Вежа (1928)/Братом на Захадзе

На Захадзе Братом на Захадзе
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Электрычнае крэсла

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БРАТОМ НА ЗАХАДЗЕ

Ці-ж мы адны, ці-ж мы адны у полі?..
Над намі ноч,
за намі
дзікі гнеў.
Мы ворагам дары не панясём ў прыполе,
нам вораг сьпіны не сагне.

Няхай ідуць,
няхай нажы гатуюць.
Наш шлях адзін:
заводы і палі.
За будучыну нашу залатую,
ня шкода нам
мінуўшчыну спаліць.
Жыве краіна наша дарагая —
ці-ж напужае нас
зьмяіны шып і сьвіст?..
Зара пунсовая над гаем дагарае
і бронзаю зьвініць
з бярозы белай ліст.

Зьлятае ліст
над Нёмнам
і над Бугам
на поле панскае,
на панскі луг,
дзе пад паветкаю,
як хмельны валацуга,
заснуў надоўга
безработны плуг.

Мінаюць дні,
мінаюць і хвіліны,
і прыдзе час —
апошні страшны бой, —
калі ізноў наш вырай сакаліны
паднімецца над панскай галавой.

Мінаюць дні,
мінае і няволя,
мінаюць дні і час бяжыць угрунь;
ўжо хутка разам
на агульным полі
спаткаем мы чырвоную зару.