Частка першая Вялікія чаканні. Частка другая
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1940 год
Арыгінальная назва: Great Expectations (1865)
Частка трэцяя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


РАЗДЗЕЛ XIX

На пераезд ад нашага горада да сталіцы патрэбна было каля пяці гадзін, і неўзабаве пасля паўдня наш дыліжанс, запрэжаны чацвёркай коней, уехаў у шумны лабірынт камерцыйнай часткі Лондана і пачаў калясіць па розных Крос-Кізах і Вудстрытах у самым цэнтры Чып-сайда.

Містэр Джагерс стрымаў слова і прыслаў мне свой адрас. Рамізнік спыніўся ў змрочнай вуліцы супроць канторы з адчыненымі дзвярыма, над якімі красаваўся надпіс: «Містэр Джагерс».

Я з чамаданчыкам у руках увайшоў у першы пакой канторы і запытаўся, ці дома містэр Джагерс.

— Яго няма дома, — адказаў клерк. — Ён у судзе. Ці не з містэрам Піпам маю чэсць гаварыць?

Я адказаў, што ён мае чэсць гаварыць з містэрам Піпам.

— Містэр Джагерс прасіў вас пачакаць у яго пакоі. Ён не мог дакладна вызначыць, калі ён вернецца, таму што ў яго справа. Але само сабою зразумела, што ён даражыць часам і не прабудзе ў адсутнасці ні адной лішняй хвіліны.

З гэтымі словамі клерк адчыніў дзверы і правёў мяне ва ўнутраны пакой. Пакой містэра Джагерса асвятляўся толькі зверху, праз акно ў столі, і быў вельмі пануры. Я сеў на крэсла, якое змяшчалася супроць крэсла містэра Джагерса, і здрантвеў, нібы зачараваны сумнай атмасфераю гэтага пакоя.

Калі прышоў мой апякун, ён запрасіў мяне ў свой пакой; там ён пачаў наспех закусваць сандвічамі проста з банкі, знішчаючы іх з такой заядласцю, быццам сваіх асабістых ворагаў, і запіваючы херэсам з паходнай пляшкі, і, пакуль закусваў, паведаміў мне, як ён распарадзіўся наконт маіх спраў. Я павінен быў, пайсці ў Барнарадава падвор‘е, у нумар маладога містэра Покета, куды ўжо быў адпраўлен ложак для мяне; там я павінен быў прабыць да панядзелка, а ў панядзелак пайсці з маладым Покетам да яго бацькі і, агледзеўшыся, вырашыць, ці будзе мне там зручна.

Потым мне было сказана, якая сума назначана мне штогодна на ўтрыманне, — сума аказалася вельмі значнай, — і нарэшце апякун дастаў са скрынкі і ўручыў мне карткі магазінаў, у якіх я мог браць у крэдыт розныя рэчы для туалета і ўсё неабходнае.

— Вы астанецеся здаволены вашымі пастаўшчыкамі, містэр Піп, — сказаў мне апякун, ад якога тхнула цяпер віном, як з бочкі, — але я буду мець заўсёды магчымасць кантраляваць вашы выдаткі і прытрымліваць вас, калі ўбачу, што вы занадта транжырыце. Так ці інакш, вы абавязкова звіхнецеся, але не я ў гэтым буду вінаваты.

Падумаўшы крыху над гэтым уцешлівым прадраканнем, я запытаўся ў містэра Джагерса, ці можна паслаць па рамізніка, але ён сказаў, што не варта, таму што да гасцініцы вельмі блізка, і, калі я хочу, Вемік праводзіць мяне.

Такім чынам я даведаўся, што Вемікам завецца клерк, які сядзеў у канторы. На званок прыбег зверху другі клерк, каб заняць месца Веміка на час яго адсутнасці, і я вышаў з містэрам Вемікам на вуліцу, паціснуўшы перад тым руку свайму апекуну.

Мы знайшлі ля канторы натоўп людзей, якім Вемік халодна, але рашуча заявіў: «Кажу вам, што гэта зусім бескарысна, ён ні з адным з вас не скажа ні слова». Пасля гэтага мы прайшлі міма іх і пайшлі побач далей.

Дарогаю я ўсё паглядваў на містэра Веміка, мне хацелася разглядзець яго пры дзённым святле. Ён аказаўся сухім чалавечкам невялікага росту, з квадратовым драўляным тварам, нібы абчэсаным тупым долатам; на гэтым твары віднеліся нейкія знакі, якія можна было-б прыняць за ямінкі, калі-б матэрыял быў больш далікатны, а інструмент больш тонкі, але якія цяпер мелі выгляд простых засечак. У яго былі бліскучыя маленькія вочкі, чорныя і незвычайна вострыя і тонкія губы. На мой погляд, яму магло быць ад сарака да пяцідзесяці гадоў.

— Вы першы раз у Лондане? — запытаўся ў мяне Вемік.

— У першы раз, — адказаў я.

— Калісьці і я быў тут навічком, смешна нават успомніць.

— А цяпер вы добра вывучылі Лондан?

— А як-жа! Я ведаю яго ўдоўж і ўпоперак.

— Машэнніцкі горад, я думаю, — сказаў я, хутчэй каб падтрымаць гутарку, чым з цікаўнасці.

Ён ссунуў капялюш на патыліцу і ішоў з задуменным выглядам, гледзячы прама перад сабою, як быццам на вуліцах не было зусім нічога вартага ўвагі.

Яго рот ніколі не закрываўся, нагадваючы адтуліну паштовай скрынкі, і таму здавалася, што ён заўсёды ўсміхаўся.

— Вы ведаеце, дзе жыве містэр Мацью Покет? — запытаў я містэра Веміка.

— Так, у Гамерсміце, у заходнім Лондане, — адказаў ён, кіўнуўшы ў той бок галавою.

— Гэта далёка?

— Міль пяць будзе.

— Вы знаёмы з ім?

— Аднак-жа вы надзвычайна спрытны следчы, — заўважыў містэр Вемік, зірнуўшы на мяне з ухвальным выглядам. — Так, я знаю яго. Я знаю яго!

У тоне яго слоў гучэла выбачлівая пагарда, і гэта збянтэжыла мяне: я ўсё яшчэ паглядаў скоса на яго драўляны твар, з надзеяй прачытаць на ім што-небудзь, што-б змякчыла непрыемнае ўражанне яго апошняга адказу, як раптам ён абвясціў, што мы дайшлі да Барнардавага падвор‘я. Гэтая вестка ніколькі не рассеяла маёй збянтэжанасці, таму што я ўяўляў Барнардава падвор‘е раскошнай гасцініцай, якую трымаў містэр Барнард, і ў параўнанні з якою наш «Блакітны Вепр» быў простым шынком. У сапраўднасці-ж аказалася, што Барнарда ніякага няма, а яго падвор‘е — самая брудная куча поўразбураных будынкаў, сціснутых у смярдзючым кутку і хутчэй прыгодных для зборышча брадзячых катоў.

Ажыццяўленне гэтага першага з маіх вялікіх чаканняў было такое бязрадаснае, што я з роспаччу зірнуў на містэра Веміка.

— А, — сказаў ён, не зразумеўшы мяне. — Гэтая глуш нагадвае вам вёску. І мне таксама.

Ён павёў мяне ў куток двара і адтуль уверх па лесніцы, якая рабіла такое ўражанне, нібы яна ўвесь час крышыцца, так што ў адзін прыгожы дзень верхнія жыльцы, адчыніўшы дзверы, убачаць, што яны пазбаўлены ўсякай магчымасці спусціцца ўніз. На верхнім паверсе на ўваходных дзвярах красаваўся надпіс: «Містэр Покет-малодшы», а на скрынцы для пісьмаў была прыклеена запіска: «Хутка вернецца».

— Мусіць, ён не чакаў вас так хутка, — растлумачыў мне містэр Вемік і дадаў. — Я вам больш не патрэбен?

— Не, дзякую вам, — сказаў я.

— Паколькі ваша каса ў мяне, то, магчыма, мы будзем бачыцца даволі часта, — заўважыў ён. — Добрай раніцы!

— Добрай раніцы!

— Я працягнуў руку, і містэр Вемік паглядзеў на яе, як быццам падумаў, што мне што-небудзь ад яго патрэбна, пасля зірнуў на мяне і сказаў, нібы апраўдваючыся:

— А, так, вы, значыць, прызнаеце поціскі рук?

Я крыху сканфузіўся, падумаўшы, што, можа быць, у Лондане гэта не ў модзе, але адказаў:

— Так.

— Я зусім адвык ад гэтага за апошні час, — сказаў містэр Вемік. — Вельмі рад, што з вамі пазнаёміўся. Добры дзень.

Містэр Покет, відавочна, зусім інакш разумеў хуткасць, чым я; мне прышлося па меншай меры з поўгадзіны да адурэння глядзець у акно, і я паспеў напісаць пальцам сваё імя на ўсіх шыбах бруднага акна, перш чым пачуў крокі на лесніцы. Паступова перад маімі вачыма паказаліся: капялюш, твар, гальштук, камізэлька, штаны і боты юнага члена грамадства, які займаў у ім, відавочна, такое самае становішча, як і я. Пад пахамі ў яго было па папяроваму скрутку, у руцэ кошык з суніцамі, і ён ледзь пераводзіў дух.

— Містэр Піп? — запытаў ён.

— Містэр Покет? — даведаўся я.

— Ах, божа мой! — усклікнуў ён. — Мне страшэнна сорамна, але я ведаю, што нейкі дыліжанс з вашых месц выходзіць у поўдзень, і думаў, што вы прыедзеце з ім. Аднак, — кажу гэта не ў выглядзе апраўдання, — і выходзіў-жа я дзеля вас. Я думаў, што, як вясковаму жыхару, вам прыемна будзе з‘есці ягад пасля абеду, і я пабег за імі на Ковентгардзенскі рынак.

Па адной вядомай мне прычыне я так утаропіў вочы на містэра Покета, што яны ледзь не выскачылі. Я няскладна падзякаваў яму за ўвагу і пачаў думаць, што бачу я ўсё гэта праз сон.

— Божа мой, — усклікнуў містэр Покет-малодшы. — Як туга адчыняюцца гэтыя дзверы!

Возячыся з дзвярмі, ён ціснуў на кісель ягады, якія былі ў яго пад пахаю, і я прапанаваў патрымаць іх. Ён перадаў іх мне з прыязнай усмешкаю і пачаў ваяваць з дзвярмі, як з якім-небудзь дзікім зверам. Нарэшце дзверы падаліся так нечакана, што ён перакуліўся на мяне, я — на процілеглыя дзверы, і абодва мы засмяяліся. Але я ўсё яшчэ глядзеў шырока раскрытымі вачыма, як быццам сон мой не праходзіў.

— Калі ласка, уваходзьце, — сказаў містэр Покет-малодшы. — Дазвольце, я пайду ўперад. У мяне тут несамавіта, але спадзяюся, што да панядзелка вы пражывеце даволі зносна. Мой бацька думаў, што вам больш прыемна будзе правесці заўтрашні дзень са мною, чым з ім, і крыху пазнаёміцца з Лонданам; што-ж датычыць мяне, то я з вялікай прыемнасцю пакажу вам Лондан. Абедам, я ўпэўнен, вы астанецеся задаволены; яго прынясуць з рэстарана і на ваш рахунак, павінен дадаць, — так распарадзіўся містэр Джагерс. Памяшканне ў вас будзе не раскошнае, але-ж я сам здабываю свой хлеб, мой бацька нічога не можа мне даваць, ды я і не згадзіўся-б браць ад яго. Гэта вось наш гасціны пакой… гэтыя крэслы, сталы і дыван прысланы мне з дому. Абрус, ложкі і судкі таксама не мае, а з рэстарана. Гэта мая спальня: крышку пахне цвіллю, але Барнард не можа без цвілі. А гэта вось ваша спальня; мэбляўзята на пракат, але на час, я думаю, сыйдзе; але калі вам яшчэ што-небудзь спатрэбіцца, я збегаю і дастану. Кватэра зусім асобная, і нас будзе ўсяго двое; аднак, спадзяюся, мы не паб‘ёмся… Але, божа мой, выбачайце, калі ласка, я зусім забыў, што вы трымаеце ягады. Дазвольце, я вазьму; дапраўды, мне так сорамна…

Пакуль я стаяў супроць містэра Покета-малодшага, перадаючы яму скруткі, я заўважыў, што і яго вочы пачынаюць усё больш і больш акругляцца, і раптам ён адхіснуўся і ўсклікнуў:

— Божа мой! Ды гэта-ж вы той самы хлопчык, што туляўся тады па садзе.

— А вы бледны малады джэнтльмен, — сказаў я.


РАЗДЗЕЛ XX

Бледны малады джэнтльмен і я стаялі, маўкліва сузіраючы адзін аднаго, пакуль абодва, нарэшце, не зарагаталі.

— Ці магчыма! Ды няўжо гэта вы? — сказаў ён.

— Ці магчыма! Ды няўжо гэта вы? — сказаў я.

Тут мы зноў паглядзелі адзін на аднаго і зноў засмяяліся.

— Ну, — сказаў дабрадушна бледны малады джэнтльмен, працягваючы мне руку, — спадзяюся, усё забыта, і вы велікадушна прабачыце мне, што я вас тады пабіў.

З гэтага я зрабіў вывад, што містэр Герберт Покет (так звалі бледнага маладога джэнтльмена) да гэтага часу крыху змешвае намер з выкананнем, але адказ мой быў скромны, і мы горача паціснулі адзін аднаму рукі.

У Герберта Покета было вельмі простае, адкрытае абыходжанне, якое выклікала да яго сімпатыю. Ніколі, ні раней, ні пасля, я не сустракаў чалавека, у якога прыродная няздольнасць да ўсяго подлага і нізкага так ясна выражалася-б у кожным слове і поглядзе. Уся яго асоба была перапоўнена надзеяй, і ў той-жа час штосьці казала мне, што ён ніколі не даб‘ецца ні поспеху, ні багацця. Я не магу ўявіць сабе, як і чаму, але толькі перакананне гэта склалася ў мяне амаль з першай-жа хвіліны нашай сустрэчы, раней чым мы селі за стол.

Ён быў усё той-жа бледны малады джэнтльмен; на ўсёй яго асобе была разліта нейкая марудлівасць, якая не пакідала яго нават у мінуты натхнення і весялосці і ўказвала на яго прыродную вяласць. Яго нельга было назваць прыгожым, але ён быў лепш за ўсякага прыгожага, — такі ў яго быў прыемны і жывы твар. Ён быў такі сардэчны, што быць з ім скрытным было-б няёмка, ды і неўласціва нашаму ўзросту.

Таму я расказаў яму сваю нескладаную гісторыю, падкрэсліваючы ў асаблівасці тое, што мне забаронена даведвацца аб маім дабрадзеі. Апрача таго, я сказаў яму, што паколькі я рыхтаваўся ў кавалі і нічога не разумею ў добрых манерах, то палічу найвялікшаю ласкаю з яго боку, калі ён возьмецца ўказваць мне мае промахі.

— З прыемнасцю, — адказаў ён, — хоць я смела прадсказваю, што вы рэдка будзеце мець патрэбу ў заўвагах. Спадзяюся, мы часта будзем разам, і я вельмі быў-бы рад адкінуць усякую шчапяцільнасць. Пачніце зараз-жа: зрабіце ласку, завіце мяне проста Гербертам.

Я падзякаваў яму, згадзіўся і ў сваю чаргу заявіў, што мяне завуць Філіпам.

— Мне не падабаецца «Філіп», — сказаў ён, усміхаючыся. — Ведаеце, што я прыдумаў? Паміж намі так шмат агульнага, апрача таго вы былі кавалём… Вы не будзеце супроць?

— Я загадзя згодзен на ўсё, што вы мне прапануеце, — адказаў я, — але я вас не разумею.

— Згодны вы, каб я зваў вас Гендзелем? Ёсць прыгожая музычная п‘еса Гендзеля, пад назваю: «Гарманічны каваль».

— Мне вельмі падабаецца гэта імя.

— Такім чынам, дарагі Гендзель, — сказаў ён, павярнуўшыся на гук адчыняемых дзвярэй, — вось і абед, і я папрашу вас заняць гаспадарскае месца, таму што мы абедаем на ваш кошт.

Але аб гэтым я не хацеў і слухаць, і першае месца заняў ён, а я размясціўся насупроць. Абед быў просты, але вельмі смачны. Асаблівую прывабнасць надавала яму тое, што мы абедалі ўдваіх, без старшых, і прытым у неабсяжным Лондане. Бязладны характар піравання надаваў яму яшчэ большую чароўнасць; хоць стол, забяспечаны ўсім патрэбным з рэстарана, уяўляў тое, што Пембльчук назваў-бы «алтаром раскошы», але затое ўсё астатняе нагадвала хутчэй ваенную стаянку, чым сталовую. У сувязі з гэтым і ў лакея з‘явілася жаданне ставіць на падлогу накрыўкі ад блюдаў (на якія ён потым спатыкаўся), топленае масла на крэсла, хлеб на кнігі, сыр у вугальную скрынку, вараную курыцу ў суседні пакой на маю пасцель, дзе я знайшоў потым, кладучыся спаць, добрую порцыю застыўшай падліўкі. Усё гэта рабіла наш абед чароўным, і, калі лакей выходзіў з пакоя, задавальненне маё было поўнае.

Абед падыходзіў ужо да канца, калі я напомніў Герберту яго абяцанне расказаць мне пра міс Гевішам.

— Сапраўды, — сказаў ён, — і я зараз яго выканаю; але спачатку дазвольце, Гендзель, заўважыць вам, што ў Лондане не ў звычаі есці з нажа, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, і што хоць для гэтай мэты прызначаецца відэлец, але і яго не трэба засоўваць далей, чым таго патрабуе неабходнасць. Аб гэтым не варта было-б і ўпамінаць, але лепш рабіць так, як робяць іншыя.

Ён зрабіў гэтую таварыскую заўвагу так проста і весела, што мы абодва зарагаталі і я амаль не сканфузіўся.

— А цяпер, — казаў далей ён, — пагутарым пра міс Гевішам. Міс Гевішам, трэба вам заўважыць, была распешчаным дзіцём. Шаноўны містэр Гевішам быў вельмі багаты і вельмі горды. Такою-ж вышла і дачка яго.

— Міс Гевішам была яго адзіным дзіцём? — запытаў я.

— Майце цярплівасць, я зараз да гэтага перайду. Не, яна была не адзіным дзіцём, — у яе быў яшчэ брат па бацьку. Міс Гевішам зрабілася багатаю наследніцай, і на яе пачалі глядзець як на выгодную партыю. Брат яе меў таксама вялікае багацце, але, з аднаго баку, ранейшыя даўгі, а з другога — новыя марнатраўствы неўзабаве разарылі яго.

«Неўзабаве на сцэне з‘яўляецца нейкі пан, дзе іменна — на бягах, на балах ці ў іншых публічных месцах — гэта для нас не важна. Гэты пан пачынае ўхажваць за міс Гевішам. Я ніколі яго не бачыў (таму што гэта здарылася дваццаць пяць гадоў таму назад, раней, чым мы з вамі з‘явіліся на свеце), але бацька казаў, што гэта быў відны мужчына, у якога можна было закахацца. Чалавек гэты проста праследаваў міс Гевішам і кляўся ёй у каханні. Думаю, што да гэтага часу яна не выяўляла асаблівай пяшчотнасці пачуццяў, так што ўся пяшчотнасць, якая ў яе была, сканцэнтравалася на ім, і яна пакахала яго горача. Дзень вяселля быў прызначан, шлюбнае плацце гатова, план вясельнай паездкі складзен, вясельныя госці запрошаны. Надышоў дзень вяселля, але жаніх не з‘явіўся. Ён прыслаў ёй пісьмо…

— Якое яна атрымала, — падхапіў я, — калі адзявалася да вянца, у дваццаць хвілін дзевятай?

— Так, хвіліна ў хвіліну, — сказаў Герберт, кіўнуўшы галавою, — на гэтым часе яна потым спыніла ўсе свае гадзіннікі. Што было ў гэтым пісьме, не магу вам сказаць, ведаю толькі, што дзякуючы яму вяселле расстроілася. Ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, яна кінула клапаціцца аб доме, давяла яго да поўнага заняпаду, — гэта вы і самі ведаеце, — і з таго часу ніколі не бачыла сонечнага святла.

— Тут і ўся гісторыя? — запытаў я, крыху падумаўшы.

— Уся, прынамсі, наколькі яна вядома мне.

— Вы сказалі, што Эстэла не радня міс Гевішам, а гадаванка. Калі яна яе ўзяла?

Герберт паціснуў плячыма.

— Калі я ўпершыню пачуў аб міс Гевішам, Эстэла была ўжо ў яе. Больш я нічога не ведаю. Цяпер, Гендзель, — дадаў ён, скончыўшы свой расказ, — паміж намі няма ніякіх непаразуменняў: усё, што я ведаю аб міс Гевішам, ведаеце і вы.

— І вам таксама, — адказваў я, — вядома ўсё, што ведаю я.

Мы шмат і весела балбаталі, і я запытаўся ў яго, між іншым, чым ён займаецца.

— Я капіталіст, страхую караблі, — адказаў ён і, заўважыўшы, што я акінуў позіркам пакой, шукаючы якіх-небудзь адзнак караблёў ці капітала, дадаў: — у Сіці.

— Я думаю таксама, — казаў ён далей, закладаючы вялікія пальцы ў кішэні камізэлькі, — пачаць гандаль з Вест-Індыяй — цукрам, тутуном і ромам і яшчэ з Цэйлонам — спецыяльна слановаю косцю.

— Вам спатрэбіцца шмат караблёў, — сказаў я.

— Цэлы флот, — адказаў ён.

Аслеплены размахам яго прадпрыемстваў, я запытаў, дзе цяпер пераважна гандлююць застрахаваныя караблі.

— Я яшчэ не пачаў страхаваць, — адказаў ён, — я яшчэ толькі прыглядаюся.

— А-а!

— Так, я служу ў канторы і прыглядаюся.

— А кантора прыносіць якую-небудзь выгаду? — запытаўся я.

— Каму? Вы хочаце сказаць: маладому чалавеку, які ў ёй служыць?

— Так, вам.

— Мне? Н-не, не.

Ён сказаў гэта тонам чалавека, які дакладна звярае свае рахункі і асцярожна падводзіць баланс.

— Прамой выгады для мян няма, гэта значыць я нічога не атрымліваю і павінен яшчэ ўтрымліваць сябе.

Сапраўды, справа здавалася н асабліва выгаднай, і я паківаў галавою, даючы зразумець, што цяжкавата скласці капітал пры такіх даходах.

— Тут важна тое, — казаў далей між тым Герберт, — што вы прыглядаецеся. Гэта вельмі важна. Вы заўсёды ў канторы і прыглядаецеся.

Мяне здзівіў незразумелы вывад, што неабходна быць абавязкова ў канторы, каб прыглядацца, але я без пярэчанняў паклаўся на яго спрактыкаванасць.

Увечары мы вышлі пахадзіць па вуліцах і пабывалі ў тэатры; на другі дзень пайшлі ў царкву Вестмінстэрскага абацтва, а пасля абеду гулялі ў парках, і я ўвесь час задаваў сабе пытанне, хто падкоўвае ўсіх гэтых коней, і думаў, як добра было-б, калі-б гэтая работа дасталася Джо.

Мне здавалася, што з часу маёй разлукі з Бідзі і Джо прайшло па меншай меры некалькі месяцаў. У такой-жа меры ў маім уяўленні павялічылася і адлегласць, раздзяляўшая нас, так што нашы балоты здаваліся мне вельмі далёкімі.

У панядзелак раніцаю, без чвэрці дзевяць, Герберт пайшоў у кантору паказацца (а дарэчы і прыглядзецца, як я думаю), і я пайшоў разам з ім. Ён меркаваў выйсці адтуль гадзіны праз дзве, каб праводзіць мяне ў Гамерсміт, а я павінен быў пачакаць яго паблізу. Не магу сказаць, каб кантора, дзе служыў Герберт, была, на мой погляд, зручным месцам для прыглядання. Яна змяшчалася ў задняй частцы другога паверха, які выходзіў на вельмі неахайны ва ўсіх адносінах двор, і ўпіралася вокнамі ў задні фасад другога дома.

Я прачакаў да дванаццаці гадзін і пайшоў на біржу, дзе бачыў нейкіх нябрытых паноў, якія сядзелі пад аб‘явамі аб адыходзе караблёў. Я палічыў іх за багатых купцоў і толькі ніяк не мог зразумець, чаму ўсе яны былі не ў гуморы. Калі прышоў Герберт, мы пайшлі снедаць у славуты рэстаран, які ў той час я вельмі паважаў, але які цяпер лічу самым мізэрным з еўрапейскіх прадрассудкаў; аднак, нават тады я не мог не заўважыць, што там мясной падліўкі было значна больш на абрусах, нажах і адзенні прыслугі, чым у тых мясных блюдах, што падаваліся. Паснедаўшы вельмі танна (калі прыняць пад увагу тлушч, які не залічылі нам у рахунак), мы вярнуліся ў Барнардава падвор‘е па мой чамадан, потым нанялі карэту ў Гамерсміт, куды і з‘явіліся гадзіны ў тры папоўдні. Адтуль нам заставалася прайсці вельмі нямнога да кватэры містэра Покета. Адчыніўшы калітку, мы апынуліся ў маленькім садку, які выходзіў да ракі, дзе гулялі дзеці містэра Покета. Пра дзяцей містэра і місіс Покет ніяк нельга сказаць, што яны раслі ці выхоўваліся ў бацькаўскім доме, — яны там толькі падалі і ўшыбаліся.

