Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Дзікія лебедзі
Дзікія лебедзі Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен Арыгінальная назва: De vilde Svaner (1838) Пераклад: Янка Маўр |
Дзікія лебедзі
Далёка-далёка, у той краіне, куды лятуць ад нас на зіму ластаўкі, жыў кароль. У яго было адзінаццаць сыноў і адна дачка, якую звалі Элізай. Адзінаццаць братоў-прынцаў ужо хадзілі ў школу; у кожнага на грудзях блішчэла зорка і на левым баку грукала шабля. Прынцы пісалі дыяментавымі грыфелямі на залатых дошках і надта добра ўмелі чытаць — і па кніжцы і без кніжкі, напамяць.
Покуль прынцы вучыліся, сястра іх Эліза сядзела на лавачцы з люстранога шкла і разглядала кніжку з малюнкамі, якая каштавала поўкаралеўства.
Так, добра жылося дзецям! Але хутка ўсё пайшло іначай.
Памерла іх маці, і кароль ажаніўся зноў. Мачыха была злая чараўніца і ўзненавідзела бедных дзяцей. У першы-ж дзень, калі ў палацы святкавалі вяселле караля, дзеці спазналі, якая злосная ў іх мачыха. Яны захацелі пагуляць у госці і папрасілі каралеву даць ім пірожных і печаных яблыкаў, каб пакарміць сваіх гасцей. Але мачыха дала ім міску звычайнага пяску і сказала:
— Хопіць вам і гэтага!
Мінуў яшчэ тыдзень, і мачыха надумала пазбавіцца Элізы. Яна адправіла яе ў вёску да нейкіх сялян на выхаванне. А потым злая мачыха стала нагаварваць каралю на бедных прынцаў і нагаварыла столькі дрэннага, што кароль не захацеў больш і бачыць сваіх сыноў.
Тады каралева загадала паклікаць прынцаў і, калі яны наблізіліся да яе, яна крыкнула:
— Няхай кожны з вас абернецца ў чорнага гругана! Ляціце прэч з палаца і самі здабывайце сабе спажыву!
Але ёй не ўдалося давесці да канца сваёй агіднай справы: прынцы абярнуліся не ў брыдкіх груганоў, а ў прыгожых дзікіх лебедзей. З крыкам вылецелі яны з вокнаў палаца і панесліся над паркамі і лясамі.
Было яшчэ рана, калі адзінаццаць лебедзей праляталі над хаткай, дзе спала моцным сном іх сястрыца Эліза. Яны доўга лёталі над страхой, выцягваючы свае гнуткія шыі і пляскаючы крыллямі, але ніхто іх не чуў і не бачыў. Так і прышлося ім ляцець далей, не пабачыўшы сваёй сястры. Высока-высока, да самых воблакаў, узвіліся яны і паляцелі ў вялікі, цёмны лес, які цягнуўся да самага мора.
А небарака Эліза асталася жыць у сялянскай халупе. Цэлыя дні гуляла яна з зялёным лісточкам, — другіх цацак у яе не было; яна праткнула ў лісціку дзірачку і глядзела праз яе на сонца—ёй здавалася, што яна бачыць ясныя вочы сваіх братоў.
Дні ішлі за днямі. Часам вецер калыхаў кусты руж, што распусціліся каля хаты, і пытаў іх:
— Ці ёсць хто прыгажэйшы за вас?
І ружы, ківаючы галоўкамі, адказвалі:
— Эліза прыгажэй за нас.
І вось нарэшце Элізе мінула пятнаццаць гадоў, і сяляне адаслалі яе дадому, у палац. Каралева ўбачыла, якая прыгожая яе падчарыца, і яшчэ болей узненавідзела Элізу. Злая мачыха хацела-б абярнуць і Элізу, як яе братоў, у дзікага лебедзя, але не магла гэтага зрабіць таму, што кароль хацеў бачыць сваю дачку.
І вось вельмі рана каралева пайшла ў сваю мрамарную купальню, упрыгожаную цудоўнымі дыванамі і мяккімі падушкамі. На рагу купальні сядзелі тры жабы. Каралева ўзяла іх у рукі і пацалавала. Потым яна сказала першай жабе:
— Калі Эліза войдзе ў купальню, сядзь ёй на галаву, - няхай яна зробіцца такой-жа дурной і ляной, як ты.
Другой жабе каралева сказала:
—А ты скокні Элізе на лоб—няхай яна зробіцца такой-жа брыдкай, як ты. Тады і родны бацька яе не пазнае.
