Няшчасная маці Уночы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Гора мацеры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Уночы (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УНОЧЫ.

Над калыскай матка
Ночку каратае,
Хворага сыночка
Цешыць, забаўляе.

На цьвічку павешан
Начнічок ўбогі;
Ў вокны зазірае
Месячык двурогі.

Карагоды зорак
Угары мігаюць,
На зямлі сьняжынкі
Сінім блескам зьяюць.

Так спакойна ўсюды,
І такая ціша!
Хворае дзіцятка
Неспакойна дыша,

Забівае кашаль,
Не дае спакою.
— Сьпі, маё дзіцятка!
Сьпі, маё любое!

Ня пужайся, мілы!
Бог сьвяты з табою!
Вон пайшоў ты з хаты,
Сівы дзед з кульбою!

Унь, пайшоў дзед сівы,
Крывіцца і плача…
Уцякай адгэтуль!
Уцякай, бядача!

Ось які дзед гэты:
Думаў напалохаць!
Будзе ён ўсю ночку
На марозе охаць.

А не хадзі ў хату,
А ня лезь сьляпіцай!
Ппач цяпер і мерзьмі
Ды ня будзь дурніцай…

О! Пятрусь харошы!
Любяць ўсе Пятруся:
Любіць яго тата,
Любіць і мамуся.

Купіць тата Пётру,
Боцікі на ножкі;
Пойдзе мой сыночак
Пракладаць дарожкі.

Новую кашульку
Я табе пашыю,
Ў цёпленькай вадзіцы.
Чысьценька абмыю.

Будзеш! ты харошы!
Цётка не пазнае.
— А чый гэта хлопчык?—
Дзядзька запытае.

Ўсе дзівіцца стануць
І-хваліць Пятруся—
— Гэта я,—ты скажаш:—
Я—сынок Габруся!—

Поўнач пракрычалі ў
Пеўні ў хату з хаты,
Ўсё курыць газьніцы
Блеск падсьлепаваты.

Змучана кабета
Мацярынскім горам
І схілілась ціха
Над сыночкам хворым

І калыша сына,
Страхі адганяе,
А самой ён сэрца
Нешта сьсе, сьціскае.

3/XI 1910 г.