Высокі Бераг Тройка
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
На пераломе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тройка (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРОЙКА.

Коні скачуць. Дзын-дзын дзын!
Гучна звон нясецца
І далёка між раўнін
Ціхім жалем льецца.

Ціхне, глухне гэты звон,
Ускочыўшы ў гаёчак,
Ўсё слабее, ціхне ён,
Кволы галасочак…

Вось і тройкі ня відаць,
Праняслась стралою,
І званочка ня чуваць
Плачу пад дугою:

Толькі пыл трубой курыць
Над дарогай бітай;
Поле ціхае глядзіць
Сіратой забытай.

І пытае ціш яго
Поглядам, здаецца:
Хто праехаў і чаго
І куды нясецца?

І ня будзе знаць, стралой
Куды тройка скача,
І званочак пад дугой
Чаго ціха плача.

9/VI 1910 г.