— Ну, а ты ляж ёй на сэрца шапнула каралева трэцяй жабе,—няхай яна зробіцца злоснай, каб ніхто яе не любіў..
І каралева кінула жаб у празрыстую ваду. Вада зараз-жа зрабілася зялёнай і мутнай. Каралева паклікала Элізу, раздзела яе і загадала ёй увайсці ў ваду. Як толькі Эліза ступіла ў ваду, адна жаба скокнула ёй на галаву, другая на доб, а трэцяя на грудзі. Але Эліза нават не заўважыла гэтага. А тры жабы, дакрануўшыся да Элізы, ператварыліся ў тры чырвоныя макі. І Эліза вышла з вады такой-жа прыгожай, якой і была.
Тады злая каралева нацерла Элізу сокам грэцкага арэха, і бедная Эліза зрабілася зусім чорнай. А потым мачыха вымазала ёй твар смярдзючай маззю і спутала яе цудоўныя валасы. Цяпер ніхто не мог-бы пазнаць Элізу. Нават бацька, зірнуўшы на яе, спалохаўся і сказаў, што гэта не яго дачка. Ніхто не пазнаваў Элізу. Толькі стары надворны сабака з ветлівым брэхам кінуўся да яе, ды ластаўкі, якіх яна часта карміла крошкамі, прашчабяталі ёй сваю песню. Але хто-ж будзе звяртаць увагу на бедных жывёл?
Горка заплакала Эліза і цішком вышла з палаца. Цэлы дзень брыла яна па лясах і балотах, прабіраючыся да лесу. Эліза і сама добра не ведала, куды ёй ісці. Яна ўсё думала пра братоў, якіх злая мачыха таксама выгнала з роднага дому. Эліза рашыла шукаць іх усюды, покуль не знойдзе.
Калі Эліза дабралася да лесу, ужо надышла ноч, і бедная дзяўчына зусім збілася з дарогі. Яна апусцілася на мяккі мох, а галаву палажыла на пень. У лесе было ціха і цёпла. Сотні светлякоў, нібы зялёныя агеньчыкі, мільгалі ў траве, а калі Эліза зачапіла рукой за куст, нейкія бліскучыя жучкі пасыпаліся з лісцяў, нібы дождж зорак.
Усю ноч сніліся Элізе браты: усе яны зноў былі дзецьмі, разам гулялі, пісалі дыяментавымі грыфелямі на залатых дошках і разглядалі цудоўную кніжку з малюнкамі, за якую было дана поўкаралеўства. Малюнкі ў кніжцы былі жывыя: птушкі спявалі, а людзі выскаквалі з старонак кнігі і гутарылі з Элізай і яе братамі; але як толькі Эліза перагортвала старонку, людзі скакалі назад,—а то ў малюнках вышла-б блытаніна.
Калі Эліза прачнулася, сонца стаяла ўжо высока; яна нават не магла добра разглядзець яго за густым лісцем дрэў. Толькі часам сонечныя праменні прабіваліся між галін і бегалі залатымі зайчыкамі па траве. Недалёка чулася гурчэнне ручайка. Эліза падышла да яго і нахілілася над вадой. Вада была чыстая і празрыстая. Калі-б вецер не варўшыў галіны дрэў і кустоў, можна было-б падумаць, што і дрэвы і кусты намаляваны на дне ручайка: так выразна яны адбіваліся ў спакойнай вадзе.
Эліза ўбачыла ў вадзе свой твар і вельмі спалохалася: такі ён быў чорны і брыдкі. Але вось яна зачарпнула рукой вады, пацерла шчокі і лоб, і твар у яе зноў зрабіўся белым, як раней. Тады Эліза раздзелася і ўвайшла ў прахладны чысты ручай. Вада зараз-жа змыла з яе сок грэцкага арэха і смярдзючую мазь, якой вымазала Элізу мачыха.
Потым Эліза адзелася, запляла ў косы свае доўгія валасы і пайшла далей па лесе, сама не ведаючы куды. Па дарозе яна ўбачыла дзікую яблыню, галіны якой гнуліся ад цяжару пладоў. Эліза пад'ела яблык, падперла галіны кіёчкам і пайшла далей. Хутка яна зайшла ў самы гушчар лесу. Ні адна птушка не залятала сюды, ні адзін сонечны промень не пранікаў праз пераблытаныя галіны. Высокія камлі стаялі шчыльнымі радамі, нібы бервяновыя сцены. Навакол было так ціха, што Эліза чула свае ўласныя крокі, чула шурханне кожнага сухога лістка, які трапляўся ёй пад ногі. Ніколі яшчэ Эліза не была ў такой глушы.
