З узгорку ў лагчыну дарожка зьбягае,
Дубы наабапал лагчыны стаяць,
А хвалькі крыніцы ім, Бог сьвяты знае,
Аб чымся, знаць, важным шумяць і шумяць.
А хвоі-суседкі і цёмныя ёлкі,
Як смутныя ўдовы, стаўпіліся тут,
Даведацца хочуць і траўкі і зёлкі,
Якія навіны прыйшлі ў гэты кут.
І ўсе не спакойны, ўстрывожаны моцна,
Чагось та чакаюць, і боязна ўсім.
А вецер-задзіра гудзе, як нарочна,
Шуміць і халодзіць дыханьнем сваім.
Дзярэўі трывожны і лісьце раняюць,
І з шолахам ціхім убёр іх ляціць.
—„Ня бойцеся, брацьці!“ ім гусі гукаюць:
„Зноў, дасьць Бог, вясною вада зашуміць“
З узгорку ў лагчыну дарожка зьбягае,
Дубы наабапал і клёны стаяць…
Ці помніш ты час той, скажы, залатая?
Аб чым твайму сэрцу дубы шапацяць?
|