У чорным змроку ліхтары
Дрыжаць, як спуджаныя зоркі.
З табой мне дзень дагаварыць
Імпровізована — гаворкі.
З табой я думкі падзялю
І сьмехам выпалашчу душу.
Я восень строгую люблю,
Да строгай восені я рушу.
Падходзіць гэтакай парой
Туманны сон і доўга шкеліць…
Бядзёрыць досьветны настрой
Двароў вясёлая капэля.
Б‘е вокны вецер, як жандар,
Радзее змрок над хатай ніцай..
Мне твой знаёмы любы твар
І ў час падзей апошніх сьніцца.
Хачу я ў днёх цябе спазнаць,
Але баюся патрывожыць.
Дарог (сялянскага радна)
Душа пазбавіцца ня можа.
У вас цяпер машынны звон
І шопат раніц — над парогам…
Праз шыбы сад стары відзён
І ў вецьцях чуцен — даўкі рогат.
У гэтым садзе мы з табой
Зьбіралі травеньскую шчырасьць,
Гарэў я творчай барацьбой,
А ты мяне (за сны) журыла.
Былое зьнікла. Зараз вы
Усе пайшлі у колектывы.
І я — пад песьні бур жывых —
Працую ў горадзе шумлівым.
Як грамадзянін і поэт,
Я ў нашу будучыню веру:
За новы край, за новы сьвет
Я не шкадую былі шэрай.
Ад дум уп‘яне, дзень у дзень,
Хаджу я ў грукаце панэлі.
К бярозам шлях не прывядзе,
Што ў сініх далях адшумелі.
|