Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Жаба
Жаба Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен Арыгінальная назва: Skrubtudsen (1866) Пераклад: Янка Маўр |
Студня была глыбокая, таму і вяроўка была даўгая і сцісла накручвалася на ворат, калі цягнулі ўгару поўнае вядро. Хоць і празрыстая была ў студні вада, але ніколі не гулялі ў ёй сонечныя праменні, — яны проста не дасягалі яе паверхні. Па сценах-жа студні, куды праменні траплялі, прабівалася між камянёў траўка.
І тулілася тут цэлая сям'я жаб — паходжання нетутэйшага. Старая жаба зляцела сюды, так сказаць, куляючыся зверху. І да гэтага часу жыла здаровенька. Зялёныя лягушкі, што плавалі ў студні і былі тут карэннымі жыхарамі, прызналі жаб за радню і прынялі іх як гасцей, прыехаўшых на курорт. Госці, аднак, размясціліся як дома і абжыліся тут "на сушы“, як яны называлі мокрыя камяні.
Старэйшай з лягушак давялося разок паглядзець на белы свет, павандраваць: яна паднялася ў вядры да самага верху, але там было такое яркае святло, што нават вочы заламіла. На шчасце, ёй удалося выскачыць з вядра. І яна так бухнулася ў ваду, што пабіла сабе спіну і цэлыя тры дні яе не адчувала.
Многа пра белы свет яна расказаць, вядома, не магла, але ведала, — як і ўсе яны, - што студня яшчэ не ўвесь свет. Старая жаба, дык тая магла-б расказаць куды болей, але яна ніколі не адказвала на пытанні; ну, яе і пытацца перасталі!
— Таўстуха нязграбная, пачвара! — казалі пра жабу маладзенькія зялёныя лягушкі. - І дзеткі ўсе ўдаліся ў яе: пачвара на пачвары!
— Можа і так, адказвала старая жаба. — Але-ж затое ў каго-небудзь з іх або ў мяне самой схаваны у галаве каштоўны камень.
Зялёныя лягушкі слухалі яе, вылупіўшы вочы, ад зайздрасці перадражнівалі жабу, а потым плюхаліся на дно студні. А маладыя жабы ад гонару павыцягвалі заднія лапкі, кожнай здавалася, што акурат у яе і схаваны ў галаве каштоўны камень! І яны сядзелі ціханька, баючыся нават галаву павярнуць. Але, нарэшце, сталі пытацца: чым-жа ўсё-ж такі яны могуць ганарыцца? Які такі гэты каштоўны камень?
— Гэта такое хараство, такая каштоўнасць, што і апісаць нельга, - адказала старая жаба. — І носяць гэта так сабе, другім на зло. Але не пытайцеся мяне болей, я не буду адказваць.
— Ну такой ужо каштоўнасці ў мяне няма. І адкуль яна можа ўзяцца? - сказала самая малодшая жаба, такая брыдкая, што горш і быць не можа. - І калі гэта на зло другім, то мала мне было-б радасці. Не, чаго-б я хацела, дык гэта дабрацца калі-небудзь да края студні і выглянуць на свет. Во дзе, мабыць, хараство!
— Аставайся лепш на сваім месцы, — сказала старая жаба. — Тут табе ўсё знаёмае, і ты ведаеш, дзе знаходзішся. Сцеражыся вядра. Яно можа цябе раздушыць. А калі трапіш у яго, то можаш вываліцца. І не ўсе-ж падаюць зверху так удала, як я — без ніякай шкоды.
— Квак! — сказала маладая жаба, як чалавек сказаў-бы: ах! Надта ўжо ёй хацелася пабываць наверсе, паглядзець на белы свет, на тамтэйшую зелень. І вось, на другі дзень поўнае вядро, падымаючыся ўгару, выпадкова затрымалася каля таго каменя, на якім сядзела маладая жаба. Усё ў сярэдзіне яе так і затрапятала: яна скокнула ў вядро з вадой і схавалася на самае дно. Вядро паднялі ўверх і вылілі ваду.
— Ах ты, каб цябе! - ускрыкнуў работнік, убачыўшы жабу. —Зроду не бачыў такой поскудзі!
І ён наском свайго, драўлянага чаравіка так штурхнуў жабу, што ледзь не скалечыў яе. Усё-ж такі яна выратавалася ў высокім зарасніку крапівы і стала азірацца навакол. Крапіва была густая — сцябло да сцябла, але сонца прасвечвала паміж сцяблоў і праз лісці. Для жабы такі зараснік быў усё роўна, што для нас лес, асветлены сонцам.
