Вяршыні жаданьняў (1930)/Я ўспамінаю дні змаганьня

Комсамолу Мазыршчыны Я ўспамінаю дні змаганьня
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Загараўся крывавы усход
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я ўспамінаю дні змаганьня…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я ўспамінаю дні змаганьня,
Крывавы выбух навальніц,
На дарагія сэрцу раны
Нясу бальзам
Сваёй вясны.
Шчэ так душа не расквітала,
Зялёны сад
Маіх надзей…
Я быццам вырваў суму джала
З сваіх
Ўстрывожаных грудзей,
Заціхлі трубы, сьпяць гарматы,
Давайце песьню — гімн лясоў,
Хай юнай мудрасьцю
Багаты
Ён пройдзе роднай паласой.
Я доўга буду,
Да бяскраю
Ўпіваць агонь сваёй тугі,
Каб над маім
Ўваскросшым краем
Ніхто ня сьмеў узьняць рукі!
За кожны крок маёй айчыны,
Ў цяжкія дні, паўстаньняў дні,
Я з сэрцам раненага сына
Расстрэльваць буду
Сьпячых сны.
І з гордай верай ў перамогу,
Згубіўшы дум сваіх
Крыжы,
Выходжу сам я на дарогу.
Ісьці, змагацца, верыць, жыць…
І калі ўспомніў мімаволі
Крывавы выбух
Навальніц, —
Я гавару: за сьвет… за волю…
Аддам бальзам свае
Вясны!