Вуж куртаты і мужык багаты

Варона і рак Вуж куртаты і мужык багаты
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 5
Чаму Панас стаўся ваўкалакам?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вуж куртаты і мужык багаты.

Сярод дрыгвы жывучы без вужа ў хаце не абойдзешся: за ложку малака ён пілнуе гаспадара каб гадзюка ў хату ня ўлезла. Кот—граза на мышэй, а на зьмей—гадуй ў хаце вужэй. Ў аднаго багатага мужыка быў стары вуж, ўжо аж сівы са старасьці і як толькі чэлядзь сядзе за стол, то і вуж пад стол, каля ног увіваецца, да дзяцей дабіраецца, якія малако ядуць. Думаў, думаў мужык дый надумаўся:—вуж стары, гадзьву не палоша, малако-ж лакоча; трэба яго забіць!—І ўзяўшы сякеру, гак, па вужу! І адсек яму хвост. Вуж уцёк у нару і прыждаўшы пару, укусіў мужыкова сыночка. Вуж ня злы але мсьціцца за крыўду. Сын памёр мужыкоў і як йшло перш рукой у яго ў гаспадарцы, так цяпер,—што ня крок, то бяда: то агонь, то вада глуміць працай набыты дабытак. І зьбяднеў той мужык, а таму, што яму стары вуж то ужо ня спрыяе. Што рабіць? Трэба, думае, з вужам мірыцца. Вось ідзе да нары, дзе сядзеў вуж стары:—Давай-каа (кажа) мы будзем з табою гадзіцца! А вуж з норкі глыбокай дае гэткі адказ:—Не, ўжо, браце, ня час нам з табою аб згодзе гукаці. Табе сына свайго аніяк ня забыць, мне-ж заўсёды баліць, тое месца дзе быў калісь хвосьцік. Ў нашай дружбе цяпер, ты мне, браце, павер, шчырасьці даўнай ня будзе. Каб ўзаемна сабе нам больш зла ня рабіць, ты ня руш больш мяне, а цябе, я таксама, ня буду чапаці. Я ў нарэ, а ты ў хаце, будзем век дажываці.