Вяршыні жаданьняў (1930)/Таварыш Нюрын

Адноўленая зямля Адноўленая зямля
Паэма
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Таварыш Нюрын.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАВАРЫШ НЮРЫН

Ах, чаго так месяц хмарай
Прытуманены?
Што-ж ты прызадумаўся, раскудравы мой?
Ці аб маладосьці,
Крыўдамі параненай
Ці аб вечнай тайне
Мудрасьці людзкой
Не катуй бяз часу
Юных і бунтуючых
І ня блытай сьцежкі к сьветлым
Берагам…
Маладосьць ахвярам і любві даруючы,
Будзь такім жа сьветлым і харошым
Сам…
На бунтоўным моры
Чалавечых мараў
Сёньня твораць шчасьце — новае зямлі,
Каб мільёны фабрык ад агню і пары
Да энэргій сонца перайшлі…
І ў палёх, абведзеных
Залатымі сьцежкамі,
Каласіўся горда вечны ураджай.
І каб людзі сёньня,
З залатымі ўсьмешкамі,
Ня былі братамі сьмерці, ды крыжам.

Ліпнёвы вечар дагараў
Ў абдымках ласкавых і кволых.
І тонкагубы вецер граў
Над дальлю ніў,
Палёў і сёлаў
Такою дзіўнаю гаворкай,
Такою ласкавай красой,
Як гэта даль,
Як гэта зорка,
Над гэтай буйнай паласой…
Хтось кінуў ружы на закаце
Жывой і сонечнай рукой,
І, нібы казачная маці,
Ноч навявала ім спакой.
Ў адзеньне змроку, забыцьця
І сну,
Бяссоньня
І трывог
Сюды прыходзіў з нябыцьця,
Хто пакахаць, хто верыць мог…
… І я праходзіў тэй дарогай…
Я сэрца нёс ахвярам дню.
І ў ім было так многа,
Многа
Жывых надзей,
Навал,
Агню,
Імкненьняў радасных і палкіх,
Узьлётаў зор,
Гарэньняў сіл,
Што і цяпер яшчэ, як змалку,
Жыцьця шукаю між магіл.
Было нас двое, —
Я і Нюрын…
Гарэлі разам,
Разам йшлі
І над адным вялікім мурам
Глыталі вапну, пыл зямлі.
Былі братамі,
Дружбу мелі,
Шукалі зорных вечароў,
Дзе стан бярозкі белацелай
Падпаясаны быў зарой.
Прайшло ня мала дзён
За працай,
Ня мала сноў аднесла ў дым…
І нам, як раньне маладым,
Хацелась верыць,
Што ў палацах
Мы будзем жыць мы ўладары…
Ах, гэтых мараў не закрэсьліць, —
Яны, як мора на зары,
Будзілі сонечныя песьні…
Аднойчы мы ў разгары раньня
Былі высока над зямлёй.
Хістаў пад намі рыштаваньне
Буй-вецер
Цёплаю рукой.
Абліты глінаю і вапнай,
Я сонцу гімн тады злажыў…
Было так хораша,
Так трапна,
Бы сад расьцьвіў мае душы…
І над пустэльнай воч туманных
Ўзыходзіў новы край зары
І, песьняй сонечнаю
П‘яны,
Я новай мовай гаварыў
З прыродай юнай і багатай,
З красой прастораў залатых…
З разьлівам хваль
Крыві заката
І з палкім сэрцам маладых.
Гудзеў трывожна шумны горад,
І гул ўзрастаў, як акіян.
Я да яго ішоў прастораў
Бяз болю,
Крыўды і бяз ран.
Я успрыймаў яго стыхію
Стыхіяй юных сіл сваіх…
… І сну аб кветках дарагіх я
На пыльных плітах гарадзкіх
Я кідаў працу, кідаў дружбу…
Я адлятаў душой у дым.
І словам вольным
І напружным
Пеў гімны славы маладым.
А Нюрын горка
І жалобна
Ківаў мне буйнай галавой.
І з мэтай ласкавай
І добрай
Выказваў погляд шчыры свой…
„Глядзі, браток, не памыліся,
Загубіш шоўк сваіх кудрэй.
Пагаснуць вочы,
Ў п‘яных мысьлях
Пачнеш клясьці жыцьцё
І сьмерць…
Няма нідзе вялікшай праўды,
Як праўды
Працай жыць сваёй,
І вось чаму
Зусім ня праў ты,
Што верыш мэце тэй пустой“
Што адказаць я мог на гэта.
Кіпела сэрца, як вулкан,
І вера ў сьвет,
Ў прасторы сьвету
Мне гаварыла: быць поэтай —
Ня значыць жыць разгарам ран.
Я слухаў гул людзкіх жаданьняў,
Я кветкі рваў,
Я браў вянкі.
І я пайшоў ў тумане п‘яным,
Ад сэрцу любых,
Дарагіх
Туды, дзе бачыў сьвет пазнаньня
І сьветлай долі берагі.

