Вялікі скарб нашай старасьвеччыны (Самойла)

Вялікі скарб нашай старасьвеччыны
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Уладзімір Самойла
1938 год
Крыніца: Калосьсе, 1938, №2-4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УЛАДЗІМЕР ЧЭМЕР

Вялікі скарб нашай старасьвеччыны

(750 угодкі >> Слова аб палку Ігаравым)

I.

У канцы мінулага году сьвяткаваліся, праўду кажучы, даволі малагучна, 750-тыя ўгодкі нарадзінаў паэтыцкага твору, які з гонарам можа вытрымаць параўнаньне з найвялікшымі пэрламі сусьветнай мастацкай літаратуры. Мы кажам аб старарускай паэме ХІІ веку, ведамай пад назовам "Слова аб палку Ігаравым."

Угодкі гэныя прайшлі так нягучна таму, што ўсе мы, усходнія славяне, не навучыліся яшчэ цаніць і шанаваць ні сябе, ні свае нацыянальныя скарбы, памяткі сваей слаўнай ці сумнай мінуўшчыны. Таму гэная поўная багацьця мінуўшчына, якая жыве ў гэтых памятках, ня жыве ў нас саміх, не ўзбагачывае сваімі скарбамі нашае душы, не ўскрашае ў нашай сьведамасьці гэнай мінуўшчыны, не зьвязывае з ей нашай сучаснасьці ў нейкае адзінае ў часе і прасторы — вялікае цэлае, у вялікі гмах — "грамаду" (Купала) гістарычнага народу, культурнае нацыі. Мы жывём у сваей большасьці, як нейкія, як кажуць расейцы, "Іваны непомнящіе, " не памятаючы свайго ўчарашняга дня, нават свайго запраўднага імя і прозьвішча... Таму мы й ня маем у сваей душы тае вялікае, трывалае і моцнае апоры, якую дае народу сталая духоўна - органічная сувязь з роднай мінуўшчынай. Таму, жывучы з дня на дзень, мы ня жывём яшчэ, як народ, жыцьцём культурна-гістарычным, нацыянальнай гісторыяй. Таму наш беларускі народ ня стаў яшчэ нанова тым, як кажуць, культурна-гістарычным народам, якім ён быў — можа першы з усіх усходніх славянаў — у сваей мінуўшчыне...

Шмат ёсьць шляхоў для кожнага народу, каб стацца вялікай культурна-гістарычнай нацыяй. Але яны ўсе, гэтыя шляхі, зыходзяцца на адным - на шляху самастойнага творства ў тых ці іншых палетках сусьветнай, агульна-чалавечай культуры. Але ўсялякае творства наагул магчыма толькі на грунце нацыянальнай самастойнасьці народу, якая вытвараецца ў яго гісторыі. Таму - першым шляхом для адраджэньня нашага народу, для адбудаваньня ім гэнае свае ролі каваля свайго ўласнага лёсу, тварца агульна-чалавечых цэннасьцяў, зьяўляецца навязаньне гэнай парванай у нас сувязі з роднай мінуўшчынай.

II.

Дамо-ж цяпер нашым чытачом дакладнае паняцьце аб гэтым творы.

Насамперш — некалькі слоў аб тым, як, дзе і калі знойдзены быў самы гэты памятнік.

У 1795 г. ведамы ў сваім часе расейскі асьветны дзеяч гр. Мусін-Пушкін знайшоў у м. Яраслаўлі рукапісны зборнік, якім паміж іншымі, популярнымі ў свой час, творамі, было і "Слова." Поўны тытул яго гучэў так: "Слово о пълку Игоревѣ Игоря Святославля, внука Ольгова. " Ужо з гэтага назову відаць, што твор пісаны быў у мове вельмі блізкай да царкоўна-славянскай (стара-баўгарскай, якая ў гэныя часы была, як ведама, мовай літаратурнай на ўсім абшары ўсходняга славянства.

Сьпісак, "Слова, " знойдзены Мусіным-Пушкіным, напісаны быў так званым полу-уставом," на падставе чаго, a таксама на падставе цэлага чароду фонэтычных і морфолёгічных асаблівасьцяў яго мовы, знаўцы адносяць рукапіс да XV-XVI в., не раней. На вялікі жаль, мы ня толькі ня маем ранейшых сьпіскаў "Слова," але нават гэны, пазьнейшы, напісаны тры-чатыры вякі пасьля ўлажэньня твору, згарэў у 1812 годзе, у часе вялікага маскоўскага пажару, узьнікшага на спатканьне Наполеона. Захавалася толькі копія, ці адпіс, гэнага сьпіску, зробленая, праўда, найлепшымі, як на тыя часы, знаўцамі палеографіі, але-ж праверыць дакладнасьць іхняга адпісу, паводле вымаганьняў сучаснае навукі, сталася немагчымым. Захавалася і тагачаснае друкаванае выданьне "Слова, " з перакладам на расейскую мову, зробленае ў Маскве ў 1800 г.

З гісторыі нашых старадаўніх багаслужэбных кнігаў мы ведаем, як шмат рабілася перапішчыкамі ў іх памылак. Асьвета наагул, нават у манастырох, стаяла на нізкім роўні. Таму незразумелыя ўпоўні рэчы, аб якіх пісалася ў кнігах, да таго-ж чужая, хаця ў значнай меры і зразумелая для асьвечаных людзей" кніжная мова, - усё гэта вельмі спрыяла памылкам пры перапісцы.

Памылкі гэныя, аднак-жа, маюць і нікаторую карысьць для навукі. Справа ў тым, што перапішчык, жыхар таго ці іншага дыалектычнага (моўнага) абшару, мімавольна ўносіў у сваю працу асаблівасьці яго жывое мовы. І вось, калі асаблівасьці пісьма, графікі, непамыльна сьведчаць аб часе старадаўняга рукапісу, дык з памылак у мове, якія зрабіў перапішчык, можна часта зрабіць няменш пераконываючы вывад аб мейсцы, абшары, дзе зроблены быў сьпісак. Фонэтычныя асаблівасьці сьпіску "Слова" сьведчаць аб тым, што ён паходзіць з Пскоўшчыны, якая, як ведама, зьяўляецца найбліжэйшай "дыалектычнай суседкай" беларускага моўнага абшару, прынамсі з боку вялікарускага.

Такім чынам, пасярэдніцтва сьпіску ХѴ ці ХVІ в., даючы указаньне на месца паходжаньня сьпіску, не дае магчымасьці дакладна судзіць аб абшары, на якім ўложана было самае "Слова. Затое — зьмест гэтага памятніку дае на наша пытаньне блізу зусім точны адказ. Да гэтага зьместу яго мы й пяройдзем.

