Ветры буйныя (1927)/I/Ой, ня яснага сокала крыльле

Ой, ня яснага сокала крыльле
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Завіліся сьцежкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОЙ, НЯ ЯСНАГА СОКАЛА КРЫЛЬЛЕ…

Ой, ня яснага сокала
крыльле, —
Праімчаліся дні-сонцавеі…
Мае вочы журбу утапілі
У кляновай, пажоўклай лістве.

Праімчаліся дні
сонцавеі,
І гаі адцьвілі, адзьвінелі…
Ветры буйныя сум паразьвеялі,
Як туман залаты па вясьне!

І гаі адцьвілі,
адзьвінелі,
Ціха журацца ў лісьці асеньнім…
Плачуць сосны ў нямым задуменьні,
А пад соснамі ў ветразі сьцені.

Ціха журацца ў лісьці
асеньнім
Саламяныя, шэрыя вёскі…
Зацьвілі, завіліся ў дасені
Маіх песень лісты і пялёсткі.

Саламяныя шэрыя
вёскі
Ой, ды просіньню восіні зьліты…
А ў душы кармазынавы росквіт,
Як і сьцежкі зарой апавіты!..

Ой, ня яснага сокала
крыльле, —
Праімчаліся дні-сонцавеі…
Мае вочы журбу утапілі
У клянова-пунсовай лістве…

1924 г.