Вязьніца Адама Міцкевіча

Вязьніца Адама Міцкевіча[1]
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У 1920 годзе на адным з засяданьняў віленскае Мястовае Рады сябра яе Вацлаў Студніцкі падаў сьпешную прапазыцыю, у якой дамагаўся, каб Базыльянскія муры (Вастрабрамская, 9), дзе зьмяшчаюцца беларускія культурна-прасьветныя ўстановы (гімназія, навуковае т-ва, музэй і т. п.), былі адабраны ад беларусаў і перададзены ў рукі польскага грамадзянства. Радны Студніцкі заявіў, што расейская ўлада зьбясчэсьціла вязьніцу Адама Міцкевіча, якая знаходзіцца ў гэтых мурох, абярнуўшы яе ў клязэты, а беларускае грамадзянства, хаця аб гэтым добра ведае, усё ж захоўвае вязьніцу вялікага песьняра ў такім стане і далей.

Трэба адзначыць, што п. Студніцкі не падаў Мястовай Радзе ніякіх доказаў таго, што гэта — праўда. Наадварот: незадоўга перад тым — у часе агляду Базыльянскіх муроў групай прафэсароў Віленскага ўнівэрсытэту — ён пры многіх сьведках адкрыта прызнаваўся, што ня ведае, дзе мог сядзець Міцкевіч. Аднак на засяданьні Рады п. Студніцкі гаварыў аб сваім «адкрыцьці» з такой пэўнасьцяй, што радныя, чуўшыя аб падобнай прафанацыі камэры Траўгута ў варшаўскай цытадэлі, паверылі яму на слова і прапазыцыю ўхвалілі, не пытаючыся аб довады.

Падобную пастанову зрабіла і Тоwаrzystwо Miіoњnikуw Wіlnа, на чале якога стаіць праф. Ф. Рушчыц. Факт, які п. Студніцкі падаваў, як бясспорны, быў такога роду, што нават зусім паважных людзей зьбіваў з толку і пазбаўляў магчымасьці спакойна і крытычна аднясьціся да справы.

Затое істотай гэтае справы сур’ёзна занялося беларускае грамадзянства. Ужо даўно (1907—[190]8 гг.) найвялікшы дзеяч беларускага адраджэньня і выдатны архэоляг, с. п. Іван Луцкевіч разам зь цяперашнім старшынёй польскага Т-wa Рrzyjacіуі Nаuk д-рам Ул. Загорскім, распачаў быў крокі дзеля выясьненьня пытаньня аб «сеlі Коnrаdа». Давясьці сваю працу да канца яму тады не ўдалося з прычыны варожых адносін і ўсялякіх перашкод з боку расейскае ўлады. Цяпер, калі старыя перашкоды адпалі, беларускае грамадзянства, абуранае абсалютна няслушнымі польскімі закідамі, робленымі з зусім выразнай палітычнай тэндэнцыяй, з асаблівай энэргіяй аднавіла старыя досьледы ў справе «сеlі Коnrаdа», ведзеныя цяпер ужо не паадзінокімі асобамі, а Беларускім навуковым таварыствам. І гэтыя досьледы, як далей убачым, давялі да пажаданых вынікаў.

Аднак, лічучы, што пытаньне аб вязьніцы Міцкевіча датыкае ў роўнай меры як беларусаў, так і палякаў, і што дзеля гэтага ўсе досьледы ў гэтай справе павінны быць ведзены супольнымі сіламі абодвух грамадзянстваў, Беларускае навуковае таварыства зьвярнулася да дэпартамэнту асьветы б. Сярэдняе Літвы і прасіла апошні ўзяць на сябе ініцыятыву стварэньня мяшанае беларуска-польскае камісіі дзеля вядзеньня досьледаў аб «сеlі Коnradа». Камісія была зложана з вось гэткіх асоб: ад палякаў — старшыня камісіі па даручэньню дэпартамэнту, начальнік аддзелу культуры і мастацтва, артыста-маляр Веруш-Кавальскі, праф. Клос, праф. Рушчыц, д-р Ул. Загорскі, Міхал Брэнштэйн, арт. Вазьніцкі, Вацлаў Студніцкі і інж. Пегуткоўскі, ад беларусаў — праф. Браніслаў Тарашкевіч, інж. Антон Неканда-Трэпка і аўтар гэтае стацьці. Праца камісіі дала дужа цікаўныя вынікі.