Уначы зрабілася зусім цёмна, нават светлячкі не свяцілі ў моху. Эліза лягла на траву і заснула.
Раніцою яна адправілася далей і раптам сустрэла бабку з кошыкам ягад; бабка дала дзяўчыне жменьку ягад, а Эліза спытала яе, ці не праязджалі тут, па лесе, адзінаццаць прынцаў.
— Не, — сказала бабка, — прынцаў я не сустракала, але ўчора я бачыла тут на рацэ адзінаццаць лебедзеў у залатых каронах.
І бабка вывела Элізу да абрыва, пад якім працякала рака. Эліза развіталася з бабкай і пайшла па беразе ракі.
Доўга ішла Эліза, і раптам перад ёю адкрылася бязмежнае мора. Ніводнага паруса не было відаць на моры, ніводнай лодачкі не было паблізу. Эліза села на камень ля самага берага і задумалася: што-ж ёй рабіць, куды ісці далей?
К нагам Элізы падбягалі морскія хвалі, яны неслі з сабой дробныя каменьчыкі. Вада сцерла вострыя рэбры каменьчыкаў, і яны былі зусім гладкія і круглыя.
І дзяўчына падумала: "Колькі працы патрэбна, каб цвёрды камень зрабіць гладкім і круглым. А вада робіць гэта. Мора нястомна і цярпліва коціць свае хвалі і перамагае самыя цвёрдыя каменні. Дзякую вам за тое, што вы навучылі мяне, светлыя быстрыя хвалі! Я буду, як вы, нястомна працаваць. Сэрца гаворыць мне, што калі-небудзь вы аднясеце мяне да маіх мілых братоў!"
На беразе, сярод сухіх водарасляў, Эліза знайшла адзінаццаць белых лебядзіных пер'яў. На пер'ях яшчэ блішчэлі кроплі расы ці слёз, хто ведае? Навакол было бязлюдна, але Эліза не адчувала сябе адзінокай. Яна глядзела на мора і не магла наглядзецца.
Вось насоўваецца на неба вялікая чорная хмара, вецер мацнее, і мора таксама чарнее, хвалюецца і бурліць. Але хмара праходзіць, па небе плывуць ружовыя воблакі, вецер сціхае, і мора ўжо спакойнае, цяпер яно падобнае да пя лёсткаў розы. Часам робіцца яно зялёным, часам белым. Але як-бы ціха ні было ў паветры і якім-бы спакойным ні было мора, ля берага заўсёды шуміць прыбой, заўсёды відаць лёгкае хваляванне, — вада ціха ўздымаецца, нібы грудзі спячага дзіцяці.
Калі сонца блізілася да Захада, Эліза ўбачыла дзікіх лебедзей. Як даўгая белая стужка, ляцелі яны адзін за адным. Іх было адзінаццаць. На галаве ў кожнага лебедзя бліскала маленькая залатая карона. Эліза адышла ад абрыва і схавалася ў кусты. Лебедзі спусціліся недалёка ад яе і запляскалі сваімі вялікімі белымі крыллямі.
У гэтую самую хвіліну сонца схавалася пад вадой, і раптам з лебедзей упала іх белае пер'е, і ўжо не адзінаццаць лебедзей стаялі перад Элізай, а адзінаццацьў харашуноў- прынцаў. Эліза гучна ўскрыкнула, — яна адразу пазнала сваіх братоў, хаця за гэтыя доўгія гады яны вельмі змяніліся. Эліза кінулася да іх у абдымкі і пачала называць іх усіх па імёнах.
Браты вельмі ўзрадаваліся, што знайшлі сястрыцу, якая гэтак вырасла і стала такой прыгожай. Эліза і яе браты смяяліся і плакалі, а потым яны расказалі адзін аднаму пра ўсё, што з імі здарылася.
