Вераснёвае пано
Вераснёвае пано Верш Аўтар: Ігнат Канчэўскі 1923 Крыніца: Наша будучына, №4, 27 студня 1923 |
Подпіс: Ганна Галубянка. Гл таксама knihi.com |
Ў Барнадынскай прысадзе шапочуць пажоўклыя лісці,
Ледзь прыкметны на сцежках бліскучыя скуркі каштанаў,
І вада у Вяленцы ад зімна сіней і празрысцей,
Гаманіць з камянём аб працёкшых гадох без устану…
…І выходзіць між дрэў, ў патаёмную вечара пору,
Князь апошні Літвы, ў хвалях гаснучых зыбкага свету,
З барадой кучаравай — даспелых каштанаў калёру,
Са струсёвым пяром, што як воблак пад чорным бірэтам.
І, суваючысь крокам павольным па сцежынках саду,
Ён усходзе на гору, падходзіць да вежы цаглянай,
І, апёршысь рукой пад плашчом на злачоную шпаду,
На прыціхшае места глядзіць аж да самага рана…
І чакае… пакуль не засмуціцца ноч над ракою,
Над вадой пабялеўшай прытуляцца сонныя мары,
І ў празрыстай імгле паплывуць лебядзі чарадою,
А над іскрамі росаў праблысне апратка Барбары…