Ветразі (1929)/II/На палёх ня шумела калосьсе

Чырвоны і белы ⁂ На палёх ня шумела калосьсе
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
⁂ Не глядзі з дакорам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

На палёх ня шумела калосьсе, —
Цішыня… Супакой на палёх…
У рабінавым колеры восень
Гаспадарыць прышла у садох…
Адвячорак… Зацішна, зацішна
На экране зямной пекнаты…
Дасьпявалі апошнія вішні,
Дзе-ні-дзе ападалі лісты.
Гэта фарбы жывога мастацтва, —
Пекната над усёй пекнатой…
У вітрыне асеньняга царства
Апатычна-багаты настрой.
Кожны вечар асеньняй парою
Абуджаюцца мары і сны…
І плывуць верасьнёвай зарою
На азёрную ціш туманы.
І тады сінявыя нябёсы
Прыгажэй, чым сама маладосьць,
Быццам сэрца разьбітае лёсам,
Скрозь узрыды сьмяюцца чагось…
Кажуць людзі: як падала лісьце
Над азёрамі роднай зямлі,
Беларускія птахі калісьці
На чужыну далёка плылі.

А цяпер — паглядзіш і ня верыш, —
Дайце рады… ня тое зусім…
За пропэлерам рэжа пропэлер
Непамерна высокую сінь…
І тады, вось у той адвячорак,
Як зьніжалася сонца за дах,
Дзе красуюць палі і вазёры,
Апусьціўся сталёвы птах.
І выходзілі людзі маўкліва
(Баючыся два словы сказаць)
Паглядзець нячуванае дзіва, —
Нячуваных гасьцей спатыкаць…


∗     ∗

Спахмурнела чамусьці заранка;
Спатыкаючы скаргі гусей…
Пакахала да болю сялянка
Нячуваных дагэтуль гасьцей.
Гаварылі ёй сталыя людзі:
— Выкінь з думак турботы і сум,
Ён паедзе… Пакіне… Забудзе…
Ня губі ты, дзяўчына, красу!..
Ты загубіш гады маладыя,
Ты загубіш дзявоцкі убёр,
Каб сказаць: „Гэта птахі чужыя, —
Гэта птахі ня наскіх вазёр“.
Ой, дзяўчына, пабойся ты бога!..
Гэткіх птахаў мы бачылі шмат…


∗     ∗

Не сказала дзяўчына нічога, —
За яе адказала душа…
Ці таму, што мо‘ вельмі кахала,
Ці прывабна сьвятло за вакном,
Яна кінула родныя далі, —
Свой пасаг… калаўрот… палатно…

Вечарэла… Зацішна… Зацішна
На экране зямной пекнаты…
Дасьпявалі апошнія вішні,
Дзе-ні-дзе ападалі лісты…

Гнала восень туман на вазёры…
Асыпаў свае колеры мак…
А дзяўчына у той адвячорак
Прамяняла сяло на рабфак…

Менск, 1928 г.