Водгульле (1922)/Песьня жніва

На полі Песьня жніва
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Месяц
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жніўныя песьні (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ЖНІВА.

Жарыць сонца бяз літосьці,
Варам пыша ад палёў,
Трэцца жыта ў пыл на просьце,
Зерне сыплецца далоў.

Хоць бы хмарачка дзе ў небе,
Хоць бы рэдзенькі цянёк,—
І бяз часу ў цьвёрдай глебе
Сьпее грэчка і лянок.

Душна ў полі і маркотна.
Постаць жоўтая хлябоў
Ціхім шолахам гаротна
Просіць жнеек і сярпоў.

Вось прышлі і жнейкі ў поле,
Заскакаў крывы сярпок.
І панёсься на прывольлі,
Ціхі будзячы дзянёк.
Голас гучны і пявучы,
Як вясенька, малады,
Сакавіты і цягучы,
Поўны тугі і нуды.

Пакаціўся ён мяжою
І адбіўся паміж гор,
Потым дробнаю сьлязою
Ў неба вырваўся, замёр.

Многа смутку ў песьні жніва!
Хто той смутак парадзіў?
Ці ты, доля нешчасьліва?
Ці ты, журба бедных ніў?

Ці то вы, палі няплодны,
Горам песьню абвілі.
Каб нідзе пра край свой родны
Мы забыцца не маглі?

1/VIII 1912 г.