Водгульле (1922)/Думкі жаўнера

Неўспагаднасьць Думкі жаўнера
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Ня дамся!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі жаўнера.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ ЖАЎНЕРА.

Разлучыўся жаўнер з сваёй роднай сямьёй,
Разьвітаўся ён з домам сваім.
Знае лес баравы, дзе дыбаў ён ступой,
Што за думкі віліся над ім.

Замірала душа, млела сэрца яго,
І туманілісь вочы сьлязьмі.
Кінуў жонку адну і дзяцей… на каго?..
Хоць ты з жалю разьбіся, вазьмі,

Разважае бядак, дом ня йдзе з галавы,
Пахілілась на грудзі яна:
І, здавалася, з ім плакаў лес баравы;
Быццам думка была ў іх адна.

Ў невядомай далі ты дажджэшся чаго?
Прападзеш ў чужыне, як ня жыў,
І ня скажа ніхто, дзе магіла яго,
Дзе ён косьці свае палажыў,

Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны,
Ў сінім небе іх нікла руно.
І здавалася, з ім смуткавалі яны,
Як бы гора было ў іх адно.

Эх, за што, ну, за што, адкажэце вы мне,
Я павінен другіх зьніштажаць?
Ці калечыць сябе ў гэтай дзікай вайне
І пад кулі свой лоб падстаўляць?

Вы, што селі ўгоры, як вас, каты, назваць?
Не шкада вам нявінных людцоў;
Самадурства сваё вы гатовы купляць
Міліёнамі нашых галоў.

23/VII 1916 г.