Воля (Просты)
Воля Аўтар: Пётра Просты Крыніца: Наша Ніва, 1907, №5 |
— Воля, свабода! — сорак пяць гадоў таму крычаў мужык.
— Свабода! Волю нам цар даў!..
І, зняўшы шапку, горача маліўся мужык за добрага цара, што даў волю, што вызваліў ад панскіх батагоў, што звольніў ад прыгону... Маліўся шчыра, горача за гэтага цара, і слёзы цяклі з вачэй, слёзы радасці і падзякі...
— Воля! Свабода!..
Няма болей панскага прыгону, не скачуць болей панскія бізуны па мужыцкай сярэдзіне... Але ёсць прыгон правіцельства, і гэтаму правіцельству з усяе сілы памагаюць яго чыноўнікі. Ёсць нагайкі стражнікаў і казакоў, ёсць салдацкія кулі... Прыгон цяжэйшы, як быў першы!..
— Воля! Свабода!
Дзе ты, гэтая воля? Дзе ты, свабодная мужыцкая праца?
Дзе не льецца мужыцкая кроў, мужыцкі пот, мужыцкія слёзы?..
Турмы і астрогі стогнуць ад мужыцкіх енкаў, вароны і груганы дзяўбуць мужыцкае цела ў далёкай Манджурыі, рэкамі цячэ мужыцкая кроў і ручаямі ліюцца мужыцкія слёзы!..
— Воля! Свабода!..
Гнецца мужык на ніве ад цяжкай непамернай работы, курчыцца ў хаце ад голаду і холаду, стогне ад «начальства» і гіне ў турмах ды ў ссылцы...
І гэта — воля?
Цяжкая твая доля, бедны мужык!
Доўгія вякі нясеш ты свой нялёгкі крыж!.. Але прыдзе гадзіна — і ты парвеш кайданы, у каторыя закавалі цябе твае мучыцелі, і высока-высока падымеш свой штандар за свабодную працу, за лепшую долю, за новае свабоднае жыццё!..