III

У ваўсіх старадаўніх паэмах быў, як ведама, звычай пачынаць гутарку зваротам да таго ці іншага высокага „патрона" паэзіі — на небе ці на зямлі.

Так і аўтар, Слова" зьвяртаецца напачатку да нейкага "Баяна," свайго слаўнага папярэдніка. Гэны Баян, асобу якога некаторыя дасьледчыкі лічаць легендарнай, жыў, калі верыць аўтару "Слова" дый параўнаваць яго словы з хронолёгіяй летапісаў, гадоў за сто да яго. Характэрна, што аўтар неяк двойча адносіцца да гэнага свайго слаўнага, патрона" і папярэдніка. З аднаго боку, ён выхваляе яго за яго буйную, нястрыманую паэтыцкую сілу, з другога, — яўна іронізуе над яго за лішне ужо пышнымі, да штучнасьці і недарэчнасьці, аздобамі паэтыцкага стылю, якія, можа, і патрэбны, каб заступіць адсутнасьць паважнага зьместу, але толькі засланяюць гэты зьмест, калі ён ёсьць. Усе гэныя пустагучныя прыборы і штукі ён лічыць зусім недарэчнымі ў сваей паэме, якая мае ў сваей аснове гістарычную праўду вялізарнай важнасьці усенароднага здарэньня, а сваей мэтай мае - вывесьці з гэтага здарэньня вялікай важнасьці "урок" палітычнага розуму для ўсяго народу.

Параўнаньне расказу „Слова" з суадказным апавяданьнем летапісаў (у Іпатаўскім летапісу - пад 6695 г.) сьведчыць аб тым, як точна аўтар трымаўся гэтай так высака цанімай ім, нават у паэзіі, гістарычнай праўды.

Гістарычнае здарэньне, якое лягло ў аснову, Слова," гэта - паход чатырох князёў якраз з беларускага пляменнага абшару старадаўняй "Русі" - проці адвечнага ворага славянскай Русі, пагражаўшага яе жыцьцю, волі і незалежнасьці з усходу і з поўдня, проці нязьлічаных турка-татарскіх ордаў, — качаўнікоў, наплываўшых з бязьмежных стэпаў Азіі. Але-ж, з гэтым самым турка-татарскім усходам,* проці якога трэба было аружжам бараніць самае сваё існаваньне, старадаўняя славянская Русь, апроч вайны, мела ўсьцяж, у мірныя часы, сталыя гандлёвыя зносіны. Мала таго, мірныя гэтыя зносіны закрапляліся ўмовамі і асабістымі, сямейнымі сувязямі паміж павадырамі з абодвух бакоў: рускімі князямі — і ханамі гэтых валацугаў стэповага ўсходу. Адбіцьцё абодвух гэтых істотных мамэнтаў жыцьця народаў — вайну і мір - маем мы і ў нашай слаўнай паэме, якая, такім чынам, зьяўляецца якбыццам нашай усходня-славянскай "Іліядай" і "Одыссэяй" адначасна.

На чале злучанага войска стаў пачынальнік усяго паходу, Ноўгарад-северскі князь Ігар Сьвятаслававіч. Разам з ім пайшлі - брат яго Усевалад, кн. Трубчэўскі, іх пляменьнік Сьвятаслаў Олегавіч, кн. Рыльскі, і сын Ігара - Уладзімер, кн. Пуціўльскі. Апроч таго, кн. Чарнігаўскі Яраслаў прыслаў атрад свайго войска ў дапамогу Ігару.

Як бачым, блізу ўсе гэныя княжствы ляжалі на тэрыторыі, якая ахопліваецца этнографічным абшарам Беларусі нашых часоў.

Вельмі цікаўна, што ў самым "Слове, " якое мае выразную палітычную ідэолёгію, пабудаваную на галоўнай ідэі адзінства Русі, няменш ясна сьцьвярджаецца, хаця-ж, ясна, і асуджаецца — існаваньне супярэчных імкненьняў, імкненьняў да самастойнасьці, да нікаторага „сэпаратызму, "як мы скажам цяпер, да выразнай незалежнасьці ад кіеўскага цэнтру — нават у такіх справах, як вайна і мір, ад якіх залежала бясьпечнасьць усяе тагачаснае Русі. Мала таго, — якраз на гэтай супярэчнасьці, на гэтым сэпаратызьме „малодшых князёў" вялізарнага, ляжачага на поўнач ад Кіеўшчыны, абшару, з цэнтрам ноўгарад-северскім, пабудавана якраз уся наша вялікая паэма старасьвеччыны. І гэта робіць "Слова" асабліва цікаўным для нас Беларусаў.

(д. б.)

Зьмест паэмы. Як толькі войска ўвайшло ў стэп, пачаліся ў прыродзе розныя зьявы, якія не варожылі нічога добрага палку і паходу Ігараву. Зацьменьне сонца пакрыла раптам у ясны дзень жудаснай цемрай княжскія дружыны. Але і гэтая, добра ведамая народу злая прыкмета" ня стрымала Ігара.

"Браты і дружына, сказаў ён, лепш палегчы забітымі, як папасьці ў палон. А таму — сядзем на борздых каней, каб хутчэй паглядзець сіняга Дону"...

Нястрыманае жаданьне "папіць шеломом вады з Дону", "пераламаць капьё на канцы поля палавецкага" так "апаліла розум" Ігару, што ён не зьвярнуў увагі на гэтую перасьцярогу з боку самога Даж-бога, Сонца, якога любімым "сынам" быў сам... Калі дружына Ігара злучылася з дружынай яго брата Усевалада, "Сонца ізноў заступіла яму шлях цемрай" — пад ноч паўстала навальніца, падняла зьвягу, крык, гоман, сьвіст уся зьвярына на зямлі, — уся прырода загадвала Ігару паслухаць голасу роднае Зямлі... Але, захоплены гордай думкай аб славе, герой сьмела пайшоў наперад...

І вось, яго войска — ужо за курганом" — у зямлі ворага. І варожыя сілы адразу пачынаюць абступаць з усіх бакоў сілу рускую"... Прырода тутака ўжо неяк не адстрашывае рускае войска ад паходу, але ўжо рыхтуецца да яго хаўтуроў... Ваўкі "рыхтуюць бяду па пячурах; арлы склікаюць зьвярыну на блізкі ужо банкет на пабоішчы; лісіцы брэшуць на чырвоныя шчыты дружыньнікаў... Але русічы ідуць усьцяж, ідуць наперад, „шукаючы сабе чэсьці, а князём славы".