Місіс Покет сядзела пад дрэвам, на садовым крэсле, і чытала, паклаўшы ногі на другое крэсла, а дзве нянькі пазіралі ва ўсе бакі, пакуль дзеці гулялі.

— Мама, — сказаў Герберт, — вось містэр Піп.

Місіс Покет вітала мяне з выглядам прыязным і ганарлівым.

— Містэр Алік і міс Джэн! — закрычала дзецям адна з двух нянек, — чаго вы палезлі ў кусты? Вось упадзеце ў раку ды ўтопіцеся. Што тады скажа тата?

У той-жа час гэтая самая нянька падняла насавую хустачку місіс Покет і сказала: «Гэта прынамсі шосты раз, што вы яе кідаеце, сударыня». Місіс Покет засмяялася і, сказаўшы: «Дзякую, Флапсон», зноў узялася за кнігу. Твар яе зараз-жа прыняў уважлівы і напружаны выраз, быццам яна чытала, не адрываючыся цэлы тыдзень; але, прачытаўшы з поўдзюжыны радкоў, яна зірнула на мяне і сказала: «Спадзяюся, ваша матуля здаровая?» Гэтае нечаканае пытанне паставіла мяне ў вельмі цяжкае становішча, і я завёў нейкую бязглуздзіцу, накшталт таго, што калі-б у мяне была маці, то, безумоўна, яна была-б зусім здаровая і вельмі ўдзячная за ўвагу і таксама засведчыда-б сваю пашану, але тут тая-ж самая нянька прышла мне на выручку.

— Зноў! — сказала яна, падымаючы хустачку. — Гэта ўжо, здаецца, сёмы раз. Што з вамі сёння, сударыня?

Місіс Покет узяла сваю хустачку з выглядам незвычайнага здзіўлення, як быццам бачыла яе ў першы раз, потым, пазнаўшы яе, усміхнулася, сказала: «Дзякую, Флапсон» і, забыўшы пра мяне, зноў углыбілася ў кнігу.

Цяпер, маючы магчымасць заняцца лічэннем, я знайшоў, што ў наяўнасці было не менш шасці маленькіх Покетаў, якія падалі на розныя лады. Але толькі што я паспеў падлічыць, як пачуў аднекуль з верхніх слаёў паветра жаласны голас сёмага.

— Гэта бэбі, — сказала Флапсон такім тонам, нібы была страшэнна здзіўлена. — Ідзіце хутчэй, Мілерс.

Мілерс, другая нянька, пайшла ў дом, і паступова дзіцячы плач сціх. Місіс Покет увесь гэты час чытала, і мяне вельмі зацікавіла, якая гэта была кніга.

Як відаць, мы чакалі тут містэра Покета: ва ўсякім выпадку мы чагосьці чакалі, і я меў выпадак заўважыць адну надзвычайную з‘яву. Як толькі які-небудзь з дзяцей набліжаўся да місіс Покет, ён абавязкова, к яе мімалётнаму здзіўленню і к свайму больш доўгаму засмучэнню, спатыкаўся і падаў на яе. Я рабіў розныя меркаванні і ніяк не мог растлумачыць сабе гэтай дзіўнай з‘явы, пакуль нарэшце не з‘явілася Мілерс з дзіцём на руках. Дзіця было перадана Флапсон, і Флапсон, перадаючы яго місіс Покет, таксама спатыкнулася і ўпала-б на яе разам з дзіцём, калі-б мы з Гербертам не падхапілі абодвух.

— Змілуйцеся, Флапсон! — сказала місіс Покет, адрываючыся на хвілінку ад кнігі. — Што гэта ўсе на мяне сёння падаюць.

— Самі вы змілуйцеся, сударыня, — запярэчыла, пачырванеўшы, Флапсон. — Што гэта ў вас там?

— У мяне? Дзе? — запытала місіс Покет.

— Ды гэта ваш зэдлік! Чаму-ж не падаць, калі вы трымаеце яго пад плаццем! А ну, вазьміце дзіця, сударыня, а мне дайце кнігу.

Місіс Покет паслухалася гэтай парады і ўзялася нязручна падкідаць дзіця, а іншыя пачалі скакаць і забаўляць яго. Але гэта цягнулася нядоўга, місіс Покет хутка загадала павесці дзяцей дадому і пакласці спаць. Такім чынам пры першым-жа візіце я зрабіў і другое адкрыццё, а іменна, што выхаванне маленькіх Покетаў заключалася не ў адных толькі паданнях, бо часам далучалася яшчэ тое, што іх пасылалі спаць.

Прымаючы пад увагу ўсе гэтыя акалічнасці, калі Флапсон і Мілерс пагналі дзяцей дадому, як маленькае стада ягнят, і ў сад вышаў містэр Покет, каб пазнаёміцца са мною, я не асабліва здзівіўся, што джэнтльмен гэты меў крыху растрапаны выгляд і што яго сівыя валасы былі страшэнна зблытаны, нібы ён нічога не ўмеў прывесці ў парадак.


РАЗДЗЕЛ XXI

Містэр Покет сказаў, што ён вельмі рад мяне бачыць, і выказаў надзею, што і мне не непрыемна бачыць яго, «таму што», дадаў ён і ўсміхнуўся якраз, як яго сын, «дапраўды, я зусім не страшны чалавек».

Не гледзячы на свой растрапаны выгляд і сівыя валасы, ён быў вельмі малажавы і надзіва просты ў абыходжанні. Пагаварыўшы крыху са мною, ён павярнуўся да місіс Покет і, клапатліва наморшчыўшы свае прыгожыя чорныя бровы, запытаў: «Белінда, ты віталася з містэрам Піпам?» Яна зірнула на хвіліну з-за кнігі, сказала «так» і, безуважна ўсміхнуўшыся, запытала, ці люблю я памеранцавую ваду. Паколькі пытанне гэтае не мела ні блізкіх, ні нават самых далёкіх адносін ні да папярэдняй, ні да наступнай гутаркі, дык я зразумеў яго проста як спробу зрабіць ласку сваім удзелам у агульнай гутарцы.

Містэр Покет павёў мяне ў дом і паказаў мне маю спальню, вельмі прыгожую і мэбляваную так, што яна магла з выгодаю служыць мне і гасціным пакоем. Потым ён пастукаў у дзверы двух суседніх такіх-жа пакояў і прадставіў мяне іх жыхарам, Дрэмлю і Стартопу. Дрэмль, старападобны малады чалавек з вельмі важкай фігурай, насвістваў нейкі матыў. Стартоп, маладзейшы і гадамі і выглядам, чытаў, падтрымліваючы галаву рукамі, нібы баяўся, што яна лопне ад празмернага перапаўнення ведамі.

З першага погляду было відаць, што містэр і місіс Покет знаходзіліся пад нечаю апекаю; гэта да такой ступені кідалася ў вочы, што мяне вельмі зацікавіла пытанне, хто-ж быў сапраўдным гаспадаром дома і місласліва дазваляў ім жыць у ім, пакуль я не адкрыў, што гэтай таямнічай сілаю была іх прыслуга. Вельмі можа быць, што гэта быў зручны спосаб пазбягаць усялякіх клопатаў, але абыходзіўся ён даволі дорага, таму што прыслуга пры такіх умовах лічыла сваім свяшчэнным абавязкам добра есці і піць і прымаць на кухні вялікую колькасць гасцей.

Пакуль за сталом я добрасумленна займаўся сваім нажом, відэльцам, лыжкаю, шклянкаю і іншымі прыладамі самазнішчэння, я даведаўся з размовы паміж місіс Покет і Дрэмлем, што імя гэтага джэнтльмена — Бентлі, і што ён бліжэйшы (калі мінуць яшчэ больш блізкага) наследнік аднаго баранета. Далей высветлілася, што кніга, якую місіс Покет чытала ў садзе, — радаслоўная кніга, і што місіс Покет цвёрда ведае год і чысло, калі яе дзядуля павінен быў-бы трапіць у гэтую кнігу, калі-б яму суджана было заняць у ёй месца.

Пасля абеду прывялі дзяцей, іх было чатыры дзяўчынкі і два хлопчыкі, не лічачы бэбі, які мог быць і тым і другім. Флапсон і Мілерс прывялі ўсю гэту кампанію так, нібы яны былі не нянькі, а сержанты, якія навербавалі салдат ў розных месцах і даставілі іх куды належыць для рэгістрацыі.

— Ну, сударыня, дайце мне ваш відэлец і вазьміце бэбі, — сказала ёй Флапсон. — Ды не бярыце яго гэтак, а то ён трапіць галавою пад стол.

Паслухаўшыся парады, місіс Покет узяла дзіця інакш і ўдарыла яго галавою аб стол так, што ўсе прысутныя адчулі гэты ўдар.

— Божа, божа мой! — усклікнула Флапсон. — Аддайце яго мне, сударыня, а вы, міс Джэн, патанцуйце перад ім.

Адна з дзяўчынак, зусім крошка, відавочна, рана ўзяўшая на сябе абавязак клапаціцца аб іншых, ускочыла з месца і пачала танцаваць перад дзіцём, пакуль тое не перастала плакаць і не засмяялася. За ім засмяяліся ўсе дзеці і містэр Покет, мы ўсе таксама засмяяліся, і ўсім стала весела.

Тады Флапсон, сагнуўшы дзіця пад прамым вуглом, як ляльку, удачна пасадзіла яго на калені к місіс Покет і дала яму ў рукі абцужкі для арэхаў, строга загадаўшы місіс Покет глядзець, каб яно не выкалала сабе вачэй, і не менш строга даручыўшы сачыць за гэтым і міс Джэн. Затым абедзве нянькі вышлі з пакоя.

Я адчуваў вялікі непакой, калі місіс Покет зноў пусцілася ў разважанні з поваду двух баранецтваў, цешачыся пры гэтым апельсінам, які яна акуратна разнімала на долькі і мачала ў падсалоджанае віно, зусім забыўшыся аб дзіцяці, якое было ў яе на каленях і рабіла з абцужкамі жахлівыя рэчы. Нарэшце маленькая Джэн, заўважыўшы, што яно збіраецца стукнуць сябе па галаве, ціхенька ўстала з крэсла і з дапамогаю розных хітрыкаў выманіла ў яго з рук небяспечную прыладу. Місіс Покет, якраз у гэты час даеўшая свой апельсін, не адобрыла такой меры.

— Нягодная дзяўчынка! Як ты смееш? Ідзі і зараз-жа сядзь на сваё месца.

— Але, мама любая, — прашаптала дзяўчынка, — бэбі мог выкалаць сабе вока.

— Як ты смееш так гаварыць са мною? — запярэчыла місіс Покет. — Ідзі і садзіся на сваё крэсла!

Абурэнне місіс Покет было такое шчырае, што нават я адчуў збянтэжачасць, быццам да некаторай ступені і сам быў яго прычынаю.

— Белінда, — заўважыў містэр Покет з другога канца стала, — як можаш ты быць такою неразважлівай? Джэн-жа ўмяшалася, шкадуючы дзіцяці.

— Я нікому не дазволю ўмешвацца, — сказала місіс Покет. — Проста дзіўна, Мацью, як ты можаш мяне так зневажаць.

— Божа мой! — усклікнуў містэр Покет з поўнай роспаччу. — Дзеці могуць пападаць у смяртэльную небяспеку, забіваць сябе абцугамі, і ніхто не смей умешвацца!

— Я не дазволю ўмешвацца Джэн, — сказала місіс Покет, велічна зірнуўшы на гэтую нявінную маленькую злачынку. — Спадзяюся, я яшчэ памятаю, хто быў мой дзядуля. Джэн! Што мне твая Джэн!

— Чуеце! — бездапаможна ўсклікаў ён у прастору. — Дзеці могуць пазабівацца на смерць абцугамі дзеля падтрымання годнасці нейкага дзядулі!

Потым ён апусціўся на крэсла і замаўчаў.

Пакуль ішлі гэтыя сямейныя непаразуменні, мы маўчалі, не падымаючы вачэй з абруса, і ўвесь гэты час сумленны і неўгамонны бэбі крычаў і цягнуўся да маленькай Джэн, якая была, мусіць, адзіным чалавекам з усяе сям‘і (за выключэннем прыслугі), якога ён добра ведаў.

— Містэр Дрэмль, — сказала місіс Покет, — будзьце так ласкавы, пазваніце Флапсон. Ты, Джэн, непачцівае дзіця, і таму ідзі спаць. Ну, мілачка бэбі, пойдзем з мамаю.

Але бэбі быў сама сумленнасць і запратэставаў з усіх сіл. Ён выпнуў жывоцік, пераважыўся цераз руку місіс Покет, паказаўшы публіцы замест свайго далікатнага тварыка пару тоўсценькіх ножак у вязаных чаравічках, і нарэшце быў вынесен у прыпадку моцнага гневу. Але ён дабіўся свайго, таму што праз некалькі хвілін бачыў я ў акно, як яго ўжо няньчыла маленькая Джэн.

Астатнія пяцёра дзяцей асталіся каля абедзенага стала, бо ў Флапсон знайшоўся нейкі іншы занятак, а больш да іх нікому не было справы.

Увечары мы паехалі катацца па рацэ. Пасля катання нас чакала вячэра, якая, магчыма, даставіла-б нам прыемнасць, каб не здарылася тут аднаго непрыемнага хатняга здарэння. Містэр Покет быў у вельмі добрым гуморы, як раптам з‘явілася пакаёўка і сказала:

— Выбачайце, сэр, мне патрэбна з вамі пагаварыць.

— Пагаварыць з вашым панам? — запыталася місіс Покет, зараз-жа стаўшы на абарону сваёй годнасці. — Як гэта магло прысці вам у галаву? Ідзіце і перагаварыце з Флапсон, ці скажыце мне ў другі раз.

— Выбачайце, сударыня, — адказала пакаёўка, — але мне неабходна перагаварыць з панам, і цяпер-жа.

Містэр Покет вышаў з пакоя, і мы пастараліся як-небудзь правесці час да яго звароту.

— Дзіўныя рэчы творацца ў нас, Белінда! — сказаў містэр Покет, варочаючыся сумны і заклапочаны. — У кухні на падлозе ляжыць у непрытомнасці п‘яная кухарка, а ў буфеце ў яе схаваны ў клунку вялікі кавалак свежага масла, які яна сцягнула, каб прадаць.

Місіс Покет зараз-жа ўзяла гэта горача да сэрца і сказала:

— Усё гэта штукі агіднай Соф‘і!

— Што ты хочаш гэтым сказаць, Белінда? — запытаўся містэр Покет.

— Гэта Соф‘я табе напляла? Хіба я сама не бачыла і не чула, як яна з‘явілася сюды і абвясціла, што хоча гаварыць з табою?

— Але-ж яна вадзіла мяне ўніз, Белінда, — запярэчыў містэр Покет, — і я сам бачыў і кухарку, і масла

— І ты яшчэ абараняеш яе, Мацью, калі яна распачынае ўсе гэтыя гісторыі!

Містэр Покет застагнаў.

— Варта было мець такога дзядулю, як у мяне, каб у маім уласным доме мяне за нішто лічылі? — казала далей місіс Покет. — Да таго-ж кухарка заўсёды была добрая, паважаная жанчына, і, калі наймалася, дык шчыра сказала мне, што я народжана быць герцагіняю.

Містэр Покет як стаяў ля канапы, так і паваліўся на яе. І калі я, ідучы спаць, падышоў да яго развітацца, ён, не ўстаючы з канапы, вымавіў:

— Спакойнай ночы, містэр Піп.


РАЗДЗЕЛ XXII

Дні праз два-тры пасля таго, як я ўладзіўся ў сваім пакоі, пабываў некалькі разоў у Лондане і заказаў сваім пастаўшчыкам усё неабходнае, у мяне з містэрам Покетам адбылася даволі доўгая гутарка. Ён ведаў больш чым я аб тым, якая будучыня чакае мяне, таму што, як ён гаварыў са слоў містэра Джагерса, мяне не рыхтуюць ні да якой пэўнай прафесіі, і што я павінен быць выхаваны так, каб стаяць на ўзроўні з маладымі людзьмі заможных сем‘яў. Я нічога не мог запярэчыць супроць гэтага.

Ён параіў мне наведваць некаторыя навучальныя ўстановы для набыцця самых неабходных ведаў і ўзяў на сябе растлумачваць мне ўсё незразумелае і наогул кіраваць маімі заняткамі. Ён спадзяваўся, што пры ўважлівых адносінах да справы мне не сустрэнецца асаблівых цяжкасцей, і што я скора буду мець магчымасць абмяжоўвацца выключна яго навучаннямі.

Калі я пачаў сур‘ёзна займацца, мне прышло ў галаву, што, калі-б я мог утрымаць за сабою мой пакой у Барнардавым падвор‘і, маё жыццё было-б больш рознастайным, а мае манеры, вядома, не пацярпелі-б ад зносін з Гербертам. Містэр Покет нічога не меў супроць гэтага, але сказаў, што я павінен раней атрымаць згоду майго апекуна. Я здагадаўся, што такія далікатныя адносіны да гэтага пытання з‘яўляліся вынікам таго, што ў выпадку, калі-б план мой быў ажыццёўлен, зменшыліся-б выдаткі Герберта на кватэру. Таму я пайшоў у Літль-Брытэн і сказаў пра маё жаданне містэру Джагерсу.

— Калі-б купіць мэблю, узятую цяпер напракат, і набыць яшчэ некалькі неабходных рэчаў, — сказаў я, — мне было-б там зусім добра.

— Так, так. Я-ж прадракаў, што вы не спыніцеся на малым, — заўважыў містэр Джагерс з адрывістым смехам. — Ну, колькі-ж вам патрэбна?

Я адказваў, што не ведаю.

— Аднак усё-такі колькі? Пяцьдзесят фунтаў?

— О, гэта многа.

— Дык пяць фунтаў?

Гэта была другая крайнасць, і я сканфужана адказаў:

— Не, больш.

— Больш, э? — запытаўся містэр Джагерс і, чакаючы майго адказу, запусціў рукі ў кішэні, схіліў галаву набок і накіраваў вочы на процілеглую сцяну. — Ну, на колькі-ж больш?

— Мне вельмі цяжка вызначыць суму, — адказаў я нерашуча.

— Цяжка, але трэба, — сказаў містэр Джагерс. — Ну, давайце вырашаць разам. Два разы па пяць фунтаў — мала? Тры разы па пяць? Чатыры разы?..

Я сказаў, што гэтай сумы, я думаю, будзе зусім дастаткова.

— Вы кажаце, чатыры разы па пяць фунтаў будзе зусім дастаткова? — перапытаў містэр Джагерс, моршчачы бровы. — Ну, а колькі гэта выйдзе?

— Колькі выйдзе?

— Так, — сказаў містэр Джагерс, — колькі гэта складзе?

— Я лічу, што гэта і па-вашаму складзе дваццаць фунтаў, — сказаў я, ўсміхаючыся.

— Колькі гэта будзе па-мойму — не ваша справа, мой даражэнькі, я жадаю ведаць, колькі гэта будзе па-вашаму, — праказаў містэр Джагерс, хітравата ківаючы галавою.

— Вядома, дваццаць фунтаў.

— Вемік, — гукнуў Джагерс, адчыняючы дзверы ў кантору, — вазьміце распіску ў містэра Піпа і выдайце яму дваццаць фунтаў.

Такая строгая дакладнасць у манеры весці справы зрабіла на мяне вялікае і нельга сказаць, каб вельмі прыемнае ўражанне. Містэр Джагерс ніколі не смяяўся, але ён насіў вялікія лакіраваныя боты са скрыпам, і часта, калі ён стаяў перад вамі, чакаючы адказу, злёгку хістаючыхя і апусціўшы сваю вялікую галаву са зморшчанымі бровамі, гэтыя боты скрыпелі, нібы смяяліся замест яго сухім, падазроным смехам.

Пасля нашай гутаркі ён пайшоў з канторы, а паколькі Вемік быў у вельмі вясёлым гаварлівым настроі, то я сказаў яму, што дапраўды не разумею абыходжання містэра Джагерса.

— Скажыце гэта яму, — заўважыў Вемік, — дык ён прыме ваш водзыў за камплімент; ён зусім не жадае, каб яго разумелі.

Тады я сказаў, што, відаць, справы містэра Джагерса ідуць добра, і Вемік адказаў:

— Надзвычай добра! — і гаварыў далей сяброўскім тонам. — Калі ў вас знойдзецца вольны дзянёк і вам уздумаецца наведаць мяне ў Вальворце, то я палічу гэта за асаблівую чэсць і магу прапанаваць вам начлег. Вядома, цікавага ў мяне нямнога, але ўсё-такі ёсць штучкі дзве даволі цікавыя і на якія вы, мабыць, глянеце з прыемнасцю. Мая страсць — гэта садочкі і альтанкі.

Я сказаў, што з прыемнасцю скарыстаю яго гасціннасць.

— Дзякую вам, — адказваў ён. — Значыцца, мы ўмовімся, і вы прыдзеце, калі вам гэта будзе зручна. У містэра Джагерса вы калі-небудзь абедалі?

— Не яшчэ.

— Ну, дык папярэджваю: ён пачастуе вас віном і вельмі добрым. Я-ж магу вам прапанаваць толькі пунш, але, праўда, даволі добры. А цяпер я вам скажу яшчэ адно: калі вы будзеце абедаць у містэра Джагерса, звярніце ўвагу на яго эканомку.

— Хіба яна прадстаўляе сабою што-небудзь незвычайнае?

— Вы ўбачыце прыручанага дзікага звера, — сказаў Вемік. — У гэтым няма нічога незвычайнага, скажаце вы. А я вам адкажу: гэта залежыць ад таго, наколькі звер быў дзікі і наколькі ён цяпер прыручаны. Назірайце ўважліва, і вы самі ўбачыце, наколькі павысіцца ваша думка аб магутнасці містэра Джагерса.

Я адказаў, што буду назіраць як мага больш уважліва, тым больш, што яго папярэджанне вельмі ўзбудзіла маю цікаўнасць.


РАЗДЗЕЛ XIII

Бентлі Дрэмль быў вельмі хмуры юнак. Ён нават за кнігу браўся так, як быццам аўтар яе абразіў яго асабіста; з такою-ж ласкавасцю адносіўся ён і да сваіх знаёмых. Масіўны, нязграбны, цяжкі на пад‘ём, з непаваротлівым розумам і такім-жа языком, які, здавалася, чапляўся ў яго ў роце, як сам ён чапляўся за мэблю, калі хадзіў па пакоі; ён быў гультаяваты, ганарлівы, скупы, скрытны і падазроны, што выразна праглядала ў бязглуздым яго твары. Ён быў родам з Самерсетшыра, сын багатых бацькоў, якія клапатліва развівалі гэта рэдкае спалучэнне прыгожых якасцей, пакуль не выявілася, што іх сын поўналетні і поўны балван.

Стартопа распесціла маці, жанчына слабая, трымаўшая яго дома ў той час, калі яго даўно пара ўжо было аддаць у школу; ён абажаў сваю маці і цаніў яе вышэй за ўсё на свеце. У яго былі далікатныя, зусім жаночыя рысы твара, адным словам, ён быў вылітая маці, «як вы лёгка можаце меркаваць, хоць ніколі яе не бачылі», як казаў Герберт. Зусім натуральна, што я зышоўся з ім, а не з Дрэмлем, так што з першых-жа вечароў нашага катання на лодках мы з Стартопам заўсёды ехалі побач і размаўлялі, а Бентлі Дрэмль трымаўся воддаль, бліжэй да берагу, паміж чароту.

Герберт зрабіўся самым блізкім маім таварышам і другам. Я прапанаваў яму карыстацца маёю лодкаю, і таму ён часта прыходзіў у Гамерсміт, сам-жа я наймаў палову яго кватэры, таму часта бываў у Лондане. Мы безупынна, у любы час рабілі гэтыя пераходы ў Лондан і назад, і я да гэтага часу люблю гэтую дарогу па ўспамінах юнацтва і неразлучных з ёю ружовых надзей.

У такім вось асяроддзі і пры такіх умовах мне прыходзілася займацца маёю адукацыяй. У мяне хутка з‘явілася прывычка да раскошы, і я страціў такую масу грошай, якая некалькі месяцаў таму назад здалася-б мне казачнай, але, не гледзячы на ўсё самадурства, я не кідаў сваіх кніг.

Я ўжо некалькі тыдняў не бачыў Веміка і ўздумаў напісаць яму, што ў такі-то дзень зайду па яго ў кантору, а адтуль разам з ім пойдзем у Вальворт. Ён адказаў, што вельмі рад і будзе чакаць мяне к шасці гадзінам. Я прышоў у кантору ў назначаны час і заўважыў, што ён хавае ключ ад незгараемай шафы.

— Ці не жадаеце прайсціся пехатою да Вальворта? — запытаў ён.

— Вядома, калі вы згодны.

— Я не супроць таго, каб размяць ногі, — сказаў Вемік, — яны ў мяне зусім зацяклі. Цяпер я скажу вам, містэр Піп, што ў нас будзе на вячэру: тушаная ялавічына кавалкам хатняга прыгатавання і халодная смажаная курыца з харчоўнай крамы. Спадзяюся, што курыца будзе някепская, таму што гаспадар гэтай крамы быў прысяжным па адной нашай справе некалькі дзён таму назад, і мы не доўга пратрымалі яго. Вы-ж не грэбуеце старасцю?