— Тут куды, куды прыгажэй, як там унізе, у студні! Я нават гатова астацца тут на ўсё сваё жыццё! — сказала маладая жаба.
Праляжала ў зарасніку гадзіну, праляжала другую.
— А што-ж там далей? Калі ўжо я забралася так далёка, то трэба прабрацца і яшчэ далей.
Яна папаўзла шпарка, як толькі магла, і выпаўзла на дарогу. Сонца свяціла на жабу, пыл яе пудрыў, а яна паўзла ды паўзла праз дарогу.
— Вось дзе сухата, — сказала маладая жаба. — Можа нават і занадта суха. У мяне ў горле перасохла.
Вось яна дапаўзла да канавы. Па баках канавы раслі незабудкі і тавалга, а непадалёк цягнулася жывая агарожа з бузіны і белага цярноўніку. Віўся тут па тычынах і ўюнок. Залюбавацца можна было ўсімі гэтымі кветкамі ды лісточкамі. І яшчэ лётаў тут матылёк. Жаба прыняла яго за кветку, якая зляцела са сцябельчыка, каб лепей было агледзецца навакол. Для жабы гэта было так зразумела.
— Вось, каб і мне палятаць!- уздыхнула яна. - Квак! Ах!.. Якое хараство!
Восем начэй і восем дзён правяла жаба ля канавы, дзе ежы зусім хапала. На дзевяты дзень яна сказала сабе: "Далей! Наперад!".
Але што-ж вабіла яе? Хіба яна магла знайсці што-небудзь лепшае? Можа яна хацела сустрэць маладзенькую жабу або зялёных лягушак? Сёння ўначы вецер данёс нейкія гукі, якія паказвалі, што недзе паблізу жыве "радня”.
— Як цудоўна жыць на свеце! Выбрацца са студні, паляжаць у крапіве, прапаўзці па пыльнай дарозе, адпачыць у вільготнай канаве. Але цяпер трэба рухацца далей. Пашукаць лягушак або маладзенькую жабу. Без кампаніі ўсё-ж такі не абыйсціся, адной прыроды мала!
І жаба зноў пусцілася Ў дарогу.
І вось апынулася яна ў полі ля вялікай сажалкі, абросшай чаротнікам, і адразу забралася ў сажалку:
— Мусіць, вам тут будзе занадта вільготна, - сказалі тутэйшыя лягушкі. - Але просім, калі ласка. Вы кавалер ці дама? Ну, дык гэта ўсёроўна. Калі ласка, просім!
І жабу запрасілі на вячэрні канцэрт — сямейны канцэрт. Ну, вядомая рэч: поўнае захапленне і слабыя галасы. Пачастунку ніякага. Хіба толькі вады поўная сажалка—сёрбайце на здароўе!
— Цяпер я пайду далей, — сказала маладая жаба.
Яе ўсё цягнула да новага, лепшага. Яна бачыла зоркі, буйныя, ясныя, бачыла серп маладога месяца, бачыла сонца, што падымалася ўсё вышэй і вышэй, і думала:
"Магчыма, я ўсё яшчэ ў студні, толькі ў вялікай. Трэба падняцца яшчэ вышэй. А то не ведаць мне спакою, не пазбыцца тугі“.
І калі месяц папаўнеў, пакруглеў, бедная жаба падумала:
"Ці не вядро гэта спускаецца? Можа скокнуць у яго, каб падняцца вышэй? А можа і сонца — вядро, толькі вялікшае? Якое яно вялізнае, яскравае! У ім усім нам хапіла-б месца. Трэба лавіць выпадак... О, як ад яго светла ў маёй галаве! Мусіць і той каштоўны камень не гарыць ярчэй. Ну, ды такога каменя ў мяне няма, і я аб ім не шкадую. А вось у вышыню падняцца мяне цягне. Вышэй, вышэй, да святла і радасці! Я ўпэўнена, што са мной так і будзе, але і баюся гэтага. Крок будзе сур'ёзны. Аднак я павінна яго зрабіць, Наперад! Наперад! Прамой дарогай!"
І яна рушыла наперад, гэта значыць, папаўзла, як ёй належала. І выпаўзла на праезджую дарогу. Паабапал дарогі стаялі дамы, у іх жылі сяляне, яны мелі агароды і садочкі з кветкамі. Жаба спынілася адпачыць.
