Вечар гас…
Вечар гас… Верш Аўтар: Тодар Кляшторны 15.V.1927 Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/41273 |
* * *
Вечар гас…
Драмалі сьветацені.
У туманох дарогі замяло…
І нібыта
Залатыя елі
Месяцу хіліліся чалом.
Ўсё цьвіло,
Жыло і гаманіла,
Кожны куст аб жыцьці гаварыў…
Ты прайшла
І голаў не схіліла, —
Не схіліла гордай галавы…
І нібыта
Сэрца забалела,
Быццам нешта
Выплыла, як дым…
Але што ж?!
Каханьне дагарэла,
Але што ж?!
Ідзі сабе з другім…
Пройдзе день,
І заквітнее раньне.
Ад зары
Засерабрыцца гай…
У цябе
Ня першае каханьне,
У мяне
Не прадапошні май.
(Менск, 15.V.1927 г.)