Возера Бяздонка
Возера Бяздонка легенда Аўтар: народ Крыніца: https://belnaviny.by/belorusskie-legendy/belaruskiya-legendy-vozera-byazdonka.html |
Паміж вёскамі Ісаевічы і Дзераўной ёсць прыгожае лясное возера Бяздонка. Ні адзін ручай не ўпадае ў гэтае возера і не выцякае з яго. Зімою возера не замярзае. Ляжыць яно паміж невысокіх гор. Пра гэтае возера расказваюць так.
Даўным-даўно жыў у Ісаевічах пан. Было ў яго многа нявольніц — прыгожых дзяўчат з усяго свету. Жылося ім вельмі цяжка. Пан і яго падпанкі здзекаваліся з дзяўчат. Аднаго разу пан узлаваўся на дзявок, схапіў трохлетняга хлопчыка і кінуў у возера, нікога не дапусціў да возера, пакуль хлопчык не захлынуўся чорнаю вадою. Маці доўга шукала сына, каб пахаваць. Але возера было такое глыбокае, што дна ніхто не мог дастаць. Возера страшна бушавала, вада была чорная, як сажа. Не вытрымала маці свайго вялікага гора і ўтапілася. Вада ў возеры з тае пары стала чыстая і падобная да матчыных слёз.