Зьбіваючы думкі праф. Піганя, каторы ў сваей брашуры «Сеlа Коnradа» (Wі1nо, 1921 г.) чыста тэарэтычнымі разважаньнямі стараўся пацьвярдзіць «адкрыцьце» п. Студніцкага, камісія, апіраючыся на досьледах на месцы, кіраваных праф. Клосам, і карыстаючыся мястовымі плянамі з 1814 і 1846 гадоў (значыць, з часоў перад і пасьля арышту Міцкевіча), цьвёрда даказала, што памяшчэньне, у якім цяпер знаходзяцца клязэты, у часох Міцкевіча зусім не існавала (на плянах яго няма!), што гэта — зусім новая дабудоўка зь зялезна-бэтоннымі сталяваньнямі на ўсіх паверхах, што сьцены яе нават канструкцыйна ня зьвязаны з галоўнай будоўляй. Камісія ўстанавіла, што «сеlа Коnradа», на якую паказуюць пп. Студніцкі і Пігань, да царкоўных муроў зусім не датыкаецца, а тым часам сам Міцкевіч асабліва падчырківаў у «Dzіadасh» гэную акалічнасьць, кажучы аб «сеlі» вустамі Фрэенда:

Najdalsza jest, przytyka do muru kościoła;

Nie słychać stamtąd, choć kto śpiéwa albo woła.

Myślę dziś głośno gadać i chcę śpiéwać wiele;

W mieście pomyślą, że to śpiéwają w kościele.

(ІІІ ч., сцэна І, верш. 17-20).

Пасьля таго, як першая палова задачы камісіі — палова чыста нэгатыўная — была закончана, як фантастычныя «адкрыцьці» пп. Студніцкага і Піганя былі ўшчэнт разьбіты аб’ектыўнымі довадамі, — думкі сяброў камісіі падзяліліся, калі прыступілі да выпаўненьня другое часьці задачы: устанаўленьня месца вязьніцы Міцкевіча.

Праф. Клос, згаджаючыся з агульнай аргумэнтацыяй праф. Піганя, думаў, што, раз у часох Міцкевіча памяшчэньне з сучаснымі клязэтамі не існавала, дык «сеlа Коnrаdа» павінна была быць у суседнім з клязэтамі пакоі, апошнім (перад дабудоўкай) у паўдзённым крыле гмаху. Праф. Клос паказваў нават выкрытыя ім сьляды каміна, аб якім ёсьць успамін у «Dzіаdасh»...

Другія сябры камісіі энэргічна выступілі проці такога дапушчэньня. Ужо самая форма, якую, паводле праф. Клоса, павінна была мець гэная «сеlа Коnrаdа», выклікала сур’ёзныя сумляваньні: у аднэй палове яна мусіла быць шмат шырэй, чымся ў другой, ды адна сьцяна з гэтае прычыны мелася быць ламаная. Камісія, не магла так лёгка адкінуць заяву самога Міцкевіча, адкіданую безь ніякае асновы панамі Студніцкім, Піганем і Клосам, аб тым, што «сеlа Коnrаdа» прылягала да царкоўных муроў. Цяпер ніводнае памяшчэньне абодвых скрыдлаў кляштару ня мае сутычнасьці з царквой, аддзеленай абшырным цьвінтаром (гл. плян № 1). На гэтай аснове пп. Студніцкі, Пігань і Клос зрабілі вывад, што Міцкевіч... памыліўся! Камісія была больш асьцярожна ў сваім вывадах. Было паднята пытаньне: а ці ў часох Міцкевіча таксама не было памяшчэньня, якое бы адпавядала дадзенаму ў «Dzіаdасh» апісаньню? Аб’ектыўныя досьледы далі пацьвярджаючы адказ на гэтае пытаньне.

Запраўды, на ўспомненых ужо плянах з 1814 і 1846 гг. мы бачым, што паўдзённае манастырскае крыло злучала з царквой шырокая будыніна (гл. пляны №№ 2 і 3), каторая цяпер не існуе. Агляд на месцы пацьвярдзіў, што ў прыземнай часьці яе быў праход з манастыра проста ў царкву. Гэткі самы праход, шырыня якога роўна прыблізна траціне шырыні гэнае будыніны, існуе і цяпер у тым месцы пад зямлёй, злучаючы склепы манастыра з падземным склепам закрыстыі. Аднак Камісія ня мела магчымасьці дазнацца, ці гэная будыніна была толькі прыземная, ці мела верхні этаж, які мог быць жылы? Прымаючы пад увагу, што, згодна з тэкстам «Dziadуw», «сеlа Коnradа» была на «другім этажы», камісія прызнала толькі адно: што адказ на апошняе пытаньне можа аканчальна разьвязаць усю справу аб «сelі Копrаdа».

На жаль, калі дэпартамэнт асьветы быў зьліквідаваны, спынілася і праца мяшанае Камісіі. Беларускае навуковае таварыства некалькі разоў зварачалася да сяброў Камісіі — палякаў, заклікаючы супольна закончыць распачатыя досьледы. На жаль, нічога дабіцца ў тым кірунку не ўдалося: прадстаўнікі польскага грамадзянства не захацелі далей працаваць. З гэтае прычыны беларускае грамадзянства было прымушана вясьці далейшыя досьледы самастойна. І вось удалося выкрыць новыя матэрыялы, якія ня толькі раз назаўсёды разьбіваюць легенду аб «прафанацыі «сеlі Коnrаdа», але і даюць аканчальны адказ на пытаньне аб месцы вязьніцы Міцкевіча.