Я думаў, што ён усё яшчэ гаворыць пра курыцу, але ён паспяшыўся растлумачыць:

— Таму што са мною жыве мой састарэлы бацька.

Я адказаў яму, як таго патрабуе ветлівасць.

— Дык вы яшчэ не абедалі ў містэра Джагерса? — запытаўся ён у мяне па дарозе.

— Не яшчэ.

— Ён гаварыў мне гэта сёння, калі даведаўся, што вы прыдзеце да мяне. Я думаю, што заўтра ён запросіць вас. Ён хацеў пазваць і вашых таварышоў. Іх, здаецца, трое?

Хоць я і не лічыў Дрэмля ў ліку сваіх блізкіх прыяцеляў, але ўсё-такі адказаў:

— Так.

— Дык вось ён збіраецца запрасіць усю вашу ватагу (апошні выраз не асабліва мне спадабаўся). І ўсё, што ў яго будзе падавацца, будзе добра. Асаблівай рознастайнасці не чакайце, але ўсё будзе надзвычай добра.

У гутарцы аб Джагерсе і іншых больш агульных прадметах мы з містэрам Вемікам неўзаметку дайшлі да Вальворта. Я ўбачыў перад сабою рад цёмных завулкаў, цэлую сець канаў і мноства маленькіх садкоў. Усё разам рабіла даволі нуднае ўражанне. У Веміка быў маленькі драўляны домік сярод малюсенькага садка, з высокім дахам, адштукаваным і размаляваным у выглядзе батарэі з маленькімі гарматамі.

— Праца маіх рук. Ці не праўда, прыгожа? — сказаў Вемік.

Я пахваліў. Гэта быў самы маленькі домік, які мне калі-небудзь здаралася бачыць, з вельмі смешнымі незвычайнымі вокнамі, у большасці глухімі, старыннымі дзвярмі, такімі маленькімі, што ў іх ледзь можна было пралезці.

— Гэта сапраўдны флагшток, як бачыце, — сказаў Вемік, — і па нядзелях я падымаю сапраўдны сцяг. А цяпер глядзіце: я пераходжу гэты мост, прыпадымаю яго за сабою — вось так, — і ўсякія зносіны спыняюцца.

Мост быў простаю дошкаю, перакінутаю цераз канаву ў чатыры футы шырыні і два глыбіні. Але прыемна было бачыць, з якой гордасцю ён падняў гэты мост, не перастаючы ўсміхацца радаснаю, зусім не механічнай усмешкаю.

— Кожны вечар, роўна а дзесятай гадзіне па Грынвічскай абсерваторыі, гармата страляе, — гаварыў Вемік. — Вось яна, — бачыце? А калі вы пачуеце, як яна страляе, вы напэўна скажаце, што яна ўмее пастаяць за сябе. А тут, ззаду, на двары змяшчаюцца ў мяне свінні, куры, трусы; а вось гэта шкляная рама — парнік для агуркоў; я сам яе збіў, і за вячэраю вы будзеце мець выпадак ацаніць маю салату. Такім чынам, сэр, — заключыў Вемік, ківаючы галавою і зноў усміхаючыся, але на гэты раз вельмі сур‘ёзна, — калі вы ўявіце сабе, што гэтаму маленькаму месцейку прыдзецца вытрымаць асаду, то яно пратрымаецца чорт ведае як доўга, прынамсі, што датычыць харчоў. Вы нічога не маеце супроць таго, каб я цяпер-жа пазнаёміў вас з бацькам?

Я выказаў сваю поўную згоду, і мы накіраваліся ў замак. Тут, у крэсле ля палаючага каміна мы знайшлі вельмі старасвецкага дзядулю ў фланелевым халаце, чысценькага, жывога, дабрадушнага, але зусім глухога. Відаць было, што яго клапатліва даглядаюць.

— Ну, мой стары бацюхна, як мы сёння маемся? — запытаўся жартаўліва Вемік, паціскаючы яму руку з самым прыязным выглядам.

— Вельмі добра, Джон, вельмі добра! — адказаў стары.

— Гэта містэр Піп, бацька, я вельмі быў-бы рад, калі-б ты мог пачуць яго імя. Кіўніце яму добра, містэр Піп, ён вельмі гэта любіць. Ківайце вось так. Чым часцей, тым лепш.

— Цудоўная дача ў майго сына, сэр, — крычаў стары, пакуль я ківаў яму з усяе сілы. — Вельмі добры садок. Па праўдзе сказаць, гэта месцейка з усімі яго будовамі павінна-б пасля смерці сына ўтрымлівацца на дзяржаўны кошт для ўвесялення публікі.

Ты да смешнага ганарышся ўсім гэтым, ці не праўда, бацька? — запытаў Вемік, паглядаючы на старога шчаслівымі і расчуленымі вачыма. — Вось табе паклон, — і ён на ўсю моц кіўнуў галавою, — а вось і другі. (Новы ківок, яшчэ больш энергічны, чым першы.) — Ты-ж любіш гэта? Калі вы не стаміліся, містэр Піп, — я ведаю, з непрывычкі гэта вельмі стамляе, — кіўніце яму, калі ласка, яшчэ раз. Вы не можаце сабе ўявіць, як ён гэта любіць.

Я кіўнуў некалькі разоў, і ён быў вельмі задаволены. Мы пакінулі яго і ўселіся ў альтанцы за пунш. Тут Вемік расказаў мне, пакурваючы люлечку, колькі год яму спатрэбілася, каб давесці сваю сядзібу да яе цяперашняй дасканаласці. — Я думаю, містэр Джагерс вельмі захапляецца гэтым месцейкам?

— Ён ніколі яго не бачыў. Ніколі не чуў нават аб ім. Ніколі не бачыў майго старога. Ніколі не чуў пра яго. Ведаеце, служба адно, а прыватнае жыццё другое. Калі я іду ў кантору, я забываю пра кантору. Калі вам усёроўна, я і вас папрашу рабіць таксама. Я не хочу, каб у канторы ведалі аб маіх справах.

Вядома, я абяцаў дакладна выканаць яго жаданне. Пунш быў вельмі добры, і мы прасядзелі за ім, весела балбочучы, амаль да дзевяці гадзін. Тут Вемік паклаў люльку на стол і сказаў:

— Хутка пара страляць. Гэта улюбёная забава майго бацькі.

Вярнуўшыся ў замак, мы засталі старога, які з бліскучымі ад нецярпення вачыма грэў качаргу, рыхтуючыся да важнай вячэрняй цырамоніі. Вемік стаяў з гадзіннікам у руках, пакуль не настаў момант узяць у старога раскаленую дачырвана качаргу і бегчы на батарэю. Ён пайшоў наверх, і зараз-жа грымнула гармата, ад чаго дзіцячы домік увесь затросся, быццам быў гатовы рассыпацца, а ўся пасуда ў буфеце заскакала і забразгатала. Пры гэтым бацька, які, напэўна, зваліўся-б з крэсла, калі-б пе трымаўся за ручкі, закрычаў у поўным захапленні: «Стрэліла!» а я пачаў яму ківаць і ківаў, пакуль у мяне ў вачах не пацямнела.

Нам прыслужвала чысценькая дзяўчынка, якая хадзіла за старым на працягу дня. Калі яна падала нам вячэру, Вемік апусціў пад‘ёмны мост, і яна пайшла на ноч дамоў. Вячэра была вельмі добрая, і хоць увесь замак заплеснеў, а свінарнік мог-бы знаходзіцца крыху далей, але я застаўся як нельга больш задаволены пачастункам. Нічога нельга было запярэчыць і супроць маёй спальні, якая змяшчалася пад самым дахам маленькай вежы; хіба толькі тое, што столь, якая аддзяляла мяне ад флагштока, была крыху тонкая, так што, калі я лёг на пасцель, мне ўсё здавалася, што гэты шост усю ноч будзе балансіраваЦь у мяне на ілбу.

Вемік устаў вельмі рана і, баюся, што вычысціў мае боты. Затым ён пачаў корпацца ў садзе, і я бачыў з майго акенца, як ён рабіў выгляд, што работа яго вельмі забаўляе яго бацьку, якому ён любоўна ківаў галавою. Снеданне было ніколькі не горш вячэры, і каля паловы дзевятай мы пайшлі ў Літль-Брытэн.

Па меры набліжэння да канторы, Вемік рабіўся ўсё больш сухім і суровым, і рот яго ўсё больш выцягваўся, прымаючы форму адтуліны паштовай скрынкі. Калі-ж мы прышлі ў кантору і ён выцягнуў свой ключ, то, здавалася, да такой ступені забыўся аб існаванні сваёй вальворцкай дачы, нібы і замак, і мосцік, і альтанка, і возера, і фантан, і сам бацька ўзляцелі ўгару і рассеяліся ў прасторы з апошнім выстралам гарматы.


РАЗДЗЕЛ XXIV

Прадраканне Веміка збылося: мне хутка здарыўся выпадак параўнаць хатняе абсталянанне майго апекуна з жыллём яго клерка і касіра. Калі мы з Вемікам прышлі ў кантору, містэр Джагерс быў у сябе ў габінеце і мыў рукі пахучым мылам. Ён паклікаў мяне да сябе і ўшанаваў мяне і маіх прыяцеляў запрашэннем, аб якім я ўжо быў папярэджан Вемікам.

— Прыходзьце заўтра, — сказаў мой апекун, — і без цырамоніі. Парадных касцюмаў не трэба.

— Куды-ж прыходзіць? — запытаўся я, таму што не меў паняцця, дзе ён жыве. Цвёрда трымаючыся свайго правіла ніколі не даваць простага адказу, ён сказаў:

— Заходзьце сюды, і мы пойдзем разам.

Тут дарэчы будзе заўважыць, што ён заўсёды ўмываўся пасля ўходу кліентаў, як які-небудзь доктар або дантыст. Калі на наступны дзень я і мае таварышы зайшлі па яго а шостай гадзіне, то, як відаць, перад тым ён быў заняты якою-небудзь асабліва бруднаю справай, таму што мыў не толькі рукі, але і твар і нават паласкаў горла.

Ён прывёў нас у Джэрард-стрыт і спыніўся каля нейкага дома. Дом быў даволі прыгожы, але даўно не фарбаваны, і вокны даўно не мытыя. Ён дастаў ключ, адамкнуў дзверы, і мы ўвайшлі ў каменныя сені, цёмныя, пустыя, нібы ў нежылым доме. Мы падняліся па цёмнай лесніцы ў першы паверх і ўвайшлі ў кватэру, якая складалася з трох пакояў, таксама няўтульных і цёмных.

Абед падаваўся ў самым лепшым з трох пакояў, побач быў туалетны пакой, а далей спальня. Ён сказаў нам, што займае ўвесь дом, але карыстаецца ўсяго гэтым невялікім памяшканнем. Стол быў сервіраваны раскошна. Каля яго крэсла стаяў столік з графінамі, бутэлькамі і чатырма дэсертнымі талеркамі з фруктамі. Я заўважыў, што ўсё знаходзілася ў яго пад рукою і перадаваў ён нам сам.

Да гэтага часу ён амаль не бачыў маіх трох таварышоў, бо ўсю дарогу ішоў побач са мною, і цяпер, пазваніўшы, каб давалі абедаць, ён стаў спіною да каміна і ўважліва пачаў іх разглядаць. На маё здзіўленне, ён галоўным чынам, калі не выключна, зацікавіўся Дрэмлем.

— Піп, — сказаў ён, узяўшы мяне за плячо і адводзячы да акна, — я-ж зусім не ведаю іх. Як завуць гэтага павука? :

— Павука? — перапытаў я.

— Ну так, гэтага вуграватага, нязграбнага панурага хлопца?

— Гэта Бентлі Дрэмль, — сказаў я. — А той, з далікатным тварам, — Стартоп.

Не звярнуўшы ніякай увагі на юнака з далікатным тварам, ён гаварыў:

— Дык яго завуць Бентлі Дрэмль? Мне ён падабаецца.

І ён зараз-жа загаварыў з Дрэмлем, ніколькі незважаючы на яго панурасць і маўклівасць, але, наадварот, настойліва стараючыся прымусіць яго разгаварыцца. Я назіраў за абодвума, пакуль не з‘явілася эканомка з першаю страваю і не адцягнула маёй увагі. Гэта была жанчына, на мой погляд, гадоў сарака, аднак, можа быць, я і пераўвялічыў яе гады, як гэта ўласціва маладосці. Яна была даволі высокая, з тонкаю, стройнаю фігураю, вельмі бледным тварам, вялікімі светлымі вачыма і густымі распушчанамі валасамі. Не ведаю чаму, — можа ў яе быў парок сэрца, — але толькі рот яе быў поўадкрыты, нібы яна задыхалася, і гэта надавала яе твару дзіўнае выражэнне спяшлівасці і спалоху. Праз шмат гадоў мне ўдалося са здзіўляючай яснасцю ўваскрасіць у сваёй памяці вобраз гэтай жанчыны, змясціўшы за сінім агнём палаючага пунша ў цёмным пакоі другі жаночы твар, зусім на яе непадобны, але таксама з густымі распушчанымі валасамі.

Назіраючы за эканомкаю з асаблівай увагаю часткова дзякуючы яе дзіўнаму выгляду, часткова ў выніку папярэджання Веміка, я заўважыў, што, калі яна была ў пакоі, яна не зводзіла вачэй з майго апекуна і заўсёды шпарка адрывала рукі ад блюда, нібы баялася, што ён верне яго або загаворыць з ёю. І мне здавалася, што ён вельмі добра гэта ведаў і наўмысле трымаў увесь час яе пад страхам.

Абед прайшоў даволі весела, і хоць мой апякун, як відаць, толькі падтрымліваў, а не накіроўваў агульную гутарку, я вельмі добра, аднак, усведамляў, што ў сапраўднасці ён кіраваў ёю, вельмі спрытна выведваючы слабыя бакі кожнага з нас.

У канцы абеду, калі падалі сыр, гутарка перайшла на нашы катанні па рацэ, і мы пачалі падсмейвацца над Дрэмлем за яго прывычку паўзці ўдоўж берагу на манер чарапахі. У адказ на гэта Дрэмль паспяшыў паведаміць гаспадару, што ён лічыць за лепшае катацца адзін, таму што не цікавіцца нашай кампаніяй, хоць у справе спрытнасці ён смела мог-бы быць нашым настаўнікам, і варта яму толькі дзьмухнуць, каб мы разляцеліся ў розныя бакі, як саломінкі. Нейкімі аднаму яму вядомымі выкрутасамі апякун паспеў давесці Дрэмля да апошняй ступені задору, і той, закасаўшы рукавы, пачаў згінаць і разгінаць сваю руку, каб пахваліцца сваімі мускуламі; мы таксама закасалі рукавы і пачалі рабіць тое-ж самае, прадстаўляючы сабою зусім недарэчныя фігуры.

Якраз у гэты час эканомка прыбірала са стала; апякун, відаць, не звяртаў на яе ніякай увагі і сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла, кусаючы свой указальны палец і праяўляючы зусім для мяне незразумелую цікавасць да Дрэмля. Раптам ён выцягнуў сваю вялізную руку і злавіў, як у пастку, руку эканомкі, якая ў гэты час цягнулася за нечым цераз стол. Ён зрабіў гэта так нечакана і рэзка, што ўсе мы разам змоўклі, забыўшыся аб сваёй спрэчцы.

— Ужо калі гаварыць пра сілу, дык я пакажу вам кулачок, — сказаў містэр Джагерс. — Молі, пакажыце ім вашу руку.

Яе рука, якую ён схапіў, ляжала на стале, але другую яна зараз-жа схавала за спіну.

— Гаспадар, — сказала яна ціхім голасам, накіраваўшы на яго ўмольны погляд. — Не трэба, пакіньце!

— Я пакажу вам кулачок, — паўтарыў містэр Джагерс з непахіснай рашымасцю. — Молі, пакажыце вашу руку.

— Гаспадар, калі ласка! — зноў прашаптала яна.

— Молі, — сказаў містэр Джагерс, гледзячы не на яе, а на процілеглую сцяну, — пакажыце ім абедзве рукі. Пакажыце абедзве, ну!

І ён вызваліў тую яе руку, якая ляжала на стале. Тады яна выцягнула другую з-за спіны і працягнула нам абедзве. Другая рука была ўся знявечана рубцамі. Цяпер яна ўжо глядзела не на містэра Джагерса, а зорка і чакальна ўглядалася ў кожнага з нас па чарзе.

— Так, у гэтых кулаках ёсць-такі сіла, — сказаў містэр Джагерс, спакойна праводзячы пальцам па жылках на руцэ Молі. — Рэдкі мужчына можа пахваліцца такою сілай. Дзіўна, як гэтыя рукі ўмеюць хапаць. Я бачыў шмат рук, але ніколі ні ў мужчын ні ў жанчын не сустракаў болыш чэпкіх.

Пакуль ён вымаўляў гэтыя словы неахайным тонам знаўца, яна ўважліва абводзіла нас вачыма.

Як толькі ён замаўчаў, яна зноў зірнула на яго.

— Ну, даволі, Молі, — сказаў містэр Джагерс, кіўнуўшы ёй галавою. — Вамі палюбаваліся, цяпер можаце ісці.

Яна схавала рукі і пайшла, а містэр Джагерс зняў з этажэркі графін з віном, наліў сабе і перадаў нам.

— А палове дзесятай, панове, мы павінны разыйсціся, — сказаў ён, — таму не трацьце дарэмна часу. Я вельмі рад вас бачыць. П‘ю за ваша здароўе, містэр Дрэмль.

Калі, адзначаючы такім чынам Дрэмля, містэр Джагерс меў на ўвазе прымусіць яго выказаць сябе яшчэ больш, то ён цалкам дасягнуў сваёй мэты. У сваёй недарэчнай злараднасці Дрэмль выяўляў высокамерную пагарду да нас усё ў больш і больш крыўднай форме і пад канец стаў проста нязносным. Містэр Джагерс па-ранейшаму сачыў за ім з тою-ж дзіўнаю цікавасцю. Здавалася, ён смакаваў Дрэмля, запіваючы яго віном.

З уласцівай хлапчукам адсутнасцю стрыманасці, мы, здаецца, залішне многа пілі і, безумоўна, залішне многа балбаталі. Мы страшна разгарачыліся, закранутыя грубаю насмешкаю Дрэмля з поваду таго, што мы не ўмеем берагчы грошы, і я з большаю адкрытасцю, чым трэба было-б, заўважыў Дрэмлю, што не яму-б гэта гаварыць, таму што не далей як тыдзень таму назад Стартоп пазычыў яму грошай у маёй прысутнасці.

— Што-ж з таго? — запярэчыў Дрэмль. — Я яму аддам.

— Хіба я кажу, што вы не аддасцё? Я хацеў толькі сказаць, што прымаючы пад увагу гэтую акалічнасць, вы маглі-б прытрымаць ваш язык і не размаўляць аб нашай марнатраўнасці. Так, прынамсі, я думаю.

— Вы думаеце? Скажыце, калі ласка!

— Думаю, — казаў далей я, стараючыся здавацца вельмі строгім, — што вы нікому з нас не пазычылі-б, як-бы нам патрэбна ні было.

— Вы праўду кажаце, — сказаў Дрэмль. — Нікому з вас я не пазычу ні капейкі. Нікому ні капейкі.

— На гэта я вам толькі скажу, што не зусім прыгожа пазычаць пры такіх умовах.

— Вы скажаце! — паўтарыў Дрэмль. — Прашу пакорна!

Тут умяшаўся Стартоп і пачаў угаварваць яго быць крыху больш далікатным у кампаніі. Стартоп быў жывы, вясёлы хлопец, простая процілегласць Дрэмлю, і апошні заўсёды глядзеў на яго як на асабістую для сябе крыўду. Ён і цяпер адказаў яму грубым, нахабным тонам, але Стартоп пастараўся скончыць справу жартам, які нас усіх рассмяшыў. Страшэнна пакрыўдзіўшыся ад гэтага поспеху Стартапа, Дрэмль, ні слова не кажучы, выняў рукі з кішэняў, апусціў плечы, паслаў праз зубы нейкую лаянку і ўжо схапіўся за шклянку, намерваючыся запусціць ёю ў галаву праціўніка, але гаспадар спрытна выхапіў у яго шклянку ў той момант, калі ён ужо прыпадняў яе.

— Панове, — казаў містэр Джагерс і, асцярожна паставіўшы шклянку на стол, выцягнуў за масіўны ланцужок залаты гадзіннік, — мне вельмі сумна, але я павінен вам сказаць, што ўжо палова дзесятай.

Мы ўсталі і пачалі развітвацца. Мы яшчэ не дайшлі да выхадных дзвярэй, як Стартоп ужо весела называў Дрэмля «старым таварышам», як быццам нічога не здарылася. Але «стары таварыш» далёка не адказваў тым-жа і нават перайшоў на другі бок вуліцы, так што мы з Гербертам, астаўшыся ў горадзе, бачылі, як яны накіраваліся ў Гамерсміт па розных баках вуліцы, прычым Стартоп ішоў спераду, а Дрэмль поўз ззаду, у ценю дамоў, зусім так, як рабіў гэта, калі мы каталіся на лодках.

Прыблізна праз месяц пасля гэтага скончыўся тэрмін знаходжання «павука» ў містэра Пакета і, на вялікае задавальненне ўсяго дома, ён пайшоў у сваю хатнюю бярлогу.


РАЗДЗЕЛ XXV

«Дарагі містэр Піп!

Я пішу па жаданню містэра Гарджэры, каб паведаміць вас, што ён адпраўляецца з містэрам Вопслем у Лондан і будзе вельмі рад пабачыць вас, калі вы толькі пажадаеце. Ён з‘явіцца да вас у Барнардава падвор‘е ў аўторак, а дзевятай гадзіне. Калі вам непажадана бачыць яго, то дайце знаць. Ваша бедная сястра ўсё ў тым-жа становішчы, у якім вы яе пакінулі. Мы кожны вечар успамінаем пра вас і стараемся ўявіць сабе, што вы робіце ці гаворыце ў тую хвіліну. Калі цяпер гэта вам здаецца дзёрзкасцю з нашага боку, то даруйце дзеля ранейшай дружбы. Вось і ўсё, дарагі містэр Піп, што можа вам паведаміць

вельмі многа абавязаная і адданая вам

Бідзі».

P. S. Ён абавязкова патрабуе, каб я напісала вам: «о-то будзе весела». Ён кажа, што вы зразумееце. Я спадзяюся і не сумняваюся, што вам будзе прыемна пабачыць яго, таму што хоць цяпер вы і джэнтльмен, але ў вас заўсёды было добрае сэрца, а ён вельмі і вельмі харошы чалавек. Я прачытала яму ўсё пісьмо, апрача апошняй фразы, і ён просіць, каб я яшчэ раз напісала «о-то будзе весела».

Я атрымаў гэтае пісьмо ў панядзелак раніцою, г. зн. напярэдадні назначанага дня. Не радасць была ў маёй душы, хоць я быў звязаны з Джо моцнымі сувязямі. Не, не радасць, а непакой. Калі-б я мог адкупіцца ад гэтага візіта грашыма, я ахвотна-б зрабіў гэта.

Я даўно пачаў ужо ўпрыгожваць нашы пакоі самымі непатрэбнымі і бяссэнснымі рэчамі, і гэта бясплодная барацьба з Барнардам абыходзілася мне вельмі дорага. К таму часу, як я атрымаў пісьмо Бідзі, пакоі былі ўжо зусім не тыя, якімі я іх застаў, і я меў чэсць займаць некалькі відных старонак у рахунках суседняга мэбельшчыка.

У апошні час я дайшоў нават да таго, што завёў сабе хлопчыка-лакея ў ботах з адваротамі, і сам трапіў да яго ў няволю, таму што, як толькі я стварыў гэтае страшыдла і прыбраў яго ў сіні фрак, канарэечную камізэльку, белы галыштук, сметанковага колеру штаны і вышэйпамянёныя боты, я ўбачыў, што рабіць яму няма чаго; а еў ён вельмі многа і сваім гультайствам і абжорствам толькі атручваў маё існаванне.

Гэтаму тырану загадана было ў аўторак к васьмі гадзінам быць на сваім месцы ў пярэднім пакоі, а Герберт заказаў на снеданне розныя смачныя рэчы, якія, ён думаў, спадабаюцца Джо. Я быў вельмі ўдзячны яму за такую ўвагу і шчырасць, але разам з тым адчуваў, што мяне балюча прыгнятала думка, што ён не завіхаўся-б так, калі-б Джо быў яго госцем.

Як-бы то ні было, я з'явіўся ў горад у панядзелак увечары, каб сустрэць Джо, устаў вельмі рана і шмат клапаціўся, каб надаць і гасцінаму пакою і сталу з закускамі найбольш бліскучы выгляд. На жаль, раніца была дажджлівая, і Барнард праліваў на свае вокны брудныя слёзы, нібы які-небудзь чуллівы волат- камінар.

Скора на лесніцы пачуліся крокі Джо. Я ведаў, што гэта быў Джо: я пазнаў яго і па нязграбнай хадзе (яго парадныя боты былі яму заўсёды вялікія), і па тым, што ён доўга спыняўся на кожнай пляцоўцы, каб прачытаць прозвішчы жыхароў на дошчачках. Калі ён дабраўся нарэшце да нашых дзвярэй, я чуў, як ён вадзіў пальцам па дошчачцы, разбіраючы па складах маё прозвішча, і гучна дыхаў у замочную шчыліну. Нарэшце ён стукнуў вельмі слаба, усяго адзін раз, і Пепер — такое было імя майго хлопчыка далажыў: «Містэр Гарджэры».