II

Разышліся дзьве дарогі,
Разышліся ў даль.
Ўсталі хмары-крутарогі
Загуло разводзьдзе хваль.
Па дарогах тых
Ды сьцежках,
Дзе туман, ды пыл
Залатыя ружы ўсьмешак
Не адзін там сэрцам піў…
Не адзін адходзіў з помстай
Ў золата дарог.

Да новых дзён, жыцьця, знаёмства,
Да новай долі на парог…

Вось так і мы, пад залатым убраньнем
Жывой і ласкавай начы
Пайшлі шукаць прастораў раньня,
Дасюль нязнаных далячынь.

У нас па вёсках русакудрых,
Дзе новы быт ужо ўстае
Пяюць на даўні лад.
Ня мудра,
Бо новых песьняў не стае.
Пяюць аб здрадзе, аб магілах,
Як крыўдзіць пан сваіх сялян.
Што нікне вера,
Тухнуць сілы,
І сэрца змучана ад ран…
А паглядзіш,
То колькі сілы,
Якая моц!
Якая моц!..
Што сталь растопленая
Ў жылах
Пульсуе кроў…
О, любы мой!
Там на палёх маёй айчыны —
Вялікай мацеры маёй —
Часамі й сонца дарма стыне,
Не скарыстанае зямлёй!
Дзе узрастаюць людзі сонца,
Патрэбны песьні
Новых дзён,
Каб па абуджанай старонцы
Прайшоў надзей
І дум ныклён…
О, любы мой!
Пад песьні волі
Лягчэй тварыць і будаваць.
Нам трэба
Сонечнае поле,
Каб і самім,
Як сонца, стаць…
І я пайшоў шукаць тэй песьні,
Вялікай музыкі
Жыцьця,
Ў вачох
З праменістым прадвесьнем
І з сьцягам волі на плячох.

*

Гэткі сьвет узбуджаны і сіні,
Гэткі сьвет —
Таварыш навальніц,
Аддалі ўсё мы для краіны,
Каб агнём яе жаданьняў жыць.
Вырывалі сэрца юнымі рукамі,
Каб ярчэй
І радасьней палаць.
Колькі песьняў сьпета
Па-за намі,
Не адзін збудованы палац

*

Шумела сталіца
Вясновым разводзьдзем,
Муры за мурамі ўзрасталі жывей.
Час бур,
Навальніц
І руінаў праходзіў.
Залечвала раны краіна свае.
Звон малаткоў…
Размахі кельні…
Жывой рукой
Ў глушы пустэльні
Узьняты волаты-муры…
І дзень зьяўляўся
Ў кветках вапны,
І, быццам мора, ў час зары
Дзевяты вал
Нясло на лапах
Жыцьцю паўстаўшых падарыць…
І Нюрын там,
Як волат-муляр,
Ў сям‘і
Ўзрастаючых муроў
Для іх аддаў пачуцьцяў чуласьць
І маладых жаданьняў кроў.

*

Вечарамі ў пасёлкавым клюбе —
Гульні, сьмех і гармоніка
Ўсхліп.
Там страчаўся ён з блізкой
І любай
Комсамолкай Натальляй Кулік
Стала праца вясёлай
І сьветлай…
Песьня працы
Змагацца заве.
Дзень праходзіў
З усьмешкаю ветлай
І з прамевьнем расы на траве,
Ў вечарох
Нарадзілася шчасьце,
Вечары сагравалі
Любоў…
І што ім даставалася
Часта, —
Мне прыносіла крыўду і боль.
Я пайшоў між туманаў
І цемры;
Я шукаў залатых пуцявін.
І параніў я ногі
Аб крэмні,
Аб граніт і цамэнт маставых…

III

Надрыўны боль. Так ціха ў полі.
ў з болю месяц акалеў
І ня стрымаць
Нам злога болю
І ня пусьціць яго на лёс.
Цяпер няма
Нідзе прыпынку…
Дзе-ж родны дом мае душы…
За хлеба чорствую
Скарынку
Няўжо я мучыўся і жыў?
Ня тое, не!.. Ў прасторах сьвету,
Ў палёх краінных і чужых
Я гадаваў
Жывую мэту
Надзей вясёлых і жывых.
Па дружбе сэрца дарагой…
Мяне —
Ніхто тут ня прытуліць
Сярод, тупіц
І між зьвяроў…
З балота бруду і мяшчанства
Ўсё-ж бачыў полымя зарніц.
Я гадаваў ў сабе
Паўстанца
І новым дням схіляўся ніц…