— Колькі, аднак, на свеце розных стварэнняў! Я іх і не ведала ніколі. І які-ж вялікі, які прыгожы свет! Вось і трэба ў ім агледзецца, а не сядзець усё на адным месцы.
І яна скокнула ў агарод.
— Ды як-жа ж тут зелена! Як прыгожа!
— Вядома! — адазваўся капусны чарвяк, які сядзеў на лістку. — Мой лісток самы вялікі тут - закрывае палову свету. Ну, і хай сабе—мне хопіць.
— Кок-кок-кудак! — пачулася каля іх.
Гэта прышлі ў агарод куры і зашмыгалі паміж градак. Курыца, што ішла наперадзе, бачыла вельмі далёка. Яна адразу разгледзела чарвяка на капусным лісце і дзюбнула яго. Чарвяк упаў на зямлю і пачаў выкручвацца. Курыца, не ведаючы яшчэ, што гэта павінна азначаць, паглядзела на яго спачатку адным вокам, потым другім і падумала:
"Гэта ён нездарма".
Потым нацэлілася з'есці чарвяка. Жаба так спалохалася за чарвяка, што папаўзла прама на курыцу.
— Э, ды ён мае дапамогу! - сказала курыца.- Бачыце, які паўзун!
І курыца адвярнулася ад чарвяка.
— Вельмі мне патрэбны такі зялёны заморыш! Ад яго толькі ў горле заскрабе.
Астатнія куры згадзіліся з ёю, і ўсе пайшлі прэч.
— Усё-ж такі выкруціўся ад яе! - сказаў чарвяк. — Вось што значыць не спалохацца!
І чарвяк палез назад на свой лісток, а маладая жаба выказала яму сваё спачуванне: яна так рада, што спудзіла курыцу сваёй брыдкасцю.
— Што вы гэтым хочаце сказаць?- спытаў чарвяк. — Я сам ад яе выкруціўся. А на вас глядзець моташна. Я папрасіў-бы вас пакінуць мяне. А вось і капустай пахне. Вось і мой лісток. Добра мець сваю гаспадарку! Аднак, трэба падымацца вышэй.
— Так, вышэй! — сказала жаба. - Усё вышэй і вышэй! У нас з ім аднолькавыя імкненні. Толькі ў яго цяпер дрэнны настрой ад страху. Усе мы павінны імкнуцца ў вышыню.
І яна паглядзела як мага вышэй.
На страсе аднаго сялянскага дома стаяў у сваім гняздзе бусел і трашчаў дзюбай; побач сядзела бусліха і таксама трашчала.
"Як яны высока жывуць! - падумала жаба. — Вось-бы трапіць туды!"
У селяніна ў хаце жылі два маладыя студэнты. Адзін паэт, другі натураліст. Адзін радасна апяваў і апісваў прыроду, як яна адбівалася ў яго сэрцы, апяваў кароткімі, выразлівымі і гучнымі вершамі. Другі вывучаў прыроду, уваходзіў у самую сутнасць рэчаў, ускрываў іх, так сказаць, трыбушыў. Добрыя яны былі людзі і вясёлыя абодва.
— Глядзі, які добры экземпляр жабы! — усклікнуў натураліст. — Трэба яе пасадзіць у банку са спіртам.
— Ды ў цябе ўжо дзве сядзяць, — сказаў паэт. — Не чапай яе. Хай сабе радуецца жыццю.
— Але-ж надта ўжо яна брыдкая. Проста любата! — сказаў натураліст.
— Каб яшчэ мы маглі знайсці ў яе галаве каштоўны камень, я тады і сам дапамог-бы табе растрыбушыць яе, — дадаў паэт.
— Каштоўны камень! — усміхнуўся натураліст. — Не надта ты ведаеш прыродазнаўства.
— А хіба не цудоўнае гэта народнае павер'е, што жаба, самае брыдкае стварэнне, часам хавае ў сваёй галаве каштоўнейшы камень? І хіба не бывае нешта падобнае з людзьмі? Якія каштоўныя мыслі насіў у сваёй галаве Эзоп! А Сакрат?[1]
Болей жаба нічога не пачула, ды і паловы пачутага не зразумела. Студэнты пайшлі сваёй дарогай, а жаба выратавалася ад бяды — ад банкі са спіртам.