Мне здавалася, што ён ніколі не скончыць выціраць свае ногі і што мне прыдзецца пайсці і сцягнуць яго з палавіка, але вось ён увайшоў.

— Джо! Як жывеш, Джо?

— Піп! Як жывеш-можаш, Піп?

Паставіўшы капялюш на падлогу паміж намі, ён са сваім добрым, асветленым радасцю тварам схапіў мяне за абедзве рукі і пачаў з усіх сіл гойдаць іх уверх і ўніз, як быццам я быў новавынайдзеная патэнтаваная помпа.

— Я вельмі рад бачыць цябе, Джо. Дай мне твой капялюш.

Але Джо, беражліва трымаючы яго абодвума рукамі, як якое-небудзь птушынае гняздо з яйкамі, ні за што не жадаў разлучацца з гэтай часткаю свайго туалета і па-ранейшаму стаяў і гутарыў над ёю у самай нязручнай позе.

— Як вы выраслі! — сказаў Джо. — А папаўнелі і аблагародзіліся, — Джо крыху падумаў, раней чым вымавіў апошняе слова, — так, што дапраўды робіце чэсць нашай радзіме.

— І ты, Джо, таксама выглядаеш малайцом.

— Дзякуй богу, — сказаў Джо, — я таксама іду на папраўку. І сястры вашай не горш, чым было раней, і Бідзі ўсё такая-ж харошая дзяўчынка. Ды і ўсе вашы ронейшыя прыяцелі не пяцяцца назад, калі не ідуць наперад.

Раптам твар Джо прыняў такое выражэнне, нібы ён убачыў здань, і я здагадаўся, што ў пакой увайшоў Герберт. Я пазнаёміў іх. Джо, у адказ на наша запрашэнне прысесці да стала, пачаў уважліва аглядаць пакой, адшукваючы прыстойнае месца для свайго капялюша, як быццам толькі вельмі нямногія прадметы ў прыродзе маглі служыць яму п‘едэсталам, і нарэшце паставіў яго на самы беражок каміна, з якога ён потым пастаянна падаў.

— Чаго загадаеце, містэр Гарджэры, чаю ці кофе? — запытаўся ў яго Герберт, які ў нас быў заўсёды за гаспадара.

— Дзякую вам, сэр, — адказаў Джо, выпрастаўшыся, як палка. — Гэта як вам будзе пажадана.

— Што вы скажаце аб кофе?

— Дзякую вам, сэр, — адказваў Джо, відаць, расчараваны гэтай прапановаю, — калі вы так ласкавы, што аддаеце перавагу кофе, то я не адважуся выказацца супроць вашай думкі. Але ці не знаходзіце вы, што кофе дзейнічае часам узбуджальна?

— У такім выпадку чаю, — сказаў Герберт, наліваючы яму чай.

Тут капялюш Джо ўпаў з каміна; ён ускочыў з месца, падняў яго і паставіў на ранейшае месца, нібы правілы прыстойнасці патрабавалі, каб ён падаў як мага часцей.

— Калі вы прыехалі, містэр Гарджэры?

— Дазвольце, калі-ж гэта было? — адказаў Джо, кашлянуўшы ў руку, як быццам з часу прыезду ён паспеў ужо схапіць коклюш. — Здаецца ўчора ўвечары? Не, не ўчора. Ну так, учора, так, так, учора ўвечары, — заключыў ён нарэшце з палёгкаю і з выглядам найвялікшай мудрасці і строгай бесстароннасці.

— Ці паспелі вы зірнуць на Лондан?

— Як-жа, сэр, — сказаў Джо, — мы з Вопслем проста накіраваліся ў краму ваксы, але не бачылі, каб яна надта была падобна на карцінку, што намалявана на чырвонай аб‘яве каля дзвярэй крамы, г. зн. я разумею, — дадаў Джо ў выглядзе тлумачэння, — што там яна намалявана надта архітэктуральна.

Дапраўды, я думаю, што ён працягнуў-бы да бясконцасці гэтае слова, якім, мабыць, хацеў выразіць якую-небудзь архітэктурную асаблівасць, калі-б яго ўвага не была зноў адцягнена падаючым капялюшом. І сапраўды, гэты капялюш патрабаваў пільнасці і быстрага вока і спрытнасці рук. Джо аперыраваў ім з надзвычайным майстэрствам; ён то кідаўся і хапаў яго ў тую самую хвіліну, калі капялюш ужо зусім падаў на падлогу, то лавіў на поўдарозе, то прымушаў лётаць па ўсім пакоі і стукацца аб сцены, пакуль нарэшце знаходзіў магчымасць злавіць яго і паставіць на ранейшае месца. Скончылася тым, што ён упаў у паласкальную міску, і тут ужо я наклаў на яго руку.

Што датычыць каўнерыкаў яго сарочкі, то яны прыводзілі мяне ў безвыходнае замяшанне і прымушалі задаваць сабе рад невырашальных пытанняў. Навошта, напрыклад, трэба чалавеку так бязлітасна драпаць сабе шыю, каб лічыць сябе прыстойна адзетым.

А Джо часамі ўпадаў у такое цяжкае раздум‘е, што не не даносіў відэльца да рота, люта паводзіў вачыма ў розныя бакі, без усякай прычыны пачынаў неяк ненатуральна кашляць, сядзеў так далёка ад стала, што больш пападала на падлогу, чым у рот, але рабіў пры гэтым выгляд, што нічога не падае, і я адчуў немалую палёгку, калі нарэшце Герберт развітаўся з намі і пайшоў у Сіці.

У мяне не хапіла ні здаровага сэнсу ні дабраты зразумець, што я быў сам ва ўсім вінаваты і што, каб я трымаў сябе больш проста з Джо, то і ён быў-бы больш просты са мною. Я злаваўся, траціў цярплівасць і такім чынам трымаў сябе на гарачым вугаллі.

— Паколькі мы за вамі цяпер адны, сэр, — пачаў Джо.

— Джо! — перапыніў я яго з прыкрасцю, — як табе не грэх называць мяне сэр?

Джо мільком зірнуў на мяне, і я прачытаў у гэтым позірку дакор. Як ні здаваўся ён смешным са сваімі каўнерыкамі і гальштукам, у ім было — я адчуў гэта цяпер — усведамленне сваёй годнасці.

— Паколькі мы цяпер адны, — паўтарыў Джо, — і я не маю ні намеру, ні магчымасці заставацца тут доўга, то і закончу, г. зн. пачну з выкладання таго, што прывяло мяне к чэсці гэтага спаткання. Таму што, — казаў далей Джо сваім ранейшым дабрадушным тонам, — калі-б не жаданне быць вам карысным, я не меў-бы чэсці дзяліць хлеб-соль у кампаніі і кватэры джэнтльменаў.

Я так баяўся сустрэць яго дакорлівы позірк, што не зрабіў ніякай заўвагі наконт яго тону.

— Дык вось, сэр, — гаварыў Джо, — так была справа. Сяджу я неяк каля «Трох Грабцоў», Піп… (Калі ў ім загаварвала ранейшая прыхільнасць да мяне, ён называў мяне Піпам, а ўпадаючы ў прыстойны тон, не пакідаў велічаць мяне «сэр».) — Сяджу я, і раптам пад‘язджае Пембльчук у сваёй аднаколцы. Дык вось, Піп, гэты самы Пембльчук з‘яўляецца да мяне да «Трох Грабцоў», — вялікую ўцеху, сэр, дастаўляюць рабочаму чалавеку люлечка ды кубак піўца, калі, вядома, не злоўжываць імі, — і кажа: «Джозеф, міс Гевішам жадае пагутарыць з вамі».

— Міс Гевішам, Джо?

— Жадае — гэта былі яго ўласныя словы — пагутарыць з вамі.

Джо замаўчаў, і сядзеў, закаціўшы вочы пад столь.

— Ну што-ж, Джо? Калі ласка, гавары далей.

— На другі дзень, сэр, — гаварыў далей Джо, пазіраючы на мяне так, нібы я сядзеў не поруч з ім, а па меншай меры за вярсту, — на другі дзень я абчысціўся і пайшоў да міс Г.

— Да міс Г., Джо? Да міс Гевішам, хочаш ты сказаць?

— Я-ж і кажу, сэр, — адказаў Джо такім афіцыяльным тонам, нібы дыктаваў духоўнае завяшчанне. — Да міс Г., або інакш Гевішам. І яна гаворыць мне наступнае: «Містэр Гарджэры, вы ў перапісцы з містэрам Піпам?» Атрымаўшы ад вас адно пісьмо, я мог адказаць: «Так, у перапісцы». — «У такім выпадку, — сказала яна, — напішыце яму, што Эстэла вярнулася дамоў і жадала-б пабачыцца з ім».

Я адчуваў, як загарэўся мой твар, калі я зірнуў на Джо; думаю, што гэта здарылася часткова ад усведамлення, што я прыняў-бы Джо куды больш ветліва, калі-б ведаў, з якою весткаю ён з‘явіўся да мяне.

— Калі я вярнуўся дадому, — гаварыў далей Джо, — і папрасіў Бідзі паведаміць вам гэту вестку, яна крышку заартачылася. «Я ведаю, — кажа, — яму будзе прыемна пачуць аб гэтым ад вас; цяпер свята, вам хацелася яго пабачыць, — едзьце». Ну вось і ўсё, сэр, — закончыў Джо, устаючы. — Жадаю вам, Піп, усяго добрага і ўсё больш і больш ісці ўгару.

— Але хіба ты ўжо ідзеш, Джо?

— Так, я пайду, — сказаў Джо.

— Але вернешся к абеду?

— Не, не вярнуся, — сказаў Джо.

Нашы позіркі сустрэліся, і ўся гэта халодная прыстойнасць з яе «сэрамі» растала ў яго мужным сэрцы, калі ён працягнуў мне руку.

— Піп, дарагі мой таварыш, усё наша жыццё складаецца з такіх расставанняў. Адзін каваль, другі лудзільшчык, трэці залатых спраў майстар, чацверты меднік, — воляй-няволяй яны павінны разыйсціся, і трэба з гэтым мірыцца. Калі сёння быў хто-небудзь вінаваты, дык толькі я. Ты і я не можам быць таварышамі ў Лондане і нідзе, апрача як дома, дзе ўсё нам даўно знаёма і дзе нас злучае дружба. Не палічы за гордасць, што я табе скажу, але я хочу паступаць правільна, і ты ніколі не ўбачыш мяне больш у гэтым плацці. Я нікуды не варт у гэтым плацці. Маё сапраўднае месца ў кузні, на нашай кухні, на балотах. Я буду выглядаць удвая лепш у маёй рабочай куртцы, з молатам у руцэ ці нават з люлькаю ў зубах. Калі ты калі-небудзь пажадаеш пабачыць мяне і ты прыдзеш і заглянеш у акенца кузні і ўбачыш там каваля Джо, за старым кавадлам у яго закураным фартуху, за старою работай, ён і напалову не здасца табе такім кепскім, як цяпер. Я страшэнна тупы, але, здаецца, я нарэшце зарубіў сабе сёе-тое блізкае да праўды.

Так, я не памыліўся: у ім была годнасць. Калі ён гаварыў гэтыя словы, яго нязграбнае адзенне не перашкаджала яму быць чалавекам. Ён пяшчотна дакрануўся да майго ілба і вышаў. Як толькі я крыху апамятаўся, я кінуўся за ім, але яго ўжо не было.


РАЗДЗЕЛ XXVI

Мне было ясна, што я павінен на другі-ж дзень ехаць у наш горад, і ў першыя хвіліны раскаяння мне было таксама ясна і тое, што спыніцца я павінен у Джо.

Але, калі я здабыў сабе месца ў дыліжансе і з‘ездзіў да містэра Покета і назад, намер гэты значна аслаб ва мне, і я пачаў прыдумваць розныя апраўданні і довады ў карысць таго, каб спыніцца ў гасцініцы «Блакітнага Вепра». Я сцясніў-бы Джо, мяне не чакалі, ложак мой не быў падрыхтаваны; ад кузні да міс Гевішам было надта далёка, я мог спазніцца, а яна гэтага не любіць. Ніякія ашуканцы ў свеце не могуць зраўняцца з чалавекам, які рашыў ашукаць самога сябе.

Я ўзяў сабе месца ў дыліжансе, які адыходзіў пасля абеда, і паколькі на дварэ была зіма, то мне прыходзілася дзве ці тры гадзіны ехаць у цемнаце.

У тыя часы катаржнікаў на пантоны перавозілі ў дыліжансах. Я часта чуў аб гэтым і раней, ды не раз і сам бачыў, як яны гойдалі сваімі закаванымі нагамі, седзячы на імперыяле, а таму і не здзівіўся, калі Герберт, сустрэўшы мяне на паштовым двары, сказаў, што ў нашым дыліжансе вязуць двух катаржнікаў. Але ў мяне была свая, даўнейшая прычына бянтэжыцца пры слове «катаржнік».

— Гэта-ж вас не сцясніць, Гендзель? — запытаўся Герберт.

— Вядома, не.

— Мне здалося, нібы вы недалюбліваеце гэты народ.

— Не магу сказаць, каб я асабліва яго любіў, ды, думаю, і самі вы не былі-б задаволены такою кампаніяй, але яны не сцясняць мяне.

— Глядзіце, вось яны, — сказаў Герберт, — выходзяць з харчэўні. Якая цяжкая і ганебная карціна!

Катаржнікі былі скаваны разам, на нагах у іх былі кайданы, добра знаёмыя мне, як і іх адзенне. У салдата была пара пісталетаў, а пад пахаю тоўстая сукаватая дубіна. Адзін з катаржнікаў быў значна вышэйшы і дзебялейшы за свайго таварыша, і я з першага-ж погляду пазнаў яго прыплюшчанае вока. Гэта той самы чалавек, якога я ў адну з субот сустрэў у шынку «Трох Вясёлых Грабцоў» і які прыстрэліў мяне тады з сваёй нябачнай стрэльбы. Вялізныя нумары на іх спінах, быццам на ўваходных дзвярах, іх грубыя, абросшыя твары, нібы ў дзікіх звяроў, іх закутыя ногі, агульная пагарда і імкненне трымацца ад іх далей, — усё гэта, як правільна заўважыў Герберт, рабіла з іх у вышэйшай ступені цяжкое і ганебнае відовішча. Але гэта было яшчэ не самае горшае. Аказалася, што ўся задняя частка імперыяла занята і для катаржнікаў заставаліся толькі месцы наперадзе, за спіною фурмана. Пан халярычнага тэмперамента, які заняў чацвертае месца на той-жа лаўцы, прышоў ад гэтага ў неапісаную лютасць і пачаў крычаць, што гэта паўнейшае нарушэнне ўсіх правіл — садзіць прыстойных людзей з такою шкоднай, ганебнай і небяспечнай кампаніяй, што гэта подла, агідна, нізка і так далей. К гэтаму часу дыліжанс быў гатовы, фурман спяшаўся, пасажыры пачалі рассаджвацца; падышлі і катаржнікі з салдатам, разносячы своеасаблівы, неразлучны з прысутнасцю арыштанта пах печанага хлеба, змешаны з пахам байкі і пянькі.

— Дарэмна вы злуецеся, сэр, — пераконваў салдат фанабэрыстага пасажыра. — Я сам сяду побач з вамі, а іх пасаджу за сабою. Яны не будуць датыкацца да вас, сэр, вы можаце не звяртаць на іх ўвагі.

—Я-то тут ужо зусім не пры чым, — прабурчэў знаёмы мне катаржнік. — Я еду не па сваёй ахвоце і быў-бы вельмі рад астацца. Я з прыемнасцю ўступлю сваё месца, калі знойдзецца жадаючы.

— Я таксама, — праказаў панура яго таварыш. — Каб была мая воля, то я не турбаваў-бы нікога з вас.

Тут абодва засмяяліся і пачалі трушчыць арэхі, насмечваючы ўсюды шкарлупаю. Калі-б я быў на іх месцы і адчуваў, як усе мною пагарджаюць, я, напэўна, вёў-бы сябе таксама.

— Да пабачэння, Гендзель! — закрычаў мне Герберт, — калі мы рушылі з месца, і я падумаў: «Якое шчасце, што ён не называе мяне Піпам».

Нельга выразіць з якою сілай я адчуваў дыханне катаржніка за маёй спіною. Адчуванне было такое, як быццам да майго мозга датыкаліся якой-небудзь вострай раз‘ядаючай кіслатою, і я мімаволі сціскаў зубы. Здавалася, ён дыхаў куды мацней і гучней за свайго таварыша, і я адчуваў, як у мяне адно плячо падымалася ўсё вышэй і вышэй у дарэмных намаганнях абараніць сябе ад гэтага дыхання.

Надвор‘е было страшэнна сырое, і катаржнікі пракліналі холад. Хутка ўсіх нас ахапіла нейкае здрантвенне, і калі дыліжанс праехаў харчэўню, якая стаяла на поўдарозе, усе драмалі, клявалі носам і маўчалі. Я таксама задрамаў, думаючы аб тым, ці не павінен вярнуць гэтаму чалавеку два фунты стэрлінгаў, раней чым выпушчу яго з-пад увагі, і як лепш за ўсё гэта зрабіць.

Відавочна, я прадрамаў больш, чым думаў. Па халоднаму вільготнаму ветру, які дуў нам у твар, я здагадаўся, што мы пад‘язджаем да нашых балот. Катаржнікі, стараючыся абараніцца ад ветру за маёй спіною і сагрэцца, падсунуліся да мяне зусім блізка, і першыя словы, што я пачуў, адносіліся якраз да таго, што я думаў.

— Два білеты па фунту стэрлінгаў, — сказаў знаёмы мне арыштант.

— Дзе-ж ён іх дастаў? — запытаўся другі.

— Адкуль мне ведаць? — адказаў першы. — Дзе-небудзь ды дастаў. Можа, прыяцелі далі.

— Жадаў-бы я мець іх цяпер, — заўважыў другі арыштант, праклінаючы холад.

— Каго? — Грошы ці прыяцеляў?

— Вядома, грошы. Я ахвотна-б прадаў усіх сваіх прыяцеляў за фунт стэрлінгаў і палічыў-бы такую здзелку вельмі выгаднай. Ну, дык як-жа было далей?

— А далей, — гаварыў мой знаёмец, — усё было сказана і зроблена ў поўхвіліны за кучаю бярвення на пантоне. «Вас вызваляюць?» запытаўся ён. — Так, кажу. «Ці не адшукаеце вы таго хлопчыка, што накарміў мяне і не выдаў, і ці не перадасцё вы яму гэтыя два білеты?» — Ахвотна, кажу, і як сказаў, так і зрабіў.

— І вельмі неразумна. Я лепш-бы сам іх праеў ці прапіў. Ён, відаць, быў з зялёных. І вы кажаце, ён зусім вас не ведаў?

— Ніколькі. Мы былі з розных партый і з розных суднаў. Яго судзілі другі раз за ўцёк і закацілі на ўсё жыццё.

— І вы толькі раз і былі ў той старане?

— Толькі раз.

— Як яна вам спадабалася?

— Вельмі паганае месца. Гразь, туман, балоты, работа, работа, балоты, туман і гразь.

Абодва пачалі лаяць гэту мясцовасць і, нарэшце, вычарпаўшы ўвесь свой запас адборных слоў, замаўчалі.

Пасля гэтай гутаркі я рашыў сыйсці з дыліжанса, як толькі мы ўедзем у горад, і зусім удачна выканаў гэты намер. Чамаданчык мой стаяў у мяне ў нагах, і мне трэба было толькі адшпіліць засцёжку, каб дастаць яго. Я скінуў яго на зямлю і сам злез услед за ім, як толькі бліснуў першы ліхтар нашага горада. Арыштанты паехалі далей, і мне было вядома, на якім месцы іх пасадзяць у лодку. Уяўленне ясна рысавала мне гэтую лодку з катаржнікамі-грабцамі, якая чакала іх каля бруднай прыстані; я зноў чуў крык: «Адчальвайце!», звернуты нібы да сабак, зноў бачыў гэты адвержаны каўчэг, які калыхаўся на цёмнай паверхні ракі.

Я не мог-бы ясна ўсвядоміць, чаго я палохаўся: гэта быў нейкі невыразны, несвядомы страх, але я ніяк не мог ад яго адчапіцца. Падыходзячы да гасцініцы, я адчуваў, што дрыжаць мяне прымушае нешта больш жахлівае, чым простая боязнь быць пазнаным. Я ведаю, што прычына майго страху не ўвасаблялася тады для мяне ні ў які рэальны вобраз, а проста ранейшы бессвядомы дзіцячы жах ажыў ва мне на некалькі хвілін.


РАЗДЗЕЛ XXVII

На другі дзень я ўстаў на досвітку. Ісці да міс Гевішам было яшчэ надта рана, і я рашыў пахадзіць за горадам. Я накіраваўся праз тую частку горада, дзе жыла міс Гевішам, рашыўшы, што да Джо я зайду заўтра. Я думаў аб маёй дабрадзейцы, і ў маім уяўленні яе планы наконт маёй будучыні рысаваліся ў самых ружовых фарбах.

Яна ўзаконіла Эстэлу, амаль усынавіла мяне і, відавочна, жадала з‘яднаць нас. Па дарозе я спыніўся супроць яе дома, каб глянуць на яго, на яго цагляныя закапцелыя сцены, на яго забітыя вокны, на зялёны плюшч, які магутна ахапляў сваімі галінамі і парасткамі ўвесь будынак да самага карніза, нібы стараючыся гэтымі старымі касматымі рукамі прыкрыць нёйкую дарагую для мяне тайну. Зразумела, душою гэтай тайны была Эстэла.

Я стараўся так разлічыць час, каб падыйсці да каліткі ва ўрочную гадзіну, у якую і раней я прыходзіў сюды. Пазваніўшы дрыжачаю рукою, я абапёрся спіною аб калітку, стараючыся набрацца духу і супакоіцца.

Я чуў, як адчыніліся бакавыя дзверы, чуў, як нехта ішоў праз двор; але я зрабіў выгляд, што нічога не чую, нават тады, калі калітка адчынілася на іржавых петлях.

Нарэшце, нехта дакрануўся да майго пляча. Я ўздрыгануўся і павярнуўся. Я збянтэжыўся яшчэ больш, апынуўшыся тварам у твар з чалавекам, адзетым ва ўсё цёмнае. Яго я менш за ўсё чакаў сустрэць тут вартаўніком дома міс Гевішам.

— Орлік!

— Так!.. Як бачыце… У лёсе людзей бываюць перамены яшчэ больш дзіўныя, як у вашым. Уваходзьце-ж, уваходзьце! Мне загадана не пакідаць каліткі адчыненай.

Я ўвайшоў. Ён захлопнуў калітку, замкнуў і выняў ключ.

— Дык вы кінулі кузню? — запытаўся я.

— Хіба вам тут што-небудзь нагадвае кузню? — адказаў Орлік, пагардліва азіраючыся навокал. — Ну, няхай гэта будзе кузня, калі вам так падабаецца.

Я запытаўся ў яго, калі ён пакінуў кузню Гарджэры.

— Тут адзін дзень так падобен на другі, — адказаў ён, — што нялёгка сказаць гэта. Я сюды паступіў ва ўсякім выпадку неўзабаве пасля вашага ад‘езду.

— Гэта, мабыць, я і сам сказаў-бы вам, Орлік.

— А! — сказаў ён суха. — Не дарма-ж я лічыў вас вучоным.

Між тым, мы падышлі да дому, і я заўважыў, што Орлік размясціўся ў бліжэйшым да бакавых дзвярэй пакоі, акно якога выходзіла на двор. Некалькі ключоў вісела на сцяне; туды-ж ён павесіў і ключ ад каліткі. Ложак, прыкрыты падранаю коўдраю, змяшчаўся ў глыбіні пакоя, у невялікай нішы. Усё абсталяванне мела брудны, нудны і нейкі сонны выгляд, а пакой здаваўся клеткаю сурка.

— Ну што-ж? — запытаў я. — Можна мне пайсці да міс Гевішам?

— А я адкуль ведаю? — сказаў ён, пацягнуўшыся і ўстрасянуўшыся. — Мае звесткі не ідуць так далёка. Я стукну малатком у звон, а вы ідзіце па карыдору.

Я пастукаў у дзверы міс Гевішам зусім так, як прызвычаіўся гэта рабіць раней.

— Гэта стукае Піп, — адазвалася яна зараз-жа. — Зайдзі, Піп.

Яна сядзела ў сваім крэсле каля старога стала, у тым-жа старым плацці, склаўшы накрыж на кастылі рукі, абапіраючыся на іх падбародкам і гледзячы на агонь. Каля яе стаяў ненадзяваны белы чаравік, а нахіліўшыся над ім і нібы разглядаючы яго, сядзела прыгожая лэдзі, якой я ніколі раней не бачыў.

— Зайдзі, Піп, — мармытала далей міс Гевішам, не адрываючы вачэй ад агню. — Зайдзі, Піп! Як ты жывеш, Піп? Ты цалуеш маю руку, быццам я каралева? Э! Ну?

Яна раптам зірнула на мяне, ледзь падняўшы свае вочы, і паўтарыла поўжартаўліва, поўсярдзіта:

— Ну?

— Мне казалі, міс Гевішам, — сказаў я, у некаторым замяшанні, — што вы пажадалі пабачыць мяне, і я зараз-жа з‘явіўся.

— Ну?