Самы старэйшы з прынцаў сказаў Элізе:
— Мы лётаем дзікімі лебедзямі ўвесь дзень, ад усходу сонца да самага заходу. Калі-ж сонца заходзіць, мы робімся зноў людзьмі. І вось к моманту сонечнага заходу мы спяшаемся спусціцца на зямлю. Калі-б мы абярнуліся ў людзей у той час, як ляцім высока пад воблакамі, то зараз-жа ўпалі-б на зямлю і разбіліся. Жывём мы не тут. Далёка-далёка за морам ляжыць такая-ж пекная краіна, як гэтая. Вось там мы і жывем. Але дарога туды доўгая, трэба пераляцець праз усё мора, а па дарозе няма ні аднаго вострава, дзе мы маглі-б правесці ноч. Толькі на самай сярэдзіне мора высіцца адзінокі ўцёс. Але ён такі малы, што мы можам стаяць на ім, толькі шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Калі мора бушуе, пырскі хваляў пералятаюць праз нашы галовы, але ўсё-ж, каб не было гэтага ўцёса, нам ніколі не давялося-б пабываць на нашай роднай зямельцы: мора шырокае, — мы не можам пераляцець праз яго ад усходу да заходу сонца. Толькі два разы ў год, у самыя доўгія дні, нашы крыллі могуць перанесці нас праз мора. І вось мы прылятаем сюды і жывем тут адзінаццаць дзён. Мы лётаем над гэтым вялікім лёсам і глядзім на палац, дзе мы нарадзіліся і правялі дзяцінства. Яго добра відаць адсюль. Тут кожны куст і кожнае дрэва здаюцца нам роднымі. Па зялёных лугах бегаюць дзікія коні, якіх мы бачылі яшчэ ў дзяцінстве, а вугальшчыкі пяюць тыя самыя песні, якія мы чулі, калі жылі яшчэ ў родным палацы. Тут наша радзіма, сюды цягне нас сэрца, і тут мы знайшлі цябе, мілая, дарагая сястрычка! У гэты раз мы прабылі тут ужо дзевяць дзён. Праз два дні мы павінны вылецець за мора, у цудоўную, але чужую краіну. Як-жа нам узяць цябе з сабою? У нас няма ні карабля, ні лодкі.
— О, каб я магла вызваліць вас ад чар! — сказала братам Эліза.
Так яны гутарылі бадай усю ноч і задрамалі толькі перад самым світаннем.
Эліза прачнулася ад шуму лебядзіных крылляў. Браты зноў зрабіліся птушкамі і паляцелі ў родны лес. Толькі гадзін лебедзь астаўся на беразе з Элізай. Гэта быў самы малодшы з яе братоў. Лебедзь падлажыў сваю галаву ёй на калені, а яна гладзіла і перабірала яго перайкі. Цэлы дзень правялі яны ўдвух, а к вечару прыляцелі дзесяць лебедзеў, і, калі сонца села, яны зноў перавярнуліся ў прынцаў.
— Заўтра мы павінны вылецець і не пасмеем вярнуцца, раней наступнага года, — сказаў Элізе старэйшы брат, — але мы не пакінем цябе тут. Паляцім разам! Я адзін на руках магу пранесці цябе праз увесь лес, — дык няўжо-ж мы ўсе адзінаццаць на нашых крыллях не здолеем перанесці цябе праз мора?
— Але, вазьміце мяне з сабой!— сказала Эліза.
Усю ноч плялі яны сетку з лазы і чароту. Сетка вышла вялікая і моцная, і браты палажылі ў яе Элізу. І вось пры ўсходзе сонца дзесяць лебедзей падхапілі сетку дзюбамі і падняліся пад воблакі. Эліза спала ў сетцы салодкім сном. А каб праменні сонца не разбудзілі яе, адзінаццаты лебедзь ляцеў над яе галавой, засланяючы твар Элізы ад сонца сваімі шырокімі крыллямі.
Лебедзі былі ўжо далёка ад зямлі, калі Эліза прачнулася, і ёй здалося, што яна бачыць сон наяву,—так дзіўна было ёй ляцець у паветры. Побач з ёю ляжала галіна са спелымі ягадамі і пучок смачных карэнняў,—іх набраў і палажыў каля Элізы самы малодшы брат, і Эліза ўсміхнулася яму,—яна здагадалася, што гэта ён ляцеў над ёю і абараняў яе ад сонца сваімі крыллямі.
Высока, пад самымі воблакамі, ляцелі браты і сястра, і першы карабль, які яны ўбачылі ў моры, здаўся ім плывучай па вадзе чайкай.
Лебедзі ляцелі так імкліва, як ляцяць стрэлы з лука, але ўсё-ж такі не так шпарка, як заўсёды. Бо на гэты раз яны неслі сястру. Дзень стаў хіліцца на вечар, і зашумела непагадзь. Эліза з жахам глядзела, як сонца апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, а адзінокай морскай скалы ўсё яшчэ не было відаць. І вось Элізе здалося, што лебедзі ўжо зусім змарыліся і ледзь махаюць крыллямі. Зойдзе сонца—яе браты наляту абернуцца ў людзей, упадуць у мора і ўтопяцца. І яна будзе ў гэтым вінаватая.
