Вершы (Трус, 1925)/Хараство прыроды/На сенажаці

У жніво На сенажаці
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Ой, люблю
Іншыя публікацыі гэтага твора: На сенажаці (Трус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СЕНАЖАЦІ

Там, за лугам зарою сатканым
Яшчэ дрэмле лясок баравы,
А сталёвыя косы ад рана
Ужо будзяць з расой паплавы.

Ой, ня дуб пахіліўся да долу,
Не разьвесіў гальлё над гарой. —
Гэта з выглядам смугла-вясёлым
Хіляць постаць касцы над травой.

Размахнуліся рукі змаганьнем,
Не замуляюць косы пляча!..
Будзем позна касіць — да зьмярканьня, —
Вольнай працы настаў ужо час.

Вочы-зоры купаюцца ў вары,
Але ў даль ня спыняецца шаг, —
Калі поўныя грудзі пажару,
Калі поўна ахвоты душа!

І кладуцца пракосы мурогу,
Запаўняюцца шчасьцем сьляды.
Нам ніхто не заслоніць дарогу —
Вольнай раці касцоў маладых!..


∗     ∗

Ня шумяць ў сенажацях ракіты,
Ня кудзеліцца шоўкам туман, —
То красуецца жарам абліты
Над пракосамі дзеўчыны стан.

Растрасаюць мурог маладзіцы,
Дні мінулага помняць яны;
Як у „Жморах“ сушылі травіцу,
А над імі стаялі паны.

Сёньня з вамі на красках-пракосах,
Абніму, расцалую вясну!..
Расчашу над грабелькамі косы
І часінку ля коп аддыхну!


∗     ∗

Ой, ня гнецца над рэчкай каліна,
Не сьпявае ў гаі салавей, —
То пяе маладая дзяўчына:
Аддыхнулі і ў даль весялей!..

Завіномся, красуні-дзяўчаткі,
Калі сэрца агнём паланее,
Зложым сена і пойдзем да хаткі,
Як калісьці хадзілі пазьней.

Пакацілася сонца за горы,
Вечар ціхі на землю прылёг.
Патанулі у сьпевах прасторы,
Адгукнуліся песьні ў палёх,

Добра помню я гэтыя сьпевы,
Буду помніць цябе, сенажаць,
Як пракосамі з правай і з левай
Сьмела йдзе нястрыманая раць!