Першае спатканьне з полаўцамі кончылася для русічаў бліскучаю перамогаю. Так заўсёды бывае, калі лёс хоча паўней і страшней падрыхтаваць канчальнае паражэньне... Патапталі яны паганыя палкі палавецкія, набралі ўсялякага багацьця — і дзявок прыгожых, і золата, і тканін дарагіх... І столькі было гэтага багацьця-здабычы, што ўсім гэтым "пачалі масты масьціць", кідаючы золата-тканыя вопраткі на гразкія шляхі, каб па суху лягчэй было ісьці войску...

І вось, ізноў пачаліся грозныя зьявы нябесныя: чорныя хмары з мора бягуць - "хочуць прыкрыць чатыры сонцы" (4 князёў рускіх), а у хмарах сінія маланкі, як літарамі, пішуць жудасны прысуд палку Ігараву. Быць грымоце вялікай, ісьці дожджу з Дону вялікага... Там на Каяле - рацэ шмат коп'яў пераломіцца, шмат шабляў пакрушыцца аб шаломы палавецкія - на Каяле - рацэ блізка Дону вялікага... Бо-ж тут ужо ня відаць Рускае Зямлі, але скрозь - чужына варожая... І вось, пачалі спаўняцца ўсе гэтыя перасьцярогі й прароцтвы прыроды і "дзіваў" славянскае зямлі: з усіх бакоў ідуць полаўцы-ворагі - і ад Дону i ад мора. Аб набліжэньні хмараў-ворагаў гавора ўся прырода: зямля дрыжыць, угінаецца; рэкі пацяклі мутнай вадой; пыл пакрыў усю зямлю; ветры нясуць стрэламі ўсю гэтую навальніцу людзей і стыхіяў на войска Ігара...

Далей у паэме ідзе нязвычайна сільнае і яркае апісаньне бою, якое можа вытрымаць параўнаньне з найлепшымі месцамі гомэравай Іліяды.

У захопленьні бою забываліся князі-героі і аб сваім жыцьці, і аб родным залатым месьце сталіцы, і аб мілых сэрцу ласках жонак-красунь, пакіненых дома...

Каб ярчэй адзначыць нябывалую веліч гэтай бітвы, аўтар дае кароткі агляд папярэдніх цяжкіх здарэньняў на Рускай зямлі, выкліканых, пераважна, сваркамі паміж князямі, якія "самі почаху воевати на ся". Шмат пацярпела Руская Зямля, з прычыны гэных сварак паміж князямі — ад вонкавых ворагаў. Былі часы, калі на ей рэдка пераклікаліся паміж сабой земляробы, але шмат часьцей — вораны ды груганы, дзелячы паміж сабою людзкія трупы... Але-ж такога бою, ды паражэньня, як на Каялерацэ, дык яшчэ ня бывала.

"Чорная глеба пад капытамі каней засеена была касьцьмі ды паліта крывёй... Дый жахам-жальбою ўзыйшло гэта насеньне па Рускай Зямлі"...

З двух братоў, Усевалад палёг, а Ігар папаў у палон палавецкі...

"Тут і разлучыліся, на беразе ракі-Каялы, абодва браты...
Тут крывавага віна не хапіла...
Таму і скончылі пір адважныя русічы
Сватоў (полаўцаў...) напаілі дый самі палеглі
За Зямлю Рускую...
Хіліцца удол трава з жалю,
А дрэва ад кручыны сагнулася да зямлі..."

Так канчаецца гэты абраз бою, якому папросту няма роўнага па сконцэнтраванай сіле і яркасьці малюнку і па ўзрушаючым нас, ня гледзячы блізу на 8 вякоў гістарычнай адлежнасьці, уладнай сіле сардэчнага жалю...

* * *

Наступны разьдзел паэмы пераносіць нас на Рускую зямлю, няменш сільна і ярка малюючы тое, зьмяшанае з жалем і жахам, абурэньне, якое ахапіла ўсе яе плямёны і княжствы, калі прыйшла вестка аб тым, як палавецкая пустыня пакрыла (пахавала) рускую сілу"... Заплакалі "хоті" (жонкі), што ніколі ўжо ні вачыма ні ў мысьлі ня ўбачаць сваіх „мілых ладаў" (мужаў), ні абяцанага імі золата і серабра — ваеннай здабычы. Застагнаў ад кручыны Кіеў, а Чарнігаў — ад гора. Туга разьлілася па ўсей Русі. Бо-ж — у выніку паражэньня палку Ігарава — полаўцы кінуліся навалай у адчыненую на ўсходзе Рускую Зямлю дый пачалі паліць ды рабаваць адно места па адным, накладаючы на іх дані — „па белцы ад двара"...

I зразумелі тады ўсе на Русі, як страшэнна прыслужыліся ей неразумныя князі, ня гледзячы на ўсю іх асабістую гераічную адвагу і добрую волю — здабыць сабе чэсьць і славу. І ўспомнілі тады, як пераможна адбыўся толькі два гады назад паход проці гэтых самых полаўцаў, арганізаваны самым вял. князем Кіеўскім.

Але — ня толькі ўся Руская зямля адчула паражэньне Рускае сілы на Далёкім Усходзе, на ,канцы стэпу палавецкага", як сваю бяду ды жалобу, але, як кажа далей "Слова", і ўся тагачасная Эўропа была глыбака ўсхвалявана гэным здарэньнем, адчуўшы, відаць, яго, як грознае і для сябе... Раўнуючы абодва паходы Сьвятаслава Кіеўскага і Ігара Северскага,

"І немцы, і венедцы (зах. і паўдзен. славяне),
"І грэкі і моравы пяюць славу Сьвятаславу,
"Хаюць князя Ігара"...

Вельмі важная адзнака, якая паказывае на тыя жывыя і пастаянныя адносіны, якія існавалі ўжо ў той час паміж Русьсю ды Заходняй Эўропай.

___________________

Далей ідзе, можна сказаць, цэнтральная ідэолёгічная частка паэмы. Пясьняр пераносіць нас у палац самога вял. кн. кіеўскага Сьвятаслава. Бацьку Ігара сьніцца вешчы сон жудаснага зьместу. Быццам ляжыць ён на сваім ложку, а яго пояць нейкім сінім віном, зьмяшаным з баявым потам (трудам) дый сыплюць яму на грудзі з пустых палавецкіх калчанаў буйныя і цяжкія пэрлы... І чуе князь, як пачаў з даху завалівацца яго залатаверхні княжскі палац... І навакол усю ноч каркалі груганы...