Перадусім Беларускае навуковае т-ва выкрыла інвэнтар Базыльянскага кляштару, сьпісаны 23 красавіка 1841 году, значыцца, пасьля бытнасьці тут Міцкевіча. У ім знаходзім падробнае апісаньне муроў і кожнага памяшчэньня ў іх. З апісаньня выяўляецца, што ня толькі дабудоўка зь цяперашнімі клязэтамі («сеlа» праф. Піганя) у тыя часы яшчэ не існавала, але што і «сеlа» праф. Клоса ніколі не была жылая, бо ў ей ад вякоў былі клязэты, адзіныя для усяго манастыра, на ўсіх паверхах[2].

Другое адкрыцьце Белар. навук. т-ва дало магчымасьць ня толькі ўстанавіць характар неіснуючае цяпер будыніны, але і паказаць, як гэная будыніна звонку выглядала. Гэта — літаграфія праф. Трутнева, зробленая ім для альбому Бацюшкава «Замечательности Северо-Западнаго края», выдадзенага ў 1868—70 гг. Зьменшаная адбітка літаграфіі зьмешчана такжа ў кнізе таго ж Бацюшкава «Белоруссия и Литва» (Пецярбург, 1890) на стр. 89. На літаграфіі, якую мы тут даем перарысаваную, прадстаўлена якраз тая будыніна, аб якой мы вышэй казалі, і зусім ясна відаць, што была яна двухэтажная, з жылымі памяшчэньнямі на верхнім этажы (аб гэтым сьведчыць комін на страсе), шырокімі ўсходамі, вёўшымі на верхні этаж проста зь цьвінтара.

Судзячы паводле рысунку, гэная будуніна, на пагляд расейскае ўлады, павінна была прадстаўляць ідэальнае месца дзеля вязьніцы: верхні этаж, як устаноўлена аглядам на месцы, зусім ня меў лучнасьці з манастыром, уваход таксама быў зусім абасоблены. Наадварот, у самым кляштары, як паказвае інвентар з 1841 году, быў толькі адзін уваход проста зь цьвінтара — на самым пачатку заходняга крыла (насупраць званіцы), і з гэтае прычыны, каб празь яго папасьці да «сеlі» праф. Піганя і праф. Клоса (на самым канцы палудзеннага крыла), «палітычных праступнікаў» улада павінна была бы вадзіць праз усю даўжыню калідору і на вачох усіх жыўшых тамака манахаў. Апошняе, напэўна, было для ўлады непажадана. Дый дзеля выгоды тых жа «праступнікаў» улада напэўна не выкідала бы манахаў зь іх вялізарных пакояў. Пацьвярджае гэта і сам Міцкевіч: з тэксту «Dzіаdуw» відаць, што таварышы Міцкевіча па вязьніцы сядзелі ў вельмі цесных каморачках, якіх, згодна зь інвэнтаром 1841 г., у галоўным гмаху зусім не было, і дзеля гэтага зьбіраліся ў «сеlі Коnrаdа» як найвялікшай. А іх жа самых была малая жменя! — Вось мы з поўным перакананьнем і можам цяпер сказаць, што расейская ўлада магла выбраць дзеля памяшчэньня палітычных арыштантаў адно толькі гэную непаказную, цесную, але зусім абасобленую будыніну паміж манастыром і царквой.

Гэтак, апіраючыся па бясспрэчных аб’ектыўных даных і на лягічных разважаньнях, за месца вязьніцы Адама Міцкевіча трэба прызнаць неіснуючую цяпер будыніну, адзіную, што прылягала да царквы і дзеля гэтае самае прычыны была разабрана: яе разбурылі, каб даць магчымасьць адбываць працэсіі навакол царквы.

Такая разьвязка пытаньня зусім згодна з тэкстам «Dzіаdуw» — адзінай крыніцай і пуцяводнай зоркай для бесстаронных і сумленных досьледаў.

Справа «сеlі Коnrаdа» выясьнена аканчальна: з жалем трэба прызнаць, што муры, у якіх найвялікшы пясьняр нашае Зямлі перажываў найвышэйшыя мамэнты творчасьці, перасталі існаваць...

  1. Гэтая праца з малымі зьменамі ў форме была ў польскай мове перададзена дзеля надрукаваньня ў рэдакцыю польскага тыднёвіка «Tygodnik Ilustrowany», які некалі надрукаваў фантастычнае «адкрыцьце» праф. Піганя. Прадзяржаўшы рукапіс з плянамі і рысункамі 4 месяцы, рэдакцыя «Туg. Іlustr.» адмовілася друкаваць яго. (Рэд.)
  2. Спраўджана на месцы камісіяй Белар. навук. т-ва.