Лэдзі, якую, як мне здавалася, я ніколі раней не бачыў, падняла вочы і смела зірнула на мяне. Тады я ўбачыў, што гэта вочы Эстэлы. Але яна так змянілася, так папрыгажэла, што, гледзячы на яе, я зноў здаўся сабе неачэсаным, простым хлапчуком. Я адчуў, якая велізарная адлегласць раздзяляла нас і як недасягальна яна для мяне.

Яна працягнула мне руку. Я прамармытаў, як рад я яе зноў бачыць і што я вельмі, вельмі доўга чакаў гэтага.

— Што, Піп, вельмі яна, па-твойму, змянілася? — запыталася міс Гевішам, кінуўшы на мяне быстры позірк і стукаючы сваім кастылём па крэслу, якое стаяла паміж намі, нібы ў выглядзе запрашэння сесці на яго.

— Калі я ўвайшоў, міс Гевішам, я зусім не пазнаў Эстэлы. Але цяпер я пазнаю і ў твары, і ў фігуры, і ва ўсім ранейшую…

— Што? Ці не хочаш ты ўжо сказаць — ранейшую Эстэлу? — перапыніла мяне міс Гевішам. — Яна была ганарлівая, высокамерная. Ты трымаўся ад яе воддаль. Памятаеш?

Я адказваў збянтэжана, што гэта было вельмі даўно, што я тады быў дурны, і таму падобнае. Эстэла ўсміхалася зусім спакойна і сказала, што, на яе думку, я рабіў тады зусім правільна і што яна не магла быць асабліва прывабнай.

— А ён… змяніўся ён? — запыталася міс Гевішам, забаўляючыся локанамі Эстэлы.

Эстэла засмяялася, узяла чаравік, паглядзела на яго, потым на мяне, зноў засмяялася і паставіла чаравік на падлогу.

Яна абыходзілася са мною ўсё яшчэ як з хлапчуком, але ўжо з некаторым какецтвам.

Было вырашана, што я ўвесь дзень прабуду ў міс Гевішам, увечары вярнуся ў гасцініцу, а заўтра паеду ў Лондан. Пагутарыўшы з намі яшчэ крыху, міс Гевішам адправіла мяне з Эстэлаю пагуляць у закінуты сад.

Мы з Эстэлаю ўвайшлі ў сад праз калітку, ля якой я сустрэўся з «бледным маладым чалавекам», г. зн. з Гербертам. Я хваляваўся… Я абажаў Эстэлу да апошняй аборкі яе плацця. Яна трымалася зусім абыякава і, вядома, не мела ніякіх пачуццяў да фалдаў майго сурдута.

Калі мы падышлі да месца бойкі, яна спынілася і сказала:

— Я была, мусіць, дзіўным маленькім стварэннем, калі схавалася тут і глядзела, як вы тады біліся; але тады мяне гэта вельмі забаўляла.

— Вы тады мяне добра ўзнагародзілі.

— Праўда? — адказала яна халодна, як быццам аб гэтым не варта было і ўспамінаць. — Я памятаю, што я тады вельмі непрыхільна адносілася да вашага праціўніка; я злавалася, навошта яго прывялі сюды.

— Мы з ім цяпер вялікія прыяцелі, — сказаў я ёй.

— Так, я чула, — вы-ж, здаецца, вучыцеся ў яго бацькі?

— Так.

На апошняе пытанне я адказаў не асабліва ахвотна, бо гэта значыла прызнаць сябе школьнікам, а яна і без таго абыходзілася са мною як з хлапчуком.

— З пераменаю ў вашым становішчы вы перамянілі, напэўна, і кола сваіх знаёмых? — запыталася Эстэла.

— Вядома, — адказаў я.

— Так і трэба было, — дадала яна высокамерным тонам: — ранейшая ваша кампанія цяпер не падыходзіць для вас.

Павінен прызнацца, што пасля гутаркі з ёю я не асабліва імкнуўся пабачыцца з Джо, а апошняя яе заўвага канчаткова адбіла ў мяне да гэтага і апошнюю ахвоту.

Сад настолькі зарос, што гуляць у ім было не лёгка, і, прайшоўшыся па ім разы два ці тры, мы пайшлі на двор да піваварні. Я паказаў ёй месца, дзе яна хадзіла па бочках у першы дзень нашага знаёмства, і яна сказала безудзельна і няўважліва: «Праўда?» Я напомніў ёй, у якія дзверы яна вынесла мне тады піва і мяса, і яна адказала: «Дапраўды, не памятаю».

— А памятаеце, як я плакаў з-за вас? — запытаўся я.

— Не, — адказала яна, адмоўна ківаючы галавою, і абвяла вачыма двор.

Я ўнутрана гатоў быў зноў заплакаць ад яе забыўчывасці і поўнага раўнадушша да мяне, — і гэтыя ўнутраныя слёзы, дапраўды, горш за ўсякія іншыя.

— Вы самі ведаеце, — сказала Эстэла з такім забойча-выбачлівым выглядам, які ўмеюць напускаць на сябе толькі чароўныя і прыгожыя жанчыны, — што ў мяне няма сэрца… Можа, гэта і мае якія-небудзь адносіны да маёй памяці.

Я пачаў мармытаць нешта аб тым, што бяру на сябе смеласць сумнявацца ў справядлівасці яе слоў, што, наадварот, немагчыма ўявіць сабе, каб у такой красуні не было сэрца…

— О! У мяне, вядома, ёсць сэрца, якое можна пракалоць кінжалам, прастрэліць, — сказала Эстэла. — Я памру, вядома, калі яно перастане біцца; але вы ведаеце, што я хацела сказаць: у маім сэрцы няма месца сімпатыі, пяшчотнасці і іншым падобным глупствам. — Я кажу сур‘ёзна, — гаварыла Эстэла, і твар яе стаў строгім, хоць бровы не варухнуліся і лоб заставаўся зусім гладкім. — Калі нам суджана часта сустракацца, то вам лепш раз назаўсёды прымірыцца з гэтай думкаю. Не, — спыніла яна мяне ўладарным жэстам, як толькі я папрабаваў адкрыць рот, — ні да каго я не адчуваю асаблівай пяшчотнасці, я нават не разумею падобных пачуццяў.

Між тым у нашу адсутнасць былі запалены старыя кандэлябры, і міс Гевішам чакала мяне ў сваім крэсле. Мы пачалі наша звычайнае ў былы час катанне.

Час ляцеў, наступіла пара абеду, і Эстэла пайшла пераапрануцца к абеду. Мы спыніліся каля сярэдзіны доўгага стала, міс Гевішам выцягнула сваю кастлявую руку і паклала яе на пажоўклы абрус. Эстэла, выходзячы, павярнулася, зірнула на нас цераз плячо, і міс Гевішам паслала ёй гарачы ваздушны пацалунак, у якім было нешта злавеснае.

Як толькі Эстэла вышла, і мы засталіся ўдваіх, міс Гевішам павярнулася да мяне і ціха сказала:

— Якая красуня? Якая стройная, як выхавана! Ты-ж у захапленні ад яе?

— Усе павінны захапляцца ёю, міс Гевішам!

Яна, лежачы ў крэсле, абхапіла рукою маю шыю і прыцягнула мяне да сябе.

— Кахай яе!.. Кахай! Кахай!.. Як яна да цябе адносіцца?

Раней чым я сабраўся адказаць нагэтае шчакатлівае пытанне, яна зноў паўтарыла:

— Кахай!.. Кахай яе!.. Усёроўна, ці адказвае яна табе, ці не. Як-бы ні разрывала яна тваё сэрца, — а з часам яна стане больш вопытнай і разумнай, — усё-такі ты кахай яе, кахай, кахай!

Ніколі я не бачыў, каб хто-небудзь гаварыў з большым запалам. Я адчуваў, што, па меры таго, як яна захаплялася, маю шыю ўсё мацней і мацней сціскалі яе кастлявыя рукі.

— Слухай, Піп! Я яе ўзяла да сябе, узаконіла, выхавала для таго, каб яе кахалі. Кахай-жа яе!..

Яна надта часта паўтарала слова: «кахай», каб можна было не зразумець сэнсу яе рэчы. Але калі-б гэта слова, замест кахання, заклікала да нянавісці, да роспачы, да помсты ці абяцала пакутлівую смерць, то і тады-б яно наўрад ці было больш падобным на праклён, чым цяпер, у яе вуснах.

— Я раскажу табе, — мармытала яна палкім шэптам, — што такое сапраўднае каханне. Гэта — сляпая адданасць, поўнае самаафяраванне і падпарадкаванне, давер‘е — наперакор відавочнасці, вера, здольная змагацца з цэлым светам, гэта беззаветнае прысвячэнне ўсіх сіл душы і сэрца каханай істоце! Я сама так кахала!

Дзікі крык вырваўся з яе грудзей, калі яна вымавіла гэтыя словы. Яна ўскочыла з крэсла і сударажна кінулася наперад у сваім плацці, якое развявалася, як саван, а я стрымліваў яе за талію, бо мне здавалася, што яна здольна цяпер насмерць разбіцца аб сцяну.

Садзячы яе ў крэсла, я адчуў добра знаёмы мне пах і, павярнуўшыся, убачыў свайго апекуна.

Ён заўсёды насіў — я, здаецца, забыўся ўпамянуць аб гэтым — раскошныя фуляравыя насавыя хусткі велізарных размераў, і ў гэтую хвіліну ён трымаў у руках насавую хустку.

Заўважыўшы мой позірк, ён урачыста вымавіў пасля кароткай паўзы:

— Так, гэта дзіўна! — і высмаркаўся са здзіўляючым эфектам.

Міс Гевішам заўважыла яго адначасова са мною. Яна, як і ўсе, баялася яго. Перамогшы свой непакой, яна прамармытала, што ён акуратны, як заўсёды.

— Як заўсёды, — адказаў ён, падыходзячы да мяне. — Як справы, Піп? Ці не пракаціць вас, міс Гевішам? Дык вы тут, Піп?

Я паведаміў яму, што прыехаў сюды, выкліканы міс Гевішам, якая пажадала, каб я пабачыўся з Эстэлаю, на што ён адказаў:

— О, яна чароўная асоба!

Затым ён адной рукою пакаціў перад сабою міс Гевішам у яе крэсле, а другую засунуў у кішэню сваіх штаноў з такім выглядам, нібы там хаваўся цэлы запас тайн.

— А колькі разоў у жыцці, Піп, вы бачылі Эстэлу? — сказаў ён, спыняючыся.

— Колькі разоў?..

— Так, іменна. Дзесяць тысяч разоў?

— О, не, не столькі…

— Ну, два разы?

— Джагерс, — перапыніла яго міс Гевішам, — пакіньце ў спакоі майго Піпа і ідзіце з ім уніз абедаць.

Мы ўвайшлі ў сталовую, дзе чакалі нас Эстэла і Сара Покет. Містэр Джагерс сеў на старшынскае месца, а Эстэла памясцілася супроць яго. Мы вельмі добра паабедалі і нам прыслужвала жанчына, якой я ніколі тут не бачыў, але якая, як я ведаў, даўно служыла ў гэтым таямнічым доме. Пасля абеду перад апекуном з‘явілася бутэлька старога партвейну, у якім ён, відавочна, разумеў толк, — і дамы вышлі.

Калі мы засталіся ўдваіх, мой апякун прыняў такі непранікальны выгляд, быццам уладаў тайнамі ўсяго свету. Мне было няёмка. Не маючы пад рукамі нічога лепшага, ён браў пад допыт нават віно: ён разглядаў яго на святло, адсёрбваў, смакаваў, глытаў, ставіў чарку на стол, зноў разглядаў, нюхаў, рабіў сапраўднае следства, і я адчуваў такі непакой, як быццам віно магло паведаміць яму пра мяне што-небудзь нядобрае.

Міс Покет не з‘явілася, калі мы сабраліся ў пакоі міс Гевішам пагуляць у віст. Тым часам міс Гевішам паспела прыбраць Эстэлу: на руках у яе, на грудзях і ў валасах блішчалі лепшыя каштоўныя рэчы з туалета міс Гевішам. Я заўважыў, што нават мой апякун, які глядзеў на яе з-пад сваіх навісшых броваў, прыўзняў вочы, калі заззяла перад ім гэтая цудоўная прыгожасць ва ўсім сваім асляпляючым бляску.

Я не буду шмат гаварыць аб тым, з якім выглядам містэр Джагерс прыберагаў у часе гульні маленькіх козыраў і потым біў імі нашых тузаў і каралёў.

Гульня зацягнулася да дзевяці гадзін. Мы ўмовіліся, што я буду папярэджан аб прыездзе Эстэлы ў Лондан і сустрэну яе каля дыліжанса. Я развітаўся з ёю, паціснуў ёй руку, і мы рассталіся,

Апякун мой займаў у гасцініцы «Блакітнага Вепра» нумар побач са мною. Да глыбокай ночы ў маіх вушах гучэлі словы міс Гевішам: «Кахай яе, кахай, кахай!» Я змяніў іх па-свойму і паўтараў сотні разоў сваёй падушцы: «Я кахаю яе, кахаю, кахаю!».


РАЗДЗЕЛ XXVIII

Зараз-жа па прыездзе ў Лондан я паслаў Джо траскі і бочачку вустрыц у якасці адкупнога, каб хоць як-небудзь загладзіць сваю віну, і пасля гэтага накіраваўся ўжо ў Барнардава падвор‘е.

Пасля абеду мы размясціліся ля каміна, і я сказаў Герберту:

— Дарагі Герберт, мне трэба паведаміць табе вельмі важную рэч.

— Я буду слухаць, дарагі Гендзель, вельмі ўважліва і сур‘ёзна, — адказаў ён.

— Справа датычыць мяне, Герберт, — сказаў я, — і яшчэ адной асобы.

Герберт паклаў нагу на нагу і паглядзеў на агонь, схіліўшы галаву, але, бачачы, што я спыніўся, пытальна зірнуў на мяне.

— Герберт, — вымавіў я, кладучы руку яму на калена, — я кахаю, я абажаю Эстэлу!

Ані не здзіўляючыся, нібы так і павінна быць, Герберт адказаў мне:

— Вельмі добра. Дык што-ж?

— Дык што-ж! Няўжо табе больш няма чаго сказаць мне?

— Я хацеў сказаць: што-ж далей? А гэта і без цябе я даўно ведаю.

— Адкуль ты даведаўся? — закрычаў я.

— Адкуль я даведаўся, Гендзель? Ад цябе.

— Я табе ніколі не гаварыў гэтага.

— Не гаварыў? Вядома, не гаварыў… Але ў маёй галаве досыць кемлівасці, каб здагадацца. Ты даўно абажаеш яе — з таго часу, як я цябе ведаю. Ты ніколі не гаварыў мне!.. Ды ты аб гэтым цвярдзіў з раніцы да вечара!.. Калі ты мне расказваў сваю біяграфію, дык зусім ясна даў мне зразумець, што пакахаў яе з першага-ж погляду, калі быў яшчэ вельмі і вельмі малады.

— Ну, нічога з табою не зробіш, — сказаў я, ніколькі не сердзячыся на Герберта за яго адкрыццё, — я яе абажаў увесь час, а цяпер яна стала такая прыгожая і чароўная, як толькі можна сабе ўявіць. Я ўчора бачыўся з ёю, і калі раней кахаў яе, то цяпер кахаю ўдвая мацней.

— У такім выпадку тваё шчасце, Гендзель, што ты абраны і прызначаны для яе. Умоўчваючы аб тым, што закранаць нам забаронена, мы можам, здаецца, згадзіцца, што наконт гэтага не можа быць сумненняў. Але вось у чым справа: ці кахае цябе Эстэла?

Я сумна паківаў галавою.

— На вялікі жаль, не!

— Цярпенне, Гендзель! Наперадзе даволі часу, даволі! Але ты яшчэ нешта хацеў сказаць?

— Мне сорамна прызнацца, — адказаў я, — але мець такія думкі таксама сорамна, як і прызнавацца ў іх. Ты назваў мяне шчаслівым, і я… шчаслівы, вядома. Мяне мучыць сазнанне, што яшчэ ўчора я быў мурзатым хлапчуком у кузні, а цяпер?.. Хто-ж я цяпер?

— Перш за ўсё добры хлопец, — сказаў Герберт, усміхаючыся і паціскаючы мне руку, — вельмі добры хлопец, у якім даволі дзіўна злучаюцца хістанне і нерашучасць, самаўпэўненасць і недавер‘е да сябе, натхненне і лятуценнасць.

Я задумаўся на хвіліну, каб праверыць у галаве, ці сапраўды мой характар уяўляе сабою такую неймаверную сумесь. Некаторых рыс, на якія указаў Герберт, я не знаходзіў у сабе, але аб гэтым не варта было гаварыць.

— Калі я пытаюся, Герберт, хто я такі ў цяперашні час, — гаварыў я далей, — я толькі выражаю словамі думку, якая часцей за ўсё цікавіць мяне. Ты назваў мяне шчаслівым. Але падумай, я-ж нічога не зрабіў сам для сябе, а ўсё атрымаў з рук лёсу. Вядома, у мяне шмат шансаў на поспех, але як толькі падумаю я пра Эстэлу…

— А калі ты пра яе не думаеш, — спыніў мяне Герберт, — табе спакайней?

Ён зноў глядзеў на агонь, што было вельмі далікатна з яго боку.

— Не. Тады, дарагі Герберт, я канчаткова губляюся: будучае ўяўляецца мне няпэўным, і мне здаецца, што тысячы выпадковасцей гатовы абрушыцца на мяне. Не гаворачы аб забароненым пытанні, я магу толькі дадаць, што ўсе мае надзеі аснаваны на пастаянстве адной асобы, — імя якой таксама спамінаць не буду, — і што яны яшчэ вельмі невыразныя і няпэўныя.

Выказаўшы гэта, я аблягчыў сваю душу ад гнёту, які заўсёды вісеў на ёй і стаў асабліва нясцерпным з учарашняга дня.


РАЗДЗЕЛ XXIX

Аднаго разу, калі я займаўся з містэрам Покетам, мне падалі пісьмо, адзін выгляд якога незвычайна ўсхваляваў мяне, бо я зараз-жа здагадаўся, адкуль яно, хоць ніколі не бачыў почырку, якім быў напісаны адрас. Пісьмо пачыналася не са слоў: «Дарагі містэр Піп» ці «Дарагі Піп», ці нарэшце «Дарагі» — не ведаю ўжо, дапраўды, хто, але гаварыла літаральна ўжо, дапраўды, хто, але гаварыла літаральна наступнае:

«Я прыеду ў Лондан паслязаўтра ў поўдзень. Здаецца, мы ўмовіліся, што вы сустрэнеце мяне. Такое ва ўсякім выпадку жаданне міс Гевішам, і я пішу вам, каб яго выканаць. Яна пасылае вам сваё прывітанне. Адданая вам Эстэла».

Калі-б было дастаткова часу, вельмі можа быць, што я заказаў-бы сабе к гэтаму дню некалькі новых касцюмаў, але паколькі часу не было, то я павінен быў задавольвацца тымі, што былі ў наяўнасці. Я адразу страціў апетыт і пазбавіўся сну і спакою, пакуль не настаў жаданы дзень. Але і ён не вярнуў мне страчанай роўнавагі, а, наадварот, я хваляваўся яшчэ больш. Я пачаў снаваць каля канторы дыліжансаў спазаранку, калі, мусіць, дыліжанс, якога я чакаў, не выехаў яшчэ з гасцініцы «Блакітнага Вепра» ў нашым горадзе. Я ведаў гэта вельмі добра, але мяне ахапляла трывога, як толькі я адыходзіў ад канторы дыліжансаў хоць на пяць хвілін.

Эстэла была цудоўна прыгожая ў дарожным плацці з футроваю аблямоўкай. Ніколі нават мне не здавалася яна такою красуняй, і яе абыходжанне са мною было чароўнае, як ніколі раней. Гэтую перамену я прыпісваў уплыву міс Гевішам.

Мы былі на двары гасцініцы, і яна ўказвала мне свае рэчы. Калі яны былі сабраны, я ўспомніў, што, паглынуты цалкам думкаю аб ёй, я не запытаўся нават, куды яна едзе.

— Я еду ў Рычмонд, — сказала яна мне. — Вы найміце мне карэту і праводзьце мяне. Вось вам грошы. Плаціце імі за ўсе мае выдаткі. Бярыце! Нам з вамі няма чаго разважаць, мы павінны падпарадкавацца загадам і не можам змяняць іх па ўласнаму жаданню.

Калі яна перадавала мне кашалёк, я стараўся адгадаць затоены сэнс яе апошніх слоў. Яна вымавіла іх крыху высокамерным тонам, але без гневу.

— Да каго вы едзеце ў Рычмонд? — запытаў я Эстэлу.

— Я пасялюся, — сказала яна, — і за вялікія грошы, у адной мясцовай жыхаркі, якая карыстаецца ўплывам у грамадстве, прынамсі, так яна гаворыць, буду зыязджаць з ёю ўсюды, каб людзей паглядзець і сябе паказаць.

— Я думаю, вас будзе забаўляць рознастайнасць уражанняў і захапленне, выклікаемае вамі.

— Так, я думаю.

Яна вымавіла гэта так бесклапотна, што я сказаў ёй:

— Вы гаворыце аб сабе, як аб старонняй асобе.

— Адкуль вы ведаеце, як я гавару аб іншых? Пачакайце, пачакайце, — сказала яна з чароўнай усмешкаю, — я яшчэ не паступіла да вас у вучэнне; я магу яшчэ гаварыць так, як мне ўздумаецца. Ну, а вам як жывецца ў містэра Покета?

— Вельмі добра, наколькі…

Мне здаецца, што цяпер быў зручны выпадак выказацца.

— Наколькі — што? — запыталася Эстэла.

— Наколькі гэта магчыма для мяне дзе-б там ні было воддаль ад вас.

— Які вы наіўны! — сказала Эстэла зусім спакойна. — Як у вас язык паварачваецца балбатаць такое глупства? Містэр Покет, мусіць, значна цікавей за астатніх членаў сям‘і?

— Так, нязмерна цікавей. Ён нікому не жадае зла.

— Не дадавайце толькі: апрача самога сябе, — перапыніла мяне Эстэла. — Я ненавіджу падобных людзей. Але ён, здаецца, сапраўды бескарыслівы і вышэй за дробязную зайздрасць і злосць, прынамсі я так чула аб ім…

— Я маю поўную падставу сцвярджаць гэта, запэўняю вас.

— Але вы не маеце падставы адзывацца таксама аб яго сваяках, — сказала Эстэла, з насмешлівым і многазначным кіўком, — таму што яны не даюць пакою міс Гевішам не асабліва спрыяючымі для вас плёткамі і даносамі. Усе яны шпіёняць за вамі, рысуюць вашы ўчынкі ў скажоным выглядзе, пішуць пра вас ананімныя пісьмы. Вы, адным словам, перашкаджаеце ім жыць. Вы не можаце сабе ўявіць, да чаго яны ненавідзяць вас.

— Спадзяюся, ім не ўдасца пашкодзіць мне?

Замест адказу, Эстэла засмяялася. Мне гэта паказалася вельмі дзіўным, і я са здзіўленнем паглядзеў на яе.

— Я магу вам сказаць дзве рэчы, — вымавіла Эстэла, — па-першае, хоць прыказка і кажа: кропля і камень точыць, але вы можаце быць спакойны, што гэтым панам да сканчэння веку не ўдасца змяніць вашых адносін з міс Гевішам. Па-другое, я вам удзячна за тую прыемнасць, якую мне дастаўляюць усе іх дарэмныя падкопы і подласці, і за гэта працягваю вам руку.

Яна весела працягнула мне руку, і я паднёс яе к губам.

— Які вы смешны хлопчык! — сказала Эстэла — Вы, мусіць, не хочаце зразумець маёй перасцярогі. Можа быць, вы, аднак, цалуеце мне руку з тым-жа пачуццем, з якім я дазволіла вам тады пацалаваць сябе ў шчаку?

— З якім-жа?

— Дайце падумаць… З пачуццем пагарды да нікчэмных лісліўцаў і плеткароў.

— А калі я адкажу вам сцвярджальна, вы дазволіце яшчэ раз пацалаваць вас?

— Аб гэтым трэба было пытаць раней, чым цалаваць руку. Але цалуйце, калі вам хочацца.

Я нахіліўся да яе; яе твар быў нерухомы, як мрамар.

— Цяпер, — сказала Эстэла, адхіляючыся зараз-жа, як толькі я дакрануўся да яе шчакі, — вы павінны паклапаціцца, каб хутчэй праводзіць мяне ў Рычмонд.

Мне было сумна, што яна сказала апошнія словы такім тонам, нібы мы сустракаліся толькі па чужых загадах, а самі былі простымі марыянеткамі: зрэшты, у гэтым спатканні ўсё засмучала мяне.

Аб’ехаўшы Чыпсайд, мы паехалі па вуліцы Н’югета і хутка параўняліся з будынкам, ведаць які здавалася мне ганебным.

— Што гэта за ўстанова? — запыталася Эстэла.

Спачатку я хацеў зрабіць выгляд, што сам не ведаю, але потым назваў яе Эстэле. Яна, зірнуўшы ў акно і зараз-жа адвярнуўшыся, прамармытала: «Якая брыдота!» Я, здаецца, у гэты момант ні за што на свеце не прызнаўся-б, што бываў там.

— Містэр Джагерс, — сказаў я, жадаючы перамяніць гутарку і даць ёй іншы напрамак, — лічыцца ва ўсім Лондане асобаю, якой найбольш вядомы ўсе таямніцы гэтай жахлівай установы.

