Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Ёлка
Ёлка Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен Арыгінальная назва: Grantræet (1844) Пераклад: Янка Маўр |
Расла ў лесе прыгожая ёлачка; месца ў яе было добрае—і сонца ёй хапала і паветра было досыць; а навакол раслі таварышы: старэйшыя - елі і сосны. І ёлачцы не цярпелася, каб хутчэй вырасці самой; яна не зважала ні на цёплае сонейка, ні на свежае паветра; не цікавіла яе і балбатня вясковых дзяцей, што бегалі па лесе, збіраючы сўніцы або маліну. Назбіраўшы поўны кубак або нанізаўшы ягадкі на пруткі, яны часта падсаджваліся адпачыць каля ёлачкі і казалі:
— Якая слаўная маленькая ёлачка!
Хоць ты не слухай такой гаворкі!
За год яна падрасла на адно кальцо, на другі год—яшчэ на адно: па колькасці гадовых кольцаў у ёлкі заўсёды можна падлічыць, колькі ёй год.
— Ах, каб я была такім-жа вялікім дрэвам, як іншыя, — уздыхала ёлачка, - я-б шырока раскінула свае галіны, высока падняла галаву, і мне было-б відаць далёка-далёка навакол! Птушкі вілі-б гнёзды ў маіх галінах, а я, калі крыху падзьме ветрык, ківала-б галавой таксама паважна, як іншыя!
Не цешылі яе ні сонца, ні птушкі, ні ружовыя воблакі, што праплывалі над ёю зранку і ўвечары.
Зімою па іскрыстаму беламу снегу вакол яе часта скакалі зайцы, а то які з іх возьме ды і пераскочыць прама праз ёлачку, — гэтакая крыўда! Але прайшлі дзве зімы, і на трэцюю ёлачка так падрасла, што зайцам прыходзілася абягаць навакол.
«Ах! хутчэй, хутчэй-бы вырасці, стаць вялікім, старым дрэвам - лепш за гэта нічога няма на свеце!" думала елачка.
Кожную восень у лесе з'яўляліся дрывасекі і секлі самыя буйныя дрэвы. Ёлачка кожны раз дрыжала ад страху: з-такім шумам і трэскам валіліся на зямлю вялікія цудоўныя дрэвы. Іх ачышчалі ад галля, і яны ляжалі такія голыя, доўгія, вузкія — проста не пазнаць! Потым іх клалі на вазы і кудысьці вывозілі з лесу. Куды? Навошта?
Увесну, калі прыляталі буслы і ластаўкі, Ёлачка пыталася ў іх:
— Вы не ведаеце, куды павезлі тыя дрэвы? Вы іх не бачылі?
Ластаўкі нічога не ведалі, але бусел аднаго разу задумаўся, матнуў галавой і сказаў:
— Здаецца! Калі я ляцеў сюды з Егіпта, то бачыў у моры многа новых караблёў з цудоўнымі мачтамі; па-мойму ад іх ішоў пах сасны і елі. І галовы яны задзіралі так высока — і не падыходзь!
— Ах, каб і мне хутчэй вырасці ды пусціцца ў мора! А якое яно, гэтае мора? На што падобнае?
— Ну, пра гэта доўга расказваць! — адказаў бусел і паляцеў.
— Радуйся сваёй маладосці!- казалі ёлачцы сонечныя праменні. — Радуйся свайму здароваму росту, сваім маладым сілам!
І вецер песціў ёлачку, і раса апырсквала яе слязьмі, але ёлачка нічога гэтага не цаніла.
Незадоўга да сачэльніка ссеклі ў лесе некалькі зусім маладзенькіх ёлак, нават маладзейшых і ніжэйшых ростам, як наша ёлачка, якая так хацела вырвацца з лесу. Ссечаныя дрэўцы былі вельмі прыгожанькія, і іх не ачышчалі ад галінак, а адразу клалі на воз і вывозілі з лесу.
— Куды-ж? - пытала ёлачка. - Яны-ж не вышэй ад мяне: адна нават куды меншая. І чаму на іх пакінулі галіны? Куды павезлі?
