Водгульле (1922)/Родныя малюнкі

Сябру Родныя малюнкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
У палёх Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Родныя малюнкі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНЫЯ МАЛЮНКІ.

Бітыя дарогі,
Цьмяныя пуціны,
Вольныя разлогі,
Ўзгоркі і даліны…

Белыя бярозы,
Пышныя таполі,
На балотах лозы,
Вербы сярод поля…

Рэчкі і азёры,
Мурагі, чароты,
Ціхія прасторы,
Лес, гаі, балоты…

Вас не пералічыш,
Не акінеш вокам,
Голасам ня склічаш,
Вас ня зьмерыш крокам!

Ды ляглі над краем
Хмары-навальніцы,
Рубяжоў няма ім,
Ім няма граніцы!

Выйдзеш ты ў дарогу,
Даль цябе жахае
І малітвы Богу
Ў сэрцы выклікае.

Ёсьць у гэтай далі
Хараство і чары;
Ўзьнімуць цебе хвалі,
Засьмяюцца мары.

Ты ідзеш, бажаеш,
Повен ты надзеі,
Ды не прачуваеш,
Дзе твае зладзеі.

Наплывуць туманы
Горкае нядолі,
І куюць кайданы
Цяжкае няволі.

Ты ідзеш скрозь церні,
Ўперадзі—каменьні,
Сееш праўды зоркі,
Разьбіваеш зьвеньні

Ланцуга ліхога,
Скованага злымі.
Цяжкая дарога:
Ты апутан імі!

Радасьць ты пачуеш,
Як ланцуг парвецца,
Ды ты зноў гаруеш —
Зноў зьвяно ўпляцецца

Ў шнур агідлы гора,
Што канца ня мае,
І цяпер, як ўчора,
Сэрца смутак знае.

Кавалі другія,
А ланцуг той самы —
Песьні ўсё старыя
Неаджытай гамы.

20/VIII 1921 г.