— Я думаю, — сказала Эстэла, — ён ведае больш, чым хто-б там ні было, усе чыста таямніцы.

— Вы, мусіць, часта бачыліся з ім?

— Я памятаю яго, як памятаю сябе; ён з’яўляўся праз самыя розныя прамежкі часу. Але і цяпер я ведаю яго не лепш, чым у той час, калі яшчэ не ўмела гаварыць. Якія ў вас з ім адносіны? Зблізіліся вы?

— Я прымірыўся раз назаўсёды з яго замкнутасцю, — сказаў я, — і не раскайваюся ў гэтым.

— Але наколькі вы зблізіліся?

— Я абедаў адзін раз у яго дома.

— Мусіць, цікавае месца? — сказала Эстэла, паціскаючы плячмі.

— Так, вельмі цікавае.

Я даў сабе слова асцярожна гаварыць з ёю пра свайго апекуна, але, папаўшы на гэту тэму, я апісаў-бы абавязкова наш абед у Джэрард-стрыце, калі-б раптам у карэту не прарваўся сноп моцнага газавага святла. Мне здавалася, што ўсё заззяла навокал і нібы асвяцілася тым-жа невытлумачальным пачуццём, якое ўладала мною. Я быў аслеплены на некалькі імгненняў, быццам перада мною бліснула маланка.

Гутарка перайшла на другія прадметы: на цікавыя месцы дарогі, па якой мы ехалі, і наогул усёй гэтай часткі Лондана і т. п. Яна, па яе словах, амаль зусім не ведала Лондана, таму што ніколі, да самай паездкі ва Францыю, не бывала далей бліжэйшых ваколіц нашага горада, а ў Лондане бывала толькі праездам, па дарозе ва Францыю і назад. Я запытаўся ў яе, ці не будзе мець якіх-небудзь адносін да яе мой апякун у часе яе прабывання ў Рычмондзе, на што яна горача адказвала:

— Не. Крый божа!

Праязджаючы праз Гамерсміт, я паказаў ёй, дзе жыве містэр Мацью Покет, і сказаў, што гэта вельмі блізка ад Рычмонда, а таму я спадзяюся часам бачыцца з ёю.

— Вядома, мы будзем бачыцца… Вы можаце прыходзіць да мяне, калі вам уздумаецца… У сям‘і, у якой буду я жыць, пра вас, напэўна, ужо ведаюць.

Я запытаўся, ці вялікая гэтая сям‘я.

— Не, іх усяго двое — маці і дачка. Матулька, здаецца, благародная лэдзі, якая не ўпускае, аднак, выпадку прыдбаць грошай.

— Мяне здзіўляе, што міс Гевішам адважылася так хутка зноў расстацца з вамі.

— Гэта ўваходзіць у яе планы наконт маёй будучыні, Піп, — сказала Эстэла ўздыхаючы, як быццам яна стамілася. — Я павінна заўсёды пісаць ёй, бачыцца з ёю праз пэўны час і паведамляць, як мне жывецца з маімі брыльянтамі, таму што яны амаль усе цяпер належаць мне.

Эстэла ўпершыню назвала мяне проста па імені. Зразумела, яна зрабіла гэта свядома, вельмі добра разумеючы, што я не прапушчу гэтага міма вушэй.

Мы прыехалі ў Рычмонд і дасягнулі мэты свайго падарожжа, як мне здалося, залішне скора. Перад намі быў паважаны старадаўні дом, размешчаны сярод лугавінкі. У цішыні месячнай ночы забразгатаў званочак, і хутка дзве румяныя, як вішні, дзяўчыны вышлі сустрэць Эстэлу.

Яе багаж хутка знік за ўваходнымі дзвярыма, а следам за імі знікла і Эстэла, паціснуўшы мне руку і ўсміхнуўшыся на развітанне. А я ўсё стаяў перад домам і думаў, якое вялікае шчасце было-б жыць з ёю, ўсведамляючы ў той-жа час, што я і тут быў-бы не шчаслівым, а жалкім перад ёю.

Нарэшце я сеў у карэту і паехаў назад у Гамерсміт, не атрымаўшы супакаення.


РАЗДЗЕЛ XXX

Прызвычаіўшыся крыху да сваіх надзей, я пачаў мімаволі назіраць, як дзейнічаюць яны на мяне самога і на акружаючых. Як ні стараўся я не заўважаць іх уплыву на мой характар, я ўсё-такі ўсведамляў, што ўплыў гэты быў далёка не добры. Мяне заўсёды мучыла ўсведамленне вінаватасці перад Джо, а таксама і перад Бідзі. Часта, прачынаючыся ўночы, я з горкім пачуццем думаў аб тым, што быў-бы і больш шчаслівы і лепшы, калі-б ніколі не бачыў міс Гевішам і калі-б вырас ў старой кузні вучнем сумленнага Джо, здаволены сваім лёсам. Часта па вечарах, калі я адзінока сядзеў перад камінам, мне здавалася, што ўсё-такі няма на свеце ачага больш прыветнага, чым наш кавальскі горан ці кухонная печ. Але вобраз Эстэлы так неадчэпна ўплятаўся ва ўсе мае непакойныя мары, што я зусім не мог разабрацца, наколькі ва ўсіх сваіх пакутах быў вінаваты я сам. Што датычыць майго ўплыву на іншых, то тут не магло быць сумненняў: я ўсведамляў, хоць, можа, і недастаткова ясна, што мой уплыў нікому не прынёс карысці, а ў асаблівасці Герберту.

У яго быў мяккі, уступчывы характар, і мае марнатраўныя звычкі ўцягнулі яго ў празмерныя выдаткі, парушылі прастату яго прывычак і ўскаламуцілі яго спакой. Тое, што з-за мяне іншыя члены сям‘і Покет пускаліся на мізэрныя хітрасці, мяне не закранала, таму што хітрыкі гэтыя былі ў іх натуры і прабудзіліся-б усёроўна пад уплывам першага поваду, калі-б нават мяне зусім не было. Але Герберт зусім іншая справа. Я часта папракаў сябе за тое, што з мае ласкі ён нацягаў у свае скромныя пакоі прыгожай, але бескарыснай мэблі і завёў «тырана» ў камізэльцы канарэечнага колеру.

Дайшло да таго, што для павелічэння хатніх выгод я нарабіў даўгоў, і Герберт узяў з мяне прыклад. Па парадзе Стартопа, мы дабіліся чэсці залічэння ў члены клуба «Лясных драздоў». Задачы гэтай установы назаўсёды засталіся для мяне загадкаю, калі не лічыць задачамі таго, што панове члены абавязкова сходзіліся разам два разы ў месяц, каб есці дарагія абеды, прычым заядла сварыліся паміж сабою і забаўляліся тым, што спойвалі да бяспамяцтва шасцярых лакеяў, якія сваімі галовамі лічылі потым ступенькі на лесніцах.

Мы транжырылі грошы як толькі маглі, а ўзамен іх нам совалі што папала. Мы заўсёды адчувалі нястачу ў грошах, і большая частка нашых знаёмых у гэтых адносінах была падобна да нас. Мы ашуквалі сябе і ўвабражалі, што весялімся, але, праўду сказаць, ніколі не адчувалі сапраўднай весялосці. Я, аднак, упэўнен, што ў гэтых адносінах мы не былі выключэннем.

Кожны дзень Герберт ішоў у Сіці выглядаць падыходзячую справу. Я часта заходзіў да яго. Ён засядаў у цёмным пакоі, у якім былі толькі бутэлькі чарніла, вешалка, скрынка з вугаллем, клубок бічоўкі, каляндар, канторка, табурэт і лаўка, і не памятаю, каб мне здарылася калі-небудзь застаць яго за іншым заняткам, апрача цярплівага чакання падыходзячага выпадку.

Наш настрой быў такі, што, калі-б мы не былі так прывязаны адзін да аднаго, то, напэўна, сварыліся-б кожны дзень.

У пэўныя дні (праўдзівей — у няпэўныя, бо ўсё залежала ад нашага настрою) я казаў Герберту з такім выглядам, як быццам толькі што зрабіў надзвычайнае адкрыццё:

— Дарагі Герберт, мы зарываемся.

— Дарагі Гендзель, — адказваў мне Герберт зусім шчыра, — вер ці не вер, але тое-ж самае па дзіўнаму супаданню было і ў мяне на языку.

— Дык высветлім-жа, Герберт, — падхапляў я, — становішча спраў!

Падобнае рашэнне падымала нас ва ўласных вачах. Я думаў, што іменна ў гэтым заключаецца сапраўдная дзелавітасць, што іменна такім чынам надзейней за ўсё змагацца в бядою, і Герберт быў цалкам згодзен са мною.

Дзеля такой падзеі мы заказвалі на абед якую-небудзь дзівосную страву і бутэльку таксама якога-небудзь незвычайнага віна, каб падмацаваць бадзёрасць і быць на вышыні прызначэння. Пасля абеду мы раскладвалі кучу пер‘яў, адпаведную колькасць чарніла, белай і прамакальнай паперы, бо нам здавалася неабходным мець пад рукамі пісьмовыя прылады ў дастатку.

Я браў аркуш паперы і выводзіў наверсе чоткім почыркам загаловак: «Баланс даўгоў Піпа», клапатліва адзначаючы: «Барнардава падвор‘е, такога-то чысла».

Герберт таксама браў аркуш паперы і выводзіў такі-ж самы загаловак: «Баланс даўгоў Герберта».

Праз некаторы час я пытаў у Герберта, як яго справы. Герберт спачатку пачосваў галаву, гледзячы на вынікі, якія ўсё разрасталіся, і казаў:

— Даўгі растуць, Гендзель, растуць, клянуся жыццём!

— Будзь цвёрды, Герберт, — адказваў я, пачынаючы скрыпець пяром з асаблівай стараннасцю, — зірні на справу проста: высветлі ўсё — і не палохайся!

— І рад-бы, Гендзель, ды нічога не зробіш!

Тым не менш мой рашучы тон дзейнічаў, і Герберт зноў браўся за работу. Праз хвіліну ён зноў кідаў з тае прычыны, што нехапала рахунка якога-небудзь Кобса, Лобса ці Нобса, гледзячы на акалічнасці.

— Дык вось што, Герберт, — вазьмі максімум, акруглі лічбу і ўпішы ў баланс.

— Вось гэта думка! — адказваў у здзіўленні мой прыяцель. — Дапраўды, у цябе надзвычайная практычная кемлівасць!

Мая бухгалтэрыя мела яшчэ адну бліскучую якасць, якую я назваў «акругленнем вынікаў». Дапусцім, напрыклад, даўгі Герберта дасягалі шасцідзесяці чатырох фунтаў, чатырох шылінгаў двух пенсаў. Тады я казаў: «Акруглім і напішам: дзвесце фунтаў». Або, дапусцім, мае даўгі былі ў чатыры разы большыя, і я таксама «акругляў» іх да сямісот фунтаў. Я быў вельмі высокай думкі аб камерцыйных уласцівасцях свайго «акруглення», але цяпер, успамінаючы мінулае, павінен прызнаць яго вельмі нявыгадным прыёмам, таму што мы звычайна рабілі зараз-жа новыя даўгі, каб апраўдаць зробленае «акругленне», а часам, захапіўшыся прастатою гэтага сродку выплаты, вымушаны бывалі рабіць новыя «акругленні».

Вынікам падобных практыкаванняў звычайна з’яўлялася душэўная роўнавага, супакаенне, дабрадзейнае зацішша, — і я некаторы час захапляўся сабою. Задаволены сваімі працамі, сваёй бухгалтэрыяй і пахваламі Герберта, я па-ранейшаму засядаў за сталом перад акуратнымі пірамідамі нашых рахункаў, акружаных пісьмовымі прыладамі, і меў нахіл лічыць сябе хутчэй якім-небудзь банкірам, чым простым смяротным.

У такіх урачыстых выпадках мы замыкалі ўваходныя дзверы, каб нас чым-небудзь не патурбавалі.

Аднаго разу ўвечары, калі я ўжо дайшоў да падобнага шчаслівага настрою, раптам скрозь адтуліну ў дзвярах прасунулася пісьмо і ўпала на падлогу.

— Гэта табе, Гендзель, — сказаў Герберт, вышаўшы ў пярэдні пакой і падымаючы пісьмо. — Спадзяюся, нічога кепскага.

Ён меў на ўвазе вялікую чорную пячатку і чорную кайму на канверце.

Пісьмо было падпісана: Траб і К°, якія бралі на сябе смеласць паведаміць глыбокашаноўнага джэнтльмена, што місіс Гарджэры памерла ў мінулы панядзелак у шэсць гадзін дваццаць хвілін вечара, і прасілі яго прыбыць на пахаванне ў наступны панядзелак, а трэцяй гадзіне папоўдні.

РАЗДЗЕЛ XXXI

Я не мог успамінаць пра сястру з асаблівым замілаваннем, не гледзячы ні на якія перамены ў маім лёсе. Але можна шкадаваць чалавека і не маючы да яго пяшчотных пачуццяў. Я напісаў Джо, што буду на пахаванні, і астатнія дні правёў у дзіўным душэўным настроі. Я рана выправіўся ў дарогу ў прызначаны дзень, так што, калі сышоў ля «Блакітнага Вепра», заставалася яшчэ шмат часу, каб пехатою дайсці да кузні.

Нарэшце паказаўся дом, і я заўважыў, што Траб і К° паклапаціліся аб усім неабходным для пахавання і ўладарылі ў доме Джо.

Небарака Джо, захутаны ў чорны плашч, які завязваўся вялізным бантам пад самым падбародкам, адзінока сядзеў на покуце, куды яго, напэўна, у якасці верхавода працэсіі, запратаў містэр Траб.

Калі я нахіліўся і сказаў яму:

— Ну, што, Джо?

Ён адказаў толькі:

— Піп… Любы Піп, ты ведаў яе яшчэ красуняй!

Ён паціснуў мне руку і змоўк.

Бідзі была вельмі мілая і скромная ў чорным плацці; яна спакойна і талкова дапамагала ўсім. Я прывітаўся з ёю і, лічачы, што цяпер не час для балбатні, усеўся побач з Джо і запытаўся, дзе-ж паклалі… яе… сястру? У пакоі пахла салодкім караваем, і я пачаў шукаць вачыма стол з закускаю. Я ледзь разгледзеў яго, увайшоўшы з святла ў пакой. На стале былі раскладзены кавалкі каравая, разрэзаныя апельсіны, сандвічы, сухары і красаваліся два графіны, якія, наколькі памятаю, раней служылі толькі ўпрыгожаннем, а ў ход не пускаліся; у адным з іх быў партвейн, у другім — херэс. Каля стала стаяў містэр Пембльчук у чорным плашчы, з аршыновым крэпам на капелюшы і, уплятаючы за абедзве шчакі, стараўся ліслівымі жэстамі звярнуць на стол маю ўвагу. Нарэшце, калі яму гэта ўдалося, ён падышоў да мяне, разносячы пах херэса і каравая, і ціха сказаў усхваляваным голасам:

— Дазвольце, сэр! — і паціснуў мне руку.

Заўважыў я таксама містэра і місіс Гебль, якія, як патрабавалася акалічнасцямі, моўчкі сядзелі ў кутку. Траб усіх нас убраў як пудзілаў, паколькі мы павінны былі прымаць удзел у пахавальнай цырамоніі.

Пакуль Траб расстаўляў нас у пакоі парамі, як быццам мы збіраліся танцаваць кадрыль, Джо ціха сказаў мне:

— Ведаеш, Піп, я лепш-бы сам панёс яе ў царкву з трыма-чатырма прыяцелямі, якія дапамаглі-б мне ад шчырага сэрца сваімі рукамі, ды баюся, як-бы суседзі не сказалі, што я не шаную яе памяці.

— Выньце насавыя хустачкі! — ускрыкнуў у гэтую хвіліну містэр Траб афіцыйным тонам. — Выньце хустачкі! Усё гатова!

Мы паднеслі хустачкі да твара, нібы ў нас з носа ішла кроў, і вышлі парамі: я з Джо, Бідзі з Пембльчукам, містэр Гебль з жонкаю. Тленныя астанкі маёй сястры вынеслі з кухні, і працэсія рушыла.

Суседзі голасна выхвалялі ўрачыстасць працэсіі, і мы служылі прадметам захапляючага здзіўлення ўвесь час, пакуль ішлі праз вёску.

Але вось воддаль паказаліся балоты, а за імі белыя парусы караблёў, і мы спыніліся на могілках, перад магілаю маіх бацькоў — нябожчыка Філіпа Пірыпа, тутэйшага прыходу, і Джорджыяны, жонкі памянёнага, якіх я ніколі не ведаў. Цела сястры ціха апусцілі ў зямлю, а жаўранкі пелі ў небе, лёгкі ветрык калыхаў дрэвы і гнаў лёгкія воблакі, якія кідалі на зямлю няясныя цені.

Вярнуўшыся з могілак, Пембльчук пайшоў разам з супругамі Гебль правесці ў іх вечар і расказваць у «Трох Вясёлых Грабцах», як ён першы ашчаслівіў мяне і як, дзякуючы яму, мне так пашанцавала.

Мы, гэта значыць я, Джо і Бідзі, узяліся за халодны абед, але абедалі ў гасцінным пакоі, а не ў кухні, і адчувалі нейкую няёмкую напружанасць. Пасля абеду я прымусіў Джо закурыць люльку, і няёмкасць знікла, калі мы, абышоўшы кузню, уселіся на двары на вялікім камені. Джо пераапрануўся і аказаўся ў смешным касцюме — поўсвяточным, поўрабочым, ад чаго зрабіўся больш натуральным і простым і стаў больш падобным на самога сябе.

Ён вельмі ўзрадаваўся, калі я папрасіў яго памясціць мяне на ноч у маім старым пакоі, а я быў таксама вельмі задаволены сабою, лічачы, што мая просьба даказвала маё велікадушша. Як толькі апусціліся начныя цені, я, пад першым прыстойным повадам, выклікаў Бідзі ў сад, каб пагутарыць з ёю сам-на-сам.

— Бідзі, — сказаў я, — вы маглі-б, здаецца, напісаць мне аб гэтай сумнай падзеі.

— Сапраўды, містэр Піп? — сказала Бідзі. — Я напісала-б, калі-б ведала, што гэта трэба.

— Не думайце, што я злуюся, але вы павінны былі-б пра гэта падумаць.

— Вы думаеце, містэр Піп?

Яма была такая спакойная, такая прыгожая, такая мілая, здавалася мне ўвасабленнем такой дабраты, што я не адважыўся засмучаць яе. Мы ішлі побач, і, зірнуўшы на яе апушчаныя вочы, я перамяніў гутарку.

— Вам, любая Бідзі, цяжка, як відаць, будзе заставацца тут?

— Немагчыма, містэр Піп, — сказала Бідзі сумным голасам, але зусім рашуча. — Я перагаварыла з місіс Гебль і заўтра пераеду да яе. Мы будзем клапаціцца аб містэры Гарджэры, пакуль ён уладзіцца нанава.

— Як-жа вы самі ўладзіцеся, Бідзі? Можа, вам патрэбны грошы…

— Як я ўладжуся? — перапытала Бідзі, чырванеючы. — Я спадзяюся атрымаць месца настаўніцы ў новай школе, якую скора адбудуюць. Я маю добрую рэкамендацыю ад суседзяў і думаю, што ў мяне хопіць цярпення і стараннасці давучыцца, вучачы другіх. Вы ведаеце, містэр Піп, — казала далей Бідзі, зірнуўшы на мяне з усмешкаю, — новыя школы не тое, што старыя; а я і ў тыя часы шмат чаму навучылася ад вас і ў вольны час старалася ўдасканаліцца.

— Я думаю, Бідзі, вы заўсёды здолееце ўдасканаліцца, нават пры самых немагчымых умовах.

— Ах, толькі-б не ў дрэнных нахілах, — прамармытала Бідзі.

Гэта была хутчэй затоеная думка, якая прарвалася, чым папрок па майму адрасу.

«Ну, — падумаў я, — пакінем гэта».

Я ішоў далей побач з Бідзі, якая ўпарта глядзела ў зямлю. Яна гаварыла, як любіць мяне Джо, гаварыла, што ён ніколі ні на што не скардзіўся. Бідзі не дагаварыла, што ён не скардзіўся на мяне, бо ў гэтым не было ніякай патрэбы, і я вельмі добра разумеў, што яна хацела сказаць.

— Так, Джо вышэй за ўсякія пахвалы, — сказаў я. — Мы часта будзем гаварыць, Бідзі, аб гэтым, таму што, безумоўна, я часта буду прыязджаць сюды. Я не хочу пакідаць цяпер небараку Джо аднаго.

Бідзі нічога не адказала.

— Вы слухаеце, Бідзі?

— Так, містэр Піп.

— Чаму вы называеце мяне містэрам Піпам? Гэта нядобра з вашага боку. Але скажыце, Бідзі, чаму вы маўчыце?

— Чаму я маўчу? — нясмела запытала Бідзі.

— Бідзі, — сказаў я тонам зняважанай нявіннасці, — я прашу вас растлумачыць, што азначае гэтае маўчанне?

— Што азначае? — паўтарыла Бідзі.

— Фу ты!.. Не паўтарайце, як папугай! Раней вы так са мною не гаварылі.

— Не гаварыла? — сказала Бідзі. — Не, містэр Піп, гаварыла.

Я рашыў, што лепш будзе пакінуць і гэтую тэму. Аднак, прайшоўшыся з ёю яшчэ моўчкі па садзе, я зноў пачаў гутарку.

— Бідзі, я зараз казаў, што буду прыязджаць да Джо. Вы прамаўчалі… Скажыце, Бідзі, чаму?

— Вы ўпэўнены, што будзеце часта прыязджаць сюды? — запыталася Бідзі, спыняючыся на вузенькай садовай дарожцы і гледзячы на мяне ва ўпор сваімі яснымі і добрымі вачыма.

— Божа мой! — усклікнуў я, нібы ў роспачы, што не маю магчымасці пераканаць Бідзі, — вось гэта дык сапраўды ў вас нядобры нахіл. Не гаварыце мне гэтага. Бідзі, калі ласка. Мне гэта надта цяжка.

На гэтай прыстойнай падставе я за вячэраю трымаўся як можна далей ад Бідзі і, уходзячы да сябе ў стары пакойчык, развітаўся з ёю вельмі халодна. Усякі раз, як я ноччу прачынаўся, — а прачынаўся я праз кожныя чвэрць гадзіны, мая думка вярталася да несправядлівай злой крыўды, якую нанесла мне Бідзі.

Мне трэба было выехаць вельмі рана. Я ўстаў з пеўнямі і неўзаметку зірнуў праз акно ў кузню. Некалькі хвілін любаваўся я Джо, які ўжо быў за работаю і дыхаў здароўем і сілаю.

— Бывай, любы Джо! Не, дзеля бога, не выцірай! Дай мне сваю чэсную, чорную руку! Я вярнуся скора і пачну наведваць цябе часта.

— Няма патрэбы надта скора, сэр, і надта часта, Піп, — сказаў Джо.

Бідзі чакала мяне ля дзвярэй кухні з кубкам сырадойнага малака і кавалкам хлеба.

— Бідзі, — вымавіў я, працягваючы ёй руку на развітанне, — я не сярдую, але я ў засмучэнні.

— Не засмучайцеся, — сказала яна з пачуццём. — Няхай лепш мне будзе цяжка, калі я была несправядліва.

І зноў туман рассцілаўся перада мною. Здавалася, ён гаварыў мне, што Бідзі мела падставу і што я не вярнуся сюды. На вялікі жаль, гэта была праўда.


РАЗДЗЕЛ XXXII

Час ішоў, наступіла маё поўналецце, і пацвердзілася прадраканне Герберта, што яно наступіць раней, чым я даведаюся аб чым-небудзь больш пэўным у сваім становішчы.

Дня майго поўналецця мы чакалі, поўныя меркаванняў, таму што абодва былі пераконаны, што мой апякун скажа нарэшце што-небудзь больш пэўнае з гэтага поваду.

Я паклапаціўся дакладна паведаміць у Літль-Брытэн аб дні майго нараджэння. Напярэдадні я атрымаў ад Веміка афіцыяльнае паведамленне аб тым, што містэр Джагерс запрашае мяне наведаць яго ў гэты ўрачысты дзень а пятай гадзіне папоўдні. Гэта акалічнасць канчаткова пераканала нас, што павінна адбыцца нешта незвычайнае, і мяне ахапіла незвычайнае хваляванне, калі я дакладна ў назначаны час пайшоў у кантору апекуна. У прыёмнай мяне павіншаваў Вемік і нерашуча пачасаў каля носа тонкаю складзенаю паперкаю, якая сваім выглядам зрабіла на мяне вельмі прыемнае ўражанне. Але ён ні словам не ўпамянуў аб ёй, толькі знакам запрасіў мяне прайсці ў габінет апекуна. Быў лістапад, і мой апякун грэўся ля каміна, засунуўшы рукі пад фалды сурдута.

— Ну, Піп, я цяпер павінен называць вас «містэр Піп». Віншую вас, містэр Піп.

Мы паціснулі адзін аднаму рукі, і я падзякаваў яму.

— Сядайце, містэр Піп, — сказаў апякун.

Калі я сеў, ён, не змяняючы позы і ссўнуўшы бровы, па-ранейшаму разглядаў свае боты, а я адчуваў сябе не асабліва ёмка, і мне ўспомніўся стары час, калі я, бывала, сядзеў на магільнай пліце.

— Цяпер, мой юны дружа, — пачаў апякун з такім выглядам, як быццам збіраўся дапытваць мяне, — я жадаю наконт сяго-таго пагаварыць з вамі.

