Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Свінапас

Свінапас
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
Арыгінальная назва: Svinedrengen (1841)
Пераклад: Янка Маўр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў-быў бедны прынц. Каралеўства ў яго было малюсенькае, але ўсё-такі гэта было каралеўства, і трэба было падумаць аб каралеве. І вось прынц парашыў ажаніцца.

Ён паходзіў з слаўнага каралеўскага роду, і сотні прынцэс, — праўда, з тых, што былі бяднейшыя і прасцейшыя, — з прыемнасцю пайшлі-б за яго замуж. Але ён хацеў ажаніцца з дачкой самога імператара.

Зразумела, да дачкі імператара нельга было прыйсці і сказаць: хочаш пайсці за мяне замуж?

Гэта было-б надта смела,—за такую дзёрзкасць яго, мусіць, выгналі-б з палаца.

Не, трэба было прыдумаць што-небудзь хітрэйшае.

У садзе прынца, на магіле яго нябожчыка-бацькі, вырас ружавы куст незвычайнай пекнаты. Цвіў гэты куст толькі адзін раз за пяць гадоў, і распускалася на ім адна-адзіная ружа. Затое яна была такая прыгожая і так салодка пахнула, што, нюхаючы яе, можна было забыцца на ўсё сваё гора і турботы. А яшчэ быў у прынца салавей, які так цудоўна спяваў, нібы ў яго горле былі схаваныя самыя лепшыя песні, што бываюць на свеце.

І вось прынц парашыў паслаць ружу і салаўя ў падарунак прынцэсе. Ружу палажылі ў вялікую срэбную шкатулку, салаўя пасадзілі ў другую, і абедзве шкатулкі адаслалі ў палац імператара.

Імператар сядзеў на троне, а прынцэса гуляла са сваімі фрэйлінамі ў госці. Больш яна нічога і не ўмела рабіць. У гэты час імператару прынеслі дзве срэбныя шкатулкі з падарункамі. Убачыўшы шкатулкі, прынцэса ад радасці запляскала ў далоні.

Імператар падняў крышку першай шкатулкі, і тут усе ўбачылі дзівосную ружу.

— Ах, як добра яна зроблена! — усклікнулі фрэйліны.

— Нават лепш, як добра,- сказаў імператар.- Гэта проста нядрэнна!

Але прынцэса пакратала ружу пальчыкам, тупнула ножкай і ледзь не заплакала.

— Фі, папа! сказала яна. - Гэта ружа зусім не штучная, а сапраўдная!

— Фі! — сказалі ўсе прыдворныя. — Сапраўдная!

— Пачакай злаваць, дзіця маё. Спачатку паглядзі, што ў другой скрынцы, — сказаў імператар і адчыніў крышку другой шкатулкі. І вось адтуль вышаў салавей і заспяваў так цудоўна, што ніяк ні да чаго нельга было прычапіцца.

— Дасканала, надзвычайна! Шарман! Сюнерб!—запішчэлі фрэйліны па-французску. Праўда, па-французску яны ведалі толькі гэтыя два словы і таму нічога другога не маглі-б сказаць.

— Гэтая птушачка нагадвае мне арганчык нябожчыцы імператрыцы!—сказаў стары прыдворны.—Той-жа тон, тыя-ж гукі!

— Праўда! - сказаў імператар і заплакаў, як дзіця: ён успомніў сваю памёршую жонку.

— Спадзяюся, гэта птушка не сапраўдная? - спытала прынцэса.

— Сапраўдная! — адказалі ёй паслы, якія прывезлі падарункі.

— Ну, і няхай сабе ляціць, куды хоча! - сказала прынцэса і так раззлавалася, што нават не дазволіла прынцу прыехаць да яе ў палац.

Але прынц не апускаў рук. Ён вымазаў сабе твар чорнай і бурай фарбай, насунуў шапку і пастукаўся ў імператарскі палац:

— Добры дзень, імператар!—сказаў ён.—Ці не знойдзецца ў вас пры двары якога-небудзь месцейка для мяне?