Набліжалася чорная хмара, моцныя парывы ветру прадракалі буру, грозна бліскала маланка.
Сэрца Элізы затрапятала: сонца бадай што дакраналася ўжо да вады. І раптам лебедзі рынуліся ўніз з страшэннай хуткасцю. Элізе здалося, што яны падаюць. Але не, яны яшчэ ляцелі. І вось, калі сонца ўжо напалову зайшло ў ваду, Эліза ўбачыла ўнізе скалу. Яна была вельмі маленькай, не больш за цюленя, які высунуў з вады галаву. Лебедзі ступілі на скалу ў тую самую хвіліну, калі згас у паветры апошні промень сонца. Эліза ўбачыла вакол сябе братоў, якія стаялі поплеч, бо ледзь змяшчаліся на маленькай скале. Мора шалёна білася аб каменні і аблівала братоў і Элізу дажджом пырскаў. Неба палала ад бліскавіц, безупынна грукаў гром, але сястра і браты трымаліся за рукі і падбадзёрвалі адзін аднаго ласкавымі словамі.
На світанні бура супакоілася, і зноў зрабілася ясна і ціха. Як толькі ўзышло сонца, браты з Элізай паляцелі далей. Мора яшчэ хвалявалася, і яны бачылі з вышыні, як белая пена плыла, нібы мільёны лебедзей, па цёмназялёнай вадзе.
Калі сонца паднялося вышэй, Эліза раптам убачыла ў далечыні вялізны палац, акружаны лёгкімі, нібы паветранымі галерэямі; унізе, пад сценамі палаца, калыхаліся пальмы і раслі цудоўныя кветкі.
Эліза спытала, ці тая гэта старонка, куды яны ляцяць, але лебедзі адмоўна паматалі галовамі; гэта быў толькі зданнёвы, нясталы, воблачны палац Фата-Марганы. Эліза зноў паглядзела туды, але палаца ўжо не было. Там, дзе раней быў палац, уздымаліся высокія горы, паросшыя густым десам. На самых верхавінах гор блішчэў снег, крыгі празрыстага лёду спускаліся паміж непрыступных скал.
Раптам горы ператварыліся ў цэлую флатылію караблёў; Эліза ўгледзелася ўважлівей і ўбачыла, што гэта проста морскі туман, які падымаўся над вадой.
Але вось, нарэшце, паказалася і сапраўдная зямля. Там, на беразе, рассцілаліся зялёныя палі, цямнеліся кедравыя лясы, а воддаль віднеліся вялікія гарады і высокія замкі. Да захаду сонца было яшчэ далёка, а Эліза ўжо сядзела на скале перад глыбокай пячорай. Па сценах пячоры віліся прыгожыя зялёныя расліны, нібы вышытыя зялёныя дываны. Гэта быў цудоўны дом яе братоў-лебедзяў.
— Паглядзім, што сасніцца табе ў гэтую ноч, — сказаў малодшы брат і адвёў Элізу ў яе адпачывальню.
— Ах, каб я сасніла, як вызваліць вас ад чараў! - сказала Эліза і сплюшчыла вочы.
І вось ёй здалося, што яна ляціць высока-высока да таго замка, які яна бачыла над морам. А з замка насустрач ёй выходзіць фея Фата-Маргана. Фата-Маргана светлая і вельмі прыгожая, але ў той-жа час надзвычай падобная да той бабкі, што дала Элізе ў лесе ягад і расказала пра лебедзяў у залатых каронах.
— Тваіх братоў можна выратаваць, — сказала Фата-Маргана, — але ці хопіць у цябе мужнасці і стойкасці? Вада мякчэй за твае далікатныя рукі, і ўсё-ж такі яна робіць камяні гладкімі і круглымі, але вада не адчувае болю, як будуць адчуваць твае пальцы; у вады няма сэрца, якое сціскаецца ад жаху і пакуты, як тваё сэрца. Бачыш, у мяне ў руках крапіва. Такая-ж крапіва расце тут каля пячоры, і толькі яна, ды яшчэ тая крапіва, што расце на могілках, можа табе спатрэбіцца. Запомні-ж яе і нарві крапівы, хоць рукі твае пакрыюцца ад яе пузырамі; потым расцісні яе нагамі і скруці з яе доўгія ніці. З гэтых ніцей спляці адзінаццаць сарочак з доўгімі рукавамі і накінь іх на лебедзей. Як толькі сарочкі дакрануцца да іх пер'яў, чары знікнуць. Але памятай, што з той хвіліны, як ты пачнеш сваю работу, і да таго часу, пакуль яе не скончыш, ты не павінна сказаць ні аднаго слова, хоць-бы работа твая працягвалася цэлыя гады. Першае слова, якое вырвецца з тваіх вуснаў, прасячэ сэрца тваіх братоў, як кінжал. Іх жыццё і смерць у тваіх руках! Памятай-жа ўсё гэта!
