Марава Успаміны
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Высокі Бераг
Іншыя публікацыі гэтага твора: Успаміны (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСПАМІНЫ.

Вобраз мілы, поўны чараў,
Маладой вясенькі мараў,
Гожа з прошласьці ўстае

І з чароўнай нейкай сілай
Мігатнецца казкай мілай,
Ў сэрцы радасьцю снуе…

Ой, вы, сьветлыя ўспаміны
Аб дзянькох маіх дзяціных,
Перабытых часаў ніць!

Ой, вяліка ваша ўлада!
Вамі сэрца поўна, рада,
З вамі люба гаманіць.

Мо за тым і жывяцё вы;
Каб разьвеець сум жыцьцёвы,
Жальбу, тугу, адегнаць?

Вобраз мілы і далёкі
Кінуў ў сэрцы сьлед глыбокі,
Ціхай жаласьці пячаць;

І цяпер скрозь змрок халодны
Ўстане гэты вобраз родны,
Шчасьцем душу ўскалыхне,

Потым смуткам адгукнецца,
Ціхім жалем пранясецца
І патоне ў глыбіне.

2/VI 1915 г.