Сьветла! Блакіт! Вышыня!
З-за муру рагоча прастор
І ў бліску вясновага дня
Клык выставіў дрот-частакол.
Каб прамень хоць штучнага сьмеху
На тварах мог нашых бліснуць.
На градачцы краскі цьвітуць
Для вязьняў, вачом на пацеху.
Наўкола грады, нібы гусі,
Нагамі ўздымаючы пыл,
Гутарым аб снох, Беларусі,
Аб краю дзядоўскіх магіл.
Гручаць на дарожцы калодкі,
Б‘юць рэхам ў сьцяну галасы;
У паветры гульлівым, салодкім
Мы чуем усьмешку красы.
Весела! Сэрца надзейна гручыць!
Расхрыстаны грудзі, а твар
Зьбялелы на сонца глядзіць
І ловіць касуляў загар…
Жалеза са скрыгам зьвініць…
Цэгла, цэмэнт, бляха, сталь Ад вока скавалі нам даль…
Купаецца вока глыбока
Там, дзе разьліты блакіт,
Далёка, далёка, далёка…
————————
Скончана. У камэры хутка
Гоняць з прагулкі. Ідзём…
Прарвалася шчасьця мінютка,
З салодкім рассталіся сном.
Гручаць па драбіне калодкі,
Ляскоча запор і замок:
Прарваўся міг шчасьця салодкі,
Прыроднай красы зьнік куток.
І сэрца хвалююць ўспаміны
Раскошы, каханьня, красы
І вочы-пралескі дзяўчыны,
Наранку зьвяк звонкай касы.
————————
Досыць! Даволі! Даволі!
Мінулага шчасьця ня жаль.
Я шчасьліў тады, калі воляй
Напоўніцца родны наш край.
1927 г.
|