*

Спаткаўся з ёй ў зялёны вечар,
І словы дзіўныя казаў,
Аб дружбе палкай,
Чалавечай
І пра пачуцьцяў дзіўны сад.
„Дзяўчына мілая,
Дзяўчына любая такая,
Табой ўсхвалёваны, табе кажу,
Калі сягоньня шчыра
Пакахаеш ты, —
Аддам табе
Ўсё сэрца,
Ўсю душу…
Дзяўчына сьветлая,
Пачуцьцяў зоранька,
Агонь у сэрцы, ў юным, засьвяці,
Я стану, любая,
Такім-жа скоранька,
Такім-жа сьветлым, чыстым
У жыцьці“…
Быў падфарбован ласкай вечар.
Ах, вечар быў
Ў яе вачох…
Нашто-ж я браў яе за плечы
І слухаў дрож крыві ў плячох…
Дрыжалі далі ў майскай стоме,
І ў стоме
Сам я ўвесь дрыжаў…
І ты казала каля дому:
„Не гавары ніяк…
Нікому…
На шчоках лёг стыдлівы жар…

*

Закруціліся дні і тыдні.
Па дарогах разьвеяўся пыл…
Часта, часта
Ўставалі злыдні
З сутарэньняў жывых магіл.
Разьбівалі надзеі і думы.
І ня раз я ужо
Шкадаваў,
Што ударыў
Па ласкавых струнах,
І што з працай мне блізкай
Парваў…
Эх, песьня…
Душы зараніца…
Ня з сонцам яна узышла…
У бурах жыцьця,
Ў навальніцах
Сама навальніцай была.
Радзілася ў муках
І стогнах,
І мукі радзіла другім…
Як хмара над зорным парогам
Туманіка зор берагі.
Пылалі
І падалі зоры
І сам я за імі ляцеў
Туды —
Ў невядомае мора,
Ў вялікае мора надзей…
Закруціліся дні і тыдні.
Ў гэтых днёх зноў да працы
Прышоў…
Толькі дзіка сьмяяліся
Злыдні
Над маёй накіпелай душой…

*

І пакрыўдзіла горка яна,
Надсьмяялася… Плюнула ў сэрца.
Дагарала і нікла вясна
Пад чыюсьці сымфонію сьмерці.
І тады пра каханьне
І сьмерць
І пра крыўду ня раз гаварыў…
Халадзей пела
Зорная медзь
Пад удар языкоў зары.
Я пайшоў зноў шукаць вясны…
Толькі з крыўдай
І помстай пайшоў.
Так-жа горда
Праз дым,
Палыны
Насьмяяўся
И над здраднай душой.
Я пазнаў, што ні кроку
Назад.
Крок назад —
І насьмешкі
І здрада.
І пайшоў я поэмы складаць
Пра каханьне,
Юнацтва і радасьць…
А яна ад забавы,
Ці ў зьдзек…
Наманіла-збрахала другому…
...........
„Гэта брудны
і злы чалавек, —
Яму ўсё, што варожа, знаёма“…
Пахла мёдам
І сьвежым укропам…
Ў цьвеце сад залаты патанаў…
...........
„Дарагая, —
Ці-ж гэткай нядобрай,
Я ці-ж гэткай, ці-ж гэткай шукаў?“.

IV

Дзе няма ні руху, ні спакою,
Дзе адны каменьні, ды крыжы,
Любы мой,
Вясёлаю рукою
Дагарэўшых сэрцам
Ня тушы…
Толькі там жыці
Дзе рух
І палыханьне,
Толькі там ідуць супроць
Жыцьця,
Дзе ў руках
Жывога парываньня
Дагарае першая сьвяча.
Чэзьне дым,
Зьнікаюць перашкоды,
Колькі-ж сноў загублена
У дым…
Шэраг год
Жыцьцёвай непагоды
Замятае дальняга сьляды…
Ах людзкое сэрца ўсё-ж машына, —
Ёсьць агонь —
Трапечыцца яно…
Вось чаму
За любых,
За айчыну Часта п‘ем і роспач і віно…
Ну, даволі…
Што загаласілі…
Хай пад час я падаў і хварэў, —
Я ўцякаў
Ад холаду магілы,
Я агнём жаданага гарэў…
Ня шукаў мяшчанскага спакою,
Не каменьняў жорсткіх
І крыжоў…
Ня душыў юнацкаю рукою,
Тых, хто ў даль да лепшага ішоў.