— А мы ведаем! Мы ведаем! - зачырыкалі вераб'і. — Мы бывалі ў горадзе і заглядвалі ў вокны! Мы ведаем, куды іх павезлі! Яны пападуць у такі гонар і славу, што лепей і не прыдумаеш! Мы заглядвалі ў вокны і бачылі: іх ставяць сярод цёплага пакою і ўпрыгожваюць цудоўнейшымі рэчамі - залачонымі арэхамі, мядовымі пранікамі, цацкамі і сотнямі свечак!
— А потым?- спытала ёлачка, дрыжучы галінкамі. — А потым, потым што?
— А больш мы нічога не бачылі! Але гэта было цудоўна!
— Можа стацца, і я траплю ў такую пашану! - радавалася ёлачка. — Гэта будзе лепей, як плаваць па моры. Ах, як я сумую ад нуды і нецярплівасці! Хоць-бы хутчэй зноў прышоў. сачэльнік. Цяпер і я такая самая высокая і раскідзістая, як тыя ёлачкі, што былі ссечаны летась. Ах, каб мяне ўжо палажылі на воз... Каб я ўжо стаяла ў цёплым пакоі, убраная ва ўсе гэтыя аздобы! А потым?.. Ды потым будзе што-небудзь яшчэ лепшае, яшчэ болей цудоўнае! Інакш навошта было-б так убіраць мяне? Вядома, будзе нешта яшчэ лепшае, яшчэ больш цудоўнае! Але што? Ох, як я сумую, якя хачу вырвацца адсюль! Сама не ведаю, што са мною.
— Радуйся з мяне! — гаварыла паветра.
— Радуйся з мяне! — казаў сонечны прамень. — Радуйся свайму маладому жыццю на волі!
Але яна зусім не радавалася, а толькі расла ды расла. І зіму і лета стаяла яна ў сваім цёмназялёным уборы, і ўсе гаварылі пра яе:
— Якое цудоўнае дрэўца!
А ў сачэльнік яе ссеклі першай. Глыбока ўрэзалася сякера ў яе цела; са стогнам упала ёлачка на зямлю. Яна адчула боль і слабасць. Яна зусім не магла думаць пра будучае шчасце; ёй сумна было разлучацца з родным лесам, з тым кутком, дзе яна вырасла. Яна-ж ведала, што ніколі больш не пабачыць сваіх мілых падружак—кветак, кустоў, а можа нават і птушак. Ад'езд быў нё такі ўжо прыемны!
Дрэўца супакоілася толькі тады, калі апынулася разам з другімі дрэвамі на дварэ і пачула каля сябе мужчынскі голас:
— Цудоўная ёлка! Вось такая нам і патрэбна!
З'явіліся двое франтаватых слуг, узялі ёлку і аднеслі ў вялізную, раскошную залу. Па сценах віселі партрэты, а на вялікай кафлянай печцы стаялі кітайскія вазы са львамі на покрыўках. Усюды стаялі крэслы-качалкі, шоўкавыя дываны і вяліхія сталы, заваленыя кніжкамі з малюнкамі і цацкамі ”на тысячу і сто талераў“, як казалі дзеці. Ёлку пасадзілі ў вялікую бочку з пяском, але ніхто не бачыў, што гэта бочка, бо яе абгарнулі зялёнай тканінай і паставілі на стракаты кавёр. Як трапятала ёлачка! Што-ж цяпер будзе?
Прышлі слугі і маладыя дзяўчаты і сталі прыбіраць ёлачку. Павесілі на голлях ласункі ў маленькіх сёеткіх, выразачых з каляровай паперы. Паміж іх нібы выраслі залачоныя яблыкі і арэхі, а ў зеляніне закалыхаліся лялькі, зусім падобныя да жывых чалавечкаў; такіх ёлка яшчэ і не бачыла. Нарэшце да галін прымацавалі сотні рознакаляровых маленькіх свечак, а на самай верхавіне—вялікую зорку з сусальнага золата. Да чаго ж гэта было прыгожа, нават выказаць нельга!
— Сёння ўвечары ёлка так і заззяе! -сказалі ўсе.
