Вянок (1914)/Старая Беларусь/Ціхі вечэр, зьнікнула сьпякота…

Безнадзейнасьць ⁂ Ціхі вечэр, зьнікнула сьпякота…
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1914 год
⁂ Па ляду, у глухім боры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ціхі вечар; зьнікнула сьпякота…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *

Ціхі вечэр; знікнула сьпякота,
Зесялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцекае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Йшчэ зялёных, сьвежых, хоць каравых;
Плесьня каля бярэгоў іржавых
Саматканым поясом ідзе
І лілеі расцвілі ў вадзе;
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка, і чэркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лін ці окунь успляснуцца
І кругі шырока разыйдуцца;
Часам выпаўзаюць палежаць
Тут вужакі шэрые на гаць,
У канцы каторай млын схіліўся:
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся.
Пачарнела кола і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сённі ходзіць кола млына,
Бо прыйшла да млынара дзяўчына,
Каб мог сукруху с сэрца збыць.
У белай опратцы яна стаіць,
Нахіліла смуглую галоўку
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б‘ецца. А стары млынар
Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
І, уставіўшы на хвалі вочы,
Прыглушоным голасам шапочэ:
„Пакланюсь я табе, царыца,
Чыстая, сцюдзёная вадзіца,
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Берагі крутые падрываеш,
Дрэвы ды камні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны не гуляе,
Там і сонцэ краснае не зьяе
Там вя блішчэ ясная зараніца.
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны,
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у морэ-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца
Так і гэтым словам не мінацца“.

І падносіць млынару дзяўчына
Яек рэшата й палатніну.