І Фата-Маргана дакранулася да рукі Элізы пякучай крапівой. Эліза зараз-жа адчула боль і прачнулася. Быў ужо светлы дзень. Ля самай пасцелі Элізы ляжала некалькі сцяблоў крапівы, акурат такой, якую яна бачыла ў сне. Тады Эліза вышла з пячоры і ўзялася за работу.
Сваімі далікатнымі рукамі рвала яна злую, пякучую крапіву, і пальцы яе пакрываліся вялікімі пузырамі, але яна з радасцю цярпела боль: толькі-б выратаваць мілых братоў! Яна нарвала цэлы ахапак крапівы, потым размяла яе голымі нагамі і стала рабіць даўгія зялёныя ніці.
Калі зайшло сонца, у пячору прыляцелі браты. Яны пачалі распытваць сястру, што яна рабіла, пакуль іх не было. Але Эліза не адказала ім ні слова. Браты вельмі спалохаліся, убачыўшы, што сястра іх зрабілася нямой.
"Гэта—новае чараўніцтва злой мачыхі”, падумалі яны, але, зірнуўшы на рукі Элізы, пакрытыя пузырамі, зразумелі, што яна зрабілася нямой, каб іх выратаваць. Самы малодшы з братоў заплакаў; слёзы яго капалі ёй на рукі, і там, куды падала слязінка, знікалі пякучыя пузыры, сцішаўся боль.
Ноч. Эліза правяла за сваёй работай; праадпачынак яна іне думала, — яна думала толькі аб тым, каб хутчэй вызваліць сваіх мілых братоў. Увесь наступны дзень, пакуль лебедзі ляталі, яна аставалася зусім адна, але ніколі яшчэ час не ішоў так хутка. Вось ужо адна сарочка гатовая і дзяўчына прынялася за, наступную.
Раптам у горах пачуліся гукі паляўнічых рагоў. Эліза спалохалася. Гукі ўсё набліжаліся; затым пачуўся брэх сабак. Дзяўчына схавалася ў пячору, звязала ўсю сабраную крапіву ў жмут і села каля яго.
У тую-ж хвіліну з-за кустоў выскачыў вялікі сабака, за ім другі і трэці. Сабакі гучна брахалі ды бегалі ўзад і ўперад. Хутка ля пячоры сабраліся ўсе паляўнікі. Самы прыгожы з іх быў кароль той краіны: ён падышоў да Элізы. Ніколі яшчэ не сустракаў ён такой красуні!
— Як ты трапіла сюды, дзіўнае дзіця? — спытаў ён, але Эліза толькі паківала галавой, — яна-ж не магла гаварыць: калі-б яна сказала хоць адно слова, яе браты загінулі-б. Рукі свае Эліза схавала пад фартух, каб кароль не ўбачыў пузыроў і драпін.
— Пойдзем са мной! — сказаў кароль. - Тут табе нельга аставацца! Калі ты такая-ж добрая, як прыгожая, я апрану цябе ў шоўк і аксаміт, надзену табе на галаву залатую карону, і ты будзеш жыць у маім раскошным палацы.
І ён пасадзіў яе на сядло перад сабой.
Эліза плакала і ламала рукі, але кароль сказаў:
— Я хачу толькі твайго шчасця. Калі-небудзь ты сама падзякуеш мне!
І ён павёз яё праз горы, а паляўнічыя скакалі следам.
Пад вечар перад імі паказалася раскошная сталіца караля, з палацамі і вежамі, і кароль прывёў Элізу ў свой палац. У высокіх мрамарных пакоях гурчэлі фантаны, а сцены і столь былі размалёваны прыгожымі карцінамі. Але Эліза ні на што не глядзела, яна плакала і нудзілася. Служанкі надзелі на яе каралеўскае адзенне, уплялі ёй у валасы жамчужныя ніці і нацягнулі на яе апечаныя пальцы тонкія пальчаткі.