— Ах! — падумала ёлка, — хоць-бы ўжо хутчэй прышоў вечар і запалілі свечкі! А што-ж будзе потым? Ці не з'явяцца сюды з лесу іншыя дрэвы, каб паглядзець на мяне? Ці не прылятуць да вокнаў вераб'і? А можа я ўрасту ў гэты цэбар і буду стаяць тут убранаю і зіму і лета?“
Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а для дрэва гэта таксама непрыемна як для нас, калі баліць галава.
Нарэшце запалілі свечкі. Што за бляск, што за раскоша! Ёлка задрыжала ўсімі галінамі, ад чаго адна з свечак падсмаліла зялёныя іглы, і ёлка балюча апяклася.
— Ай-ай! — закрычалі паненкі і пастараліся хутчэй загасіць агонь.
Цяперёлка нават дрыжаць не адважвалася. І напалохалася-ж яна! Асабліва таму, што вельмі баялася страціць хоць што-небудзь з свайго ўбранства. Ад усяго гэтага бляску ў яе аж заняло дух. Раптам абедзве палавінкі дзвярэй расчыніліся, і ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны мерыліся паваліць дрэва! За імі паважна ўвайшлі старэйшыя.
Малышы спыніліся, як укопаныя, але толькі на хвіліну, а там узняўся такі шум і гам, што аж у вушах звінела. Дзеці скакалі вакол ёлкі і раз-по-раз зрывалі з яе то тое, то другое.
"Што-ж гэта яны робяць? — думала ёлка - Што гэта азначае?“
Свечкі дагарэлі да самых галін, і іх паступова гасілі, а дзецям дазволілі абабраць дрэва. Як накінуліся яны на бедную ёлку, - толькі галіны затрашчалі! Каб не была ёлка верхавінай з залатой зоркай моцна прывязана да столі, дзеці павалілі-б яе.
Потым дзеці зноў пачалі скакаць, не выпускаючы з рук сваіх цудоўных цацак. Ніхто больш не глядзеў на ёлку; апрача старой няні, ды і тая прыглядалася толькі, ці не засталося дзе сярод галін якога яблычка або фініка.
— Казку! Казку! - закрычалі дзеці і прывялі да ёлкі маленькага тоўсценькага чалавека.
Ён усеўся пад дрэвам і сказаў:
— Вось мы і ў лесе! Ды і ёлка разам паслухае. Але я раскажу толькі адну казку. Якую хочаце: пра Іведэ-Аведэ або пра Клумпе-Думпе, які, хоць і зваліўся з лесніцы, але ўсё-ж такі вышаў у людзі і здабыў сабе прынцэсу?
— Пра Іведэ-Аведэ!—закрычалі адны.
— Пра Клумпе-Думпе!—крычалі другія.
Падняўся крык і шум; адна ёлка стаяла ціха і думала: "А хіба я не буду ўдзельнічаць, ці мне болей няма чаго рабіць?"
Яна ўжо зрабіла сваю справу!
І тоўсценькі чалавек расказаў пра Клумпе-Думпе, які хоць і зваліўся з лесніцы, але ўсё-такі вышаў у людзі і здабыў сабе прынцэсу.
Дзеці запляскалі ў далоні і закрычалі:
— Яшчэ, яшчэ! — Яны хацелі паслухаць і пра Аведэ-Аведэ, але асталіся з адным Клумпе-Думпе.
Ціха задуменна стаяла ёлка, — лясныя птушкі ніколі не расказвалі нічога падобнага.
"Клумпе-Думпе зваліўся з лесніцы, і ўсё-ж яму дасталася прынцэса! Дык вось што бывае на белым свеце! — думала ёлка; яна шчыра верыла ўсяму, што зараз чула, — расказваў-жа такі сімпатычны чалавек. — Так, так, хто ведае? Можа і я звалюся з лёсніцы, а потым і мне дастанецца які-небудзь прынц”.
І яна з радасцю думала пра заўтрашні дзень: яе зноў убяруць свечкамі, цацкамі, золатам і фруктамі!
"Заўтра я ўжо задрыжу! - думала яна. — Я хачу зусім пацешыцца сваім шчасцем. І заўтра я зноў пачую казку пра Клумпе-Думпе, а, можа здарыцца, і пра Іведэ-Аведэ“.
І дрэўца ціханька прастаяла ўсю ноч, марачы аб заўтрашнім дні.
Раніцою з'явіліся слугі.
