За высокай панурай сьцяною,
Дзе зьвінелі няволі замкі,
Там юнак з паднявольнай душою
Уміраў комсамолец Якім.
Уміраў…
Не згасаючы погляд,
Мераў буйна-квяцістую шыр.
Ой, ты, поле, шырокае поле!..
Для цябе я сягоньня чужы.
Дома бацьку пакінуў старога,
Ня стрымоўвала сэрца нуды.
Помню там — на крыжастых дарогах
Бацька з сынам прашчаўся тады.
Чула сэрца старога дзядулі,
Чулі ўпалыя грудзі яго,
Што ўжо больш у вясковым завульлі
Не спаткае Якіма свайго.
І каціліся сьлёзы на сьвітку,
Засынаў цёмна-сіні прастор,
Яго гора мужычага сьведкай
Быў таемны, кудравы сыр-бор.
Там вясна…
А тут краты астрогу….
Ой, ты, сэрца, тугою ня ный!..
Вочы мералі гоні-разлогі
Усьміхаліся волі яны.
Там лясок… Сенажаці… Даліны…
Цёмны гай… Адзінокі Карней…
Ой, палі чужа-дальняй краіны,
Прысудзеце свабоду вы мне!..
Прысудзеце арлу маладому, —
Бо мне хочацца вольна кружыць.
Але не…
Але не…
— Невядома!
Нешта вецер гудзе на мяжы.
Заўтра рана за горадам, мусіць,
Мяне куля сястрыцаю стрэне.
— Ня сумуйце-ж, лясы Беларусі,
Што мяне ашлюбуе расстрэл!..
Над магілай асеньнія сьцюжы
Прапяюць мае словы тады:
„За вялікую справу лапцюжных
Тут пахован Якім малады!..“
Прывялі…
Было ціха, спакойна.
Па-над водамі горад драмаў, —
Як Якім малады, смугла-стройны
На ўзьбярэжжы магілы стаяў.
Ой, ня ведае голуб-татуля,
Ой, ня ведае брат мой Карней,
Што сягоньня пад ўражаю куляй
Іх Якім у магіле засьне.
Дык няхай!..
Беларусі паўстанца
Раз апошні цалуе зара.
Мая справа стыхіяй паўстане…
І пачулася страшнае „р-р-р-раз!..
Змоўк Якім,
Але сэрца ня млее —
Іскры родзяць паўстаньне ў вачох.
А душа — яна й тут паланее,
Паланее агнём…
Тра-та-тах!..
Паваліўся…
Няма…
І ня будзе…
Акрапіліся бровы расой.
Толькі кроў праз кіпучыя грудзі
Ружавіла магільны пясок.
Ён памёр…
Расстралялі Якіма.
Цёмны леc зашумеў галасьней,
Але справа магутнага КІМ‘у
Не памрэ, будзе вечна квітнець!..
Ой, ня раз Беларусі абшары
Чырванелі крывавай расой.
Буду помніць яго — комунара,
Буду помніць паўстанца лясоў!
І вянок з кіпарысаў Варшавы,
Прынясу на магілу байца.
Ой, пракоцяцца новаю славай
Яго справы, што я заляйцаў.
Заляйцаў у душы комсамольскай,
У сэрцы палкім, бы ў горане жар.
Будуць помніць Якіма аколіцы —
Беларусі кудравы імшар!..
Ён памёр…
Расстралялі Якіма…
Цёмны лес зашумеў галасьней…
Але справа магутнага КІМ‘у
Не памрэ!..
Будзе
вечна
квітнець!..
|