Вывод названьня горада Вільні
Аб усім па троху. Вывод названьня горада Вільні Навукова-папулярны артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1915 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 11, 19 марца 1915 г., б. 4 |
Аб усім па троху.
Вывод названьня горада Вільні. У жывой беларускай мове сустрэчаюцца словы: вілы, вілкі, развільле, вільня, вільчык, вільчыць, вілішча. «Вілы»—гэта дрэўляны сельска-гаспадарскі рыштунак, ужываны да растрэсаньня сена і саломы: робюць вілы зазвычай з маладога дрэўца; «развіленаго» ў версе. Складаецца ён с «цэўя», званаго «вілішча», і «віл» або зубоў, мейсцо дзе злучаецца «вілішчэ» з «зубамі» называецца „вільня“. У прыпадку, калі вілы маюць не два, а тры зубы, — іх называюць „трывільня“. „Вільчык“—гэта названне дашчэчкі ці цурка прыбіванаго на шчыце будоўлі, у тым мейсцы, дзе прыстрэшные ліцавые дошчкі схоцзюцца у версе канцамі і творуць «вілы»; «вільчыць» будоўлю,—значэ пакрытую саломай будоўлю. умацовываць на самым хрыбце страхі віламі, зробленымі з двох калоў, збітых гваздом, або і натуральна выросшымі віламі.
Само сабой, што первабытная сяліба, з якой развіўся цяперэшні горад, распаложэная у „развільлі“ рэк, не магла быць патрапней названа як—Вільня.
Трэба адмеціць пры гэтым, што старасьвецкая правопісь была „Вільня“, а ня Вільно, ці Вільна.
В. Л.