Плынь (1927)/II/Восень

(Пасля перасылкі з Восень (Грамыка))
Кветачкі Восень
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Майскае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ

Вецер, братка,
Адкуль ты дзьмеш?
Адкуль ты песьні свае вядзеш?
Чаго так сумна,
Чаго маркотна,
Багатадумна,
А мо, гаротна, —
Калі былінку
Да глебы гнеш?
Калі галінку
У крыж жагнеш?

І нейкі ўспомін
З душы ўстае,
Калі у комін
Лады свае
Зацягне мляўка
Той драматур,
А з дрэва каўка
Зьляціць на шнур…

Ах, восень — сьлёзы!
Цябе люблю,
З вачэй, як лістам,
Краплю зямлю.
Чагось жадаю,
Жадаю твораў,
Сяджу-чакаю
Нязнаных хораў
І жоўталіста
Сабе лаўлю.
Навокал мжыста, —
Ды я цярплю!

Тады павольна
У нетрах дум,
І слова здольна
Бяжыць на шум.
І рух душэўны
Тады мацней,
І верш напеўны,
Як пан Падвей.

1-IV-21 г. Адэса.

◆ ◆ ◆