На двары вялікага князя ня ведалі аб лёсе яго двух сыноў. Але баяры растлумачылі князю яго сон: гэта знак, што нейкая бяда здарылася з яго,двумя сакаламі"... Іх войска, мабыць, пасечана паганымі, а самі яны ўвязаны ў жалезныя путы... На вялікую бяду паказывалі і жудасныя знакі на небе. І вось, тады князь Кіеўскі "выраніў залатое слова, з сьлязьмі зьмяшанае". У гэтым "залатым слове" другога, старэйшага векам, ды старшага становішчам і розумам, героя паэмы, аўтар яе і выражае галоўную ідэю свайго твору.

Мае сыны ("сыновча" - точна: "пляменьнікі", а агульней: "сыны", як малодшыя), залішне сьпешна пачалі вы варушыць мячамі зямлю палавецкую шукаючы сабе славы, але не падрыхтаваўшы, як сьлед, паходу. Дык і выйшла, што ўся вашая асабістая адвага прапала дарма, — толькі на гора ды бяду ўсяе Зямлі дый на ганьбу маей сівой галаве... Але-ж - не такі быў гэны, можа, запраўдны герой усяе паэмы, каб абмежыцца толькі дакорамі пацярпеўшым бяду ды сьмерць "сыном". Зараз-жа зьвяртаецца вялікі князь Кіеўскі з магутным заклікам да ўсіх тагачасных валадароў, Зямлі Рускай - ад Суздаля над Волгай да далёкай на захад Галіччыны, — каб ішлі разам з ім ратаваць усю Рускую Зямлю; разьбіць дарэшты яе ворага, адамсьціцца

"За сьвежую крыўду Рускай Зямлі,
За раны Ігара, адважнага сына Сьвятаслава".

Аўтар пералічае ўсіх гэтых перадавых валадароў, даючы ім вельмі яркія характэрыстыкі, усхваляючы іх сілу, багацьце, баявую адвагу і патрыятызм ясна-ж, каб мацней заахвоціць іх да новага паходу. На гэтую адзнаку: актуальнасьць гэнага закліку трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу, бо-ж яна дапамагае нам азначыць час напісаньня самае паэмы.

_______________________

Два вялікія адрыўкі паэмы прысьвечаны Полаччыне, — каб высьвятліць тое, чаму ў шырокім закліку кіеўскага вял. кн. Сьвятаслава да ўсіх князёў Рускае Зямлі ён абмінуў магутных валадароў Полаччыны. Напомнім, на падставе летапісу, Іпатаўскага і інш., аб гістарычных здарэньнях тагачаснага мамэнту, папярэдзіўшых паход Ігара, - у гэнай частцы Рускае Зямлі. Якраз на працягу 10-15 гадоў перад паходам Ігара ішла паміж князямі „Рускае Зямлі" зацятая крывавая барацьба за кіеўскі пасад. У 1174 годзе Полацкія князі, а з імі разам і князі Смаленскія і князі Тураўскія, і Пінскія і Горадзенскія пад націскам і павадырствам князя Суздальскага Андрэя — ідуць вялікаю "ратью" проці сеўшых на кіеўскі пасад Расьціславічаў, каб аддаць яго аднаму з, ольгавічаў" Сьвятаславу Усеваладавічу, таму самаму, які іграе такую вялікую ролю ў "Слове. " Але праз некалькі гадоў у 1180 г., у барацьбе гэтага вял. кн. кіеўскага з Усеваладам Суздальскім — полацкія князі прымаюць старану Сьвятаслава. "Прыйшлі, кажа Іпат. летапіс, Полацкія князі ў дапамогу Сьвятаславу - і Брачыслаў з Віцебску і брат яго Усеслаў з палачанамі, а з імі былі і лібь і літва." Кн. Ізяслаў Васількавіч, аб якім, побач з усеславам і Брачыславам, кажа тутака Слова," быў хіба-ж таксама князем Полацкім, можа, трэйцім братам абодвух апошніх. Усе гэтыя Полацкія, "Усеславічы" - патомкі першага, амаль не легендарнага Усеслава, які ў "Слове рысуецца такім чарадзеям, „лютым зьверам і валадаром усяе Рускае Зямлі, які з сваей дружынай аблятаў блізка ўсю яе з канца ў канец, усюды прыносячы з сабою жах, кроў, бяду і спусташэньне. Ужо з гэтага ўсяго відаць, што Полаччына стаяла неяк асобна, здалёка ад рэшты Рускае Зямлі. Гэтая асобнасьць павялічвалася яшчэ і тым, што ўжо ў гэныя часы полацкая зямля з княжствамі Горадзенскім, Менскім, Тураўскім, Пінскім і інш. мелі з захаду сваіх ворагаў — саюзьнікаў літоўцаў, і гэтыя, уласныя клапоты ў вельмі значнай меры адрывалі гэных «заходнерускіх, ці беларускіх князёў ад супольнага жыцьця з рэштай Рускае Зямлі. Ведама з летапісу, прыкладам, страшэннае паражэньне нанесенае горадзенскім Усеславічам літоўцамі у 1107 г. А гэта таму, што і тутака, на захадзе, нягорш, як на ўсім далейшым на ўсход славянскім абшары, панавалі міжусобныя войны. Абодва адрыўкі „Слова,“ датычачыя князёў полацкай зямлі, ярка рысуюць вынікі гэткай хатняй вайны і братняй барацьбы для іх бацькаўшчыны. Гэтыя нязвычайна яркія адрыўкі з паэмы дадзены ў папярэднім нумары "Калосься" у перакладзе Купалы.

І вось, як раз у той мамэнт, калі здарылася гэная страшэнная бяда над князямі чарнігаўскай зямлі, князі полацкай зямлі, "унукі усеслававы, " далёка „скакнулі ад дзедаўскай славы, а часткай паляглі ў зямлю, «прышлёпаныя літоўскімі мячамі"... Але-ж і "слава дзеда Усеслава" была нейкая сумліўная. Аб гэтым кажа хаця б знамянітае мейсца ў паэме аб лёсе Меншчыны, да якой гэны слаўны дзед Усеслаў „скакнуў ваўком"... Характэрна, як двойча ацэньвае гэнага найвыдатнейшага князя беларускага абшару старадаўняй Русі аўтар „Слова. " Ён падчырківае, што гэны ведамы Усеслаў, слаўны ваеннай адвагай і талентам, усюды прыносіў з сабою кроў і сьмерць, паўтараючы "прыпеўку вешчага Баяна," сучасьніка Усеслава, аб тым, што — як ні быў той хітры і горазды, але ўсё-ж за гэта суда Божага і ён ня мінуе"...

