Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Сярод дарог

У абрыве ноч Сярод дарог
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Даль разорак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯРОД ДАРОГ

Дзікаркай кволай на крыжы
Прысела спуджаная ночка.
На спад ад ворага бяжыць
З вадой худзенькая асочка.

Аднекуль з боку надыйшлі
Жалезам ўзброеныя людзі
І рэжуць чэрава зямлі,
І ломяць лоз старыя грудзі.

Балота сьпетую красу
Абмераў шнур тугі і строгі…
Ваўкі грызуць шалёны сум,
Кідаюць цёплыя бярлогі.

Дзікліва зграямі ідуць
Шукаць кватэр, калі дзе знойдуць…
Гушчар на гольлях, як бяду,
Кавалкі поўсьці стане гойдаць.

Гушчар прагнаным белакам
Яшчэ сагрэе дум намеры,
Пакуль ня ляжа ў покат сам
Пад сьмех бязьлітаснай сякеры.

На сподзе горную сьлязу
Асушыць вецер — валацуга.
Да дому людзі лом зьвязуць
І дол ўзаруць сталёвым плугам.

Агорне новы тут пасеў
Рань з моцнай назваю — „Культура“
Праедзе вечар па аўсе
І бровы нават не нахмурыць.

Запаліць зорку ён знарок
Сярод зялёных саматканак,
З агністых фарб спляце вянок,
Як знак вялікае пашаны…

І будзе вечарам — гасьцём
Ўрачыстых песен і настрояў…
Жыцьця суровае асьцё
Гарыць ў аддалях за гарою.

Ў ружовых колерах зары
Сярод дарог заснулі сёлы,
З трывожнай думкаю на крыж
Прысела ноч дзікаркай кволай.

1928 г.