Воўк і лісіца (Абуховіч)
Воўк і лісіца Байка Аўтар: Альгерд Абуховіч Крыніца: http://www.gluskonline.net/publ/9-1-0-220 |
«На табе, нябожа,
Што мне нязгожа».
Раз папалася лісіцы
Ажно тры злавіць курыцы.
Падушыла; дзве з іх з’ела,
Трэццю скрыла.
Сама села —
Як па працы — пад стажком
Воўк галодны йшоў нішком1.
А што з кумою быў знаём,
То такую рэч павёў:
— Ах, сястрыца,— кажа кум,—
Я ад рання браў на вум,
Каб што-кольвек мне пад’есці,
А тут на злосць негдзе ўлезці.
Падхапіў бы я хоць птушку…
Да авец падходзіў збочку,
Ды пастух чупрыну чэша,
І сабака прытым брэша,—
Падступіцца няма складу!..
Дай ты, кумка, яку раду?!
— Ох, мой куме даражэнькі!
То ж стог сена цалюсенькі.
Еж, як хочаш,— не шкадую,
Хоць апошнім, ды частую!
— Дзякуй, дзякуй! — сказаў шэры
І пацягся без вячэры.