— Многа вас тут ходзіць ды шукае работы, — адказаў імператар. — Але пачакай, мне патрэбен свінапас. У нас процьма свіней!

І вось прынца прызначылі прыдворным свінапасам і далі яму каморку побач са свінымі закуткамі. Прынц зачыніўся ў сваёй каморцы і прасядзеў там цэлы дзень. А к вечару ён змайстраваў прыгожы гаршчочак. Гаршчочак быў увесь абвешан бубенчыкамі, і калі ў ім што-небудзь варылі, бубенчыкі вызваньвалі старую песеньку:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!

Але ў гаршчочка была яшчэ адна выдатная ўласцівасць: варта было панюхаць пар, які з яго ішоў, і адразу можна было пазнаць, якая ў каго ў горадзе гатавалася страва. Так, цудоўны быў гаршчочак — не тое, што нейкая там ружа ці салавей!

Апоўдні прынцэса выправілася са сваімі фрэйлінамі на пагулянку і раптам пачула пералівісты звон бубенчыкаў. Яна адразу-ж спынілася і пачала прытопваць ножкай; прынцэса пазнала песеньку, якую яна сама часта грала на фортэп’яно: „Ах, мой любы Аўгустын, Аўгустын, Аўгустын!“ Толькі адну гэтую песеньку яна і ўмела граць, ды і то адным толькі пальцам.

— Ах, я-ж таксама граю гэтую п’есу! — сказала яна. — Значыцца, наш новы свінапас вельмі добра выхаваны. Няхай хто-небудзь з вас пойдзе і спытае яго, колькі ён хоча за свае бубенчыкі.

Адна з фрэйлін вымушана была надзець драўляныя чаравікі і пайсці на свінарнік.

— Што возьмеш за гаршчочак? — спытала яна,

— Дзесяць пацалункаў прынцэсы, — адказаў свінапас.

— Ці не звар’яцеў ты? — сказала фрэйліна.

— Танней нельга! — адказаў свінапас.

Фрэйліна павярнулася і, тупаючы драўлянымі чаравікамі, пабегла да прынцэсы.

— Ну, што ён сказаў? — спытала ў яе прынцэса.

— Не адважваюся нават і паўтарыць! — адказала фрэйліна.

— Ну, тады шапні мне на вуха!

І фрэйліна шапнула прынцэсе на вуха.

— Вось нахал, — сказала прынцэса і пайшла была прэч, алё ў гэтую мінуту бубенчыкі зноў зазвінелі:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!

- Слухай, — сказала прынцэса фрэйліне, — ідзі спытай, ці не аддасць ён гаршчочак за дзёсяць пацалункаў маіх фрэйлін.

Фрэйліна ў драўляных чаравіках пабегла да свінапаса.

— Не, дзякую!— адказаў свінапас. — Або дзесяць пацалункаў прынцэсы, або гаршчочак астанецца ў мяне.

— Як гэта нудна! — сказала прынцэса. — Ну, нічога не зробіш, прыдзёцца вам стаць вакол мяне, каб, прынамсі, ніхто не ўбачыў нас.

Фрэйліны абступілі яе і растапырылі свае шырокія спадніцы; свінапас атрымаў дзесяць пацалункаў, а прынцэса — гаршчочак з бубенчыкамі.

Які-ж гэта быў цудоўны гаршчочак! Увесь вечар і ўвесь наступны дзень прынцэса і фрэйліны гатавалі ў ім ваду; А калі вада закіпала, яны ўсе нахіляліся над гаршчочкам і ўцягвалі сваімі носікамі душысты пар. Цяпер яны ведалі, што робіцца ў кожнай кухні горада—ад раскошнай кухні міністра да скромнага ачага шаўца. Фрэйліны скакалі і пляскалі далонямі.

— Мы ведаем, у каго сёння салодкі суп і блінчыкі! Мы ведаем, у каго каша і свіныя катлеты! Як цікава!

— Толькі глядзіце трымайце язык за зубамі! — сказала прынцэса. — Я-ж імператарская дачка!

— А як-жа ж!- закрычалі фрэйліны разам. — Мы і самі разумеем!