З гэтага ўсяго відаць, што ўжо ў тыя часы вельмі рэзка зарысаваліся розьніцы і супярэчнасьці паміж цэлымі вялікімі абшарамі, цэлымі групамі „земляў" Зямлі Рускай, адзінства якой існавала хіба-ж толькі, як ідэя, як ідэолёгія, успадкаваная ад былага адзінства першае княжскае дружыны, якая захапіла ўладу над славянскімі плямёнамі дый якая насіла імя Русь. "

_______________

Наступны разьдзел паэмы - найбольш знамянітае ў ёй мейсца, так званы плач Яраслаўны, які і цяпер яшчэ рве сэрца чытача сваім надзвычайна сільным і шчырым лірызмам.

Канчальны разьдзел паэмы дае апісаньне уцёкаў князя Ігара з палону палавецкага. Ізноў магутны талент песьняра блішчыць тут усімі фарбамі сваей багатае палітры, арганічна зьвязанай з адвечным сьветапаглядам і жыцьця - адчуваньнем славянскай Русі, супольнымі блізу цалком усім яе магутным народным галінам. Увесь абраз уцёкаў Ігара і безнадзейнай пагоні за ім двух ханаў палавецкіх, Гзака і Канчака, напісаны характэрнымі для мастацкай манеры аўтара кароткімі, сільнымі, яркімі "мазкамі," робіць вельмі моцнае ўражаньне.

Паслухайце самі:

Прыснула мора к палуначы...
Ідуць сьмерчы туманамі —
Сам Бог указывае Ігару шлях
На Бацькаўшчыну...
Пагасьлі зоры вячэрнія.
Ігар быццам сьпіць,
Але-ж ён ня сьпіць,
Але думкай мерыць поле
Ад вялікага Дону —
Да Бацькаўшчыны...
У паўночы стаў конь перад Ігарам.
За ракою сьвіснуў прыяцель...
Стукнула зямля, зашумела трава,
Заварушыліся калёсы палавецкія

дый — паскакаў Ігар з палону здабываць сабе волю...

І тутака, як нідзе больш, выявілася асаблівая прыхільнасьць аўтара да любімага свайго героя: столькі шчырага жару сэрца укладае ён у сваё апісаньне, як быццам ад яго сілы і яркасьці залежаў сам ратунак яго героя. Дзеля таго пясьняр, робіць цудоўнай самую асобу апошняга. Уцякаючы ад гонячых яго полаўцаў, кн. Ігар перамяняецца ці то ў горнастая, каб перабегчы праз чарот над ракой, ці то ў гогаля, каб пераплыць раку; паезьдзіўшы на борздым кані, ён саскаківае з яго шэрым ваўком, каб хаваючыся ў траве перабегчы праз луг уздоўж Данца, а над ім паляцець сакалом... І рака-Данец радуецца, што можа дапамагчы рускаму князю вызваліцца з палону - на радасьць Рускае зямлі, " а князь у цёплых і харошых словах дзякуе жывой рацэ за помач і мілую ласку. Усьлед за князем рускім ляцяць абодва ханы палавецкія, але з іх пагоні нічога ня вышла. Характэрна, аднак-жа, гутарка іх паміж сабой. Гзак прапануе Канчаку, каб за пабег „сакала" з палону забіць стрэламі, саколіча, гэта значыць — Ігарава сына, Уладзімера, які разам з бацькам папаў у палон. Канчак на гэта адказывае, што лепш, выпусьціўшы з рук сакала, саколіча, "спутаць ды прывязаць дзяўчынаю." Мы казалі вышэй, што з ворагамі-полаўцамі князі вялі ня толькі войны, але і мірныя зносіны, ладзячы сувязі гандлё выя і сямейныя. Князь Уладзімер Ігаравіч быў яшчэ раней, да паходу, сасватаны з дачкой Канчака. Таму Канчак і не хацеў губіць свайго прышлага зяця. Як мы ведаем з летапісу, Уладзімер запраўды ажаніўся з дачкой Канчака, але хутка уцёк з палону, пакінуўшы сваю "хотю" за Донам... Гэтыя факты маюць вельмі важнае значэньне дзеля ўстанаўленьня даты напісаньня самага твору.

Канчаецца паэма кароткім зваротам, яшчэ раз, да слаўнага папярэдніка-песьняра, Баяна, дый - яркім абразом, як засьвяцілася сонца на Русі, як запяялі дзяўчаты, калі засьвяціліся на яе зямлі ясныя вочы вярнуўшагася князя Ігара. Месты і вёскі павесялелі, а сам Ігар першым чынам паехаў злажыць падзяку сьвятой Богародзіцы Пірагошчай.

Звычаем усіх падобных героічных паэмаў - «Слова" канчаецца "славай ," — славай сьпярша старэйшым князём, пасьля малодшым, а пасьля і ўсей дружыне, славай, не зважаючы на ўсе памылкі іх, — за тое, што яны, князі і дружыньнікі, ішлі вайной за хрысьціян ды проці паганых...

Гэтая рыса — успамінаньне аб Божай Мацеры дый аб хрысьціянах, наагул рэдкае ў "Слове," паказывае на ўплывы Царквы. Але, як відаць з усей паэмы, уплывы гэтыя яшчэ былі даволі слабыя. Усё ў паэме дышыць, хутчэй, дахрысьціянскай стыхіяй старадаўняй Русі, уся яна перапоўнена жывымі абразамі народна-паганскага эпосу, багамі і бажкамі адвечнай славянскай натуральнай рэлігіі. Сынамі ці ўнукамі галоўнага бога яе — Дажбога, бога Сонца, называе ў сваей паэме аўтар найслаўнейшых князёў Рускай Зямлі.

___________________

Такі гэты цудоўны абломак нашай старадаўняй мінуўшчыны, ацалеўшы запраўды ж нейкім цудам, каб сьведчыць нам аб тым, якое буйнае жыцьцё кіпела ўжо тады на Русі, як высака стаяла тады культура паэтыцкага слова, якія моцныя і яркія таленты закоўвалі ў гэтае слова бягучае дый уцякаючае ў мінуўшчыну жыцьцё, каб уся яго сіла і краса захавалася навек у гэтым слове на радасьць і навуку патомкам. Трэба, паўтараем, толькі пазнаць і пакахаць гэную сваю мінуўшчыну, каб стаць дастойнымі лепшай, а мо, - слаўнай, роўнай ей — будучыны.