"Зараз зноў пачнуць мяне ўбіраць!“ - падумала ёлка. Але яны выцягнулі яе з залы, павалаклі па лесніцы і сунулі ў самы цёмны кут пад дахам, куды нават не даходзіла дзённае святло.
"Што-ж гэта значыць? Што мне тутака рабіць? Што я тут убачу і пачую?“
Яна прысланілася да сценкі і ўсё думала, думала...
Часу на гэта было досыць; праходзілі дні і ночы - ніхто не заглядваў да яе. Раз толькі прышлі людзі, каб паставіць тут нейкія скрынкі. Дрэўца стаяла зусім у баку, і на яго, здавалася, забыліся.
"На дварэ зіма! - думала ёлка.- Зямля зацвярдзела і пакрылася снегам; нельга, значыцца, зноў пасадзіць мяне ў зямлю, вось і прыходзіцца пастаяць пад дахам да вясны. Як яно разумна прыдумана! Якія людзі добрыя! Вось каб толькі не было тут гэтак цёмна ды пуста!.. Нават няма ніводнага зайчыка... А ў лесе як было весела! Навакол снег, а па снезе скачуць зайчыкі. Добра было!.. Нават, калі яны скакалі праз мяне, хоць я тады і злавала. А тут страшэнная адзінота”.
— Пі-пі! - піснула раптам мышанё і выскачыла з норкі; за ім яшчэ адно маленькае. Яны пачалі абнюхваць дрэва і шмыгаць між яго галінамі.
— Надта холадна тут! - сказалі мышаняты. — А то зусім добра было-б. Праўда, старая ёлка?
— Я зусім не старая! — адказала ёлка. — Ёсць шмат дрэў старэйшых ад мяне.
— Адкуль ты і што ты ведаеш? — спыталі мышаняты; яны былі надта цікаўныя. - Раскажы нам, дзе самыя лепшыя месцы на зямлі? Ты была там? Ці была ты калі-небудзь у кладоўцы, дзе на паліцах ляжаць сыры, а пад столлю вісяць шынкі і дзе можна папляваць па сальных свечках? Туды ўвойдзеш худым, а адтуль выйдзеш тоўстым.
— Не, такога месца я не ведаю, - сказала дрэва. — Але я ведаю лёс, дзе свеціць сонца і пяюць птушкі.
І яна расказала ім пра сваё жыццё ў лесе. Мышаняты ніколі не чулі нічога падобнага і, выслухаўшы расказ ёлкі, сказалі:
— Як-жа ж ты дужа бачыла! Якая ты была шчаслівая!
— Шчаслівая? - сказала ёлка і задумалася аб тым часе, пра які толькі што расказвала. - Так. Магчыма, тады мне жылося нядрэнна!
Затым яна расказала ім пра той святочны вечар, калі яна была ўпрыгожана пранікамі і свечкамі.
— О! — сказалі мышаняты. - Якая-ж ты была шчаслівая, старая ёлка!
— Я зусім не старая! — адказала ёлка. - Мяне ўзялі з лесу толькі ў гэтую зіму. Я ў самай сіле. Толькі што ўвайшла ў рост.
— Як цудоўна ты расказваеш!- сказалі мышаняты і на другую ноч прывялі з сабой яшчэ чатырох, якім таксама трэба было паслухаць апавяданні ёлкі. А сама ёлка чым больш расказвала, тым ясней прыпамінала сваё мінулае, і ёй здавалася, што яна перажыла шмат добрых дзён.
— Добрыя былі часы! Але-ж яны вернуцца! Клумпе-Думпе з лесніцы зваліўся і то з прынцэсай ажаніўся. Можа і мне трапіцца які-небудзь прынц.
І ёлка ўспамінала цудоўны маладзенькі дубок, які рос у лясным гушчары недалёка ад яе. Чым ён горшы за прынца?
— Хто такі Клумпе-Думпе? — спыталі мышаняты, і ёлка расказала ім усю казку; яна запомніла яе ўсю ад слова да слова. І мышаняты ад задавальнення сталі падскокваць бадай што да самай верхавіны дрэва.
