Ў буравейных далях цьвёрдыя
Загартованыя крокі.
Расьцьвітаюць мары гордыя
Пачуцьцём глыбокім.
Так яшчэ, зьвяно за зьвеньнямі,
Дум людзкіх шэдэўры —
Не гарэлі захапленьнямі,
Не палілі нервы.
Зрух вякоў на ўсім адзначаны.
Па раскройцы плянаў
Небасхіл перайначаны,
Край збудован нанаў.
Абыходзіць трапна формамі
І найноўшым стылем.
Край стары плячамі горнымі
Доле паў уцілем.
Ў скрыні скідалі падагрыка,
Каб ня дарма, ўрэшце, згінуў:
На заводах і на фабрыках
Будзе сыравіна.
Хай ў агні будоўным корчыцца
Ўсё, што прахам падупала —
Пад нястрымны рост вытворчасьці
На ўздымах мужных, дбалых.
Не вярнуць журбу купальную
Адсьвяткованай забаве…
Беларусь індустрыяльную
Кожны дзень пяе і славіць.
Ў гэтых днёх — сівая спадчына,
Ліхвяры і падарэйкі —
Назаўсёды раскулачаны,
Закасованы навекі.
Ня стрымаць старна гісторыі
Ні маной, ні чорнай здрадай…
… Будуць доўга непаўторнымі
Дзікі сквіл і — радасьць…
Лягуць пылам косьці струшчаных
На крывавы сьлед змаганьня.
Ўсё жывое пройдзе пушчамі,
Падбярэ лісты паданьняў.
Стане ў досьледах цікавіцца
Над жыцьцём адважных продкаў,
Што ішлі з бядой расправіцца
Шляхам слаўнай Пяцігодкі…
… Перашыты далі сьцежкамі.
Сьцежкі нашы сталі рубам…
Ў сьвеце чулымі ўсьмешкамі
Мы жывем і любім.
|