Цудоўная паэма, захапляючая сваей красой мільёны чытачоў, даваўшая натхненьне найлепшым мастаком паэзіі, высоўвае адначасна цэлы рад цікаўных і важных навуковых праблем і загадак, якія імкнецца вырашыць гісторыка-літаратурная крытыка. Тут пытаньні і аб аўтары паэмы, аб месьце, асяродзьдзі і часе яе паўстаньня; аб яе вусна-народных і літаратурных, родных і замежных, крыніцах, урэшце, — як гэта ня дзіўна гучыць, — аб яе аўтэнтычнасьці... Наколькі ўсе гэтыя пытаньні складаюць зложаную важную і навуковую праблему, відаць з таго, што навокал яе спарадзілася цэлая вялізарная дасьледчая літаратура, якая ўсьцяж расьце. Даволі сказаць, што ў зьвязку з юбілеем "Слова" слаўны францускі вучоны-славіст, праф. Андрэ Мазон, распачаў у канцы мін. году ў Парыжы цэлы спэцыяльны курс, прысьвечаны паэме, якога ня скончыў яшчэ да бягучых дзён. Праф. Мазон якраз належыць да вельмі ўжо рэдкік у нашыя часы прадстаўнікоў так званай, сцэптычнай школы", якая, коратка кажучы, не прызнае „Слова" памяткай ХІІ веку, але ўважае паэму, так ці йнакш "падробленай" шмат пазьней - на падставе цэлага раду іншых памятак, краёвых і замежных.

Ня маем тутака магчымасьці спыняцца на ўсіх гэтых, вельмі скамплікаваных, пытаньнях. У гэтай юбілейнай стацьці разгледзім з іх толькі адно, якое хіба-ж найбольш зацікавіць шырокія кругі нашых чытачоў-беларусаў, пытаньне — аб месьце і асяродзьдзі паходжаньня паэмы. Адказ на гэтае пытаньне адкажа нам адначасна і на пытаньне аб тым, да каго належыць гэтая паэма, які народ у нашыя часы можа з найбольшым правам залічыць да скарбніцы сваей літаратуры гэты непараўнанай красы і цэннасьці твор.

______________

Трэба ведаць, што свае правы і прэтэнсііі на паэму, як на выключную ўласнасьць сваей культуры і паэзіі, заяўляюць, таксама, як мы, беларусы, і расейцы і украінцы; заяўлялі ня так даўна нават палякі ды чэхі.

"Найпрасьцей" вырашаюць гэты "спор славян между собою" расейцы. Паэма, кажуць яны, паўстала бясспрэчна — або на Чарнігаўскай зямлі, або на Кіеўскай. Але-ж Кіеў, як пісаў яшчэ летапісец, "мать городов русских"; Чарнігаў малодшы брат Кіева. Абодва ляжаць на "адзінай Рускай Зямлі", аб якой усьцяж кажа сам аўтар „Слова", а якая належыць цяпер да Расеі. Дык ясна-ж, як сонца: "Слова" - уласнасьць Расеі, расейскай нацыі, гісторыі яе літаратуры і культуры, як і ўсё іншае, што спарадзілася на яе шырокіх прасторах.

Можа ўсё гэта было запраўды вельмі "ясна і проста", пакуль "адзіную Рускую Зямлю" пакрывала таксама адзіная і аднолькавая афіцыяльная расейская дзяржаўнасьць, культура і літаратура, - пакуль не адрадзілася да новага жыцьця асобная нацыянальная сьведамасьць беларускага ды украінскага народаў, якая ставіць сабе задачай адбудову ды далейшую разбудову свайго ўласнага культурна-нацыянальнага дый дзяржаўнага сьвету. Таму расейскія навукоўцы, зрабіўшы нямала для навуковага вывучэньня паэмы, не паглыблялі залішне" гэтае праблемы. У нашыя часы цікавячае нас пытаньне разраслося ў цэлую вялікую і зложаную праблему, над высьвятленьнем якой працуе навуковая думка — ўжо ня толькі расейцаў ды чужынцаў, але і беларусаў і ўкраінцаў. У глыбіні сваей адроджанай нацыянальнай душы, зьвязанай з найдалейшай гісторыяй сваіх родных зямель, з душою іх старадаўнага жыхарства, украінскія і беларускія дасьледчыкі знайшлі новыя жаролы інтуіцыі, новыя сугуччы паміж роднай сучаснасьцю і роднай мінуўшчынай — для высьвятленьня і вытлумачэньня тых фактаў, міма якіх праходзіла думка расейскіх і замежных навукоўцаў, не зварочваючы на іх належнай увагі.

Расейскія дасьледчыкі, задавольваліся, так сказаць, "палітычнай лёкалізацыяй" паэмы - у межах "адзінае Рускае Зямлі", адзінага "рускага народу". Беларускія і ўкраінскія — зірнулі глыбей. Яны, першым чынам зьнялі, так сказаць, праблему з гэтага грунту - неіснаваўшага ў тыя часы "адзінага рускага народу", - дый перанесьлі яе — больш навукова - на грунт рэальна існаваўшых тады плямёнаў і іх яшчэ вельмі слабых палітычных ад'еднаньняў. Такім чынам - на першы плян выплывае пытаньне аб тых плямёнах, з якіх злажылася тая ці іншая група ўсходніх славян": расейская, украінская і беларуская, — якія ў нашыя часы ўсе дасьпелі ўжо да сьведамасьці і становішча народу-нацыі.

Калі мы так падойдзем да праблемы, паставіўшы пытаньне, на абшары якіх плямёнаў спарадзілася наша паэма, дык акажыцца, што спрэчка аб правы ўласнасьці абмежыцца ўжо толькі двума прэтэндэнтамі украінцамі ды беларусамі.

У апошнія часы асабліва разьвілася так званая "філёлёгічная мэтода" досьледаў у галіне гісторыі. Гэтая метода і аказалася ў руках беларускіх дасьледчыкаў тэй непамыльнай прыладай, якая бясспрэчна вырашае наша спрэчнае пытаньне на карысьць беларусаў. Чытачы нашага часапісу, пэўне-ж, памятаюць зьмешчаную ў яго першай кніжцы (1935-№ 1) стацьцю д-ра Я. Станкевіча пад наз. "Северане — беларускае племя". Адсылаючы чытача да гэнага артыкулу нашага філёлёга, напомнім тутака коратка, што ён, апіраючыся галоўным чынам на ведамай працы праф. Растаргуева аб беларускім дыялекце Чарнігаўшчыны і Трубчэўшчыны,[1] высьвятліў, можна сказаць, з канчальнай яснасьцю, сваю тэзу - аб беларускім характары племя Северан.

"Значэньне належнасьці Северан да беларускага народу вельмі вялікае, кажа аўтар у заключэньні, — дзякуючы гэтаму, гісторыя беларускага народу і гісторыя яго культуры ладне багатшая й размавітшая. Прыкладам, найслаўнейшы ў усей Славяншчыне ў сярэднявеччу эпічны твор Слова аб палку Ігаравым паўстаў у Северска зямлі. Гэта паэма - аб паходзе Северскіх князёў на Полаўцаў. Ведаючы, што Северане беларусы, нельга сумлявацца, што „Слова" - твор беларускі".