— Наконт чаго, сэр?..

— Колькі, па вашых разліках, вы пражываеце? — запытаўся містэр Джагерс, спачатку нахіляючыся і гледзячы ў зямлю, а потым закідваючы галаву і ўзіраючыся ў столь.

— Колькі пражываю?

— Так, колькі пражываеце? — паўтарыў містэр Джагерс, гледзячы на столь.

Потым, абвёўшы вачыма ўвесь пакой, ён выцягнуў насавую хустачку і паднёс яе да твара.

Я так часта прыводзіў свае справы ў парадак, што зусім страціў усякае ўяўленне аб тым, колькі пражываў у сапраўднасці, і сазнаўся, што, на мой вялікі жаль, я не магу адказаць на пытанне. Адказ мой, здавалася, зрабіў на містэра Джагерса прыемнае ўражанне.

— Я так і думаў, — сказаў ён, і высмаркаўся з выглядам поўнага задавальнення. — Я задаў вам пытанне, дружа мой. Можа, і вы ў сваю чаргу хочаце аб чым-небудзь запытаць мяне?

— Вядома, мне было-б вельмі прыемна задаць вам некалькі пытанняў, але я памятаю вашу забарону.

— Ну, пытайцеся, — сказаў містэр Джагерс.

— Даведаюся я сёння, хто мой дабрадзей?

— Не! Пытайцеся аб іншым.

— Ці скора прынамсі я даведаюся аб гэтым?

— Адкладзіце і гэта ўбок і пытайцеся далей.

Я збіраўся з думкамі, але мне здавалася немагчымым пазбегнуць шчакатлівага пытання.

— Ці атрымаю я што-небудзь сёння?

Містэр Джагерс адказаў радасным голасам:

— Я ведаў, што мы дойдзем і да гэтага!

Ён загадаў Веміку прынесці таямнічую паперку. Вемік з‘явіўся, падаў яе і знік.

— Цяпер, містэр Піп, — сказаў містэр Джагерс, — слухайце. Бралі грошы вы досыць спраўна: ваша імя часта сустракаецца ў касавай кнізе ў Веміка. Але ў вас, вядома, ёсць яшчэ даўгі?

— Баюся, сэр, што прыдзецца сказаць: ёсць.

— Вы вельмі добра ведаеце, што прыдзецца сказаць — ёсць. Ці-ж не праўда? — сказаў містэр Джагерс.

— Так, сэр.

— Я не пытаюся, колькі ў вас даўгоў, таму што вы самі гэтага не ведаеце; ды калі-б і ведалі, не сказалі-б мне! Так, так, дружа мой! — ускрыкнуў містэр Джагерс, памахваючы ўказальным пальцам, калі заўважыў маю спробу пратэставаць. — Мабыць, пры ўсім жаданні, вы не змаглі-б сказаць мне гэтага. Я гэта разумею лепш за вас. А цяпер вазьміце гэту паперку. Узялі?.. Вельмі добра!.. Цяпер разгарніце і скажыце, што гэта такое?

— Гэта банкавы білет у пяцьсот фунтаў, — сказаў я.

— Так, банкавы білет у пяцьсот фунтаў. Сума нядрэнная. Што вы аб гэтым скажаце?

— Ды што-ж іншае можна сказаць?

— Адказвайце на пытанне, — сказаў містэр Джагерс.

— Вельмі нядрэнная сума.

— Вы лічыце, што сума нядрэнная? Вельмі добра. Гэтая нядрэнная сума належыць вам, містэр Піп, гэта вам падарунак к сёнешняму дню, задатак выканання вашых надзей. Вы павінны ад гэтага часу задавальняцца такою-ж сумаю кожны год; ні ў якім разе не больш, пакуль не пажадае з‘явіцца ваш дабрадзей. Інакш кажучы, атрымлівайце праз кожныя тры месяцы ад Веміка свае сто дваццаць пяць фунтаў і жывіце, як хочаце, пакуль не ўступіце ў зносіны з галоўным віноўнікам вашых даброт. Я-ж, як і раней казаў вам, просты павераны і выконваю чужыя даручэнні, за што мне і заплачана. Я лічу іх зусім недарэчнымі, але атрымаў грошы зусім не за тое, каб выказваць свае думкі.

Я пачаў дзякаваць свайму невядомаму дабрадзею за яго велікадушную шчодрасць, але містэр Джагерс спыніў мяне:

— Мне плацяць не за тое, каб пераказваць вашы словы каму-б то ні было, — сказаў ён халодна і, сабраўшы свае фалды, пачаў разглядаць канцы ботаў з такім выглядам, як быццам падазраваў іх у злосных замыслах супроць сябе.

— Калі вы сказалі мне ўсё, сэр, — заўважыў я, — то мне таксама няма чаго дадаць.

Ён кіўнуў галавою ў знак згоды і, выцягнуўшы свой хранометр, запытаўся, дзе я буду абедаць. Я адказаў, што абедаю дома з Гербертам, затым мне заставалася толькі запытацца, ці не зробіць ён нам чэсць адабедаць разам з намі. Ён ахвотна згадзіўся, але рашуча абвясціў, што пойдзе зараз-жа са мною, каб я не мог дзеля яго рабіць ніякіх асаблівых падрыхтаванняў. Яму патрэбна было толькі напісаць некалькі пісьмаў і, вядома, вымыць рукі. Я сказаў, што пайду ў суседні пакой пабалбатаць з Вемікам.

Справа ў тым, што як толькі я адчуў у кішэні пяцьсот фунтаў, як зараз-жа ў мяне з‘явілася думка, якая і раней з‘яўлялася ў мяне, і я рашыў, што Вемік быў-бы вельмі добрым дарадчыкам у такой справе. Ён ужо замкнуў сваю касу і збіраўся выходзіць.

— Містэр Вемік, — сказаў я, — мне трэба параіцца з вамі. Мне хацелася-б зрабіць што-небудзь карыснае для свайго друга…

Вемік паківаў галавою, як быццам у такой легкамысленай справе яму зусім не было чаго параіць.

— Мой друг, — казаў я далей, — жадае прыстроіцца да камерцыйнай справы, але ў яго няма грошай, і пачаць яму цяжка. Я хацеў-бы так ці інакш дапамагчы яму ўладзіцца.

— Грашыма? — запытаўся Вемік ледзяным тонам.

— Часткова грашыма… крыху, — адказваў я, успамінаючы з неспакоем аб сіметрычнай пачцы дакументаў у маёй кватэры, — часткова, можа быць, у лік будучых даброт.

— Містэр Піп, — сказаў Вемік, — спачатку, з вашага дазволу, пералічым па пальцах усе масты, пачынаючы з Чэльзі: Лонданскі — раз, Соутворк — два, Блакфрайерскі — тры, Ватэрлооскі — чатыры, Вестмінстэрскі — пяць, Воксгальскі — шэсць.

Называючы мост, ён кожны раз ляскаў сябе ключом па далоні.

— Бачыце, цэлых шэсць. Выбірайце, які хочаце.

— Нічога не разумею, — сказаў я.

— Выбірайце які хочаце, містэр Піп, — паўтарыў Вемік, — пайдзіце на яго, кіньце свае грошы ў Темзу, і вы даведаецеся, што з гэтага будзе. Дапамажыце другу, і выйдзе тое-ж самае, толькі з яшчэ большымі стратамі і непрыемнасцямі.

Сказаўшы гэта, ён так рассунуў сваю паштовую скрынку, што ў яе свабодна можна было кінуць цэлую газету.

— Гэта вельмі несуцяшальна.

— Я і не збіраўся суцяшаць вас.

— Дык, па-вашаму, — запытаўся я з некаторым абурэннем, — ніколі нельга…

— Давяраць рухомай маемасці другу? — закончыў Вемік. — Вядома, не. Прынамсі, калі вы не жадаеце адчапіцца ад друга; у апошнім выпадку трэба вызначыць раней, якая для гэтага запатрабуецца сума.

— Такая ваша канчатковая думка, містэр Вемік?

— Так, канчатковая, — адказваў ён, — тут, у канторы.

— А! — ускрыкнуў я, зноў прыступаючы да яго, бо адчуў, што тут была лазейка. — Але ці будзеце вы трымацца той-жа думкі ў сябе дома?

— Містэр Піп, — адказаў ён важна, — дома адно, тут — другое; таксама, як мой дзядуля сам па сабе, а містэр Джагерс сам па сабе, — змешваць гэтага не трэба. Пра мае асабістыя думкі трэба і пытацца ў мяне дома, а тут, у канторы, трэба здавольвацца думкамі прафесіянальнымі.

— Вельмі добра, — сказаў я, крыху ўцешаны, — дык я зайду параіцца да вас дадому.

— Містэр Піп, — адказаў ён, — я заўсёды рад вас бачыць, як добрага знаёмага.

Пра ўсё гэта мы гаварылі ўпоўголаса, памятаючы, што ў майго апекуна вельмі нядрэнны слых. Калі ён, паціраючы рукі, з‘явіўся ў дзвярах габінета, Вемік апрануў паліто і пачаў тушыць свечкі. Мы вышлі ўсе разам на вуліцу, але ля пад‘езда Вемік пайшоў у адзін бок, а мы ў другі.

На працягу гэтага дня некалькі разоў у мяне з‘яўлялася жаданне, каб у містэра Джагерса аказаўся ў Джэрард-стрыце свой дзядуля, свая гармата, адным словам хто-небудзь ці што-небудзь, здольнае разварушыць яго і разгладзіць маршчыны ў яго на ілбу. Цяжка было ў дзень свайго поўналецця думаць, што дасягаеш гэтага поўналецця і ўступаеш у свет толькі для таго, каб нікому не давяраць і замкнуцца ў сабе самым; а містэр Джагерс мімаволі наводзіў на такія думкі. Ён у тысячу разоў разумнейшы і больш адукаваны, чым Вемік, але я заўсёды аддаў-бы перавагу кампаніі апошняга. Містэр Джагерс не на мяне толькі нагнаў меланхолію, прынамсі пасля яго ўходу Герберт абвясціў мне, накіроўваючы позірк на агонь, што адчувае сябе зусім расстроеным і вінаватым, як быццам зрабіў якую-небудзь подласць і не можа ўспомніць якую.


РАЗДЗЕЛ XXXIII

Лічачы, што зручней за ўсё параіцца з Вемікам дома ў нядзелю, я ў наступную-ж нядзелю пазваніў ля яго каліткі, і мяне прапусцілі самым мірным чынам.

— Мой сын, сэр, — сказаў стары, падымаючы за мною мост, — так і думаў, што вы сёння, можа быць, зойдзеце, і прасіў сказаць вам, што хутка вернецца з прагулкі. Ён вельмі акуратны ў гэтых адносінах. Мой сын наогул ва ўсім вельмі акуратны.

Я кіўнуў старому так прыязна, як мог ківаць яму толькі сам Вемік, і мы ўвайшлі ў домік і размясціліся ля каміна.

Раптам раздаўся нейкі трэск, і на сцяне ля каміна з‘явілася квадратная дошчачка з надпісам: «Джон». Стары паглядзеў на мяне і радасна ўсклікнуў:

— Гэта мой сын прышоў.

Мы пайшлі да пад‘ёмнага маста.

Варта было заплаціць грошы, каб паглядзець, як Вемік раскланьваўся са мною з другога боку канавы, праз якую мы свабодна маглі паціснуць адзін аднаму рукі. Старога так забаўляў спуск і пад‘ём маста, што я не адважыўся прапанаваць яму сваю дапамогу, а стаяў нерухома, пакуль Вемік не перайшоў канаву і не пазнаёміў мяне з міс Скіфінс, г. зн. маладой лэдзі, якая была з ім.

Міс Скіфінс зняла капялюшык (але ўвесь вечар яна прасядзела ў зялёных пальчатках, указваючы гэтай асязальнай адзнакаю тое, што яна ў гасцях). Вемік запрасіў мяне прайсціся па садзе, каб паглядзець, які яго востраў зімою. Мяркуючы, што гэтым спосабам мне прадстаўляецца магчымасць выслухаць яго вальворцкія думкі, я, вядома, паспяшыў скарыстаць выпадак.

Я прасіў Веміка, пакладаючыся на яго дзелавую і жыццёвую спрактыкаванасць, параіць мне, як-бы лепш зрабіць што-небудзь для Герберта з дапамогаю маіх сродкаў і забяспечыць яму добры прыбытак, напрыклад, хоць у сто фунтаў, каб падбадзёрыць яго і паступова набыць для яго пай у якім-небудзь гандлёвым прадпрыемстве. Нарэшце я прасіў Веміка трымаць гэтую справу ў тайне і зрабіць так, каб Герберт нічога і не падазраваў, прычым сказаў, што, апрача яго, мне абсалютна няма да каго звярнуцца.

Памаўчаўшы крыху, Вемік з захапленнем выпаліў:

— Ведаеце, містэр Піп, адно скажу вам, — гэта будзе д‘ябальскі добрая штука.

— Дык абяцайце-ж дапамагчы мне.

— Чорт вазьмі! — адказаў Вемік, пакачваючы галавою. — Не па маёй часці гэтая справа.

— Дык-жа тут вы і не займаецеся сваёй звычайнай справай, — запярэчыў я.

— Ваша праўда, — згадзіўся ён, — вы папалі ў самую точку, містэр Піп. Калі вы хочаце, я падумаю. Лічу, што справу патрэбна ўладзіць памаленьку. Скіфінс, брат мілэдзі, гандлёвы агент. Трэба пабачыцца з ім і абмеркаваць.

Не прайшло і тыдня, як я атрымаў ад Веміка запіску з адзнакаю «з Вальворта», у якой паведамлялася, што ён паспеў рушыць наперад задуманую намі справу і жадаў-бы асабіста перагаварыць са мною. Я яшчэ некалькі разоў бываў у яго замку і часта бачыўся з ім у Сіці; але ў Літль-Брытэн мы ніколі ні словам не закраналі гэтага прадмета. Нарэшце мы адшукалі маладога, але паважанага купца ці карабельнага маклера, які нядаўна завёў сваю ўласную справу, меў патрэбу ў маладым спраўным памочніку з капіталам і згаджаўся з часам прыняць яго ў кампаньёны. Мы з ім падпісалі тайны дагавор наконт Герберта. Я заплаціў яму палову з сваіх пяцісот фунтаў і абавязаўся ўносіць наступныя плацяжы часткова з маёй рэнты, часткова са свайго капітала, калі атрымаю яго. Брат міс Скіфінс вёў канчатковыя перагаворы, а Вемік ўвесь час клапаціўся аб падрыхтоўцы справы, хоць і не ўдзельнічаў у ёй асабіста.

Справа вялася так умела, што Герберт і не падазраваў, што я ў ёй прымаю ўдзел. Ніколі не забуду я яго радасці, калі ён аднаго разу, вярнуўшыся дадому, паведаміў мне цікавую навіну аб тым, што сышоўся з нейкім Клерыкерам (так звалі маладога купца), што гэты Клерыкер адразу незвычайна шчыра аднёсся да яго, і што цяпер ён думае, што жаданы выпадак нарэшце выпаў. Па меры таго, як ажыццяўляліся яго мары, а твар усё больш і больш праясняўся, ён павінен быў пераконвацца ў маёй адданасці і дружбе, таму што я ледзь стрымліваўся ад радасных слёз, бачачы яго шчасце. Нарэшце справа канчаткова ўладзілася і ў дзень паступлення да Клерыкера ён, бесперастанку, з захапленнем гаварыў пра сваю ўдачу і пра сваё шчасце. Кладучыся спаць у гэты дзень, я сапраўды доўга са слязмі думаў аб тым, што нарэшце мой добрабыт хоць каму-небудзь прынёс карысць.


РАЗДЗЕЛ XXXIV

Лэдзі, у якой памясцілі Эстэлу, называлася місіс Брэндлі. Яна была ўдава, і ў яе была дачка, на некалькі гадоў старэйшая Эстэлы. Маці была маладжавая, а дачка мела старэчы выгляд. У мацеры быў дзіўны колер твара, а дачка была жоўтая, як лімон. Маці захаплялася свецкімі забавамі, а дачка была занята адным багаслоўем. Яны былі, як кажуць, з вышэйшага свету, часта выязджалі і прымалі шмат гасцей. Не ведаю, ці добра яны адносіліся да Эстэлы і яна да іх, але, вядома, абедзве стараны разумелі, што адзін аднаму яны патрэбны. Містрыс Брэндлі была прыяцелькаю міс Гевішам яшчэ ў тыя часы, калі апошняя не аддалілася ад свету.

У доме місіс Брэндлі, як і ўсюды, Эстэла мучыла мяне ўсялякімі спосабамі. Характар нашых адносін, г. зн. павярхоўная блізасць без усякай унутранай сувязі, амаль што даводзіў мяне да вар‘яцтва. Яна карысталася мною, каб вар‘яваць сваіх паклоннікаў, і самую нашу блізасць рабіла цяжкім здзекам над маім каханнем. Права называць яе па імені і чуць, як яна заве мяне таксама папросту Піпам, часта толькі павялічвала мае пакуты. Можа быць, гэта злавала астатніх яе абажальнікаў, але мяне зусім прыводзіла ў роспач.

Уздыхальнікаў у яге была безліч. Вядома, аслеплены рэўнасцю, я лічыў уздыхальнікам кожнага, хто толькі набліжаўся да яе; але і ў сапраўднасці іх было больш чым дастаткова.

Часта я бачыўся з ёю ў Рычмондзе, часта чуў пра яе і ў Лондане і часта катаў яе на лодцы з місіс і міс Брэндлі. На ўсіх пікніках, святах, вечарах, у тэатрах, у канцэртах, у оперы, адным словам, усюды я суправаджаў Эстэлу і ўсюды пераносіў тыя-ж пакуты. Ні адной шчаслівай хвіліны не выпадала на маю долю ў яе прысутнасці, а між тым я дваццаць чатыры гадзіны ў суткі толькі і марыў аб шчасці праводзіць усё жыццё каля яе.

На працягу гэтага перыяда майго жыцця, — а ён, як мне тады здавалася, цягнуўся бясконца доўга, — яна не пакідала свайго халоднага тону, нібы падкрэсліваючы, што блізасць гэтая навязана нам супроць нашай волі. Толькі зрэдку яна крыху змякчалася, змяняла сваё абыходжанне і як быццам шкадавала мяне.

Неяк увечары, у такую іменна хвіліну, мы стаялі ля акна.

— Піп! Піп! — сказала яна мне, — сцеражыцеся!

— Чаго?

— Мяне.

— Гэта значыць не захапляцца вамі? Вы гэта хацелі сказаць, Эстэла?

— Што я хацела сказаць? Ды вы сляпы, калі не разумееце самі!

— Ва ўсякім выпадку ніякай перасцярогі раней я не атрымліваў, — сказаў я, — а сёння вы самі запіскаю запрасілі мяне сюды.

— Гэта праўда, — адказала Эстэла з раўнадушнай, пагардлівай усмешкай, ад якой я заўсёды халадзеў.

З хвіліну яна глядзела ў акно, потым сказала:

— Міс Гевішам запрашае мяне на цэлы дзень да сябе ў Сатыс-гауз. Калі хочаце, можаце праводзіць мяне туды і назад. Яна не любіць, каб я ездзіла адна, і не жадае пускаць да сябе маю пакаёўку, бо баіцца плётак з яе боку. Дык вы праводзіце мяне?

— І вы яшчэ пытаецеся, Эстэла!

На гэтым мы і рашылі. Аднак, міс Гевішам ніколі не запрашала мяне пісьмова, і я ніколі не бачыў, як яна піша. Праз дзень мы паехалі і засталі міс Гевішам у тым-жа пакоі, дзе я ўбачыў яе ў першы раз. Няма патрэбы гаварыць, што ў доме не было ніякіх змен.

Міс Гевішам цяпер, здавалася, мела да Эстэлы нейкую яшчэ больш жахлівую страсць, чым у апошняе наша спатканне. Я знарок назваў яе пачуццё «жахлівым», таму што сапраўды было нешта, што ў яе страсных позірках і вар‘яцкіх абдымках наводзіла жах. Яна пажырала Эстэлу вачыма, захаплялася яе голасам, яе рухамі і кусала свае дрыготкія пальцы з такім выглядам, як быццам рыхтавалася праглынуць сваю чароўную выхаванку.

З Эстэлы яна перавяла свой востры, пранізваючы позірк на мяне, і мне здалося, што ён пранікаў да майго сэрца і абмацваў яго раны.

— Як яна з табою абыходзіцца, Піп? Як? — запыталася яна ў мяне, нібы якая-небудзь чараўніца, не саромячыся нават прысутнасці Эстэлы.

Але ад яе павеяла нечым яшчэ больш злавесным, калі мы ўвечары размясціліся ля палаючага каміна. Яна трымала Эстэлу за руку і, моцна сціскаючы яе сваёю, выпытвала падрабязнасці аб яе абажальніках, аб якіх упаміналася ў пісьмах Эстэлы. З нейкім хваравітым захапленнем, якое межавала проста з вар‘яцтвам, слухала яна ўсякую падрабязнасць, абапёршыся на кастыль і гледзячы на мяне, як здань, выцвіўшымі, калючымі вачыма.

Пакой, у якім мы сядзелі, асвятляўся насценнымі бра, прыбітымі надта высока, а таму свечкі ў іх мігцелі неяк сумна, нібы святло іх з намаганнем распаўсюджвалася ў спёртым паветры.

Мы сядзелі ля агню. Міс Гевішам усё яшчэ трымала ў сваёй руцэ руку Эстэлы і паціскала яе. Эстэла зрабіла спробу вызваліцца. Яна некалькі разоў ужо выяўляла нецярплівасць і, здавалася, зусім абыякава прымала дзікія ласкі, нічым не адказваючы на іх.

— Як! — сказала міс Гевішам, бліскаючы калючымі вачыма. — Я ўжо надакучыла табе?

— Я сама сабе парадкам надакучыла, — адказала Эстэла, канчаткова вызваліўшыся, і адышла бліжэй да каміна, ля якога і спынілася, гледзячы на агонь.

— Кажы праўду, няўдзячная! — ускрыкнула са злосцю міс Гевішам і стукнула кастылём па падлозе. — Надакучыла я табе?

Эстэла са здзіўляючым спакоем зірнула на яе і зноў адвярнулася да агню. Ва ўсёй яе стройнай фігуры і ў прыгожым твары было столькі халоднай абыякавасці да ўспышкі міс Гевішам, што гэты спакой здаваўся нават жорсткім.

— Каменная! — усклікнула міс Гевішам. — Ледзяная! Драўляная!

— Як!.. — адказала Эстэла, стоячы па-ранейшаму, абапёршыся на дошку каміна, не змяняючы позы і толькі кінуўшы погляд на міс Гевішам. — Вы мяне папракаеце ў халоднасці!? Вы?..

— А хіба гэта няпраўда? — горда запярэчыла міс Гевішам.

— Вы павінны былі-б зразумець, — сказала Эстэла, — што я такая, якою вы мяне самі зрабілі. Наракайце на сябе ці радуйцеся, але я тут ні пры чым.

— Палюбуйся, палюбуйся на яе! — ускрыкнула з гораччу міс Гевішам. — Палюбуйся! Што за няўдзячнасць, што за высокамернасць!.. І яшчэ тут, у доме, дзе я выхавала яе, дзе прыгрэла на сваіх параненых грудзях, з якіх сачылася яшчэ кроў, дзе асыпала яе ласкамі столькі гадоў!

— Я з свайго боку не выражала на гэта згоды, таму што ледзь умела хадзіць і гаварыць, калі трапіла да вас. Але чаго вы патрабуеце? Вы заўсёды былі добрыя да мяне, і я вам абавязала ўсім. Чаго-ж вы, нарэшце, патрабуеце?

— Тваёй любові! — адказала міс Гевішам.

— Я вас і так люблю.

— Не, — адказала міс Гевішам.

— Я ўжо сказала вам, — запярэчыла Эстэла, не змяняючы сваёй стройнай позы, не павышаючы голасу, як міс Гевішам, і не выяўляючы ні злосці ні пяшчотнасці, — і паўтараю, што абавязана вам усім. Усё, што я маю, — ваша; што вы падарылі мне — вы можаце адабраць назад. Апрача гэтага, у мяне няма зусім нічога, і калі вы патрабуеце ад мяне таго, чаго ніколі мне не давалі, то, як-бы я ні адчувала ўдзячнасці да вас, як-бы ні ўсведамляла свой абавязак, я не магу зрабіць немагчымага.

— Хіба я не аддала ёй усю маю любоў?!. — ускрыкнула раз‘юшана міс Гевішам, звяртаючыся да мяне. — Хіба я не аддала ёй усю маю страсць? Хіба не мучаць мяне цяпер рэўнасць і роспач, калі яна так гаворыць са мною? Няхай называе мяне вар‘яткаю! Няхай называе!

— З якой рацыі мне называць вас вар‘яткаю? — запярэчыла Эстэла. — На свеце-ж няма другога чалавека, апрача мяне, якому вядомы былі-б вашы планы!.. Няма-ж чалавека, які ведаў-бы лепш за мяне, якая ў вас моцная памяць! Я часта сядзела ля гэтага самага каміна, на гэтым табурэце, побач з вамі, і слухала вашы навучанні, гледзячы вам у вочы і сочачы за вашым тварам, які палохаў і здзіўляў мяне.

— Каб зараз-жа забыць іх, — прастагнала міс Гевішам, — канчаткова забыць!..

