Слава Верасень
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Каханьне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Верасень (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕРАСЕНЬ

1.

Б‘ецца ў даліне бяздумнай
вецер асьлізлы і волкі.
Шастае верасень сумны
бронзаю лісьцяў пажоўклых.

Дрэвы, як хмурыя вежы,
шэрыя вежы — званіцы:
сьніцца ім майская сьвежасьць,
сонца ліпнёвае сьніцца;

сьніцца ім белае поле
ў пахкіх істужках пракосаў…
Толькі ня вернуцца болей
звоны вясёлкавых кросен!..

Ціха трывожу ў даліне
грубай нагою лісты я…
Дзе-ж гэты сон, што сплялі мне
мары мае залатыя?

Дзе-ж яны, цьвёрдыя словы,
вёснаў ружовыя крыльлі?
Посьвіст вятроў верасьнёвых
вусны усьмешкаю крывіць.

Думаюць дрэвы пра сьнежань,
лісьце іх бронзай ільсьніцца…
Сьніцца ім майская сьвежасьць,
золак ліпнёвы ім сьніцца.

2.

Вось яны, дні залатыя —
ў колерах шэрых туга.
Ў восені песьня стыне,
ў восені цяжка шагаць…

Ціхае, белае шчасьце —
песьня і бэзавы куст…
Лепей па ветру хістацца
на заімшэлым суку.

Зьвянуць пунсовыя губы,
лісьцем бярозавым зьвянуць…
Моладасьць! Кованы кубак
пеннай красы і жаданьняў.

Моладасьць!.. Песьні ў ёй колькі!
Колькі імкненьняў бадзёрых!..
Вабяць аднолькава й коляць
сінія вочы ці чорныя.

Моладасьць рушыць законы…
Схіліцца старасьці вецьце —
будуць бялявыя скроні
ў верасьні сьніць аб леце;

будуць лічыць хвіліны,
годы будзіць залатыя…
Толькі ліпнёвыя плыні
ў восені моўчкі застынуць!

Зьвянуць чырвоныя губы,
золатам восені зьвянуць.
Моладасьць! Кованы кубак
пеннай красы і жаданьняў.