Інакш даходзіць да таго ж самага канчальнага вываду ранейшы беларускі дасьледчык, ведамы гісторык культуры, В. Ластоўскі.

Адкінуўшы ўсякія меркацыі, навеянымі фальшыва-патрыётычнымі пабудкамі, піша ён, "Слова аб палку Ігара" не зьяўляецца творам народным“ ..., але "тыповай песьняй князёўскага трубадура, які і ў нас, як і на Захадзе, ішоў разам з князям на вайну, прыглядаўся да ўсяго, і сьпісываў вершам пахвалу свайму князю“. „Князі-русы былі патомкамі Норманаў і яны ў сваіх паступках стараліся ўва ўсім патвараць заходня-эўрапэйскаму рыцарству".[2]

Найбольшую цікавасьць для нашага пытаньня становіць у паэме тое, што яна шмат месца і ўвагі прысьвячае беларускім князём, землям, местам і справам. Аўтар дасканала ведае палітычны стан і падзеі Кіеўшчыны і Чарнігаўшчыны, а таксама паасобных княстваў, князёў-учасьнікаў паходу, што зусім ня дзіва, бо-ж ён і сам - учасьнік і пясьняр паходу гэных князёў, блізкіх крэўнякоў кіеўскага вялікага князя. Але - важнейшае, для нас, беларусаў, тое, што пясьняр ноўгарад-северскага князя дасканала ведае гісторыю і тагачасны стан рэчаў Полаччыны, Меншчыны, Горадзеншчыны, аб беларускім пляменным характары якіх не паўставала ніколі ніякіх паважных сумліваў і спрэчак. Цэлых шэсьць абзацаў, некаторыя з іх нават й вельмі значныя, прысьвячае аўтар "Слова" князём і справам гэтых беларускіх зямель, укладаючы ў апавяданьне аб гэных сумных падзеях — і на Дзьвіне і на Нямізе — рацэ — няменш сардэчнага жалю, як і ў слаўны на ўвесь сьвет "плач" сваей Яраслаўны з Пуціўля.

А гэта-ж, тым больш паказальна і важна для нашай беларускай тэзы, што Полаччына, Меншчына і Горадзеншчына ня былі зусім зьвязаны з Кіеўскім цэнтрам, як была Чарнігаўская зямля, якая ахоплівала абшары князёў, прыймаўшых учасьце ў паходзе Ігара. Тры гэныя абшары даўно стварылі свой улас ны палітычны цэнтр у Полацку, жылі самастойным жыцьцём і, як відаць нават з самога „Слова", вельмі варожа адносіліся да Кіеўскага цэнтру ды рэшты „Рускае Зямлі". Уяўленая ў Слове" спроба князёў сярэдняга паміж Кіевам і Полацкам абшару, — аднак таксама бясспрэчна беларускага пляменнага характару — спроба выламацца з-пад гегемоніі кіеўскага цэнтру набывае, у зьвязку з усім, што сказана вышэй, асабліва цікаўнага для нас сэнсу і значэньня.

Зусім правільна дзеля гэтага В. Ластоўскі паклікаецца ў заключэньні на словы ведамага зьбіральніка і дасьледчыка народных беларускіх песьняў, Безсонава, што - тварэц, Слова аб палку Ігара" — ураджэнец, выхадзец, або нават жыхар Беларускага краю". „Бо толькі выхадзец або жыхар краю, - дадае В. Ластоўскі ад сябе, — мог так горача апяваць мясцовых герояў, хоцьбы і па былінах старых часоў, і так добра быць пасьвячоным у мясцовыя падзеі і інтэрэсы. Гэткім чынам "Слова аб палку Ігара", — канчае ён, — будучы помнікам не народнай, а дружыннай паэзіі, дзякуючы яго паўстаньню на нашай тэрыторыі і апяваньню ў ім падзей з нашай гісторыі, павінна быць залічана да помнікаў крыўскай (беларускай) пісьменнасьці".[3]

___________________

Трэба, аднак, як нам здаецца, узяць справу яшчэ крыху глыбей, а адначасна шырэй. Аналітычна паглыбіць, а адначасна — сынтэтычна пашырыць агульныя вывады. Дазволім сабе, наколькі здолеем, зрабіць гэтую спробу.

Пляменна - тэрыторыяльнае паходжаньне паэмы - блізу бязспрэчна. Зямля, краёвы грунт, пляменны, субстрат" пад гэтай, хай сабе - не народнай", але „рускай, гэта значыла тады: княжска-дружыннай паэмы - таксама блізу бясспрэчна — беларускія. Даведзена навукова бясспрэчна (Растаргуеў, Станкевіч і інш.), што Северане беларускае племя, як беларускім пляменным зьяўляецца і блізу ўвесь абшар князёў-учасьнікаў паходу. Але-ж гэта далёка ня тлумачыць усяго ў нашай паэме. Спароджаная на беларускім абшары, тэрыторыяльным і пляменным, паэма выходзіць далёка па-за межы гэтага абшару. Ня менш, калі ня больш, важны ў ёй якраз яе княжска-дружынны, ці, як вязалі тады з гэтым, — "агульна рускі сэнс", які выразна вядзе аўтара і яго твор - з Северскай, ці Чарнігаўскай зямлі - да кіеўскага цэнтру... І якраз на гэтым шляху, ці на гэтым скрыжаваньні шляхоў, і трэба шукаць — ідэю ўсяго твору, шукаць яго запраўднага зьместу і сэнсу.

Найбліжэйшы да сэрца аўтара герой яго паэмы — бясспрэчна — северскі князь Ігар. Яго імя носіць уся паэма. З ім жыве, яго кахае, з ім нанова ў паэме перажывае сугучна ўсе яго радасьці і трыумфы, як роўна беды і жахі, яго баявы таварыш, яго пясьняр — аўтар паэмы. Ігар — запраўдны герой гэтага беларускага абшару, з яго цэнтрам у Ноўгарад-Северску, зьвязаны з роднай зямлёй-Прыродай. Таму — за яго так моцна стаіць уся Зямля-Прырода — і неба, і зямля, і вецер, і рэкі, і зьвярына і птушкі... Ігара кахае ня толькі яго дружына, але і ўвесь народ. "Сумна Рускай Зямлі бяз Ігара"... "Веселы краі і месты", калі Ігар вяртаецца з палону жывы дамоў. Дружыньнік-пясьняр захапляецца асабістай адвагай свайго князя, рызыкай яго паходу. яго імкненьнем здабыць, на свой страх, славу сабе, сваім падручным князём і сваей дружыне... Ува ўсім гэтым відаць жывую душу - мясцовага, северскага, удзельнага, бунтуючага, разам із сваім фэодальным князям, - проці кіеўскага Сюзэрэна (гаспадара) — дружыньніка-патрыёта. Жывая душа песьняра разумее і высока цэніць гэтую буйную волю, свайго княза, хоча верыць у яго, як кажуць, шчасьлівую зорку".