— І яны таксама казалі пра каштоўны камень, — сказала жаба. — Добра, што яго ў мяне няма, а то трапіла-б я ў бяду.
На страсе зноў затрашчалі дзюбы. Бусел-бацька чытаў лекцыю членам сваёй сям'і, а тыя касавурыліся на двух студэнтаў, што гулялі на агародзе.
— Няма на свеце стварэння, якое так задавалася-б, як чалавек! — казаў бусел. - Чуеце, як яны трашчаць? А пасапраўднаму ў іх нічога і не выходзіць. Яны ганарацца сваёй гаворкай, сваёй чалавечай мовай. Добрая мова, няма чаго казаць! Чым далей хто едзе, тым меней разумеюць яго іншыя людзі. Вось мы з нашай мовай дык можам падарожнічаць па ўсім свеце, і ўсюды нас разумеюць — і ў Даніі і ў Егіпце. І лятаць людзі не ўмеюць. Праўда, яны носяцца з месца на месца па "чыгунках”, як яны назвалі сваю выдумку, алё затое і шыі сабе ламаюць досыць часта. Брр! Мароз па дзюбе прабягае, як падумаеш аб гэтым. Свет прастаяў-бы і без людзей. Мы без іх вельмі добра абышліся-б. Толькі-б пакінулі нам лягушак ды чарвякоў.
"Вось дык гутарка! — падумала маладая жаба. - Які-ж ён важны! І як высока забраўся. Я яшчэ нікога на такой вы- шыні не бачыла!"
— А плыве як! - усклікнула яна, калі бусел паляцеў, шырока махаючы крыллямі.
Бусліха стала расказваць птушанятам пра Егіпет, пра ваду Ніла і пра цудоўны іл у гэтай далёкай краіне. І для жабы ўсё гэта было новым і цікавым.
— Я павінна пабываць у Егіпце, — сказала яна сабе.
— Хоць-бы бусел узяў мяне з сабой, або якое-небудзь з яго птушанят. Я ўжо паднесла-б яму падарункі ў дзень яго вяселля. Але, я абавязкова траплю ў Егіпет, — я-ж такая шчаслівая. Мая туга, мае імкненні пэўна лепей за ўсякія каштоўныя камяні ў галаве.
А гэта-ж акурат і быў каштоўны камень—яе вечная туга, яе парывы ў вышыню, заўсёды ў вышыню. Яны праціналі яе, яна ўся свіцілася імі і ззяла шчасцем, вылучала радасць..
У гэтую мінуту вярнуўся бусел. Убачыў у траве жабу, спусціўся і схапіў яе не надта далікатна. Дзюба сціснулася... засвісцеў вецер...
Непрыемна гэта было, але затое жаба ляцела ўвысь, увысь, у Егіпет. Так! Так! Вочы яе заззялі, з іх нібы вылецела іскра.
“Квак! Ах!“
Жаба памерла. Цела яе было сплюшчана. Але іскра з яе вачэй—куды яна дзелася?
Яе падхапіў сонечны промень. Сонечны промень панёс каштоўны камень з галавы жабы. Куды?
Не пытайцеся аб гэтым натураліста, спытайце лепш паэта. Ён адкажа вам казкай. У гэтай казцы будуць і капусны чарвяк і сям'я буслоў. І ўявіце сабе! Чарвяк-жа ператворыцца ў прыгожага матылька. Сям'я буслоў паляціць, над гарамі і лясамі ў далёкую Афрыку і ўсё-такі знойдзе карацейшую дарогу назад, на радзіму—у Данію, на тое-ж месца, на тую-ж самую страху. Так, гэта падобна да казкі, але гэта праўда. Спытайце хоць у натураліста. Ды вы і самі гэта ведаеце, самі бачылі.
— Ну, а каштоўны камень з галавы, жабы? Куды ўсё-ж такі ён дзеўся? Пашукайце яго на сонцы. Угледзьцеся ў сонца, калі можаце. Блеск яго нястрымны для вачэй чалавечых. Не прыстасаваны яшчэ нашы вочы, каб разгледзець усё хараство прыроды, але калі-небудзь мы гэтага дасягнем. Гэта будзе казкай з казак, і мы самі будзем яе творцамі і ўдзельнікамі.
- ↑ Эзоп — славуты байкапісец старажытнай Грэцыі; Сакрат— славуты грэцкі філосаф. Абодва былі вельмі непрыгожыя.