Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Над драпежнаю чарадою

Апошняя крайка мяжы Над драпежнаю чарадою
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Бой пераможных рат
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над драпежнаю чарадою.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД ДРАПЕЖНАЮ ЧАРАДОЮ

Як у навальніцу,
У скронях гром, —
Можа, гэта
Я хворы крышку…
Прыгадалася, як пад сталом
Кошка лавіла мышку…

Прыгадаліся рысы хаты —
Кволай старэнькай бабкі.
Стыне на вуснах
Сьмех пузаты,
Мары бягуць
На пуховых лапках.

З гэтай былі
Я вырас неяк,
Сталі іншымі —
Сны і пачуцьці.
І далекі ад хвіль —
Зладзеяк, —
Болей ня прыду адчуць іх.

Ўсё мінулае ў пэўным этапе:
Перажыта і пройдзена.
Палі,
Хто ня змог
За буравеем патрапіць,
І хто мкнуў —
Разбойнай,
Разгойданай,
Атручанай —
Хваляй.

Не хачу — нідзе, ніколі! —
Назваць іх!
Нам імёны іхныя
Зусім ня дорагі.
Зьнікнуць ім
У агульным пракляцьці,
І ў агульным слове:
— Ворагі.

Верш мой! Ты на зямлі.
Расьцем і марыш…
Разьвеян попел
Патрушчаных таямніц.
Мы гоман вялі,
Мой дарагі таварыш,
Ад залацістых ніў,
Ад срэбраных крыніц.

А у суровасьць прышлі з табой, —
Сьпеў узьнімаецца
Адточанай зброяй —
Над зграяю
Нахабна — расхлістанай,
Над драпежнаю чарадою.

Насуплена злая
Немарасьць вей —
Праз немарасьць горда іду я,
Каб разам з аматарамі
Чорных падзей
Пахаваць і песьню былую.

Каб ні белай,
Ні чорнай кошкаю —
Услаўленых стром
Ня смуродзіла скруха
Сьлінай зьвярынаю,
Каб на дзікую заедзь —
З навальніцаю гром
Апошнім ударам рынулі.
І каб з роспачы белых крыг
Сьмяяліся жылы
Струн маіх.