У наступную ноч прышло яшчэ некалькі мышанят, а ў нядзелю наведаліся нават два пацукі. Але ім казка зусім не спадабалася, і ад гэтага мышанятам зрабілася прыкра, бо тады ўжо і ім казка здалася зусім не такой цікавай, як раней.
— Вы толькі адну гэтую гісторыю і ведаеце?— спыталіся пацукі.
— Толькі гэту адну, адказала ёлка. — Я чула яе ў самы шчаслівы вечар у маім жыцці; але тады я яшчэ не разумела гсвайго шчасця.
— Вельмі жалобная гісторыя. Ці не ведаеце вы часам якую-небудзь іншую—пра сала, пра свечкі або пра кладоўку з пажывай?
— Не, — адказала ёлка.
— Ну, тады бывайце шчаслівыя! - сказалі пацукі і пайшлі.
Мышаняты таксама паразбягаліся, і ёлка засумавала.
«Усё-ж такі прыемна было, калі гэтыя жвавыя мышаняты сядзелі вакол мяне і слухалі мае расказы! Цяпер і гэтаму канец... Але я сваё вазьму, пажыву весёла, калі вярнуся ў свет.
І яна вярнулася.
Аднаго разу прышлі людзі прыбіраць чардак. Выцягнулі скрыні, а потым і ёлку. Спачатку яе досыць груба кінулі на зямлю, а потым слуга павалок яе па лесніцы ўніз.
"Ну, цяпер для мяне пачнецца новае жыццё!” падумала ёлка.
Вось на яе падзьмула свежае паветра, бліснуў сонечны прамень, — ёлка апынулася на дварэ, Усё гэта адбылося так хутка, навокал было столькі новага і цікавага, што ёлка забылася і сама на сябе паглядзець. Двор далучаўся да саду, дзе ўсё зелянела і квітнела. Праз плот звешваліся све жыя пахучыя ружы, ліпы стаялі ў поўным цвеце, ластаўкі лёталі туды і сюды ды шчабяталі:
— Квірр-вірр-віт! Мой муж вярнуўся!
Але гэта да ёлкі не мела ніякага дачынення.
"Вось калі я зажыву!" радавалася ёлка, распраўляючы свае галіны. Але-ж як яны пасохлі ды пажоўклі! Ляжала яна цяпер у дальнім куце двара, у крапіве ды быльніку; але на верхавіне яе ўсё яшчэ ззяла сусальная залатая зорка.
На дварэ весела гулялі тыя самыя дзеці, што скакалі вакол ёлкі ў святочны вечар. Самы малодшы ўрарыў дрэва і сарваў зорку.
— Паглядзіце, што яшчэ асталося на гэтай брыдкай, старой ёлцы! — сказаў ён і наступіў нагамі на галіны; галіны затрашчалі, закрышыліся.
Ёлка паглядзела на яскравыя кветкі і свежую зеляніну ў садзе, потым зірнула на сябе—і пашкадавала, што не асталася ў сваім цёмным куце пад страхой. Успомніліся ёй і маладосць, і лес, і вясёлае свята, і мышаняты, што радасна слухалі казку пра Клумпе-Думпе...
— Усё прайшло, усё мінула! — сказала беднае дрэва. — І чаму я не радавалася, пакуль было добра. А цяпер... прышоў канец, канец!
Прышоў дворнік і пасек ёлку на кавалкі: цэлае бярэмя трэсак вышла на распал. Як дружна запалалі яны пад вялікім катлом! І як глыбока ўздыхалі! Гэтыя ўздыхі нагадвалі выстралы. Збегліся дзеці, расселіся перад агнём і з кожным такім выстралам выкрыквалі:
— Піф-паф!
А ёлка пры кожным сваім уздыху-выстрале ўспамінала то які-небудзь яркі летні дзень, то зорную зімнюю ноч у лесе або вясёлае свята і казку пра Клумпе-Думпе, адзіную казку, якую яна ведала...
Так і згарэла ўся.
Хлопчыкі зноў гулялі па дварэ, і ў самага малодшага блішчэла на грудзях тая самая залатая зорка, якая ўпрыгожвала ёлку ў найшчаслівейшы дзень яе жыцця. Гэты дзень прайшоў, і жыццё ёлкі скончылася, і наша казка скончылася.
Усё на свеце мае свой канец!