Вершы (Падабед, 1926)/II/Ня восень цісьне

Перад раніцаю Ня восень цісьне…
Верш
Аўтар: Язэп Падабед
1926 год
Мы йдзем

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯ ВОСЕНЬ ЦІСЬНЕ…

Сьціскаецца сэрца не таму, што восень,
зямлю пасьцілае залацісты ліст.
Ня згіне ад марозаў жытні росьсеў,
Што сьцелецца, вунь, аксамітам па зямлі.

Дыван хай насьцілае залацісты ліст,
Зіма пакрые белым пакрывалам…
Ня восень цісьне, не з-за восені душа баліць,
Душа, што многае стрывала.

Зіма пакрые белым пакрывалам
Палі, прастор, адзене ў сьнежна-ватны пух.
І толькі для яе марозаў моцы мала,
Каб у грудзёх стрымаць імпэту дух!

Палі, прастор адзене ў сьнежна-ватны пух…
А захад будзе галасіць, як і галосіць.
І будзе на нагах змардованых зьвінець ланцуг,
Пакуль народ пакуту зносіць.

А захад будзе галасіць, як і галосіць,
Дубы і тыя будуць шалясьцець лісьцём інакш.
Калі, калі вось гэту восень
Заменіць маладая, сонцарусая вясна?!.