Ветры буйныя (1927)/I/Коціцца… коціцца

Завіліся сьцежкі Коціцца… коціцца
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Над возерам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОЦІЦЦА… КОЦІЦЦА…

Коціца… коціцца
туман па гары;
Ой, ды ў полі коціцца
туман па даліне…
........
І шуміць над соснамі
ў зялёным бары, —
Зялёнага дубу,
дубу верхавіньне…

Крыюцца… крыюцца
наквецьцю палі;
над вадою хіляцца
ў золаце рабіны…

І лятуць над возерам
ў вырай жураўлі,
ды лятуць над Нёманам
ў прочкі на чужыну.

Журацца… журацца
ў верасьні сады…
Сьцелюцца кужалем
кволыя пялёсткі!..

І ня моўкнуць струны
ў сэрцы маладым…
І зьбіраюць думы
залатую россып!..

Сыплюцца… сыплюцца
пацеркі вады;
патанулі ў шэрані
шоўкавыя руні…

А лісты пажоўклыя
спавілі сьляды, —
Каб зьвінелі голасна
майго сэрца струны.

Коціцца… коціцца
туман па гары, —
ды з-пад яру коціцца
туман на вазёры…

Я прышоў на ростані
кветкі падарыць
Беларусі мілай
ў сьветла-сініх зорах!

1926 г.