Вера і нацыянальнасць

Вера і нацыянальнасць
Артыкул
Аўтар: Янка Купала

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нашай Бацькаўшчыне вечна ні ў чым не шанцавала: вечна павінна была на сваіх плячах несці ярмо такой ці іншай нядолі. Палітычна і эканамічна пападала ў залежнасць чужынцаў; народ — гаспадар свайго краю — гнуўся пад непасільнай ношкай паншчыны, а цяпер служыць парабкам у сваей старонцы. Мала таго, нашаму народу зацямнілі вочы, атуманілі лганнём свядомасць, хто ён такі: ці чалавек-грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, ці робочая і дойная жывёла.

Апрача палітычнай і эканамічнай залежнасці, была і другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса, — гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва і праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя і ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных і тых жа дзяцей сваей маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціянства — крыж. Прыкладаў далёка шукаць не трэба: узяць хоць бы справу з Рубяжэвіцкім крыжам і іншыя. Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў іх свядомасць і пачуццё начыянальнай еднасці. Беларусу-католіку ўгаворваюць, што раз ён католік, то ён — паляк і не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец і католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. І што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагам нашага народа.

Беларус-католік ці беларус праваслаўны павінны тое помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына — Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звачаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне.

Ці беларус праваслаўны, ці беларус-католік павінен ясна сабе ўсведамляць, што ён сын сваёй Бацькаўшчыны, гаспадар свайго краю і для дабра гэтай сваёй Бацькаўшчыны, для лепшай і святлейшай сваёй долі не павінен слухаць падшэптаў нянавмсцм да свайго брата, адкуль бы гэтыя шэпты не выходзілі. У нас на Беларусі і так, дзякаваць Богу і добрым людзям, бяды і гора ўсякага хоць гаць гаці, дык нашто яшчэ падліваць смалы ў агонь?

Спольна і згодна працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю — вось наша праўдзівая мэта ў жыцці.

Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя, — мы беларусы, а Бацькаўшчына наша — Беларусь. Не мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю.

Каментар

правіць

Апублікавана ў газеце «Наша ніва», №27, 10 ліпеня 1914 году пад крыптанімам І. Л.