А свінапас (праўдзівей сказаць, прынц, але-ж для іх ён быў свінапасам) не траціў часу дарма. Ён змайстраваў надзвычайную трашчотку, нават лепшую за гаршчочак. Гаршчочак граў толькі адну песеньку, а трашчотка, калі яе пакруціць, грала ўсе вальсы і полькі, якія толькі ёсць на белым свеце.

— Але-ж гэта сюнерб!— усклікнула прынцэса па-французску, калі з свінога закутку да яе даляцелі гукі трашчоткі,— Лепш за гэта я нічога не чула! Зараз-жа спытайцеся ў яго, што ён возьме за гэты інструмент. Але цалавацца я больш не буду.

І фрэйліне зноў прышлося надзяваць драўляныя чаравікі і бегчы ў свіны закутак.

— Ён патрабуе ад вас сто пацалункаў! — далажыла фрэйліна прынцэсе.

— Ды што ён: звар'яцеў? — прынцэса і пайшла сваёй дарогай, але, ступіўшы два крокі, спынілася.

— Праўду кажучы, такое майстэрства варта ўзнагароды,— сказала яна. — Я-ж імператарская дачка і павінна падтрымліваць таленты сваіх падданых. Хай будзе так, скажыце свінапасу, што я згодна, як учора, пацалаваць яго дзесяць разоў, а рэшту няхай атрымае з маіх фрэйлін.

— Ну, не, мы не хочам цалавацца з свінапасам! — сказалі фрэйліны.

— Глупства! — сказала прынцэса. — Калі ўжо я магу цалаваць свінапаса, то вы тым болей! Не забывайце, што я кармлю вас і плачу вам грошы!

Што-ж тут рабіць! Зноў пайшла фрэйліна да свінапаса.

— Сто пацалункаў прынцэсы! — сказаў свінапас. — І ніякіх скідак!

— Ну станавіцеся вакол мяне! — скамандавала прынцэса.

Фрэйліны абступілі яе, а свінапас пачаў яе цалаваць.

У гэты час на балкон вышаў імператар.

— Што гэта за зборышча ля свіных закуткаў? — спытаў ён, праціраючы вочы і надзяючы акуляры. — Э, ды гэта фрэйліны зноў нешта выдумалі! Трэба пайсці паглядзець.

Ён надзеў свае старыя, пакошаныя пантофлі і пакалдыбаў на задні двор.

Фрэйліны былі вельмі занятыя. Яны лічылі пацалункі (трэба-ж, каб расплата была чэснай) і таму зусім не заўважылі, як падкраўся да іх імператар і прыпадняўся на цыпкі.

— Гэта што за навіны? — сказаў ён, убачыўшы, што прынцэса цалуе свінапасаў. Ён зняў з нагі пантофаль і шпурнуў у прынцэсу акурат у тую хвіліну, калі свінапас агрымліваў ад яе восемдзесят шосты пацалунак.— Вон з маёй дзяржавы! — закрычаў раз'юшаны імператар і выгнаў прынцэсу і свінапаса.

Прынцэса плакала, свінапас лаяўся, а дожджык ліў на іх з неба, як з перавернутага вядра.

— Ах, я няшчасная! — сказала прынцэса. — І чаму-ж я тады не вышла замуж за беднага, але прыгожага прынца? Ах, якая я няшчасная!

А свінапас схаваўся за дрэва, скінуў з сябе брудную адзежу, выцер з твару чорную і бурую фарбу і зноў стаў прынцам.

Прынцэса так і ахнула.

— Дарагая прынцэса, — сказаў прынц імператарскай дачцы.— Ты не захацела выйсці за беднага прынца. Ты не ацаніла сапраўдную ружу і жывога салаўя. А за нікчэмныя, пустыя цацкі ты згадзілася пацалаваць свінапаса сто дзесяць разоў. Вось цяпер і шкадуй! Сама вінаватая! Бывай!

І ён адправіўся ў сваё каралеўства. А прынцэсе аставалася толькі плакаць ды спяваць:

Ах, мой любы Аўгустын,
Аўгустын, Аўгустын!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!
Усё прайшло, прайшло, прайшло!