Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуароў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ў гары зіхацяць
І гараць аганьком вочы змучэных твароў!
А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасьвецкіх будынкаў;
Між каменьнямі-мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыфэрблят—пільны сьведка мінулых ўчынкаў.
Ціша тут. Маўчаліва усталі — і сьняць
Ў небі копулы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёку чуваць,
Часам мерные ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.
Ўспамяні маё сэрцэ, даўнейшые дні!
Па загаду бурмістра усе, як належэ,
Зачынілі ўжо вокны, загасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І ня сьпім мы адны—
Я, ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.
|