У багатых уборах Эліза была такая прыгожая, што ўвесь двор схіліўся перад ёй, а кароль абвясціў яе сваёй нявестай. Алё каралеўскі біскуп паматаў галавой і пачаў нашэптваць каралю, што нямая красуня, мабыць, лясная чараўніца, яна зачаравала сэрца караля.
Кароль не захацеў яго слухаць, ён даў знак музыкам, загадаў паклікаць лепшых танцаўшчыц і падаваць на стол дарагія стравы, а сам павёў Элізу праз пахучыя сады ў раскошныя пакоі. Але Эліза па-ранейшаму была сумнай. Тады кароль адчыніў дзверцы ў маленькі пакойчык каля спальні Элізы. Пакойчык увесь быў абвешаны зялёнымі дыванамі і нагадваў лясную пячору, у якой кароль знайшоў Элізу. На падлозе ляжаў жмут крапівы, а на столі вісела сплеценая Элізай сарочка. Усё гэта, як дзівачныя рэчы, захапіў з сабой у пячоры адзін з паляўнічых.
— Тут ты можаш успамінаць сваё ранейшае жыллё! — сказаў кароль. — А вось і твая работа. Можа часам ты пажадаеш сярод усёй акружаючай цябе пышнасці адыйсці ўспамінамі ў мінулае.
Убачыўшы сваю крапіву і сплеценую сарочку, Эліза радасна ўсміхнулася і пацалавала руку караля, а ён прыціснуў яе да сваіх грудзей.
Біскуп усё нагаварваў каралю на Элізу, але словы яго не даходзілі да сэрца караля. На другі дзень адбылося вяселле. Біскуп сам павінен быў надзець на нявесту карону; са злосці ён так моцна насунуў ёй на лоб вузкі залаты абруч, што кожнаму зрабілася-б балюча, але Эліза нават не заўважыла гэтага.
Яна ўсё думала пра сваіх мілых братоў. Губы яе заўсёды былі сціснутыя, ніводнага слова не вылятала з іх, затое ў яе вачах свяцілася гарачая любоў да добрага прыгожага караля, які рабіў усё, каб толькі пацешыць яе. З кожным днём яна ўсё болей і болей прывязвалася да яго. О, каб яна магла расказаць яму пра свае пакуты! Але яна павінна была маўчаць, пакуль не скончыць сваёй работы. Па начах яна ціханька ішла ў свой патайны пакойчык, падобны да пячоры і пляла там адну сарочку за другой. Ужо шэсць сарочак былі гатовыя, але калі яна прынялася за сёмую, то ўбачыла, што крапівы ў яе больш няма.
Эліза ведала, што можа знайсці такую крапіву на могілках. І вось ўначы яна ціханька вышла з палаца.
Сэрца яе сціскалася ад страху, калі яна прабіралася пры святле месяца на могілкі па доўгіх алеях сада, а потым па пустынных вуліцах.
На могілках Эліза нарвала крапівы і вярнулася дамоў.
Толькі адзін чалавек не спаў тую ноч і бачыў Элізу. Гэта быў біскуп.
Раніцою біскуп прышоў да караля і расказаў яму пра тое, што ён бачыў сёння ноччу.
— Прагані яе, кароль, яна злая чараўніца! - нагаварваў біскуп.
— Няпраўда, Эліза невінаватая! - адказаў кароль, але ўсё-ж такі сумненне асталося ў яго сэрцы.
Ноччу, кароль толькі прыкінуўся, што спіць. І вось ён убачыў, што Эліза ўстала і вышла з спальні. У наступныя ночы паўтарылася тое самае; кароль не спаў і бачыў як яна хавалася ў сваім патайным пакойчыку. ..
Кароль рабіўся ўсё болей і болей пахмурым. Эліза бачыла гэта, але не разумела, чым незадаволен кароль. Сэрца яе мучылася ад страху і ад жалю да братоў: на яе каралеўскае плацце каціліся горкія слёзы, якія блішчэлі, як брыльянты, а людзі, бачыўшыя яе багатае ўбранне, зайздросцілі ёй. Але хутка-хутка канец яе працы. Ужо дзесяць сарочак зроблена, але на адзінаццатую зноў не хапіла крапівы. Яшчэ раз, апошні, трэба было пайсці на могілкі і нарваць трохі крапівы. Яна з жахам падумала пра пустынныя могілкі і ўсё-такі парашыла ісці туды.
Уначы Эліза зноў вышла цішком з палаца, але кароль і біскуп сачылі за ёй, і яны ўбачылі, як Эліза знікла на могілках. Што магла рабіць каралева ўначы на могілках?..