— Не, не забыць, — адказала Эстэла, — зусім не забыць, а, наадварот, ацаніць і запомніць… Хіба я была глухая да вашых навучанняў або няўважліва адносілася да вашых гутарак? Хіба вам удалося заўважыць, каб сюды (яна паклала руку на сэрца) прабралася хоць раз якое-небудзь з тых пачуццяў, якія вы старанна знішчалі ва мне?.. Будзьце справядлівы!..

— Вось гордасць! Непамерная гордасць! — прастагнала міс Гевішам, адкідаючы абодвума рукамі сівыя валасы.

— А хто ўнушыў мне яе? — адказала Эстэла. — Хто асыпаў мяне пахваламі, калі я рабіла поспехі ў гэтай навуцы?

— Але ты бессардэчная, бессардэчная!.. — прастагнала міс Гевішам.

— А хто навучыў мяне бессардэчнасці? — запярэчыла Эстэла. — Хто не знаходзіў пахвал маім поспехам?

— Але ты гордая і бессардэчная са мною! — ускрыкнула міс Гевішам, працягваючы рукі, — Эстэла!.. Эстэла!.. са мною?!.

Эстэла, зусім спакойная, паглядзела на яе з некаторым здзіўленнем і потым зноў пачала ўглядацца ў агонь.

— Ніяк не магу зразумець, — сказала яна, зноў падымаючы вочы пасля нядоўгай паўзы, — куды дзяецца ваша разважлівасць, калі я прыязджаю пабачыцца з вамі пасля доўгай разлукі. Я ні на хвіліну не забывала ні пра ваша гора, ні пра яго прычыны. Ніколі я не здраджвала вам, а тым больш вашым правілам. Ні разу я не выявіла слабасці, у якой можна было-б раскайвацца.

— Дык адплаціць любоўю за ўсю маю любоў — таксама слабасць па-твойму? — ускрыкнула міс Гевішам. — Але, што я… Вядома, вядома, для яе гэта слабасць…

— Я пачынаю разумець, — сказала пасля новай паузы Эстэла, як быццам разважаючы ўголас, — як гэта здарылася. Калі-б вы з якой-небудзь мэтаю выхавалі прыёмную дачку ў поўнай адзіноце і цемры, так што яна і не падазравала-б, што на свеце ёсць сонца, і калі-б пасля гэтага захацелі, каб яна палюбіла сонечнае святло, а яна не магла-б гэтага зрабіць, то вы і тады злаваліся-б і абураліся на яе.

Міс Гевішам схапілася рукамі за галаву і моўчкі хісталася з боку ў бок, а з яе грудзей часамі вырываліся прыглушаныя рыданні.

— Адным словам, — сказала Эстэла, — вы мяне зрабілі такою, якая я цяпер. Удача і няўдача ў гэтай справе належаць не мне, хоць і блізка мяне датычаць.

Я не заўважыў, як міс Гевішам апынулася на падлозе сярод раскіданых пабляклых рэчаў шлюбнага ўбранства. Гэты момант я скарыстаў, каб выйсці з пакоя, бо з самага пачатку гутаркі ўжо чакаў зручнага выпадку, — і жэстам папрасіў Эстэлу паклапаціцца аб міс Гевішам. Калі я выходзіў, Эстэла ўсё яшчэ стаяла ля каміна ў той-жа позе, якую яна захоўвала на працягу ўсёй гэтай размовы. Сівыя валасы міс Гевішам звесіліся на падлогу, і выгляд варты жалю мела яна сярод усіх гэтых шлюбных рэліквій.


РАЗДЗЕЛ XXXV

Мне мінула дваццаць тры гады, а тым часам будучыня мая ніколькі не стала больш яснай. Прайшоў тыдзень пасля дня майго нараджэння. Ужо больш года мы жылі не ў Барнардавым падвор‘і, а ў Тэмплі, і вокны нашай кватэры выходзілі на раку.

Нашы ранейшыя адносіны з містэрам Покетам з некаторага часу змянілі свой характар, хоць мы і заставаліся прыяцелямі. Не гледзячы на маю няздольнасць рэгулярна займацца чым-бы то ні было, якая вынікала, магчыма, з той прычыны, што я вельмі бязладна распараджаўся сваімі грашыма, я захапіўся чытаннем і праводзіў за ім штодзённа па некалькі гадзін. Справы Герберта ішлі ўсё лепш і лепш, а мае былі ўсё ў такім-жа становішчы.

Герберт па справах паехаў у Марсель, а я застаўся ў адзіноце і хандрыў. Ад пастаяннай надзеі, што вось днямі ці на наступным тыдні нарэшце высветліцца маё будучае, я пераходзіў да роспачы і непакою, і мне ў гэтыя хвіліны асабліва нехапала заўсёды вясёлага твара і жывой гутаркі майго прыяцеля.

Пагода была жахлівая: ад буры і дажджу стаяла невылазная гразь па ўсіх вуліцах. Я чытаў, паклаўшы перад сабою на стол гадзіннік, і рашыў скончыць чытанне, як заўсёды, у адзінаццаць. Я чуў, як спачатку ў царкве св. Паўла, а затым і ў іншых бліжэйшых цэрквах прабіла адзінаццаць. Раптам па лесніцы пачуліся крокі.

Не ведаю чаму, мяне ахапіў жахлівы страх. Я задрыжаў, і ў адзін момант у маёй галаве мільгнула думка аб нябожчыцы сястры. Мне здалося, што гэтыя крокі маюць нейкую таямнічую сувязь з яе смерцю. Я прыслухаўся і зноў пачуў крокі ўжо бліжэй. Успомніўшы, што на лесніцы цёмна, я ўзяў з стала лямпу і вышаў на пляцоўку. Відаць той, хто ішоў, спыніўся, убачыўшы мяне, таму што ўсё заціхла.

— Тут ідзе хто-небудзь? — закрычаў я, углядаючыся ў цемнату.

— Так, — адказаў голас з цемнаты.

— У які вам паверх?

— У верхні, да містэра Піпа.

— Ён да вашых паслуг… Якія-небудзь дрэнныя весткі?

— Не, нічога дрэннага, — адказаў незнаёмец, падымаючыся па лесніцы.

Я стаяў на пляцоўцы, выставіўшы лямпу за поручні, так што незнаёмец хутка трапіў у асветленую паласу. Але паколькі мая лямпа была з абажурам і прызначалася для чытання, то сноп святла, які падаў ад яе, захватваў толькі невялікую частку лесніцы, так што незнаёмец хутка прайшоў асветленыя ступені і зноў трапіў у цемнату. Аднак гэтага было даволі, каб разгледзець, што ён са здаволеным выглядам аглядзеў мяне і, відаць, радаваўся спатканню са мною.

Стараючыся рухаць лямпу так, каб святло падала па незнаёмца, я разгледзеў, што ён адзеты цёпла, але без усякай прыгожасці, як чалавек, прызвычаены да марскіх падарожжаў. Яму на выгляд было гадоў пад шэсцьдзесят, у яго былі доўгія сівыя валасы, і ён меў моцны, дзябёлы склад цела. Як толькі стаў ён узыходзіць на апошняе калена лесніцы, і лямпа асвяціла нас абодвух разам, я, на сваё найвялікшае здзіўленне, убачыў, што ён працягвае мне абедзве рукі.

— Выбачайце, што вам трэба? — запытаўся я.

— Што мне трэба? — паўтарыў ён. — Ах, так… я вам зараз растлумачу, з вашага дазволу.

— Пажадана вам увайсці?

— Так, так, я ўвайду, — адказаў ён.

Я прапанаваў яму апошняе пытанне не асабліва ветлівым тонам. Я правёў яго ў пакой, паставіў лямпу на стол і папрасіў, стараючыся быць наколькі магчыма больш далікатным, растлумачыць, чым выклікана яго наведванне.

Ён агледзеў пакой з нейкім вельмі дзіўным выразам; здавалася, што ён знаходзіў у гэтым найвялікшую асалоду, нібы меў падставу цікавіцца маім абсталяваннем. Потым ён зняў капялюш і паліто з нейкай грубай матэрыі, і я заўважыў, што на галаве ў яго была вялікая лысіна, а сівыя валасы раслі толькі па краях. Але ўсё-такі я не знаходзіў ва ўсім гэтым ніякага тлумачэння. Праз хвіліну ён зноў працягнуў мне абедзве рукі.

— Што вам трэба? — запытаўся я, думаючы, што перада мною нейкі вар‘ят.

Ён адвёў ад мяне вочы і правёў праваю рукою па галаве.

— Так, гэтакі прыём — значнае расчараванне для чалавека, — сказаў ён грубым і перарывістым голасам, — для чалавека, які так доўга чакаў гэтых хвілін і прыехаў бог ведае адкуль… Але ў гэтым ніхто не вінават — ні вы, ні я. Я зараз вам растлумачу… Пачакайце, калі ласка, адну хвіліну…

Ён сеў у крэсла ля каміна, закрыўшы вочы шырокаю мазолістаю рукою. Я ўважліва ўглядаўся ў яго і нават крыху адышоў, каб лепш разгледзець яго фігуру. Але я зусім не пазнаваў яго.

— Тут больш нікога няма? — запытаўся ён, азіраючыся цераз плячо. — Напэўна?

— Нашто вам ведаць гэта, калі вы ў першы раз бачыце мяне, ды яшчэ з‘яўляецеся ў такі час? — адказаў я.

— Ды вы маладзец, — адказваў ён, страсянуўшы галавою з выразам нейкай пяшчотнасці, якую я зусім не мог растлумачыць і якая прыводзіла, мяне ў роспач.

— Я і быў, аднак, упэўнен, што з вас выйдзе малайчына. Толькі не ўздумайце сцапаць мяне, а то пасля раскаецеся ў гэтым.

Ад яго не ўтаілася, што ў мяне быў такі намер. У гэты момант я пачаў пазнаваць яго. Я не мог прыпомніць ні адной яго рысы ў паасобку, але тым не менш я пазнаваў яго. Калі-б бура і вецер разнеслі мінуўшыя з таго часу гады і рассеялі ўсе акружаўшыя нас прадметы, каб перанесці нас раптам на могілкі, дзе мы сустрэліся ў першы раз пры зусім іншых абставінах, то і тады я не мог-бы з большай упэўненасцю прызнаць свайго катаржніка ў гэтым незнаёмцу, які сядзеў перад камінам. Не трэба было яму выцягваць з кішэні падпілак і паказваць мне, не трэба было здымаць з шыі хустку і абвязваць ёю галаву, не трэба было, дрыжучы ўсім целам, хадзіць па пакоі і сударажна хапацца рукамі за жывот… я і так пазнаў-бы яго. Я пазнаў яго раней, чым ён дапамог мне ў гэтым сваімі рухамі, хоць за хвіліну перад гэтым я і не падазраваў, што гэта ён.

Ён падышоў да мяне і зноў працягнуў мне абедзве рукі. Не ведаючы, што рабіць, таму што ад нечаканасці мяне пакінула ўсякае самаўладанне, я з агідаю даў яму свае рукі. Ён горача паціснуў іх, паднёс да вуснаў, пацалаваў і не выпускаў з сваіх рук.

— Вы чэсна абышліся са мною, дружа мой, — сказаў ён. — Малайчына, Піп! Я ні адной хвіліны не забываў гэтага!

Ён зрабіў рух, быццам збіраючыся абняць мяне, але я выставіў руку наперад і адштурхнуў яго.

— Стойце! Стрымайце вашы пяшчоты! Калі вы адчуваеце да мяне ўдзячнасць за тое, што я зрабіў для вас, будучы яшчэ дзіцём, то спадзяюся, што вы змянілі сваё жыццё. Калі вы прышлі сюды дзякаваць мне, дарэмна турбаваліся. Вы, аднак, адшукалі мяне, і, напэўна, вас прывяла сюды якое-небудзь добрае імкненне. Я не адштурхваю вас, але вы, вядома, павінны зразумець, што я…

Мяне да таго здзівіў яго незвычайны, пільна накіраваны на мяне позірк, што словы замерлі ў мяне на языку.

— Вы зараз гаварылі, — сказаў ён, калі мы сустрэліся вачыма, — што я павінен зразумець… Што-ж я павінен зразумець?

— Што я не магу асабліва імкнуцца аднавіць з вамі знаёмства; акалічнасці цяпер змяніліся. Я гатоў верыць, што вы раскаяліся і справіліся… Я рад вам сказаць аб гэтым… Я рад, што вы лічыце мяне вартым падзякі і прышлі падзякаваць мне. Але нашы шляхі ў жыцці разыходзяцца. Аднак вы стаміліся і прамоклі… Ці не жадаеце выпіць чаго-небудзь на дарогу?

Ён зноў абвязаў шыю хусткаю, адзін канец якой закусіў зубамі, і ўсё глядзеў на мяне.

— Так, — адказаў ён, не выпускаючы хусткі з рота і не адводзячы неадступнага позірку, — дзякуй, я вып‘ю чаго-небудзь на дарогу.

На другім канцы стала стаяў паднос з усім неабходным. Я прысунуў яго бліжэй да агню і запытаўся, чаго ён жадае. Ён моўчкі паказаў на адну з бутэлек, не гледзячы на паднос, і я падрыхтаваў яму моцнага грогу з ромам. Пакуль я падрыхтоўваў, я не мог прымусіць свае рукі не дрыжаць. Але яго выгляд, — ён сядзеў, адкінуўшыся на спінку крэсла і ў рассеянасці не выпускаючы з рота закушанага канца хусткі, — і яго позірк ніяк не дазвалялі мне ўзяць сябе ў рукі. Падаючы нарэшце падрыхтаваны напітак, я яшчэ больш здзівіўся, заўважыўшы ў яго на вачах слёзы.

Да гэтага часу я не лічыў патрэбным таіць, што жадаў-бы яго выправадзіць хутчэй, але гэтыя слёзы мяне расчулілі, і я адчуў некаторае раскаянне.

— Спадзяюся, — сказаў я, шпарка наліваючы чагосьці і сабе ў шклянку і падсоўваючыся да стала, — вы не пакрыўдзіліся, калі я гаварыў з вамі надта рэзка? Я не жадаў зняважыць вас і шкадую, калі так вышла. Жадаю вам усякага шчасця…

З гэтымі словамі я паднёс шклянку да вуснаў. Ён са здзіўленнем глянуў на канец хусткі, які выпаў у яго з рота, і зноў працягнуў мне рукі. Я падаў яму сваю. Ён адпіў са шклянкі і пацёр сабе твар і вочы.

— Чым вы займаецеся?

— Я быў фермерам, — адказаў ён, — займаўся авечкагадоўляй і меў шмат іншых спраў у Новым Свеце, за акіянам… далёка…

— І вашы справы ішлі ўдачна, спадзяюся?

— Надзіва ўдачна. І іншыя, хто паехаў са мною разам, добра ўладзіліся, але я ўсіх апярэдзіў. Гэта праўда ўжо.

— Вельмі рад чуць.

— Я быў ўпэўнен, што вы будзеце рады гэтаму, дружа мой!

Не стараючыся разгадаць сэнсу гэтых слоў і таго дзіўнага тону, якім яны былі сказаны, я перайшоў да другога прадмета, аб якім дарэчы ўспомніў.

— Ці бачыліся вы, — запытаў я, — з тым чалавекам, якога вы пасылалі да мяне пасля таго, як ён выканаў ваша даручэнне?

— Не, не бачыўся, ды і не мог бачыцца.

— Ён чэсна выканаў усё і перадаў мне два фунтовых білеты; тады я быў, як вам вядома, бедным хлапчуком, і для мяне гэта было цэлае багацце. Але з таго часу, падобна вам, і я разбагацеў. Дазвольце-ж вярнуць вам гэтыя грошы, а вы іх можаце падарыць другому беднаму хлапчуку.

Я ўжо выцягнуў з кішэні кашалёк.

Ён сачыў за маімі рухамі, калі я клаў яго на стол і вымаў з яго два білеты. Яны былі новенькія і чысценькія; я разгарнуў іх і працягнуў яму. Гледзячы на мяне, ён паклаў іх адзін на адзін, павольна скруціў у трубку і спаліў на лямпе, так што попел пасыпаўся на паднос.

— Асмелюся запытацца, — сказаў ён з усмешкаю, якая была падобна на грымасу, або з грымасаю, якая нагадвала ўсмешку, — якім чынам вы разбагацелі з таго часу, як мы сустрэліся там на балоце?

— Якім чынам?

— Так.

Ён асушыў сваю шклянку, устаў і выпрастаўся перад камінам, паклаўшы сваю цяжкую мазолістую руку на камінную дошку. Адну нагу ён паставіў на самую рашотку, каб лепш ў адагрэць і абсушыць яе, — і вось ад сырога бота паваліла пара; але ён не звяртаў ніякай увагі ні на бот, ні на агонь, гледзячы на мяне сваім неадрыўным позіркам. Я задрыжаў.

Я папрабаваў загаварыць, але спачатку не мог вымавіць ні гуку. Ледзь чутна, са страшным намаганнем я растаўмачыў яму, што я маю атрымаць багатую спадчыну.

— А ці можа такое, як я, нікчэмнае стварэнне запытацца, якую іменна? — сказаў ён.

— Не ведаю, — прамармытаў я.

— А калі нікчэмнае стварэнне запытае яшчэ, пасля каго гэтая спадчына?

— Не ведаю, — зноў прамармытаў я.

— Можа быць я адгадаю? — сказаў катаржнік. — Ну, вось, напрыклад: ці не пачынаецца сума даходу, які вы атрымліваеце з часу вашага поўналецця, з лічбы пяць?

Сэрца маё стукала, як молат. Я падняўся з крэсла і, учапіўшыся рукамі ў яго спінку, дзіка глядзеў на катаржніка.

— Пяройдзем да апекуна, — казаў ён далей. — У вас-жа быў апякун ці хто-небудзь у такім родзе, пакуль вы не дасягнулі поўналецця, можа быць, нават юрыст. Ці не з літары Д пачынаецца прозвішча гэтага юрыста?

Жорсткая праўда, як маланка, здзівіла мяне. Абманутыя надзеі, ганьба майго становішча, усе вынікі жахлівага адкрыцця разам сталі перада мною, давілі на мяне, і мне аж заняло дыханне пад гэтым цяжарам.

— Дапусцім, — паўтарыў ён, што асоба, якая карысталася паслугамі юрыста, прозвішча якога пачынаецца з Д, — няхай гэта будзе Джагерс, — значыцца, дапусцім, што гэта асоба прыехала праз Порсмут, каб пабачыцца з вамі… Вы зараз запытаецеся, як я адшукаў вас. З Портсмута я пісаў аднаму чалавеку ў Лондан, каб здабыць ваш адрас… Няхай яго прозвішча будзе Вемік…

Цяпер я, здаецца, не змог-бы вымавіць ні слова, нават калі-б ад гэтага залежала маё жыццё. Я стаяў, адной рукою абапіраючыся на спінку крэсла, а другую прыціснуўшы да грудзей, і літаральна задыхаўся. З жахам глядзеў я на яго. Раптам увесь пакой заскакаў і закружыўся перада мною, так што я вымушан быў абодвума рукамі ўхапіцца за крэсла. Ён падхапіў мяне, аднёс на канапу, паклаў на падушкі, апусціўся перада мною на калені і нахіліўся да мяне. Я цяпер вельмі добра пазнаваў яго твар: ён быў вельмі блізка ад мяне, і я дрыжэў ад жаху.

— Так, Піп, дружа мой, гэта я зрабіў цябе джэнтльменам!.. Усё, усё зрабіў я!.. З таго самага дня я рашыў, што ўсякая здабытая мною гінея належыць табе… Потым я пакляўся, што калі мне ўдасца разбагацець, дык і ты будзеш багаты… Я вёў цяжкае жыццё, каб для цябе яно было лёгкім… Я працаваў праз сілу, каб табе не прышлося працаваць… Я кажу гэта не для таго, каб ты адчуў, што мне абавязан чым-небудзь… Зусім не… Я кажу для таго, каб ты зразумеў, што няшчаснаму, загнанаму сабаку, якому ты выратаваў жыццё, удалося выхаваць джэнтльмена! Іменна джэнтльмена, таму што ты, Піп, сапраўдны джэнтльмен!..

Калі-б перада мною быў дзікі звер, то і тады я наўрад ці мог-бы адчуваць да яго большую агіду і большы жах, чым да гэтага чалавека!

— Цябе здзівілі мае словы, Піп? — сказаў ён, пацёршы сабе лоб рукою, і ў яго голасе пачуўся такі памятны мне хрып. Яшчэ больш страшным здаўся ён мне ў гэтую хвіліну. — Але няўжо табе ніколі не прыходзіла ў галаву, што ўсё гэта рабіў я?

— Не, — адказаў я. — Ніколі!.. Ніколі!..

— Ну, дык цяпер ты ведаеш, што ўсё гэта зрабіў я ўласнаю персонай. І ў гэтую справу ніхто не замешан, апрача мяне і містэра Джагерса.

— Абсалютна ніхто? — запытаў я.

— Абсалютна, — адказаў ён з выглядам здзіўлення. — Ды хто-ж яшчэ?.. Э, ды які-ж ты стаў малайчына! Ці не завяліся ў нас прыгожанькія вочкі?.. А?.. Сняцца па начах?..

О, Эстэла, Эстэла!..

Ён паклаў мне на плячо сваю руку, і я задрыжаў ад думкі, што на ёй магла быць людская кроў.

— Не лёгка было для мяне, Піп, выехаць адтуль, ды і рыскоўна. Але я стаяў на сваім, і чым больш цяжкім здавалася гэта, тым больш рашуча дамагаўся я свайго, таму што рашыў ужо так. Вось, нарэшце, дружа мой, мне і ўдалося, — удалося-такі.

Я прабаваў упарадкаваць свае думкі, але быў зусім ашаломлены тым, што здарылася. Увесь час, пакуль ён гаварыў, мне здавагася, што гэта шуміць вецер і дождж, а цяпер, калі ён змоўк, і завыванне буры чулася больш выразна, мне здавалася, што гэта не бура, а яго голас, — да таго ўсё пераблыталася ў маёй галаве.

— Куды ты пакладзеш мяне? — запытаўся ён. — Табе прыдзецца куды-небудзь прыткнуць мяне, дружа мой.

— Каб выспацца?

— Так, каб выспацца — і грунтоўна, — адказаў ён, — бо мяне-ж цэлыя месяцы трапала ў моры.

— Мой сажыцель і друг паехаў, — сказаў я, — і вы можаце заняць яго пакой.

— Але да заўтрага ён яшчэ не вернецца? А?..

— Не, — адказаў я амаль машынальна, не гледзячы на ўсё намаганне ўзяць сябе ў рукі, — не вернецца.

— Бачыш, дружа мой; чаму я пытаюся, — сказаў ён, зніжаючы голас і для большага ўражання датыкаючыся да маіх грудзей сваім вялізным пальцам, — тут трэба трымацца вельмі асцярожна.

— Што такое?.. Чаму?..

— Таму, што справа ідзе аб жыцці і смерці!

— Аб жыцці і смерці?

— Мяне саслалі на ўсё жыццё. Той, хто вернецца самавольна, будзе пакараны смерцю. За апошнія гады адтуль шмат народу ўцякло, — і я прапаў, вядома, калі мяне знойдуць.

Перш за ўсё я паклапаціўся зачыніць акяніцы, каб знадворку не відаць было святла, а потым замкнуў і агледзеў дзверы. Пакуль я займаўся гэтым, ён вярнуўся да стала і ўзяўся за грог і бісквіты. Гледзячы на яго цяпер, я зусім выразна ўяўляў сабе яго ў выглядзе таго майго катаржніка, які тады так прагна еў на балоце, і мне здавалася, што вось зараз ён нагнецца і пачне піліць кайданы.

Я замкнуў і дзверы з пакоя Герберта на другую лесніцу, і толькі тады запытаўся ў яго, ці не жадае ён легчы спаць. Ён адказаў, што жадае, і папрасіў даць яму крыху з маёй добрай бялізны, каб заўтра пераапрануцца. Я прынёс і падрыхтаваў усё неабходнае, і зноў кроў застыла ў мяне ў жылах, калі ён, развітваючыся, паціснуў мне абедзве рукі.

Не ведаю, як я вышаў ад яго. Я зноў расклаў агонь у тым пакоі, дзе мы сядзелі, і сеў перад камінам, баючыся легчы спаць. Цэлую гадзіну яшчэ я не мог ні аб чым думаць, ашаломлены ўсім гэтым, і толькі тады, калі здольнасць разважаць вярнулася да мяне, я зразумеў усю глыбіню свайго гора і выразна ўбачыў, што карабль, на якім я плыў, разбіўся ўшчэнт.

Непераможны жах ахапіў мяне, нібы наплываючы з усіх куткоў, так што я ўзяў свечку і пайшоў зірнуць на свайго жахлівага госця.

Ён абвязаў сабе галаву хусткаю. Яго твар быў спакойны і сон глыбокі, але пісталет усё-такі ляжаў у галавах. Пераканаўшыся, што ён спіць, я паціхеньку выняў ключ з дзвярэй і перш, чым зноў сесці да каміна, замкнуў іх знадворку. Патроху я задрамаў і саалізнуў з крэсла на падлогу. Калі я прачнуўся, не перастаючы і ў сне адчуваць сваё гора, на царкоўных вежах задняй часткі Лондана прабіла пяць гадзін. Свечкі дагарэлі, агонь у каміне згас, а вецер і дождж яшчэ ўзмацнілі цемру ночы.


Канец другой карціны вялікіх чаканняў Піпа.