Але-ж ня ў гэтым усім запраўдны сэнс паэмы. І тут выступае, так сказаць, "другая душа", ці "другая палавіна" душы аўтара.

Запраўды-ж, як Гётэ, у ведамым сваім вершы, і наш аўтар мог-бы сказаць, што ў ім жывуць дзьве душы, адрываючыся балюча адна ад аднэй...

Тады, як адна душа песьняра Ігарава кахае свайго героя, другая душа, ці, скажам, "дух" яго — строга судзіць яго за яго кардынальныя грахі і памылкі...

Адносіны аўтара да свайго героя ламаюцца.. Сваей неразважнай адвагай герой паэмы нарабіў шмат вялізарных бедаў і сваей зямлі і ўсей "Зямлі Рускай"... Гэта - герой трагічны, і яго,, трагічную віну" добра разумее аўтар паэмы. І тут набірае сілы тое, што трэба назваць "кіеўскай орыентацыяй аўтара,,Слова", разумеючы пад „Кіевам" палітычны, а мо вярней ідэолёгічны цэнтр усяе тагачаснае княжскае сыстэмы аб'яднаньня "Зямлі Рускай", номінальнае адзінства якой, як ведама, усьцяж крывава нарушалася спрэчкамі ды войнамі, аднакроўных" князёў.

Як бачым, гэнае адзінства", як палітычная ідэя, знаходзілася ў пастаяннай вострай супярэчнасьці з жывой палітычнай рэальнасьцю тадышніх часоў, як аб гэтым сьведчыць хацяжбы самае "Слова".

Але-ж ня можна пярэчыць таму, што і сама ідэя адзінства, ці аб'еднаньня мела ў сабе вялікую сілу пераконаньня і дзейнасьці.

Як мы казалі, палітычны, ці ідэолёгічны цэнтр "адзінае Русі" аўтар бачыць у Кіеве. Кіеўскі вялікі князь таму зьяўляецца ў яго вачох высокім, законным носьбітам гэтай ідэі. А стуль вынікае, што — побач з найбліжэйшым да сэрца, да кахаючай палавіны яго душы, першым яго героям, Ігарам, — вырастае за ім, а нават і над ім — другі герой паэмы, вялікі князь кіеўскі Сьвятаслаў. "Другая палавіна душы" аўтара падвойна захопліваецца гэтым сваім героем і веліччу яго пасаду і яго асабістай развагай і павагай. Вял. кн. Сьвятаслаў зьвяртаецца з заклікам да валадароў усяе "зямлі рускай" - ад (Суздальскага) князя Усевалада, які можа Волгу весламі раскрапіць, а Дон шаломамі выліць", да Галіцкага князя Яраслава Осмомысла, які "падпёр горы Угарскія сваімі жалезнымі палкамі" дый мае ў сваіх руках ключ ад брамы дунайскай. Зьвяртаецца, як маючы на гэта і права і абавязак... Характэрны і важны, для агульнага зразуменьня паэмы, той жудасны сум, з якім аўтар, як быццам праз вусны вял. кн. кіеўскага, сьцьвярджае, што, нажаль, гэтаму носьбіту ідэі адзінства Русі" няма да каго зьвярнуцца ў Полацкай зямлі... Жудасны абраз таго стану разрухі і спусташэньня, да якога давялі Полаччыну — "Яраслаў і ўсе ўнукі Усеслававы", належыць да найлепшых па гістарычнай праўдзе, па мастацкаму хараству і па сіле ўражаньня — абразоў паэмы. У дужках адзначым ізноў, што так сумаваць, кахаючы, можна толькі над роднай, а прынамсі над вельмі блізкай зямлёю...

Як і Ігара, і Сьвятаслава кіеўскага аўтар надзяляе надпрыроднай магічнай сілай. Ён блізу вяшчун, яму сьніцца "вешчы сон". За ім — гістарычная слава грознага пераможцы паганых полаўцаў.

Калі Ігар ноўгарад-северскі выступае ў паэме, як, трагічны герой", якога дадатнія староны і заганы якраз і ствараюць завязку і ўсю драматычную дынаміку паэмы, Сьвятаслаў кіеўскі выступае, як носьбіт нікаторага статычнага мамэнту, — закону, нормы, ідэі. Таму - праз вусны гэтага другога героя аўтар выказывае ідэю ўсяе паэмы, аб гэтым і кажа знамянітае залатое слова Сьвятаслава, "зьмяшанае са сьлязамі"... Яно прызнае і адвагу малодшых князёў, — "сыноўцаў" вялікага князя, і іх права, шукаць сабе славы"... Але трэбуе, каб усё гэта рабілася "чэсна"... Каб, шукаючы сабе славы, яны не нарабілі бяды Зямлі Рускай, ні ганьбы павазе ("сярэбранай сівіні") вялікага князя кіеўскага... Трагічная памылка Ігара і яго таварышоў — у тым, што яны захацелі „похітіті" сабе славу, гэта значыць — незаконна, "ня чэсна", як кажа "залатое слова" Сьвятаслава, ухапіць яе для сябе, каб пасьля, падзяліцца" гэтай славай з іншымі князямі... Памылка Ігара і яго таварышоў была ў тым, што яны асобна, ад іншых князёў Зямлі Рускай, а галоўна — цішком ад адказнага прадстаўніка яе адзінства — наладзілі паход на полаўцаў, які скончыўся — бо-ж павінен быў, па думцы аўтара, у зьвязку з ідэйнай канцэпцыяй яго паэмы, сконцыцца — катастрофай... Адтуль і "сьлёзы" гэтага "залатога слова" Сьвятаслава.

Ясна, што ў гэтай сваей агульнай ідэі паэма мае бясспрэчна "кіеўскую орыентацыю". І толькі ў такім сэнсе можна прызнаць прэтэнсіі на яе з боку ўкраінцаў. Пры такой разьмяжоў


  1. „Северско-белорусский говор". Изследование в области диалектологии и истории белорусских говоров. Ленинград. 1927 г.
  2. В. Ластоўскі - "Гісторыя Беларускай (крыўскай) кнігі". Коўна 1926 г., бач. 48.
  3. В. Ластоўскі, ibidem, бач. 50.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.