
Каб вітаці ўздыханнем —
І ад’ехаць з жаданнем.
Добрай ночкі і доўгай пяшчоты!
Яна ўсё йшчэ як глуха;
Ён ёй шэпча на вуха
Тыя жальбы ці новы закляцці,
Аж прымлеўшы, без сілы,
Ручкай грудкі адкрыла
60 І ў яго патанула абняцці.
З казаком ваявода
Прыкуцнулі ля ўхода
І з-за пояса бралі набоі, —
Адсякалі зубамі,
Прыбівалі штамплямі
Жменю пораху й шроту удвое.
— Пане! — тут казак кліча, —
Нейкі чорт мною смыча,
Не магу той застрэліць дзяўчыны:
70 Як свой курак адводзіў,
Я ўздрыгнуў, як на лёдзе,
І сплылі на падпал дзве слязіны.
— Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць!
Я наўчу цябе плакаць!
На! тут з порахам свежым машонку;
Падсып жыва падпалу,
Ногцем счысці красала
Ды ў свой лоб стрэль ці ў гэтую жонку.
— Управа… вышэй… цэль дбайна!..
Жджы, пакуль я не пальну, —
Жаніха змяту перш назаўсёды.
Ўзвёў казак курак, сцэліў,
Не чакаючы, стрэліў,
І ўгадзіў ў самы лоб ваяводы.