— Цяпер ты сам бачыш, што яна злая чараўніца,— сказаў біскуп і патрабаваў, каб Элізу спалілі на вогнішчы. І кароль павінен быў згадзіцца.
Элізу пасадзілі ў цёмнае, вільготнае падзямелле з жалезнымі кратамі на вокнах, у якія са свістам урываўся вецер.
Ёй кінулі ахапак крапівы, якую яна нарвала на могілках.
Гэтая пякучая крапіва павінна была служыць ёй замест падушкі, а сплеценыя ёю сарочкі- замест пасцелі. Але нічога іншага Элізе і не трэба было. Яна зноў узялася за работу.
Увечары ля кратаў пачуўся шум лебядзіных крылляў. Гэта самы малодшы з братоў знайшоў сваю сястру, і Эліза зарыдала ад радасці, хоць і ведала, што ёй заставалася жыць усяго адну ноч. Затое работа яе падыходзіла да канца, і браты былі тут!
Усю ноч пляла Эліза апошнюю сарочку. Мышы, што бегалі ў падзямеллі, злітаваліся над ёй і, каб хоць трохі памагчы ёй, сталі збіраць і прыносіць да яе ног параскіданыя сцяблы крапівы, а дрозд, седзячы за кратамі акна, пацяшаў яё сваёй вясёлай песенькай.
На світанні, перад усходам сонца, да варот палаца прышлі адзінаццаць братоў Элізы і патрэбавалі, каб іх спусцілі да караля. Ім адказалі, што гэта немагчыма: кароль яшчэ спаў, і ніхто не мог яго турбаваць. Але яны не адыходзілі і ўсё прасілі. Кароль пачуў галасы і зірнуў праз акно, каб даведацца, у чым справа. Але ў гэтую хвіліну ўзышло сонца—і браты Элізы зніклі. Кароль убачыў толькі, як над палацам узняліся адзінаццаць дзікіх лебедзяў.
Шмат народу ішло за горад паглядзець на казнь каралевы. Нікчэмная кляча вязла павозку, у якой сядзела Эліза; на Элізу надзелі зрэбную кашулю; яе цудоўныя доўгія валасы былі распушчаны па плячах, а твар яе быў бледны, як снег. Нават па дарозе на месца казні не выпускала яна з рук сваёй работы: дзесяць сарочак ляжалі каля яе ног зусім гатовыя, адзінаццатую яна ўсё яшчэ пляла.
— Гляньце на ведзьму! — крычалі з натоўпу.—Яна не хоча разлучыцца са сваімі чараўніцкімі прыладамі! Вырвем іх ды разарвем у шматкі!
Нечыя рукі ўжо працягнуліся да воза, каб вырваць у Элізы зялёную сарочку, але раптам прыляцелі адзінаццаць лебедзяў. Яны селі на краях павозкі і шумна запляскалі сваімі магутнымі крыллямі. Спалоханы народ падаўся ў бакі.
— Белыя лебедзі зляцелі з неба! Яна невінаватая, -зашапталі многія, але не адважваліся гэтага сказаць голасна.
І вось кат ужо схапіў Элізу за руку, але яна быстра накінула на лебедзяў зялёныя сарочкі, і як толькі яны дакрануліся да іх пер'яў, усе адзінаццаць лебедзяў абярнуліся ў прыгожых прынцаў. Толькі ў самага малодшага замест левай рукі асталося лебядзінае крыло: Эліза не паспела даплесці рукаў апошняй сарочкі.
— Цяпер я магу гаварыць! — сказала Эліза.— Я невінаватая!
І народ, убачыўшы ўсё гэта, схіліўся перад ёй і стаў услаўляць яе, але Эліза ў непрытомнасці ўпала ў абдымкі братоў. Яна была так змучана страхам і болем.
— Так, яна невінаватая! - сказаў самы старэйшы прынц і расказаў усё, як было. А пакуль ён гаварыў, у паветры разліўся арамат, нібы ад мільёнаў руж: гэта кожнае палена на вогнішчы пусціла карані і парасткі, і вось на тым месцы, дзе хацелі спаліць Элізу, вырас высокі зялёны куст, пакрыты чырвонымі ружамі. А на самай верхавінцы куста блішчэла, бы зорка, асляпляюча-белая кветка. Кароль сарваў яе, палажыў на грудзі Элізы - і яна ачуняла.
Тут усе званы ў горадзе зазванілі самі сабой, птушкі зляцеліся цэлымі зграямі, і к палацу пацягнулася такое шчаслівае шэсце, якога не бачыў яшчэ ні адзін кароль!