*

Ён спаткаў мяне злосным і дзікім,
Словы злосныя кідаў у твар.
Ўсё былое, ўсё сьветлае нікла:
І сяброўства,
І сьвет,
І запал…
І тады мне да болю,
Да мукі
Захацелася праўду душы расказаць…
Я хапаў…
Я лавіў яго рукі…
І губляў свае рукі сам.
„Паслухай, Нюрын,
Любы дружа,
Жывема раз мы у жыцьці…
Мы,
Абагрэтыя культурай,
Аб блізкіх
Думаем ня дужа,
Таму й ня можам расьцьвісьці,
Як сад
Пад песьнямі зімы.
У хвіліну крыўды,
У змроках суму
Шукаў я шчасьця сьветлых сноў…
Я знаў надзей
Жывую думу
І песьні майскіх берагоў…
Дык слухай, браце,
Слухай, любы,
Я ў ёй шукаў вялікіх спраў…
Я — памыліўся
Да загубы
І справу дрэнную... сыграў...
Не вінаваць...
Ня трэба гэтак.
Я расказаў табе, як мог...
Ў ёй бачыў я
Праменьні сьвету
І нібы гэты сьвет бярог.
Яна-ж была —
Ўся для поэты,
А муляр я — ёй быў далёк“…

*

Пахіліўся ён ціха да долу.
Засмучэньне на вусны
Лягло.
Ў хмарцы курчыўся месяц
Ад болю
І скацілася зорка далоў.
Было многа напеваў
Уночы,
Было многа уночы зарніц.
Вось з агнём нечаканым
У вочах
Ён прамовіў… схіліўшыся
Ніц:
„Я зразумеў цябе, таварыш.
З нас кожны так пад час
Гарыць
І ў пачуцьці
Жывых пажараў,
І ў шуме бур і навальніw.
Мы ўсё па-рознаму шукаем
Жаданых, сьветлых берагоў…
Дык дай забудзем,
Што мы маем,
І пойдзем зноў рука
З рукой“.
Ўсё былое,
Ўсё горкае нікла;
Дым зьнікаў за далёкай гарой.
Быў той вечар
Жывы і нязвыклы,
Як дзяўчына пад майскай зарой.

*

Мы зноў пайшлі
Ў прасторы працы
Змагацца, жыць і будаваць.
Ён краю роднаму —
Палацы,
Я-ж іх, як волю апяваць.
вось я склаў
Поэму гэту,
Чым я гарэў,
Што ўспрыняў…
Ляпі-ж у сьвет,
Нясі поэту
І шум і лаянку ў газэтах,
На радасьць,
Сум,
На гора дня…
Я успрыймаю ўсё бяскраю.
Я рад за юных
І жывых,
Яны і сэрцам не згараюць
І у турме
Чужога краю
Ня хіляць гордай галавы!

*

Хутка вышла Кулік
З комсамолу…
Абвянчалася з нейкім панком…
І знайшла з ім
Жаданую долю,
І знайшла сабе цёплы
Дом…
Былі ночы жаночых абдымкаў,
Нехта грубай
І дзікай рукой
Даў прытулак ёй,
Даў ёй скарынку,
Як і ўсякай-бы
Іншай
Другой…
Гаварыла —
Знайшла сабе шчасьце,
Гэта сталы
Зусім чалавек.
І абчымсьці ўздыхала так часта,
Пад таемныя рухі брывей.
Можа быць,
Аб былым шкадавала;
Ці чыноўніка мужа кляла…
Усё-ж калісьці
З другімі ішла
Ў залатую і сьветлую даль.

*

Гудзеў трывожна шумны горад,
Шум узрастаў, як акіян.
Жыцьцё —
Я думаў —
Гэта творчасьць,
А творчасьць лепшага экран.

*

На гэтых
Пройдзеных шляхох
Ня мала знойдзена,
Здабыта.
І з краю змроку і трывог
Ідзем ў край, сонцам
Апавіты.
О, родны край!
Твае палі
‘Шчэ так ня марылі, ня сьнілі,
Аб бурах творчых,
Што прайшлі,
І сэрца праўды запалілі,
Тут
Ўсё аджытае на дно
Сучаснасьць наша пахавала
З паганскім мітам
Калдуноў,
З азёрнай казкаю
Русалак.
Дзе ноч пакінула вясло
Й лясун заблытаўся
У ціне,
Асушым твань старых балот,
І змрок ўзьвядзем
На гільятыну.
Мы пабудуем сьветлы дзень,
Дзе новы творца
Чалавек
Дарогай простаю ідзе
Без надламаных
І калек.
Мы узьнясем сьвятла палац,
Мы ў вокны кінем
Промні сонца,
Каб нашым будучым палаць
І сьніць аб будучай
Старонцы…
Там пад праменьнямі вясны
Да сьвету пройдуць
Міліёны,
І аб мінулым успамін
Сатрэцца трактарнай колёнай.
І ў новых,
Чыстых гарадох
Быць можа
Ўспомняць на хвіліну
Аб нашых ранешніх
Шляхох —
Ў прасторы будучай краіны…

1929.